•       Идут годы, меняются времена, события, люди, но одно остается незыблемым и вечным  – Родина. Нам кажется, что мы знаем о нашей малой Родине все, или почти все. Но каждый раз, когда мы путешествуем, наблюдаем, читаем, исследуем и думаем о ней, мы открываем для себя что-то новое. И сегодня каждый из нас имеет возможность поделиться этим : новыми фактами, новыми стихами, новыми мыслями о своем крае, городе, селе и рассказать миру о своей малой Родине, о людях с большой душой…

Известные люди поставщины. Литераторы.

 

   Аксельрод Іда Ісакаўна, (1872-1917), філосаф, літаратуразнавец, нарадзілася ў Дунілавічах у сям’і равіна. У 1902 абараніла дысертацыю ў Бернскім універсітэце.

Аўтар працы «Готфрыд Келер. Літаратурна-крытычныя артыкулы» (1923). Была загадчыцай літаратурнай часткі бернскага выдавецтва «Бернер Тагвах».

Аксельрод Любоў Ісакаўна

   Аксельрод Любоў Ісакаўна, (1868–5.2.1946), сястра І. Аксельрод, філосаф, літаратуразнавец.

Скончыла Бернскі ўніверсітэт са ступенню доктара філасофіі (1900). З 1906 жыла ў Расіі, друкавала артыкулы ў часопісах «Наша заря», «Современный мир», «Дело» і інш. Аўтар прац «Леў Талстой» (1922), «Мараль і прыгажосць у творах А. Уайльда» (1923), зборніка «Філасофскія нарысы» (1906) і інш.

З 1921 выкладала ў Маскве філасофію ў Інстытуце Чырвонай прафесуры, даследавала пытанні філасофіі і мастацтва. Памерла ў Маскве.

 

Аляксандраў Андрэй

 Аляксандраў Андрэй, (н. 27.1.1978), паэт, журналіст, ураджэнец г. Ніжні Тагіл (Расія), вучыўся ў Пастаўскай СШ № 1.

Скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў на мясцовым тэлебачанні, у рэдакцыі газеты «Хімік». Аўтар зборніка вершаў «Вечны горад Чырвонага Сонца» (2000), многіх публікацый у перыядычным друку.

Жыў ў Новаполацку, працаваў у рэдакцыі газеты «Палачанка», затым працаваў у Мінску намеснікам старшыні Беларускай Асацыяцыі Журналістаў. Галоўны рэдактар анлайн-рэсурса «Беларускі часопіс» (www.journalby.com) і эксперт міжнароднай арганізацыі «Індэкс цэнзуры» (Index on Censorship) Вялікабрытанія.

 

Бароўка Ванда Юльянаўна.

     Бароўка Ванда Юльянаўна. Нарадзілася 26.01.1959, в. Васілеўшчына, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць. Літаратуразнавец.

Доктар філалагічных навук, прафесар (2011). Адукацыя: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура. Руская мова і літаратура», 1981; аспірантура, 1989; дактарантура, 2004).

Навуковыя інтарэсы: літаратуразнаўства; літаратура і гістарычная рэчаіснасць; літаратура і этнас; этнаграфія; гісторыя; філасофія; замежныя мовы. Месца працы, пасада: СШ № 30 г. Віцебска (1981–1985, настаўнік беларускай мовы і літаратуры; Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава (з 1985, факультэт беларускай філалогіі і культуры, кафедра беларускай літаратуры, прафесар).

Узнагароды: Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2009).

 

Вайцяшонак Марыя Антонаўна

 Вайцяшонак Марыя Антонаўна. Нарадзілася 03.05.1942 г.на Алтаі ў г. Змеінагорску ў сям’і польскага асадніка, высланага напрыканцы 30-х гадоў з асады Соўчына на Пастаўшчыне.

Дакладная дата нараджэння пісьменніцы невядомая. Выхоўвалася ў дзіцячых дамах на Алтаі, у Маскве, Ракаве на Валожыншчыне, у цёткі Марылі ў вёсцы Грыдзькі Пастаўскага раёна.

Скончыла філфак БДУ, настаўнічала ў вясковых школах. Пазней — журналістка ў мінскіх выданнях. Сябра Саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў. Выдала зборнікі прозы «Сярод блізкіх людзей», «Жанчына каля люстэрка», «Сад нявіннасці», «Кола», кнігу для дзяцей «Каму расказваюць казкі на два вушкі», кнігу вершаў «Серпень».

 

Дубоўка Уладзімір Мікалаевіч

 Дубоўка Уладзімір Мікалаевіч, (15.7.1900 — 20.3.1976), беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык. Нарадзіўся ў в. Агароднікі Пастаўскага раёна.

Вучыўся ў Манькавіцкай і Мядзельскай школах. Закончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў у Тульскай вобласці, служыў у Чырвонай Арміі.

Пасля дэмабілізацыі працаваў у Маскве (рэдактарам, адказным сакратаром пастпрэдства БССР пры ўрадзе СССР, выкладчыкам Камуністычнага універсітэта народаў Захаду). Закончыў Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Брусава, быў членам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша».

У 1930 годзе рэпрэсаваны. Зняволенне, высылку адбываў у Кіраўскай вобласці, Чувашыі, на Далёкім Усходзе, у Грузіі, Краснаярскім краі. Пасля рэабілітацыі (1957) жыў у Маскве, тады ж наведаў і радзіму. Вёў перапіску з вучнямі і настаўнікамі Манькавіцкай школы. Аўтар зборнікаў вершаў «Строма», «Трысцё», «Credo», «Наля», «Палеская рапсодыя» і іншых. Ім таксама напісаны аповесці для дзяцей «Жоўтая акацыя», «Ганна Алелька», «Як Алік у тайзе заблудзіўся», кнігі вершаваных казак. Пераклаў творы У. Шэкспіра, Дж. Байрана, В. Брусава, П. Тычыны і іншых паэтаў.

Лаурэат літаратурнай прэміі імя Я. Купалы. Член СП СССР. У кнізе ўспамінаў «Пялёсткі» апісвае эпізоды свайго маленства на Пастаўшчыне (Агароднікі, Манькавічы, Мядзел).

 

Гінько Алена Іванаўна

    Гінько Алена Іванаўна, паэтэса. Нарадзілася 22 жніўня 1965 года ў вёсцы Тузбіца Пастаўскага раёна.

Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аўтар зборнікў паэзіі «Самотная птушка» (1999), «Пяшчота пры журбе«(2003), «Я думала душой»… Мінск : Кнігазбор, 2015. — 116 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; выпуск 63).

Жыве і працуе ў Віцебску выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2001 года.

 

Зарэцкая Юлія Францаўна

     Зарэцкая Юлія Францаўна празаік, публіцыст, сатырык. Нарадзілася ў 1978 годзе ў мястэчку Дунілавічы Пастаўскага раёна.

Скончыла БДПУ імя М. Танка з адзнакай. Працавала рэдактарам, потым загадчыкам аддзела фельетонаў і пісьмаў часопіса «Вожык», намеснікам галоўнага рэдактара, з 2009 года — галоўны рэдактар альманаха «Вожык».

Член Саюза журналістаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзе в.а. сакратара секцыі сатыры і гумару. Аўтар зборніка сатырычных і гумарыстычных твораў (апавяданняў, п’ес, гумарэсак, замалёвак з натуры). Друкавалася ў часопісах «Вожык», «Маладосць», газетах «Чырвоная змена», «ЛіМ», «Звязда», «Настаўніцкая газета» і інш. Творы:»Шчаслівыя людзі«. — Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2011. — 224 с. (Бібліятэка «Вожыка»). ; «Суседзі». Мінск : Мастацкая літаратура, 2013. — 142 с.

Захарэвіч Ніна Маркаўна

   Захарэвіч Ніна Маркаўна (22.05.1933. — 11.10.2005), паэт. Нарадзілася ў в. Старыя Габы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.

Вучылася ў Ваўкалацкай сямігодцы, Будслаўскай сярэдняй школе. Закончыла фізіка-матэматычны факультэт Маладзечанскага настаўніцкага інстытута з адзнакай, фізіка-матэматычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага.

Усё жыццё працавала ў сістэме адукацыі Мядзельскага і Пастаўскага раёнаў на розных пасадах (настаўніца, загадчыца дзіцячага садка, дырэктар школы, старшыня райкама прафсаюза). Працавала пераважна ў жанры паэзіі. Выдала кнігі вершаў «Дарыце маці кветкі», «Жнівеньскі вецер», «Бэзавы цвет». Лаурэат фестывалю гумару ў Аўцюках.

Пераможца конкурсаў прыпевак газеты «Звязда». Шэраг вершаў пакладзены на музыку.

Капылоў Ігар Лявонавіч

 Капылоў Ігар Лявонавіч, кандыдат філалагічных навук. Нарадзіўся ў в. Пятрагі Пастаўскага раёна.

Закончыў Юнькаўскую базавую і Пастаўскую СШ № 2. У 1991 г. закончыў філалагічны факультэт БДУ. Быў размеркаваны ў Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа НАН Беларусі. У 1996 г. скончыў аспірантуру. Абараніў кандыдацкую дысертацыю.

У інстытуце прайшоў шлях ад стажора-даследчыка да дырэктара. Быў уключаны ў склад Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі на пасаду вучонага сакратара.

Дацэнт кафедры дзяржаўнага кіравання сацыяльнай сферай Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Спіс навуковых публікацый уключае больш за 80 навуковых работ, сярод якіх манаграфіі, слоўнікі, даведнікі, вучэбныя дапаможнікі і навуковыя артыкулы. Некаторыя манаграфіі і артыкулы апублікаваны ў Германіі, Польшчы, Расіі і ва Украіне.

Асобнае месца займае комплекс вучэбных дапаможнікаў для сярэдняй агульнаадукацыйнай школы і абітурыентаў. Прымаў удзел у стварэнні «Слоўніка мовы „Нашай Нівы“» і тапанімічных даведнікаў па ўсіх абласцях Беларусі.

Сумесна з кафедрай гісторыі беларускай мовы БДУ падрыхтаваў праект «Сучасная сістэма беларускіх прозвішчаў: склад, асаблівасці напісання, словаўтварэння, скланення і транслітэрацыі».

Карнілава Наталля Яўгенеўна

   Карнілава Наталля Яўгенеўна. Нарадзілася 30 мая 1971 года ў вёсцы Юнькі Пастаўскага раёна.

Скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута.

Аўтар кнігі вершаў «Радуга — Вясёлка» (2005). Працуе інструктарам-метадыстам па турызме фізкультурна-спартыўнага клуба.

 

Касцень Алесь Дзмітрыевіч

   Касцень Алесь Дзмітрыевіч, (18. 04. 1955, в. Касцяні Пастаўскага раёна — 17.09. 2009, г. Паставы), пісьменнік, журналіст.

Скончыў СШ № 2 г. Паставы, журфак БДУ. Жыў у г. Паставы. Працаваў журналiстам у газетах «Пастаўскі край», «Звязда», «Народнае слова», «Вольнае Глыбокае».

Аўтар шэрагу артыкулаў на краязнаўчыя тэмы ў мясцовым перыядычным друку. Адзін з арганізатараў лiтаратурна-выдавецкай справы на Пастаўшчыне. Кіраваў дзейнасцю лiтаратурнага аб’яднання «Свiтанак». Шмат зрабіў для выдання зборнiкаў вершаў пастаўскіх аўтараў «Рунь», «Рунь—92», «Рунь—93», «Рунь—2001», а таксама лiтаратурна-культуралагiчнага часопiса «Барвы» (2004).

Браў удзел у лiтаратурным семiнары «Даўжанскiя вечары—96», якi быў прысвечаны памяцi У. Дубоўкi. Аўтар паэтычных зборнікаў «Зруб» і «Лязо душы», гумарыстычных зборнікаў паэзіі «Правінцыялы», «13 чарачак і гляк». Аўтар кнiг прозы «Золата дзядулi», «Вясковыя i местачковыя гiсторыi», «Каменьчыкi ў кiрзавым боце».

Засталася незакончанай аповесць-успамiн пра родны горад Паставы «Мястэчка маёй любовi», якая была выдадзена выдавецкай ініцыятывай «Сумежжа» у 2015 годзе асобнай кнігай.

 

Кенька Міхась Паўлавіч

   Кенька Міхась Паўлавіч, літаратар. Нарадзіўся 08.02.1947 г. у вёсцы Верацеі Пастаўскага раёна ў сям’і чыгуначніка.

У 1965 г. скончыў Ласіцкую адзінаццацігодку і паступіў на філалагічны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута. Пасля заканчэння інстытута (1969) працаваў у кіраўскай раённай газеце «Кіравец», настаўнічаў ва Ўдзелаўскай сярэдняй школе Глыбоцкага раёна і ў Віцебску, быў лектарам, загадваў кабінетам камсамольскай работы ў Віцебскім абкоме камсамола (1969-1973). З 1973 г. — аспірант, з 1976 г. — навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1983 г. — намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва «Юнацтва», з 1988 г. — дацэнт кафедры беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1988 г. У рэспубліканскім друку з рэцэнзіямі і артыкуламі па тэорыі і практыцы мастацкага перакладу, праблемах беларускай савецкай прозы і паэзіі пачаў выступаць у 1974 г.

Аўтар кніг «Майстэрства Аркадзя Куляшова — перакладчыка» (1983), «Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці» (1987). Прымаў удзел у падрыхтоўцы Збораў твораў М.Лынькова і. М.Гарэцкага.

Пераклаў з польскай мовы раман «Крыжакі» Генрыка Сянкевіча, аповесці Юзафа Ігнаці Крашэўскага «Маці каралёў», «Паперы Глінкі», «Кароль у Нясвіжы. 1784», «Апошняя са слуцкіх князёў», апавяданьні С. Гродзенскай, з чэскай — «Клапзубава каманда» Э. Баса, апавяданьні І. Кліма і інш.

 

Латыш Аліна Лявонаўна

   Латыш Аліна Лявонаўна, літаратар. Нарадзілася ў 1962 годзе ў в. Ясюкі Пастаўскага раёна.

Пачала пісаць вершы і артыкулы з 15 год, была членам літаратурнага аб’яднання пры раённай газеце «Звязда».

У 1980 годзе паступіла на філалагічны факультэт БДУ імя Леніна. Працавала культарганізатарам у Пастаўскім Доме піянераў. З 1988 года — настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ № 3 г. Паставы. Артыкулы друкаваліся ў газетах «Пастаўскі край», «Звязда», «Настаўніцкая газета», у часопісах «AVE MARIA», «Каталіцкія навіны», «Каталіцкі веснік», у кнізе «Там, дзе Мядзелка песняй ліецца».

У канцы 2013 года выдала зборнік вершаў «Кроплі святла» — Паставы, «Сумежжа», 2013, — 84 с.

 

Легастаева Аліна Антонаўна

 Легастаева Аліна Антонаўна, паэтэса. Нарадзілася 27 ліпеня 1941 года ў Паставах.

Скончыла Віцебскі педагагічны інстытут. Больш за 20 гадоў пражыла ў Літве, працавала на будаўніцтве БАМа, выхавальніцай у дзіцячым садзе, настаўніцай, інжынерам-эканамістам.

Выдала зборнікі паэзіі «Яшчэ да Евы я жыла» (1998). «На вертыкалі сэрца» (1999), «Позніх кветак святло» (2006), «Яблычны Спас» (2008), «Пасля майго жыцця» (2011), «Калі-небудзь…» (2012).

Піша на беларускай і рускай мовах. Жыве ў Мінску.

 

Лісіцкая Вольга Мікалаеўна

   Лісіцкая Вольга Мікалаеўна, паэтэса. Нарадзілася 28 лістапада 1962 года ў вёсцы Стары Двор Пастаўскага раёна ў сям’і чэгуначнікаў.

У 1977 годзе скончыла Старадворскую васьмігодку, у 1979 годзе Варапаеўскую сярэднюю школу. Закончыла Полацкі лясны тэхнікум, працавала ў сістэме лясной гаспадаркі і вучылася ў Беларускім тэхналагічным інстытуце імя С. М. Кірава.

Доўгі час працавала на розных пасадах ў Пастаўскім лясгасе. Вершы і маленькія нарысы пачала пісаць яшчэ ў дзяцінстве. У час працы пісала сцэнарыі для творчых конкурсаў, турыстычных злётаў.

Друкавалася ў газетах «Пастаўскі край», «Беларуская лясная газета», «Шыпшына». Выдала паэтычны зборнік «Усходзіць сонца» — Паставы, «Сумежжа», 2013, — 44 с.

 

   Літвіновіч Пётр. Нарадзіўся 30 студзеня 1956 года ў вёсцы Захараўшчына Савіцкага сельсавета Пастаўскага раёна.

Аўтар зборніка вершаў «Сон Радзімы сніўся мне» (1996), публікацый у перыядычных выданнях.

Жыве ў Паставах.

 

Міклашэвіч Ганна Іванаўна

 Міклашэвіч Ганна Іванаўна, паэтэса. Нарадзілася 29 ліпеня 1973 года ў вёсцы Якавічы Пастаўскага раёна ў сям’і лесніка.

Закончыла Нясвіжскае педагагічнае вучылішча (1992), факультэт беларускай філалогіі і культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка (2000).

Выдала зборнікі паэзіі «Калыханка для дваіх» (1999), «Пялёсткі сняжынак» (2010). Некаторыя вершы прысвечаны мясцінам дзяцінства.

Працуе ў Грэскай сярэдняй школе Слуцкага раёна.

 

   Міхасёнак Вячаслаў Васільевіч (9.1.1941–13.11.2002). Нарадзіўся ў вёсцы Міськія Юнькаўскага сельсавета Пастаўскага раёна.

Аўтара кнігі паэзіі «Сіняе рэха» (1997). Закончыў Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча і філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага.

Настаўнічаў на Маладзечаншчыне. З 1988 жыў у Слуцку, працаваў у Прошчыцкай школе, а затым у СШ № 8 настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Арганізаваў і кіраваў грамадскім аб’яднаннем «Таварыства беларускай мовы» ў Слуцку.

Друкаваўся ў часопісах «Маладосць», «Родная прырода», газеце «Літаратура і мастацтва». Аўтар краязнаўчага эсэ пра родную вёску «Вёска майго дзяцінства».

 

Мурзёнак Пётр Сільвестравіч

 Мурзёнак Пётр Сільвестравіч, педагог, пісьменнік. Нарадзіўся 26 лютага 1930 года ў вёсцы Чаромушнікі Падзісенныя былога Віленскага ваяводства.

У школу пайшоў з 6 гадоў і да 1939 года скончыў 3 класы польскай школы. Пасля вучыўся ў савецкай школе, з 1946 па 1949 — у пастаўскім педагагічным вучылішчы. У 1949-50 гадах працаваў настаўнікам матэматыкі Вайшкунскай сямігодкі Пастаўскага раёна.

З 1950 года пачаў працаваць у Васілінскай сямігодцы, адкуль быў прызваны ў войска і праслужыў роўна тры гады ў пасёлку Кулой каля Варкуты. З 1954 па 1959 год вучыўся завочна ў Мазырскім педагагічным інстытуце на фізіка-матэматычным факультэце.

Выкладаў матэматыку і фізіку ў Дварчанскай базавай (9 класаў) школе. Вёў заняткі фота і кінагурткоў. У 1990 годзе выйшаў на пенсію. Яшчэ тры гады адпрацаваў выкладчыкам матэматыкі ў Шыркаўскай базавай школе.

Мае медаль «Ветэран працы». Пасля выхаду на пенсію захапляўся пчоламі. Быў жанаты. Жонка, Даната Генрыхаўна з Мажэйкаў, таксама працавала настаўніцай пачатковых класаў. Выхавалі двух сыноў, Пятра і Генадзя, у якіх свае сем’і, якія жывуць у Аттаве. У 2003 годзе П. Мурзёнак з жонкай пераехаў да дзяцей у Канаду. Памёр у 2010 годзе. У 2008 годзе выдаў кнігу ўспамінаў «Над Дзісенкай ракой»; друкаваўся ў альманаху «Беларус».

У 2015 годзе ў серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» пабачыў свет збор твораў Пятра Сільвестравіча Мурзёнка «Адвечныя плыні».

 

Нафрановіч Аркадзь Іосіфавіч

   Нафрановіч Аркадзь Іосіфавіч (26.04. 1936, в. Юшкавічы на Мядзельшчыне — 15 03. 2015 в. Камаі Пастаўскі раён), педагог, пісьменнік.

Скончыў сямігодку, Лепельскае педвучылішча, геаграфічны факультэт БДУ.

Працаваў настаўнікам геаграфіі, гісторыі, музыкі і спеваў у школах Пастаўскага раёна. У 1989 годзе ўступіў у літаратурнае аб’яднанне «Світанак» пры раённай газеце «Пастаўскі край». У 1995 годзе выдаў кнігу паэзіі «Мядзельскі мерыдыян», у 1998 — «Святло Нарачы».

Пачынаючы з 1994 года, плённа працаваў з кампазітарам Мікалаем Пятрэнкам. У творчым саюзе з ім нарадзілася 17 песень і рамансаў, якія склалі зборнік «Мелодыі роднага краю» (1995). Аўтар кніг «У пошуках ісціны» (2005), «Горад музыкі і сонца» (2009), зборніка нарысаў і вершаў «Сейбіты дабра і мудрасці» (2007), прысвечанага нялёгкай працы настаўнікаў. Асобнай кніжкай выйшла аповесць «Мая адысея» (2001), за якую

Аркадзь Нафрановіч атрымаў абласную Літаратурную прэмію імя Уладзіміра Караткевіча. Быў членам Саюза беларускіх пісьменнікаў.

 

Пракаповіч Ігар Міхайлавіч

 Пракаповіч Ігар Міхайлавіч, пісьменнік. Нарадзіўся 9.12.1960 у г. Паставы.

Закончыў СШ № 2, геафак БДУ і аспірантуру Нацыянальнага Інстытута Адукацыі.

Працуе настаўнікам геаграфіі і астраноміі Пастаўскай гімназіі і СШ № 1. Аўтар 8 зборнікаў паэзіі і двух кніг прозы. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Вучонага савета беларускага геаграфічнага таварыства. Пераможца рэспубліканскага конкурсу Таварыства беларускай школы «Беларускі настаўнік года 2009», Віцебскага абласнога конкурсу «Настаўнік года-95», лаўрэат звання «Чалавек года Віцебшчыны 2009», лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча за 2015 год.

Старшыня раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

Выдаў зборнікі паэзіі: «Рэха малітваў» (1993), «Намагнічаны космас» (1996), «Шляхі наканаванага бязмежжа» (1999), «Я Вас каханнем растрывожу…» (2005), «Луска вечнасці» (2005), «Белая Панна» (2007), «Калядны ранак» (2007), «Хірургічная адысея дзядзькі Антона» (2009), «Снежны вэлюм шыпшыны» (2011); проза — «Вышкі» (2013), «Булён» (2015).

 

Ромер-Ахенкоўская Гелена

 Ромер-Ахенкоўская Гелена, літаратар, журналіст, педагог, мастак. Дачка сусветна вядомага мастака Альфрэда Ізыдора Ромера і графіні Ванды Ромер (з Сулістроўскіх). Нарадзілася ў Вільні 21 ліпеня 1875 года.

Калі ёй споўніўся адзін год, маці з малой Геленай пасяліліся жыць у родавым маёнтку Каралінове (зараз Пастаўскі раён). Дзяцінства Гелены прайшло ў Каралінове. Першапачатковую адукацыю атрымала дома. У 1884 годзе бацька ўладкаваў яе вучыцца ў прэстыжны платны Кракаўскі пансіён Люцыі Жэлешкевіч, які закончыла ў 1892 годзе з адзнакай.

Адразу пасля вучобы Гелена, стала прымаць актыўны ўдзел у адкрыцці бібліятэк,чытальняў, у арганізацыі тэатраў і народных прадстаўленняў. У Камаях адкрыла чайную, якая служыла прыкрыццём асветніцкай работы. Яна арганізавала 6 перасоўных бібліятэк: у Каралінове, Камаях, Кабыльніку (зараз Нарач), Свіры, Лынтупах і Вішневе.

За свой кошт адкрыла тры школы: у Камаях, Канябічах і Каралінове, у якіх займалася па 50-60 вучняў. Школы працавалі тайна, бо царскія ўлады не дазвалялі адкрываць прыватныя школы. Заняткі ў Караліноўскай школе вяла сама.

У 1897 годзе памёр яе бацька. Гелена ўзяла на сябе клопат па гаспадарцы, стала прыводзіць у парадак багатую творчую спадчыну бацькі, але не забывалася дбаць пра асвету народа. У гэты час напісала і выдала для школ падручнік па геаграфіі (1905) пад назвай «Што ёсць на небе і на зямлі», які да 1926 года перавыдавалі восем разоў накладам па некалькі тысяч экземпляраў.

На аснове ўласнага педагагічнага досведу напісала метадычку «Парады для народных настаўнікаў». З мэтай вывучэння замежнага педагагічнага досведу і ўдасканалення сваіх педагагічных ведаў Гелена выехала за мяжу. Два гады (1906–1908) вучылася ў школе вышэйшых сацыяльных навук (Ecole des Hautes Etudes Sociales пры вуліцы de la Sorbоnne) у Францыі, дзе падрыхтавала педагагічнае даследванне пра французскую сістэму адукацыі—»Szkola Batiniolska w Paryzu» Потым вучылася ў Бельгіі. У час вучобы ва ўніверсітэце напісала курсавую работу на тэму: «Immigration allemands en Russie et en Pologne» («Нямецкая іміграцыя ў Польшчу і Расію») і ў выніку ў філіяле журналістыкі і грамадскіх навук атрымала дыплом, які даваў права займацца журналісцкай дзейнасцю. З замежжа пастаянна дасылала допісы ў газету «Віленскі кур’ер», таксама змяшчала публіцыстычныя матэрыялы, вершы і навелы ў іншых перыядыных выданнях.

З 1912 года Гелена Ромер прымала чынны ўдзел у арганізацыі і падтрымцы «Незалежнай польскай вайсковай арганізацыі». У гэты час пазнаёмілася з Ю Пілсудскім. У 1915–1916 гадах у Вільні выкладала гісторыю Польшчы на папулярных рамесніцкіх курсах Зыгманта Наградскага, а ў Народным універсітэце імя А. Міцкевіча навучала польскай мове малапісьменных дарослых.

У канцы 1916 года паехала ў Варшаву, дзе працавала ў «Гуртку полек», ладзіла бібліятэкі, займалася раздачай ежы для галадаючых, супрацоўнічала з Чырвоным Крыжам. дасылала допісы ў «Ілюстраваны тыгоднік», «Свет», «Плюшч» і іншыя, працягвала гарачы ўдзел у палітычным жыцці. Восенню 1917 года яна вярнулася ў Каралінова і зноў узялася за пашырэнне асветы сярод сялянскіх дзяцей: напісала некалькі папулярных п’есак, у тым ліку «Камедыйку для дзяцей вершам».

У 1919 годзе стала працаваць у віленскай газеце «Наш край», дзе вяла вельмі важны мясцовы аддзел.

14 ліпеня 1920 года бальшавікі ў Вільні арыштавалі Гелену Ромер-Ахенкоўскую, рыхтавалі расправу. Толькі дзякуючы заступніцтву літоўцаў Міхала Біржышкі і А. Алекнавічуса, яе адпусцілі. але вымушана была хавацца. Калі бальшавікі пакінулі Віленшчыну, Гелена ізноў стала прымаць актыўны ўдзел у літаратурным і журналісцкім жыцці краю. У Вільні пачала выходзіць «Краёвая газета», у якой да 1923 года Гелена працавала сакратаром.

У 1923-1925 гадах вяла аддзел рэцэнзій у газеце «Слова», якую прывозіла з Вільні ў Каралінова і бясплатна раздавала чытаць сялянам навакольных вёсак, местачкоўцам у Камаях. Потым перайшла працаваць ў «Віленскі кур’ер», рэдактарам якога быў Юзаф Батарэвіч, а выдаўцом Людвік Хамінскі з Альшэва (зараз Мядзельскі раён), увайшла ў склад рэдакцыі. Перыяд яе работы ў «Віленскім кур’еры» характарызаваўся творчым узлётам.

У студзені 1931 года Саюз Пісьменнікаў наладзіў імпрэзу з нагоды 25-гадовай журналісцкай дзейнасці Гэлены Ромер-Ахенкоўскай. У 1932 годзе моцна захварэла цётка Адэля. Для маці стала цяжка спраўляцца з гаспадарчымі справамі ў маёнтку і даглядаць хворую сястру. Гелена вярнулася ў Каралінова, але не пакідала літаратурна-публіцыстычнай творчасці.

У 1934 годзе пасля смерці цёткі Гелена змагла зноў паехаць у Вільню, дзе акрамя карэспадэнцкай і літаратурнай працы, прымала актыўны ўдзел у культурных імпрэзах, «Літаратурных сярэдах», супрацоўнічала з клубам «Спадчына». Ваенную акупацыю перажыла ў Каралінове і ў 1945 годзе пакінула родную старонку.

У 1945 годзе прыехала ў Торунь (Польшча), пасялілася разам са сваячкай Геленай Феліцыянаўнай Ромер (1860–1946). Два гады пражыла Гелена Ромер-Ахенкоўская, адарваная ад родных мясцін і, 26 сакавіка 1947 года памерла.

Пасля працяглай напружанай працы для сваёй Айчыны знайшла вечны спакой на чужыне на могілках святога апостала Якуба ў горадзе Торуні. Выбраныя творы: Karylla czyli miłość patriotyczna (1904); Wesele na Wileńszczyźnie (1929); Rok 1863 na Litwie (1934); Majaki (1911); Swoi ludzie (1922); Tutejsi (1931).

 

   Скурко Іосіф Уладзіміравіч (24.2.1938 — 2.7.1989), паэт-песеннік, перакладчык. Нарадзіўся ў в. Пількаўшчына на Мядзельшчыне.

Вучыўся ў СШ № 2 г. Паставы, якую скончыў на выдатна і застаўся тут працаваць піянерважаным. Служыў у войску. Закончыў філфак БДУ, працаваў у ЦК ЛКСМБ, дырэктарам бюро міжнароднага маладзёжнага турызму «Спадарожнік», у апараце Савета Міністраў БССР, у Дзяржаўным камітэце па тэлебачанні радыёвяшчанні.

Аўтар паэтычных зборнікаў «Бацькоўскі парог» і «Весніцы», сцэнарыя дакументальнага фільма «Драўгістэ — дружба». Многія вершы пакладзены на музыку.

P.S. Скурко И.В., родственник и крестник Максима Танка. В 1956 году он закончил среднюю школу с золотой медалью в г.Поставы. В 1957-60 г.г. служил в Советской Армии. После армии поступил на филфак БГУ. В 1965-67 г.г. работал в ЦК ЛКСМБ, в 1967-71 г.г. – директором Бюро международного молодежного туризма «Спутник», в 1971-74 г.г. – референтом в Совете Министров БССР. В 1974-89 г.г. успешно работал на белорусском телевидении: политический обозреватель, комментатор, заведующий отделом, заместитель главного редактора литературно-драматических программ. В 1986 г. был принят в члены Союза писателей БССР. И вдруг внезапная смерть – 2 июля 1989 года.
В 1960 г.г. вся Беларусь слушала с удовольствием песни на слова И.Скурко – «Верасы», «Бацькоўскі парог», «Рабінавая ноч», «Свіцязянка» и многие другие. Музыку писали такие композиторы как И.Лученок, А.Чиркун, Р.Буцвиловский. Песня «Верасы» была признана в 1972 году лучшей песней года СССР. Автор сборников «Бацькоўскі парог» (1973), «Весніцы» (1990).

Смятанка Вячаслаў Фёдаравіч

 Смятанка Вячаслаў Фёдаравіч, журналіст, паэт. Нарадзіўся 25 ліпеня 1945 года ў вёсцы Чарты Пастаўскага раёна.

Скончыў Цёплаўскую базавую школу і СШ № 2 г. Паставы, філалагічны факультэт Бел¬дзяржуніверсітэта. Настаўнічаў, потым працаваў у пастаўскай і шаркаўшчынскай раённых газетах.

Памёр 30 кастрычніка 2008 года. Пахаваны ў Чартах. Пад псеўданімам Слава Ліпень выдаў кнігу паэзіі «Вершы з вёскі» (2007).

 

Трубач Леанід Мікалаевіч

 Трубач Леанід Мікалаевіч, педагог, паэт. Нарадзіўся 25 красавіка 1963 года ў вёсцы Гута Пастаўскага раёна.

З 1970 па 1974 год вучыўся ў Гуцкай васьмігадовай школе, потым — у Варапаеўскай СШ. З 1977 года жыў у Паставах. Вучыўся ў васьмігадовай школе № 4, скончыў 10 класаў у СШ № 1 (1980 г.). У гэты ж час паступіў на аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта ў г. Мінску.

Пасля заканчэння ВНУ (1985 г.) працаваў у Цёплаўскай васьмігодцы, Пастаўскім райкаме КПБ, з 1991 года — настаўнікам беларускай мовы і літаратуры СШ № 1.

Пісаць вершы пачаў яшчэ ў школе, спачатку па-руску, але хутка перайшоў на родную мову. У час вучобы ў БДУ быў членам літаб’яднання «Узлёт» (універсітэцкага), якім кіраваў Алег Лойка.

З 1979 года ўдзельнічаў у рабоце літаб’яднання «Світанак» пры пастаўскай раённай газеце «Звязда». Вершы друкаваліся ў рэспубліканскіх газетах, у альманаху «Дзень паэзіі», зборніках «Рунь» (1985) і «Квадра» (1990).

З’яўляўся адным з аўтараў калектыўных зборнікаў літаб’яднання «Світанак» — «Рунь».

Памёр 30 сакавіка 2009 г. У 2010 годзе пасмяротна выйшла кніга выбраных твораў «Паміж песняй і болем» (Мінск, «Кнігазбор», — 140 с.).

 

Малец Янусь

 Малец Янусь (Іван Вільгельмавіч), літаратар. Нарадзіўся 8 лютага 1951 года ў вёсцы Хрыстова Пастаўскага раёна.

Пасля заканчэння васьмігодкі вучыўся ў Полацкім ГПТВ-66, працаваў на Віцебскім заводзе сантэхзагатовак, затым скончыў марскую школу ў горадзе Находка на Далёкім Усходзе. Пасля вайсковай службы пад Хабараўскам скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (1983).

Працаваў рэдактарам літаратурнага аддзела часопіса «Вожык» (1993–1994). Друкуецца з 1974 г. Адзін з аўтараў калектыўных зборнікаў «Лагодны прамень раніцы» (1988), «Асцюкі за каўняром» (1989) і інш.

Творы пераважна ў жанры сатыры і гумару. Аўтар зборнікаў «Бедны конь» (1992), «Трава ў вушах» (1994), «Родны мацярык» (1995), «Намінальны людзель» (2005), «С ума сойти» (2006), краязнаўчы нарыс «Таямніца Хрыстова» (2015).

Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Шчасны Люцыян

 Шчасны Люцыян, паэт. Нарадзіўся 1 кастрычніка 1942 года на хутары каля вёскі Хрыстова.

У 1949 годзе пайшоў у Хрыстоўскую пачатковую школу. Потым скончыў яшчэ два класы Ласіцкай сярэдняй школы. Перад прызывам у войска ваенкамат прымусіў атрымаць сямігадовую адукацыю ў вячэрняй школе.

З 1962 па 1965 год служыў у Сібіры. У 1966 годзе скончыў курсы трактарыстаў. Некалькі год працаваў па спецыяльнасці, а потым шмат гадоў на ферме пастухом.

З 2002 года на пенсіі. У 2007 годзе быў надрукаваны першы зборнік паэта «Споведзь душы», у 2008 годзе выйшла кніжка «Рэквіем па Хрыстове», у 2012-м — зборнік «Голас з рэзервацыі», у 2014 годзе зборнік «Апошняе слова», (Глыбокае, 64 с.).

От 

по материалам сайта ист: http://pastavy-tour.by/krayaznaustva/slavutyya-zemlyaki/vyadomyya-lyudzi-pastaushchyny-litaratary/

ФОТОГАЛЕРЕЯ

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Метки: , , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавьте свой комментарий или поделитесь материалом