Груздаўскія музыкі нарадзілі фестываль

      Ці думалі калі груздаўскія музыкі, што менавіта яны стануць вытокам сённяшняга Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік»? Наўрад ці.

Гралі для душы, сваё майстэрства перадавалі з пакалення ў пакаленне. 60 гадоў таму аб’ядналіся ў цымбальны аркестр. А ўрэшце сталі магутным жыватворным патокам, які разліўся далёка за межы Пастаўшчыны. Як усё пачыналася Да гэтага часу старажылы ўспамінаюць скрыпача Міхаіла Давідовіча (празванага Каліноўскім) і гарманіста Браніслава Качаргу (звалі Ражкоўскім), якія, па ўсеагульным прызнанні, валодалі непераўзыдзеным выканаль­ніцкім майстэрствам.

У Пожарцах, як ніхто іншы, ведаў вельмі шмат старадаўніх мелодый Лявон Мелец. Ён жа віртуозна граў на цымбалах, адметных па сваіх памерах, колькасці струн, дыяпазоне гучання. Іх называюць дыятанічнымі. Найчасцей цымбалы гучалі разам з гармонікам і скрыпкай — каралевай музыкі, як называлі яе ў Пожарцах і Груздаве. Без іх не абыходзілася ні адна вечарына, гучалі і на вяселлях.

Сапраўдным святам для аднавяскоўцаў быў удзел у вечарынах старэйшын груздаўскай самабытнай школы: скрыпачоў Івана Мельца, Іосіфа Мацкевіча, гарманіста Івана Крывенькага. З затоеным дыханнем слухалі і назіралі за імі маладыя на той час Пётр Рагіня, Іван Мацкевіч, Станіслаў Мелец, браты Нестар і Віктар Падгайскія, Аляксандр Кавалеўскі, Уладзімір Новік, Уладзімір Крывенькі.

Напрыканцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя найбольш таленавітыя музыкі аб’ядналіся ў капэлу. Яе першае выступленне на сцэне адбылося вясной 1940 года. Пасляваенныя га­ды характарызуюцца з’яўленнем новых тэндэнцый у народным мастацтве. У гэты час аднаўляе сваю дзейнасць і ансамбль груздаўскіх цымбалістаў.

Загадчык мясцовага клуба Уладзімір Крывенька — таленавіты гарманіст і цудоўны арганізатар — збірае музыкаў з навакольных вёсак. К 1957 году іх налічвалася ўжо каля 20 чалавек. У 1958-ым ансамбль прыняў удзел у I Усебеларускай дэкадзе народнай творчасці і атрымаў першыя ўзнагароды — граматы раённага і абласнога аргкамітэтаў Міністэрства культуры БССР. Поспех і палічылі датай нара­джэння калектыву. З ансамбля – у народны аркестр На заключным канцэрце дэкады, які праходзіў у Віцебску, выступленне ансамбля пачуў выкладчык Віцебскага музычнага вучылішча Якаў Нікіцін. Ён высока ацаніў самабытнасць і майстэрства самадзейных музыкаў і ўзяў над імі шэфства, а ў 1965-ым узначаліў калектыў. Прапанаваў пашырыць ансамбль і ператварыць яго ў аркестр. Ідэя была падтрымана. Сабраліся 24 цымбалісты, якія і склалі яго ядро.

Пашырыўся інструментальны склад: далучыліся баяны, дудкі, кларнеты, губныя гармонікі, кантрабас, лыжкі, бубен і шумёлы. Аснову рэпертуару складалі аўтэнтычныя мелодыі ў апрацоўцы Якава Нікіціна, а інструментальнага складу — дыятанічныя цымбалы, зробленыя Іосіфам Новікам. На III дэкадзе народнай творчасці БССР, якая праходзіла ў Вялікім тэатры оперы і балета ў Мінску, аркестрам былі выкананы «Груздаўская вясельная» і «Беларуская фантазія», а сямейны квартэт Мацке­вічаў асобным нумарам сыграў польку «Агульніца» і вальс «Ніначка».

З часам да груздаўскага аркестра далучыліся выкладчыкі Пастаўскай і Варапаеўскай музычных школ. Калектыў — пастаянны ўдзельнік рэспубліканскіх і ўсесаюзных фестываляў — становіцца вядомым ва ўсёй Беларусі і за яе межамі. Вось што пісала пра аркестр у 1967 годзе рэспубліканская газета «Звязда»: «Гучна і зладжана граюць цымбалы, а іх мелодыю з тонкім густам вядуць жалейкі, бубен, лыжкі. Адным словам, спалучэнне ўсяго «арсеналу» музычных сродкаў, якія спрадвеку весяляць нашу беларускую вёску».

Удзельнікі ІІІ Усебеларускай дэкады народнай творчасці (1965 год) У 1973 годзе за высокае выканальніцкае майстэрства і актыўны ўдзел у развіцці мастацкай самадзейнасці аркестру прысвоена званне «народны». У гэты час яго кіраўніком становіцца найстарэйшы народны музыка Груздаўшчыны, таленавіты скрыпач і цымбаліст Пётр Рагіня. Па яго ініцыятыве з мэтай захавання музычнай спадчыны свайго краю для нашчадкаў пры Груздаўскай васьмігадовай школе адкрываецца студыя ігры на дыятанічных цымбалах.

Пазней ствараецца дзіцячы цымбальны аркестр. У 1978-ым Груздаўскі цымбальны аркестр як лаўрэат I Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці прадстаўляў Беларусь у Ташкенце. Маладыя жыватворныя сілы У 1983 годзе кіраўніком калектыву становіцца выкладчык Пастаўскай музычнай школы Анатоль Собаль. У складзе аркестра адбываюцца змены. Уво­дзяцца новыя інструменты: скрыпкі, акардэон, балалайкі, гармонік, жалейка.

З Груздаўскага цымбальнага аркестра выраслі сямейныя дынастыі Мацкевічаў, Рагіняў, Падгайскіх. Разам з аркестрам з асобнымі нумарамі выступаюць фальклорны ансамбль, які назвалі «Груздаўскія дзяды», і сямейны ансамбль Мацкевічаў. У пачатку 90-х гадоў адзін за адным пайшлі з жыцця груздаўскія музыкі, перастаў існаваць мясцовы клуб, закрылася васьмігодка, у вёсцы практычна не засталося моладзі.

З мэтай захавання багатых традыцый, зберажэння і перадачы новаму пакаленню груздаўскай музычнай спадчыны ў 1991 годзе пераемнікам Груздаўскага цымбальнага аркестра стаў невялікі ма­більны калектыў выкладчыкаў Пастаўскай музычнай школы пад кіраўніцтвам Анатоля Собаля. А назвалі ансамбль «Паазер’е». Дзякуючы яму, на Пастаўшчыне (адзінае месца ў Беларусі, дзе захаваліся дыятанічныя цымбалы) сфарміравалася Груздаўская выканальніцкая школа і зберагліся мясцовыя народныя мелодыі. Галоўная задача «Паазер’я» — працяг і папулярызацыя старажытных традыцый груздаўскіх музыкаў.

Анна АНІШКЕВІЧ

Фота з архіва школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза

Среда, 6.06.2018 14:01. Category: Юбілеі

«Груздаўскія дзяды» на здымках перадачы «Спяваюць цымбалы» (1976 год)

«Груздаўскія дзяды» на здымках перадачы «Спяваюць цымбалы» (1976 год)

Фальклорны ансамбль «Груздаўскія дзяды» на здымках перадачы «Спяваюць цымбалы» (1976 год)

по материалам источника: https://ok.ru/postavyret/topic/68603197950739

 

530 просмотров всего, 0 просмотров сегодня

Метки: , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавьте свой комментарий или поделитесь материалом