
Аксана Анатольеўна Нікалаева
Дзіця на сцэне — твар педагога”, — так абсалютна справядліва заўважыла ў размове са мной невысокая сціплая жанчына, якую амаль на ўсіх канцэртах, дзе спяваюць дзеці, можна ўбачыць за мікшарным пультам.
Не памылюся, калі скажу, што яе ведае практычна кожны пастаўчанін, бо гэта былы кіраўнік знакамітай вакальнай студыі “Юніта” Аксана Анатольеўна Нікалаева.
Усё свядомае жыццё Аксаны Анатольеўны звязана з музыкай. Шлях у яе пачаўся ў горадзе Душанбэ, дзе жыла разам з бацькамі. Там закончыла музычную школу па класе акардэона, а затым музычнае аддзяленне педвучылішча, маючы намер працаваць музкіраўніком у дзіцячым садку.
Але гэтай мары не было наканавана спраўдзіцца, паколькі ў Таджыкістане пачалася грамадзянская вайна. І ў 1990 годзе руская сям’я са статусам бежанцаў пераехала ў рабочы пасёлак Ніжні Чыр Валгаградскай вобласці. У казацкай станіцы А. А. Нікалаева пражыла 10 гадоў, выкладала музыку і рытміку ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот. А потым абставіны склаліся так, што давялося зноў пераязджаць. На гэты раз трапіла на Пастаўшчыну.
— Першым маім рабочым месцам у раёне стала Навасёлкаўская СШ, — расказвала Аксана Анатольеўна. — Два гады замяняла настаўніцу музыкі, якая знаходзілася ў дэкрэтным водпуску. З настальгіяй успамінаю той час: вельмі падабаўся калектыў школы і, наогул, атмасфера ў ёй. Але зарплата была зусім маленькая, і я згадзілася на прапанову дырэктара раённага аб’яднання пазашкольнай работы Леакадзіі Міхайлаўны Пушкар перайсці да яе, каб весці студыю вакалу.
Па словах маёй суразмоўцы, прыйшлося цалкам пагружацца ў новую для сябе справу. Паспрабавала — аказалася, што такая работа ёй вельмі даспадобы.
— Канешне, атрымалася толькі дзякуючы таму, што ў вучылішчы былі вельмі добрыя выкладчыкі, — працягвала А. А. Нікалаева. — 80 працэнтаў таго, што ўмею, далі яны. Па сённяшні дзень захоўваю свае студэнцкія канспекты і перыядычна звяртаюся да іх. Даводзілася і падручнікі штудзіраваць, бо, калі працаваць — то добра, каб не было сорамна за работу. Я максімалістка і вельмі патрабавальная да сябе і да дзяцей. Не магу дапусціць, каб гледачы ў зале смяяліся з дзіцяці, якое выйшла спяваць, або бачылі яго недахопы. Таму што сам выхад на сцэну — ужо вялікае хваляванне, а калі яшчэ і кпяць — гэта цяжка ўдвая. Каб хлопчыкі і дзяўчынкі былі цалкам упэўнены ў сваіх сілах, максімальна выкладваемся на рэпетыцыях.
У аб’яднанні пазашкольнай работы А. А. Нікалаева стварыла вядомую студыю “Юніта”. Пазней разам з ёй перайшла ў раённы Дом культуры, які, дзякуючы добрай матэрыяльнай базе, вельмі шмат даў у плане прафесійнага росту і кіраўніку, і юным выканаўцам. Студыя атрымала званне “ўзорная”.
З 2014 года Аксана Анатольеўна працуе ў цэнтры культуры і народнай творчасці раёна метадыстам па вакальна-харавым жанры. Паралельна вядзе студыю “Славія”, аснову якой складаюць дзеці, што раней займаліся ў “Юніце”. Усяго ж яе наведваюць 23 хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў. Сёлета бацькі прывялі нават двух трохгадовых дзетак.
Штогод, акрамя выступлення на розных гарадскіх і раённых мерапрыемствах, юныя выканаўцы рыхтуюць для пастаўчан каля чатырох вялікіх, паўтарагадзінных, канцэртных праграм. Да падбору рэпертуару кіраўнік падыходзіць вельмі адказна. Кажа, што песня павінна быць прыгожай, падабацца дзіцяці і адпавядаць яго ўзросту. Музычныя кампазіцыі шукае ў інтэрнэце, глядзіць папулярныя вакальныя тэлепраекты. Сама робіць харавыя аранжыроўкі твораў.
На працягу многіх гадоў выхаванцы Аксаны Анатольеўны паспяхова ўдзельнічаюць у розных конкурсах. Так, у 2012-ым Юлія Жыдкая стала пераможцай першага агульнарэспубліканскага тэлепраекта “Поющие города”. Праз год квартэт “Крэда” заняў першае месца на абласным фестывалі дзіцячай творчасці “Двина—Дзвіна—Daugava”. Летась Крысціна Клянтак атрымала спецыяльны прыз “За захаванне народнай музыкі” ў вакальным конкурсе “Мелодыі вясны”, які праводзіў Віцебскі каледж мастацтваў. Таксама дзеці, якія наведвалі “Юніту”, а цяпер спяваюць у “Славіі”, заўсёды займаюць прызавыя месцы ў раённых фестывалях “Пастаўскія зоркі” і “Пастаўскія зорачкі”.
Апошнюю гучную перамогу прынёс удзел у адкрытым конкурсе мастацтваў “Хрустальная ліра”, які праходзіў 20 лістапада ў Доме культуры прафсаюзаў у Мінску. У намінацыі “Вакальныя ансамблі” два калектывы А. А. Нікалаевай — “Фантазія” і “Класная кампанія” — занялі адпаведна першае і другое месцы ў сваіх узроставых групах. Юных пастаўчан запрасілі налета на адзін з фестываляў у дзіцячы тэлевізійны творчы лагер “Разам” у Балгарыі і падарылі ім зніжкавыя сертыфікаты на паездку.
Такія поспехі дзяцей найлепшым чынам сведчаць пра высокі прафесіяналізм педагога.
Алена ШАПАВАЛАВА.
з крыніцы:
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.