Генрых Шапель з Лынтуп

 

     Усе карані Генрыха Шапеля (на фота) – у мястэчку Лынтупы Пастаўскага раёна. «Бацькі мае, і дзяды, і прадзеды жылі тут», – кажа гэты з хітрынкай у вачах жвавы дзядуля.

Нарадзіўся ён у 1931 годзе, калі гэтыя землі ўваходзілі ў склад Польшчы. Аднак не лічыць, што так ужо было ўсё кепска пад «прыгнётам панскім», калі на зямлі быў гаспадар, «які жыў сам і даваў жыць іншым». Можа, такія светлыя дзіцячыя ўспаміны засталіся таму, што сям’я была заможнай, мелі сем гектараў зямлі. Бацька сам апрацоўваў надзел на кані з дапамогай немудрагелістых сельскагаспадарчых прылад.

Генрых быў яшчэ, зразумела, малы, да ўз’яднання дзвюх частак Беларусі скончыў толькі два класы. З дзяцінства меў схільнасці да розных навук, нават граў у духавым аркестры. Гандаль у Лынтупах, як і шмат дзе з даўніх часоў на нашых землях, быў справай яўрэяў. «Надта яны схільныя да прафесіі гандляра: ніводзін не мог з імі канкурыраваць». На асабістых адносінах, кажа субяседнік, гэта не адбівалася, хаця знаходзіліся радыкалы, што заклікалі набываць тавары толькі ў адзінай, якая тут была, «польскай» краме.

У Лынтупах побач былі спіртзавод і бровар, дзе варылі піва. Дзед нашага героя ў свой час зарабляў тым, што вазіў у Расію алкагольныя напоі. Пасля Вялікай Айчыннай вайны бровар разабралі на цэглу, а спіртзавод і зараз з’яўляецца адным з вядучых у краіне. Вакол Лынтупаў рос панскі лес. Ён быў багаты на каштоўныя пароды дрэў – клён і ясень, напрыклад. Той-сёй спрабаваў высякаць іх без дазволу. Некаторых лавілі на месцы злачынства. У якасці пакарання яны лішні дзень адпрацоўвалі на пана.

Дзядзька нашага героя быў лесніком, да таго меў свой маленькі матацыкл. Таму, відаць, за такую «заможнасць» у 1939 годзе яго ў ліку першых адправілі на 8 гадоў ў Сібір. Жонку вывезлі ў Казахстан. І гэта не адзінкавы выпадак. Страшны быў час. Аднак тут жа Генрых Антонавіч з усмешкай распавядае пра службу ў савецкім войску, калі старшына спалохана пытаўся: «Генка, а гэта праўда, што на вас, як на конях, паны аралі зямлю?». Стараўся, канешне, пазбегнуць адказу, які, відавочна, не ўпісваўся ў тагачасную канву.

Пасля вайны Г.Шапель працаваў у Віцебскім аддзяленні Беларускай чыгункі машыністам. У свой жа час у Лынтупы была пракладзена першая ў царскай Расіі вузкакалейка. Па ёй і вазіў цэглу для пабудовы санаторыяў на Нарачы. Ды і як турыстычны маршрут гэтая дарога выкарыстоўвалася. Даводзілася бачыць на «беларускім моры» лецішчы народных пісьменнікаў М.Танка і М. Лынькова.

Сёння сын і дачка жывуць сваімі сем’ямі, а Генрых Антонавіч застаўся самотным у аднапавярховым будынку інтэрнатнага тыпу ад чыгункі. Праўда, ёсць яшчэ верны кот. Ды рэгулярна прыходзіць сацыяльны работнік, які апякуе дзядулю.

Нягледзечы на ўзрост, стары рэгулярна наведвае касцёл, але крыўдуе, што службы ідуць выключна па-беларуску: «Маладым гэта, вядома, лепш, але куды ўжо нам, старым, перавучвацца, калі з маленства маліўся на польскай мове? І такі ж не адзін я».

Усё змяняецца ў гэтым свеце. І не разумее Генрых Антонавіч, калі які чалавек брыдкасловіць, абражае кагосьці. Раней, кажа ён, сустракаючы настаўніка, здымалі капялюш, а цяпер той сам цярпліва стаіць ля школьных дзвярэй, чакае, пакуль не заскочаць усе вучні.

«Толькі, дзетка, не пішы крытыкі, а то прыйдуць каму трэба і штрафу дадуць старому дзеду», – ці то жартам, ці то ўсур’ёз папрасіў на развітанне лынтупскі старажыл, ды пайшоў карміць любімага ката.

24.08.2012

ист: https://ok.ru/postavyret/topic/68836053191443

 pages=»yes»]

Loading

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.