Анатолій Уладзіміравіч Сапрончык – Гаспадар і ў лесе, і дома

Анатолій Уладзіміравіч Сапрончык      Звычайна кажуць, што жыццё пражыта недарэмна, калі чалавек пабудаваў дом, пасадзіў дрэва і выгадаваў сына. Ляснічы Варапаеўскага лясніцтва Анатолій Уладзіміравіч Сапрончык, які нядаўна адзначыў сваё 60-годдзе, усё гэта выканаў.

А наша размова пачалася з успамінаў пра дзяцінства.

Сапрончык з Сапрончыкаў

Нарадзіўся ў маляўнічым месцы — на хутары Сапрончыкі Міёрскага раёна. Быў старэйшым сярод чатырох братоў і сястры. Бацькі працавалі ў калгасе, а дзеці мелі адказнасць адно за аднаго. І да працы з маленства прывыклі. Дзед трымаў вялікую пасеку і вучыў, як трэба даглядаць пчол. У школу хадзілі пешшу за 8 кіламетраў. І менавіта тады ён захапіўся краявідамі, адчуў любоў да прыроды, навучыўся жыць з ёй у гармоніі. Таму і выбраў Полацкі лясны тэхнікум.

Па размеркаванні прыехаў у Полаўскае лясніцтва. Хутка прызвалі на тэрміновую службу ў армію. Праходзіў яе ў войсках супрацьпаветранай абароны ў Прыбалтыцы. Адслужыўшы, вярнуўся ў бацькоўскі дом, перакваліфікаваўся ў будаўніка.

“Магнітам цягне”

Так сцвярджаў Анатолій Уладзіміравіч падчас размовы пра лес. Таму быў рады запрашэнню на работу ў Падсвільскі доследны лясгас. Там сустрэў будучую жонку Раісу Васільеўну. Маладога спецыяліста прыкмеціла абласное кіраўніцтва і ў 1994 годзе перавяло яго ляснічым у Старадворскае лясніцтва нашага раёна. Сапрончыкі прыехалі ў Варапаева, купілі дом, па-свойму сталі яго абуладкоўваць. Вопыт назапашваўся, а хацелася мець і больш глыбокія тэарэтычныя веды, таму закончыў завочна Бранскі інжынерна-тэхналагічны інстытут. 

Нечаканай стала прапанова ўзначаліць Пастаўскі лясгас. Кіраваў калектывам на працягу 11 гадоў. Затым уступіў пасаду маладому, а сам перайшоў ляснічым у Варапаеўскае лясніцтва.

Уладанні — 12 тысяч гектараў

Такую плошчу займае лясніцтва. Яно мяжуе з Шаркаўшчынскім і Глыбоцкім раёнамі. Мясціны балоцістыя. Праводзіцца вялікая работа па абнаўленні, добраўпарадкаванні лесу. Нарыхтоўваецца як дзелавая драўніна, так і дровы для насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна.

— Ад лесу не толькі трэба браць дары, але і любіць яго ўсёй душой, — гаварыў А. У. Сапрончык, — берагчы і служыць яму, аддаваць свае сілы і энергію.

Такой думкі прытрымліваецца і большасць з 27 членаў калектыву. Правая рука ляснічага — яго намеснік Аляксей Балай. Шмат гадоў працуюць леснікамі Павел Клянцэвіч, Мікалай Лабуць. Яны вызначаюцца бездакорным выкананнем абавязкаў, руплівасцю, адказнасцю. Некаторыя кажуць, што прафесія ляснічага — рамантычная: цэлы дзень на свежым паветры, наўкол спяваюць птушкі, пад нагамі грыбы, ягады. Але хапае і складанасцей. Пераадольваць іх леснікі ўмеюць і ні на што не скардзяцца.

Вясна — гарачая пара

— Найбольш непакоіць выпальванне сухой травы, — сцвярджаў мой суразмоўца. — Асабліва ў сухі год. Агонь нярэдка падбіраецца да лесу. І толькі дзякуючы пільнасці леснікоў удаецца пажар лакалізаваць. А яшчэ вясной нарыхтоўваем бярозавы сок, падбіраем участкі і садзім маладыя дрэўцы, робім і развешваем шпакоўні, ачышчаем лес, асабліва месцы адпачынку, ад смецця, якое пакідаюць пасля сябе адпачывальнікі. Выяўляем лясныя сметнікі, куды нядобрасумленныя грамадзяне вывозяць бытавыя адходы, а затым арганізуем суботнікі па вывазе смецця, рамантуем альтанкі. Каб прыцягнуць да адказнасці вінаватых, устанаўліваем фотапасткі, якія фіксуюць паводзіны чалавека ў лесе. А на першым плане, канешне, лесааднаўленне, догляд лясных насаджэнняў.

У французскіх Альпах.У французскіх Альпах.

Захапленні

Анатолій Уладзіміравіч бывае ў лесе не толькі па рабоце, але і падчас адпачынку. Да нядаўняга часу з’яўляўся вялікім аматарам палявання. Цяпер здабыча лася — дарагое задавальненне, а дзікі зніклі. Не праміне магчымасці парыбачыць. Без яго ўдзелу не адбываюцца ні адны спаборніцтвы па шашках ці шахматах. Захапіўся імі яшчэ ў школе, удасканаліў майстэрства падчас вучобы ў тэхнікуме, любіць пасядзець над дошкай і цяпер.

З армейскіх будняў засталіся навыкі выдатнага лыжніка. Некалькі гадоў таму абараняў гонар лясной гаспадаркі краіны на спаборніцтвах у французскіх Альпах.

Шмат часу адводзіць догляду пасекі. Пачынаў з двух вулляў, якія перадаў яму дзед, цяпер колькасць пчаліных домікаў з кожным годам павя­лічваецца. Анатолій Уладзіміравіч — сапраўдны гаспадар і ў лесе, і дома. Любіць наводзіць парадак, і абсалютна ўсё ўмее рабіць сам.

Сямейная прафесія

Па слядах бацькі пайшлі сын і дачка. Закончылі Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт і працуюць ў Пастаўскім лясгасе: Віктар узначальвае бюро па тэхніцы бяспекі, Галіна — эканаміст. Любяць лес і ўнукі. У дзень нара­джэння дзядулі яны разам з ляснічымі садзілі алею туй. Назірала збоку: толк у гэтай справе ведаюць.

60-ы дзень нараджэння Анатолію Уладзіміравічу Сапрончыку запомніцца многімі падзеямі. Прыемна было прымаць віншаванні ад кіраўніцтва лясгаса, калег. А самая значная — нараджэнне ўнука. Такі дарагі падарунак паднесла дачка.

Анна АНІШКЕВІЧ. Фота аўтара

 і з сямейнага альбома Сапрончыкаў.

источник: http://www.postawy.by/2017/05/gaspadar-i-lese-i-doma/

.

 

173 просмотров всего, 0 просмотров сегодня

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Добавьте свой комментарий или поделитесь материалом