Деревня Ширки — проект ПК «Вёсачка»

Вядомыя з 1873 года

      Энцыклапедыя «Гарады і вёскі Беларусі» падае звесткі, што вёска вядомая з 1873 года пад назвай Шэркі (Манькавіцкая воласць, Вілейскі павет). На той час у ёй пражывала 55 душ. А ў 1905 годзе тут былі 182 жыхары, якія працавалі на 227 дзесяцінах зямлі.

У Першую сусветную вайну праз вёску прахо­дзіла лінія фронту. Падчас Вялікай Айчыннай яна была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

У 1950 годзе жыхары Шырак і суседняй вёскі Дзюшкі аб’ядналіся ў калгас «Світанак» (з 1952-га — «Слава», з 1977-га — імя Асяненкі). Вёска з’яўлялася цэнтрам калгаса і сельсавета. Тут дзейнічалі праўленне калгаса, сельвыканкам, клуб, бібліятэка, школа, дзіцячы сад, магазін. У 2020 годзе Шыркі ўвайшлі ў склад ААТ «Сцяг Перамогі-агра». Сёння ў вёсцы налічваецца 54 двары, пражывае 160 жыхароў, у тым ліку 45 дзяцей.

Людзі – дружныя, мясціны – цудоўныя

Так кажа пра Шыркі старэйшына вёскі Іна Асяненка. У 1988 годзе яна пачынала працаваць тут выхавальнікам у дзіцячым садку. Затым 22 гады шчыравала на ніве культуры — загадвала бібліятэкай, клубам. А калі ўстановы закрылі, уладкавалася ў ваенны шпіталь.

Нягледзячы на тое, што вырасла ў Паставах, выйшаўшы замуж за вясковага хлопца, Іна зраднілася з Шыркамі.

— Самі бачыце, якая ў нас цудоўная прырода, — гаварыла яна. — Лясы, крутыя горкі, азёры. На тэрыторыі сельсавета іх ажно 17. Таму і не пустуюць у нас хаты. Іх раскупілі і аднаўляюць дачнікі. Усе працавітыя, таму і з мясцовымі жыхарамі здружыліся.

Быў час, калі амаль на кожным падвор’і трымалі па дзве каровы. Зараз іх усяго 19. Але большасць вяскоўцаў вырошчваюць свіней ды курэй. А мінчанка Лізавета Жукава, якая купіла тут дом, разводзіць авечак.

Па дарозе ад Пастаў да Шырак і ў самой вёсцы пакладзены асфальт. 6 гадоў таму сюды прыйшоў прыродны газ, ёсць водаправод, сёлета пачалося будаўніцтва станцыі абезжалезвання. На тэрыторыі былой майстэрні індывідуальны прадпрымальнік Алег Масцяніца адкрыў магазін. Вяскоўцаў і гасцей заварожвае сваёй непаўторнасцю аграся­дзіба «Гармонія». Шыльды «Дом узорнага парадку» красуюцца на дамах Алены і Аляксандра Іваньковых, Алены і Алега Рудніцкіх, Наталлі і Мікалая Гілёў, Ліліі і Віктара Граблеўскіх, Маі і Анатолія Борысаў.

— Адным словам, нашы Шыркі абнаўляюцца і прыгажэюць, і ў іх ёсць будучыня, — заключыла Іна Асяненка. — Нездарма ж у вёсцы так шмат дзяцей — ажно 45.

Чатыры сонейкі ў хаце

Са старэйшынам вёскі Інай Асяненкай накіроўваемся да маладой мнагадзетнай сям’і Юліі і Алега Казырскіх. Здалёк бачым: у двары дома каля легкавіка корпаюцца трое. «Гэта Алег са сваімі сынамі Дзянісам і Ванем», — падказвае Іна.

— Вырашыў заліць масла ў матор, і памочнікі — тут як тут. Магнітам вабіць хлопчыкаў тэхніка, — патлумачыў іх бацька.

Раблю фотакадр, і разам з Алегам ідзём у дом знаёміцца з жаночай паловай сям’і. Чатырохгадовая Маргарыта сарамліва хаваецца за маму, трохгадовая Даша запытальна ўглядаецца ў незнаёмку. А я спрабую разгаварыць іх бацькоў.

Юля з Алегам пазнаёміліся падчас вучобы ў Лужаснянскім сельгастэхнікуме. Зарадзілася каханне, і яны пажаніліся. Прыехалі ў родную Юліну вёску Шыркі, дзе жывуць яе бацькі. Кіраўніцтва ААТ «Сцяг Перамогі-агра» вы­дзеліла маладой сям’і дом. Юля стала працаваць у гаспадарцы заатэхнікам, Алег — аграномам. Але праз некаторы час ён пайшоў на ферму.

Юля нарадзіла двух сыночкаў і дачушку. Але калі малодшанькай, Маргарыце, споўніўся ўсяго годзік, сям’я зусім нечакана павялічылася яшчэ на адно дзіця: Казырскія аформілі апеку над трохмесячнай Дашай. Дашыну маму суд пазбавіў мацярынскіх правоў. І каб не Алег з Юляй, органы апекі адправілі б немаўля ў дом малюткі. На шчасце, малая трапіла ў сям’ю. Як родную, яе прынялі не толькі прыёмныя ­бацькі, але і два брацікі і сястрычка. І зараз у доме Казырскіх ззя­юць чатыры сонейкі.

Безумоўна, вялікая сям’я — гэта і вялікія клопаты, матэрыяльныя расходы. Дапамагаюць Юліны бацькі, падтрымлівае дзяржава. За мацярынскі капітал Казырскія пабудавалі ў райцэнтры кватэру, але пакідаць Шыркі не спяшаюцца.

Проста і арыгінальна

У Гражыны і Вячаслава Пажысаў чацвёра дзяцей. Двое — ужо дарослыя, яшчэ дваім адпаведна 7 і 4 гады. Маці працуе даяркай на ферме. Сям’я трымае ўласнае падвор’е, таму клопатаў у жанчыны хоць адбаўляй. Тым не менш яна знаходзіць час і на любімы занятак — пляценне з газетных трубачак.

— Тэхналогія нескладаная, — расказвала. — Наразаю палоскі са старых газет і часопісаў, накручваю іх на пруток для вязання, для эластычнасці прамочваю спецыяльным растворам, прасушваю і пачынаю плесці.

Якімі атрымліваюцца рэчы, вы бачыце на гэтым здымку. Асвоіла Гражына і пляценне з бісеру.

Ёсць што ўспомніць

Зайшоўшы да Алы Іосіфаўны Рудніцкай, адзначаю прастору пакояў. А яна не стрымлівае слёз: «Дом вялікі і пусты. Ужо тры гады, як няма майго Вані. Сын з нявесткай не забываюць мяне, але яны жывуць у асобным доме».

У 1981-м райкам партыі рэкамендаваў Івана Рудніцкага старшынёй калгаса «Слава» (да гэтага ён з’яўляўся намеснікам старшыні ў Дунілавічах). А куды муж — туды і жонка. І вось ужо 40 гадоў яна ў Шырках. 11 з іх працавала галоўным эканамістам, 20 — галоўным бухгалтарам.

— Многае зрабілі ў гаспадарцы — успамінала. — Будавалі дарогі, фермы, устанаўлівалі на іх душавыя і туалеты. У майстэрні зрабілі лазню, басейн.

Нашу размову раз-пораз перапынялі тэлефонныя званкі. «Як добра, што ў мяне шмат сябровак і мы з імі пастаянна перазвоньваемся», — заўважыла Ала Іосіфаўна. А тут якраз заглянула і яе былая калега Яніна Асяненка, якая таксама працавала ў калгаснай бухгалтэрыі. «Абавязкова напішыце пра першага галоўнага бухгалтара нашага калгаса Глафіру Навумчык, — папрасіла. — Залаты чалавек. На яе долю выпала шмат выпрабаванняў, а яна ўсім дапамагала, да ўсіх адносілася з душой. І мяне многаму навучыла па бухгалтэрыі. Зараз Глафіра Фёдараўна жыве пры дачцэ ў Варапаеве, а мы яе часта ўспамінаем».

А як не назваць былых спецыялістаў Марыю Дзюшко, Ванду Цітовіч, Ганну Сабачэўскую, былога старшыню Шыркаўскага сельскага Савета Любоў Антух? Яны спаўна аддавалі сябе абранай справе, а зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, займаюцца хатнімі справамі, у думках неаднойчы вяртаюцца ў гады сваёй плённай працы.

Пра выхадныя нават не думалі

Валянціне Каралёнак 84 гады. 60 з іх яна жыве ў Шырках, выйшаўшы сюды замуж. Тут нара­дзіла дзвюх дачушак. А працоўную біяграфію пачынала ў Дварчанах падлікоўцам буйной рагатай жывёлы. У Шырках працавала прадаўцом, на запраўцы, дыспетчарам. Агульны працоўны стаж складае 37 гадоў.

— Як пачыналіся вясной палявыя работы і да кастрычніцкіх свят у калгасе ніякіх выхадных не было, — успамінала жанчына. — Але хто стараўся, той зарабляў добра. Старшынёй тады быў Валерый Прыходзька — талковы кіраўнік. Клапаціўся і пра гаспадарку, і пра людзей. Ды і наша пакаленне было больш адказнае, чым цяперашняе.

Ужо амаль тры дзесяцігоддзі Валянціна Ула­дзіміраўна на пенсіі, але не перастае цікавіцца справамі ў сельскай гаспадарцы не толькі ў ААТ «Сцяг Перамогі-­агра», на тэрыторыі якога знаходзяцца Шыркі, але і ў раёне, краіне. Выпісвае і чытае «Пастаўскі край», «Сельскую газету». З дапамогай дачок і зяцёў упраўляецца на ўласных 50 сотках. Вось і гэтай вясной з нецярпеннем чакае цяпла, каб пасадзіць агародніну. А ў кветніку перад домам ужо наведзена прыгажосць і буйна цві­туць пяшчотныя нарцысы.

За шыльдай

Убачыўшы такую арыгінальную шыльду на доме, як было не пазнаёміцца з яго гаспадарамі? Гэта былы калгасны механізатар Ягор Борыс, яго жонка Галіна і яе 83-гадовая маці Крысціна Каятанаўна Крыванос.

— Зрабіць такую шыльду надумаўся наш сын Юра, — патлумачыла Галіна і прадоўжыла: — У нас вельмі добрыя сын і нявестка, трое удалых унукаў — Кірыл, Глеб і Ксенія. Яны — найбольшае наша шчасце. Юра працаваў тут аграномам, потым узначальваў гаспадарку, а цяпер — начальнік вытворчага ўчастка ў ААТ «Камайскі-агра».

42 гады аддаў мясцоваму калгасу Борыс-старэйшы. Галіна знайшла сваё прызванне ў паштовай сувязі. «Мне яшчэ не было і 18-і, калі стала паштальёнам, — расказвала. — Абслугоўвала ў Паставах жыхароў Юбілейнай, Вакзальнай, Чырвонаармейскай і іншых вуліц. Пасля таго як нарадзіла Юрачку, перавялася бліжэй да дома — у Дварчанскае аддзяленне паштовай сувязі.

Сёлета напрыканцы лютага Галіне споўнілася 58 гадоў, і яна пайшла на пенсію. На заслужаным адпачынку і муж. Трымаюць карову, трох свіней, курэй, разам упраўляюцца з жыўнасцю і на прыся­дзібным участку. Настаў час, калі яны могуць займацца толькі ўласным домам і падвор’ем, больш увагі ­ўдзяляць пажылой маці і сям’і сына, якімі вельмі даражаць.

Іх трэба занесці ў Чырвоную кнігу

Так мне сказалі ў Шырках пра гаспадароў аграся­дзібы «Гармонія» Аксану і Аляксандра Ганчаровых. Толькі не як від, які знікае, а як вельмі рэдкі — неверагодна працавіты і надзвычай творчы.

І гэта сапраўды так. Будынак, у якім раней размяшчалася школа і які пасля яе закрыцця шмат гадоў пуставаў і рушыўся, яны ператварылі ў ідэальнае месца адпачынку. У лістапа­дзе 2018 года купілі яго, а летам 2020-га тут ужо сталі ладзіцца ўрачыстасці.

— Будынак быў у поўным запусценні, без вокнаў і дзвярэй, — расказвала Аксана. — У яго рэстаўрацыю ўклалі шмат сродкаў і працы. Старонніх людзей не наймалі. Усё рабілі самі: я, муж, два нашы сыны, мой брат. Толькі нацягнуць столь запрасілі прафесіяналаў. Усё астатняе нам «падказваў» інтэрнэт.

Тое, як стыльна і раскошна зараз выглядае «Гармонія», можна ўбачыць на Аксанінай старонцы ў «Інстаграме». Таму нават не спрабую перадаць словамі прыгажосць сядзібы. Зразумела, найлепш там пабываць, што многія і робяць. Не толькі пастаўчане, але і цэлыя кампаніі з іншых раёнаў і нават са сталіцы ладзяць у «Гармоніі» розныя ўрачыстасці.

Аксана і Аляксандр Ганчаровы карыстаюцца вялікім аўтарытэтам у мясцовых жыхароў. Шыркаўчане бачаць, што гаспадары сядзібы шчыруюць на ёй не пакладаючы рук і ўсё больш удасканальваюць. «У нашай вёсцы з’явіўся сапраўдны брэнд!» — ганарацца. А колькі радасці дзецям, якіх тут шмат і якім гаспадары сядзібы дазваля­юць многае! Дзеці захапляюцца феерверкамі, сустракаюць вясельныя картэжы і атрымліваюць ад маладажонаў цукеркі, гушкаюцца на арэлях. Іх цешыць сабака Герда, які выконвае ажно 30 каманд.

— Маладажонаў, якія адзначаюць у «Гармоніі» сваю ўрачыс­тасць, мы просім ускласці кветкі да помніка загінулым у гады вайны землякам, устаноўленым у цэнтры вёскі, — заўважыла Аксана. — Лічым, што гэта — святое. А ў нас з Сашам яшчэ столькі розных ідэй! Будзем увасабляць іх у жыццё. Ніхто не зробіць лепш, чым самі. Нічога не адкладваем на заўтра — і ўсё паспяваем.

Мы нават пакінулі сваю кватэру ў Паставах і пераехалі сюды жыць. Выходзім раніцай у двор — і такое захапленне: сонца свеціць, птушкі заліваюцца спевам! І хочацца яшчэ больш удасканальваць усё навокал, тым больш што ў майго мужа залатыя рукі. Ства­раць прыгажосць не толькі для сябе, але і для іншых — гэта радасць.

Фаіна Касаткіна

 

По материалам: https://www.postawy.by/2023/04/sledujushhaya-ostanovka-na-puti-redakcionnogo-proekta-vjosachka-derevnya-shirki/

Следующая остановка на пути редакционного проекта «Вёсачка» — деревня Ширки

Loading

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.