Эдуард Сцяпанавіч Жаўрыд. “Сакрэт шчасця — у каханні і павазе.”

       Каб добра вывучыць чалавека, трэба з ім пуд солі з’есці — сцвярджае народная мудрасць. Пастаўчанам Святлане Грыгор’еўне і Эдуарду Сцяпанавічу Жаўрыдам, якія 20 снежня адзначаць брыль­янтавае вяселле, за 60 гадоў сумеснага жыцця давялося раздзяліць не адзін пуд і солі, і цукру.

Яны пазнаёміліся ў чэрвені 1955 года на танцах у парку Чалюскінцаў у Мінску. Эдуард Сцяпанавіч быў без пяці хвілін выпускніком сталічнага політэхнічнага інстытута, Святлана Грыгор’еўна заканчвала чацвёрты курс юрыдычнага.

— Калі Эдзік падышоў запрасіць мяне на танец, маё сэрца нечакана закалацілася, — успамінае Святлана Грыгор’еўна іх першую сустрэчу. — Вельмі здзівілася і падумала: цікава, што будзе, калі падыдзе яшчэ раз? Запрасіў на наступны танец — і зноў трапятанне ў грудзях. Пазней зразумела: такім чынам Бог падказваў, што гэта мой лёс.

З таго часу і пачало зара­джацца іх каханне, якое вытрымала сур’ёзнае выпрабаванне — адлегласцю. Выпускніка сельскагаспадарчага факультэта Эдуарда Жаўрыда размеркавалі галоўным інжынерам на Рагазнянскую машынна-трактарную станцыю Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Святлана засталася вучыцца ў Мінску. Пісалі адно аднаму пісьмы, часам бачыліся, прыязджаючы ў госці. Астыць пачуццям не давала рэўнасць. Калі, засумаваўшы па каханым, Святлана ў чарговым лісце пачынала выказваць падазрэнні наконт яго нявернасці, Эдуард тут жа прыдумваў якую-небудзь прычыну для начальства і ехаў у Мінск. Іншых дзяўчат, акрамя чарнявай прыгажуні Святланы, для яго не існавала, хоць дырэктар МТС і спрабаваў пазнаёміць маладога інжынера са сваёй пляменніцай, якой ён падабаўся.

Так працягвалася з чэрвеня па лістапад. На кастрычніцкія святы закаханыя прынялі рашэнне ажаніцца, а ў наступны Святланін прыезд, узяўшы сведку, адправіліся ў ЗАГС. Маладая з сябрам Эдуарда, які працаваў у іншай МТС, паехала туды на машыне, жаніх — ззаду на матацыкле.

— На дварэ снежань, дарога слізкая, — расказваў Эдуард Сцяпанавіч. — Раптам бачу: машына назад едзе. “Што здарылася?” — пытаюся. “Усё, мы вырашылі вярнуцца! — адказваюць. — Машыну занесла на дарозе, і яна ўдарылася ў дрэва”. Угаварыў прадоўжыць шлях. У ЗАГСе — новая перашкода. Паколькі мы вырашылі распісацца без выпрабавальнага тэрміну, нас адправілі па дазвол да начальніка міліцыі. Прыехалі туды, а начальнік мне ў лоб: “А бацька табе дазволіў?” Прыняў за дзесяцікласніка, бо я тады вельмі молада выглядаў. Ад стрэсу нават пальчаткі ў яго кабінеце забыў. Шлюб зарэгістравалі ў самы кароткі дзень года, але насуперак прыкмеце, што такім жа будзе і сумеснае жыццё, яно ў нас аказалася доўгім і шчаслівым.

Віць сямейнае гняздо Жаўрыды пачалі ў Жабінкаўскім раёне. Там маладой сям’і выдзелілі паўдома, пабудаванага для работнікаў МТС. Засяліліся ў яго, маючы толькі чайнік ды венік. На рабоце Эдуарду Сцяпанавічу далі стол і ложак. Прадуктаў ніякіх, магазін далёка. На першым часе падкормлівалі знаёмыя: нехта прынясе бульбы, нехта — сала. Яны ж і вяселле для маладажонаў арганізавалі. Калі тыя вярнуліся з ЗАГСа, убачылі багата накрытыя сталы ў доме і каля сотні гасцей. Менавіта тое вяселле найбольш запомнілася юбілярам, хоць было і другое, у маі, якое зрабілі бацькі.

На Брэсчыне сям’я, у якой неў­забаве нарадзіўся сын Генадзій, пражыла каля двух гадоў. Адтуль пераехала ў Слуцк, да маці Святланы Грыгор’еўны, якая хварэла. Эдуард Сцяпанавіч уладкаваўся ў СПТВ выкладчыкам, жонка сядзела дома з малым. Работы па спецыяльнасці ў горадзе ёй не было, і калі мужу прапанавалі пасаду намесніка дырэктара Друйскага вучылішча экскаватаршчыкаў, на сямейным савеце вырашылі перабрацца туды. З Друі ў 1960 годзе пераехалі ў Паставы. Першым гэта зрабіў галава сямейства, які пайшоў працаваць намеснікам дырэктара ў мясцовае СПТВ. А калі атрымаў службовую кватэру побач з вучылішчам, перавёз жонку з сынам. У Паставах у 1963 годзе ў Жаўрыдаў нарадзілася дачка Ірына.

Святлана Грыгор’еўна спачатку выкладала ў вучылішчы гісторыю КПСС, затым працавала адвакатам, пазней — суддзёй у раённым судзе. Адтуль і выйшла на пенсію. Эдуард Сцяпанавіч больш за два дзесяцігоддзі аддаў прафтэхвучылішчу, у тым ліку 21 год з’яўляўся яго дырэктарам. На гэтай пасадзе стварыў практычна ўсю базу навучальнай установы, якая маецца сёння. Пабудавалі клуб, гаражы, вытворчыя майстэрні, новы вучэбны корпус, інтэрнат. Пры ім адбыліся тры рэарганізацыі ўстановы са зменамі назвы.

Спраў і адказнасці хапала і ёй, і яму. Не прыходзілася сядзець склаўшы рукі і дома, бо ў сям’і падрасталі двое дзяцей. Спраўляцца з цяжкасцямі і пазбягаць сварак дапамагалі каханне і павага адно да аднаго. Гэтыя пачуцці брыльянтавыя юбіляры называюць сакрэтам свайго сямейнага шчасця.

— Я і сёння кахаю Свету, як у маладосці, і называю маёй прыгажуняй, — прызнаецца Эдуард Сцяпанавіч, з пяшчотай абдымаючы жонку. — Канешне, у жыцці здараліся дробныя сваркі, але вялікіх не было. І такога, каб не размаўляць адно з адным некалькі дзён, не прыпомню.

— Да мяне ён заўсёды добра адносіўся, клапаціўся, — хваліць мужа Святлана Грыгор’еўна. — Пастаянна дапамагаў з дзецьмі: адвесці іх у сад, прывесці дамоў было яго абавязкам. Мыў посуд, падлогу ў хаце, прыбіраў, разам са мной упраўляўся на агародзе. Я вельмі люблю кветкі. Раней садзіла больш за 200 кустоў руж. Пазней захапілася лілеямі, мела іх каля 150 гатункаў. Эдзік дапамагаў даглядаць, укрываць на зіму. Нядаўна тры тыдні правяла ў бальніцы, бо ў мяне хворыя ныркі. Пакуль лячылася, не магла нічога есці. Дык муж усіх урачоў на ногі падняў, што я не ем, кожны дзень прыбягаў, а то і па два разы ў дзень. Скажу так: як мы пражылі, цяпер мала хто жыве. Сёння маладыя накрычаць адно на аднаго і пайшлі разводзіцца. Колькі я такіх пар у свой час развяла — жах!

Да слоў Святланы Грыгор’еўны дадам, што Эдуард Сцяпанавіч яшчэ і добры кулінар. Любіць пячы пірагі ў мультыварцы, робіць у ёй цукаты з яблыкаў, якія мне давялося пакаштаваць. Гасцінныя гаспадары не адпусцілі з дома, пакуль не выпіла з імі чаю з хатнімі прысмакамі.

Таму, як склаўся лёс гэтай сямейнай пары, можна па-добраму пазайздросціць. Яны шчаслівыя бацькі, любячыя бабуля з дзядулем, маюць двое праўнукаў. Сын і дачка, як і Эдуард Сцяпанавіч, закончылі Беларускі політэхнічны інстытут, сталі дыпламаванымі будаўнікамі. Генадзій спачатку працаваў майстрам у Мінску, потым яго накіравалі на ўзвядзенне Ігналінскай АЭС, а калі Савецкі Саюз разваліўся, перавялі на Варонежскую атамную электрастанцыю. Адтуль неўзабаве вярнуўся ў Літву і ўладкаваўся ў вядомую нямецкую камп’ютарную фірму праграмістам (пакуль працаваў на станцыі, самастойна асвоіў камп’ютар). Ад гэтай фірмы Генадзія на два гады адправілі ў камандзіроўку ў Зімбабвэ, дзе пазней прапанавалі застацца. Але, пажыўшы там некалькі гадоў, перабраўся ў Паўднёва-Афрыканскую рэспубліку. Працягвае працаваць у IT-сферы. Мае двух сыноў. Старэйшы, Дзмітрый, якому 35 гадоў, зараз жыве ў Вільнюсе, валодае ўласнай камп’ютарнай фірмай, жанаты, у яго двое дзяцей. Малодшы, 28-гадовы Аляксей, застаўся з бацькамі ў Афрыцы, працуе інжынерам на буйным заводзе.

На Радзіму Генадзій з сям’ёй прыязджае рэдка, але раз у год у бацькоў бывае абавязкова. Часта тэлефануе ім, цікавіцца здароўем, справамі, калі сястра Ірына з дачкой Святланай прывозяць у Паставы планшэт — размаўляюць па скайпе. Ірына, закончыўшы інстытут, засталася жыць і працаваць у Мінску. Яна — галоўны тэхнолаг на заводзе жалезабетонных вырабаў. 20-гадовая Святлана — студэнтка Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, выдатніца, найлепшая на патоку, займаецца навуковай дзейнасцю. Двойчы прымала ўдзел у адкрытым усерасійскім конкурсе навуковых работ студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. Летась заняла ў ім трэцяе месца, сёлета выйшла пераможцай.

Заўтра яна з маці, Дзмітрый з сям’ёй і іншыя родныя збяруцца за святочным сталом у Святланы Грыгор’еўны і Эдуарда Сцяпанавіча Жаўрыдаў, каб павіншаваць бабулю з дзядулем з ­брыльянтавым вяселлем, пажадаць ім здароўя і даўгалецця. Абавязкова паднімуць келіхі за дарагіх, любімых людзей і на поўдні далёкай Афрыкі.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара і з сямейнага альбома Жаўрыдаў.

ИСТ: http://www.postawy.by/2015/12/sakret-shchascya-u-kaxanni-i-pavaze/

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

206 просмотров всего, 0 просмотров сегодня

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Добавьте свой комментарий или поделитесь материалом