•       Идут годы, меняются времена, события, люди, но одно остается незыблемым и вечным  – Родина. Нам кажется, что мы знаем о нашей малой Родине все, или почти все. Но каждый раз, когда мы путешествуем, наблюдаем, читаем, исследуем и думаем о ней, мы открываем для себя что-то новое. И сегодня каждый из нас имеет возможность поделиться этим новым: новыми фактами, новыми стихами, новыми мыслями о своем крае, городе, селе и рассказать миру о своей малой Родине с большой душой…

Богатое наследие поставского агрогородка Камаи

   Ля Свянцянскіх град, што ў заходняй частцы Віцебшчыны, раскінуліся пастаўскія Камаі. Назва паселішча ў перакладзе з фінскай мовы азначае буралом.

Мораныя дубы-«тапельцы» да мінулага стагоддзя ўсцілалі рэчышча Камайкі, што выцякае з Вялікага возера. У гэтых мясцінах выяўлена гарадзішча, якое з VII стагоддзя да нашай эры існавала амаль тысячу гадоў.

Упершыню Камаі згадваюцца ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага пачатку XVI стагоддзя як маёнтак князя Глеба Пронскага. Пазней уладарыў тут заможны род Рудаміна-Дусяцкіх. Шляхціц Ян Рудаміна-Дусяцкі ў 1603—1606 гадах пабудаваў мураваны касцёл Святога Яна Хрысціцеля і шпіталь пры ім. Храм дзейнічае і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці вышэйшай катэгорыі.

У XVIІІ стагоддзі маёнтак перайшоў да шляхціцаў Сулістроўскіх, а потым да Танскіх.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Камаі адышлі да Віленскага павета Расійскай імперыі. Дзейнічалі малітоўная школа, шпіталь, паштовае аддзяленне, карчма, вінны бровар, млын, пераабсталяваны ў канцы ХІХ стагоддзя ў паравы. Адкрылася народнае вучылішча. Восем разоў на год ладзіліся кірмашы.

Згодна з Рыжскім дагаворам з 1921 па 1939 год Камаі — цэнтр гміны Свянцянскага павета Віленскага ваяводства буржуазнай Польшчы.

 

Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР вёска стала цэнтрам сельсавета Гадуцішскага, а потым Пастаўскага раёна.

 

У перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі ў навакольных лясах дзейнічалі народныя мсціўцы. На брацкай магіле ўсталяваны помнік 105 савецкім воінам і партызанам Вялікай Айчыннай вайны.

У пасляваенны час арганізаваны калгас «Дружба», пераўтвораны ў ААТ «Камайскі-Агра». З 2008 года Камаі — аграгарадок Пастаўскага раёна.

Ад Пастаў да Камаяў амаль два дзясяткі кіламетраў. Некалькі разоў на дзень сюды з райцэнтра курсіруе аўтобус. Цэнтральную частку аграгарадка ўпрыгожвае велічны касцёл. Двухметровай таўшчыні сцены складзены з валуноў. З трох бакоў святыні абарончага тыпу глядзяць вокны-байніцы.

 

Старшыня сельвыканкама Генадзь УРБАНАЙЦЬ.

Не аднойчы даводзілася звонку бачыць унікальнае збудаванне, але трапіць усярэдзіну не выпадала. Акружаюць храм векавыя дрэвы. У розныя бакі ад касцёла разыходзяцца вуліцы аграгарадка. З комінаў сялянскіх дамоў да шэрага навіслага неба цягнуцца слупкі дыму. Звілістая вуліца вядзе да будынка сельвыканкама.

З кіраўніком мясцовай улады Генадзем Урбанайцем адправіліся вандраваць па аграгарадку. Тут жылі і працавалі на зямлі продкі Генадзя Часлававіча. Згадаў ён пра сваю салдацкую службу ў Рызе. Запомніліся вузкія вулачкі каля вядомага Домскага сабора. Адслужыў у арміі і вярнуўся дамоў. Настаўнічаў у Мулярскай базавай школе. Завочна скончыў Віцебскі педінстытут імя П. Машэрава. Займеў сям’ю. Дваццаць два гады таму Генадзь Часлававіч узначаліў сельвыканкам. За гэты час да Камайскага далучаны тры суседнія сельсаветы. Не кожны тыдзень выпадае аб’ехаць усе 85 населеных пунктаў. За апошнія гады 16 з іх абязлюдзелі. У сельвыканкаме рыхтуюцца дакументы на закрыццё апусцелых хутароў Мацковічы, Ярынова і Падсосна.

 

За касцёльным арганам Алена ДАЎЖУК.

Многія сем’і перабіраюцца ў Камаі. За апошнія гады аграгарадок прырос вуліцамі Кірава, Ромера, Кветкавай, Мала­дзёжнай, Новай. Амаль тры дзясяткі катэджаў пабудавана для работнікаў ААТ «Камайскі-Агра». Сярод навасёлаў сем’і механізатараў Віктара Сінкевіча, Сяргея Фёдарава, Мікалая Смільгіна, Мікалая Махоня і Уладзіслава Карыцькі, жывёлаводаў Марыі Глушнёвай, Марыі Бевядзені, Вольгі Зелянкевіч, Таццяны Падмосткі, Вольгі Будзько.

Тыя дамы, што пустуюць, зносяцца, а на іх месцы ўзводзяцца новыя. Для сем’яў маладых спецыялістаў гаспадаркі пабудаваны дванаццацікватэрны двухпавярховы дом у аграгарадку.

 

Пацыент Даніла СІНКЕВІЧ на прыёме ў доктара Віктара КАНАША.

Старшыня сельвыканкама адзначыў, што ў населеных пунктах пакінутыя падворкі ачышчаюцца і ўключаюцца ў севазварот. Адзіны ўчастак, што пустуе ў вёсцы Лодасі, на аўкцыёне набыла для лецішча сям’я з Паставаў.

Генадзь Урбанайць узгадаў, як калгас, якім кіраваў Баляслаў Шырко, быў сярод шасцідзесяці найбольш эканамічна моцных гаспадарак рэспублікі. Па ўраджайнасці збожжавых камайскім хлебаробам не было роўных у раёне. Большасць выпускнікоў школы заставаліся працаваць на зямлі. Сярод іх Уладзіслаў Карыцька, з якім сустрэліся на мехдвары. Зімою механізатар на трактары «Беларус-920» вывозіць арганіку на палі. А летам без памочніка на камбайне «Палессе-1218» убірае збожжавыя. Сёлета намалаціў больш за 1000 тон зерня і 300 тон насення рапсу.

 

Вадзіцель школьнага аўтобуса Казімір БЛАЖЭВІЧ.

У механізатара Івана Трацяка працоўны стаж перавышае сорак гадоў. Сёлета на камбайне КВК-800, на якім ён сем сезонаў нарыхтоўваў кармы, у час касавіцы траў успыхнуў пажар. Уратаваць тэхніку не ўдалося. Балюча Івану Уладзіслававічу глядзець на знішчаную агнём машыну. Спецыяльная камісія прызнала, што віны механізатара няма.

 

Механізатары Уладзіслаў КАРЫЦЬКА і Іван ТРАЦЯК.

За такарным станком у рамонтнай майстэрні працаваў Юрый Юрэвіч. Сорак гадоў ён нязменна выточвае дэталі для тэхнікі. Залатыя рукі ў Юрыя Казіміравіча. Пасля далучэння да ААТ «Камайскі-Агра» суседніх гаспадарак тэхнікі прыбавілася. Машынна-трактарны парк апрацоўвае 15 000 гектараў сельгасугоддзяў. Га­лоўны эка­наміст Алена Шылько адзначыла, што пераважную частку ў севазвароце сельгаскультур займаюць зерневыя. Валавы намалот збожжа сёлета перавысіў 14 000 тон. На круг атрымана па 30 цэнтнераў зерня.

Два гады таму гаспадарку ўзначаліў Канстанцін Гайлеўскі. Шэфствуе над сельгаспрадпрыемствам ААТ «Пастаўскі малочны завод». Штодзённа з жывёлагадоўчых ферм на перапрацоўку адпраўляецца больш за дваццаць тон малака. Прыкметна вырасла прадукцыйнасць дойнага статка. На жывёлагадоўчых фермах гаспадаркі больш за 6000 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 2336 дойных кароў.

 

Токар гаспадаркі Юрый ЮРЭВІЧ.

Намеснік старшыні Пас­таўскага райвыканкама Юрый Кісялёў паведаміў, што прынята рашэнне правесці мадэрнізацыю малочна-таварнага комплексу, дзе ўтрымліваецца больш за 900 галоў буйной рагатай жывёлы. Гаспадарка, як і сельвыканкам, у ліку лепшых у раёне. Кабінет старшыні сельвыканкама ўпрыгожвае вымпел пераможцы рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў. Падтрымліваць парадак на падворках і ў грамадскіх месцах дапамагаюць старасты. Традыцыйна ў сярэдзіне жніўня на свяце аграгарадка граматамі і падарункамі адзначаюцца актывісты, гаспадары лепшых падворкаў. Культуры тут вучаць з дзіцячага садзіка, школы.

Завіталі да школьнікаў на ўрок працоўнага навучання. Хлопчыкі разам з маладым педагогам Сяргеем Пяткевічам збівалі шпакоўні. Іх вывесяць на дрэвах да вяртання з выраю птушак. Вучнёўская майстэрня аснашчана дрэ­ваапрацоўчым станком, рознымі інструментамі. Вучні старэйшых класаў атрымліваюць прафесію цесляра. У студзені школьнікі пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання адправяцца на ААТ «Паставымэбля» праходзіць вытворчую практыку. Іх настаўнік Сяргей Віктаравіч таксама тут спасцігаў прафесію цесляра. Пасля заканчэння Полацкага дзяржпедуніверсітэта вярнуўся ў родныя Камаі. Прывёз з сабою жонку Іну Эдуардаўну. Яна закончыла Беларускую дзяржветакадэмію і ўзначальвае заатэхнічную службу ў ААТ «Камайскі-Агра». У іх падрастае дачушка Ева.

 

Дырэктар сярэдняй школы Генадзь РАМБАЛЬСКІ са старшакласнікамі.

Большасць педагогаў школы — яе выпускнікі. Пасля закрыцця трох суседніх базавых школ дадалося клопатаў дырэктару Генадзю Рамбальскаму. З дзвюх соцень навучэнцаў палова школьнымі аўто­бусамі прыязджаюць на заняткі з навакольных вёсак і хутароў.

Вадзіцель школьнага аўтобуса Казімір Блажэвіч, з якім сустрэліся, адзначыў, што радыус маршрутаў перавышае два дзясяткі кіламетраў. Пільная ўвага надаецца тэхнічнаму стану транспарту. У школе вучні заняты ўвесь дзень. Яны забяспечаны гарачым харчаваннем. Пасля заняткаў працуюць спартыўныя секцыі і гурткі па інтарэсах. Родную мову і літаратуру выкладае жонка дырэктара Леанарда Міхайлаўна. Педагогам стала іх дачка Жанна. Яна выхавацель дзіцячага садзіка ў Паставах.

 

Рабочы лясніцтва Віталь ВАЛАХОВІЧ.

Спецыяльную адукацыю атрымалі і працуюць спецыялістамі ў ААТ «Камайскі-Агра» выпускнікі школы Ала Цвяткова, Яўген Рудкоўскі, Алена Шылько. Пасля заканчэння Відзаўскага дзяржпрафтэхліцэя вяр­нуўся дадому Віктар Валаховіч. Юнак адслу­жыў у арміі і працуе ў лясніцтве. Калектыў тут невялікі — крыху больш за два дзясяткі чалавек. Зараз рабочыя расчышчаюць пашкоджаныя караедам дзялянкі хвоі, каб вясною пасадзіць новы лес.

Роднымі сталі Камаі для загадчыка ўчастковай бальніцай Віктара Канаша. Праз расчыненыя дзверы ўрачэбнага кабінета было відаць, як ён аглядаў юнага пацыента. Маці хлопчыка Кацярына Сінкевіч паведаміла, што той прастудзіў горла. Жанчына ўважліва выслухала парады ўрача.

Дыплом тэрапеўта Вік­тар Георгіевіч атрымаў у Рыжскім медінстытуце. Працаваць прыехаў на радзіму маці — у пастаўскую вёску Кураполле. Чвэрць стагоддзя ўзначальвае камайскую ўчастковую бальніцу. Жонка Грэта Вальдэмараўна настаўнічае ў школе. Урачом у Віцебску працуе дачка Марыя. Меншая Юлія вучыцца ў сталічным лінгвістычным універсітэце.

 

На ўроку працоўнага навучання вучні Радзівон ВЯРБІЦКІ, Дзмітрый ЗАЙЧЫКАЎ, Савелій ГРЫГЕЛЬ і настаўнік Сяргей ПЯТКЕВІЧ.

Бясцэнным падарункам на завяршэнне вандроўкі стала наведванне касцёла Святога Яна Хрысціцеля. Храм дзейнічае пятае стагоддзе. Цішыня і велічнасць панавалі ў ім. Святыню ўпрыгожваюць унікальная копія 1610 года абраза Маці Божай Чанстахоўскай і твор мастака Альфрэда Ромера «Ісус і сірата». У супрацьлеглым ад алтара баку ўзвышаецца арган. Касцёл унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі і мае вышэйшую катэгорыю каштоўнасці. На Віцебшчыне гэтая катэгорыя нададзена толькі тром з 296 помнікаў архітэктуры — Сафійскаму сабору і Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку, а таксама касцёлу Святога Яна Хрысціцеля ў Камаях.

Мелодыі, што кранаюць сэрца, даводзілася слухаць у розных святынях свету. У камайскім касцёле гэтую чароўнасць гукаў дорыць вернікам Алена Даўжук. Пасля заканчэння Віцебскага дзяржкультасветвучылішча яна вярнулася ў родныя Камаі. Спявала ў касцёльным хоры. Арган не дзейнічаў. Кіраўніцтва калгаса выдзеліла сродкі на яго рэстаўрацыю. Спецыяліст з Германіі наладзіў інструмент. Ксёндз Часлаў Куцмеж прапанаваў Алене Бернардаўне паспрабаваць асвоіць яго.

Дух перахоплівала, калі прастору нябачнымі хвалямі запаланілі гукі арганнай музыкі. Не хацелася пакідаць храм, з якім звязана безліч людскіх лёсаў. Падумалася: вось ён, залаты турыстычны кландайк цудоўнага куточка Віцебшчыны.

Камаі: залаты турыстычны кландайк 

Пастаўскі раён. Фота аўтара.

ист: https://yandex.ru/turbo?text=https%3A%2F%2Fwww.sb.by%2Farticles%2Fkamai-zalaty-turystychny-klandayk.html&promo=navbar&utm_referrer=https%3A%2F%2Fzen.yandex.com

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Комментарии запрещены.