Старшыня калгаса, упраўляючы банка, дырэктар школы, пракурор, дырэктар СПТВ, начальнік аддзела культуры, суддзя… Спіс можна прадаўжаць і прадаўжаць. Але з абавязковым удакладненнем — былыя.
Так, гэтыя людзі зараз пенсіянеры. Адны — са стажам, іншыя — новаспечаныя. Зрэшты, складанне прафесійных абавязкаў зусім не азначае адыход ад актыўнай жыццёвай пазіцыі. Што і пацвердзіла пасяджэнне аб’яднання ветэранаў працы — былых дзяржслужачых райвыканкама, кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў г. Паставы, якое адбылося на мінулым тыдні на базе клуба ветэранаў “Памяць”.
Яго дэвіз — “Как молоды мы были”, а лейтматыў — 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як адзначыла вядучая мерапрыемства Вольга Мышко, гэты юбілей прайшоў праз біяграфіі і сэрцы ўсіх тых, хто не толькі змагаўся на франтах і ў партызанскіх атрадах, але і зведаў нягоды фашысцкай акупацыі, аднаўляў разбураную народную гаспадарку, і іх успаміны вельмі каштоўныя і вартыя ўвагі маладога пакалення. А кожны з ветэранаў вайны або працы — гэта ненапісаная кніга.
“Нам года — не беда”. Гэта фраза трапна характарызуе былога старшыню калгаса “Прагрэс” Віталія Якаўлевіча Лапушынскага. Яму 87, а якая выпраўка, памяць, голас! Калі выходзіў на пенсію (а гэта было ў 1987 годзе), сярэдняя зарплата калгаснікаў складала 220 рублёў, а на рахунку гаспадарка мела 1 мільён. Па тым часе — вялікія грошы. А сёння Віталій Якаўлевіч кажа: “Зайздрошчу тым, у каго захавалася сям’я, каму ёсць з кім загаварыць у кватэры, даю сабе ўстаноўку не ныць, не самоціцца, не прыслухоўвацца, што баліць. Радуюся поспехам дзяцей і ўнукаў і гэтай радасцю жыву”.
Нялёгкі, але годны шлях прайшла Ванда Фердынандаўна Януковіч. Пачынала намеснікам старшыні калгаса “Чырвоны сцяг”, узначальвала раён, з’яўлялася дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. На сустрэчы яна ўзгадала гады дзяцінства і маладосці. У прыватнасці, зазначыла: “Мы былі бедныя матэрыяльна, але багатыя духоўна. У нас была ідэя. Заўсёды падтрымлівалі адно аднаго, не падводзілі кіраўніцтва, працавалі на агульны вынік”. Шмат былых калег — сённяшніх ветэранаў — не дажылі да дарагога юбілею — 70-годдзя вызвалення краіны. В. Ф. Януковіч прапанавала прысутным ушанаваць іх памяць хвілінай маўчання.
Ала Эдмундаўна Кейзік шмат гадоў з’яўлялася намеснікам старшыні райвыканкама. Яна з удзячнасцю гаварыла, што ёй пашчасціла працаваць у залатой абойме кіраўнікоў, называла іх прозвішчы. Узгадала таксама, як рыхтавалася да выдання раённая кніга “Памяць”. Прызналася, што па аб’ектыўных прычынах многае ў ёй не ахоплена. Але дадатковы матэрыял сабраны і захоўваецца ў раённым краязнаўчым музеі. Праблема толькі ў тым, што пакуль няма сродкаў на перавыданне дапоўненай “Памяці”.
Сваімі ўспамінамі падзяліліся таксама ветэраны працы Казімір Францавіч Марцінкевіч, Святлана Рыгораўна Жаўрыд, Віктар Людвікавіч Скіпскі.
Цёпла віталі прысутных начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Пётр Леанідавіч Курто і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіяна Іванаўна Пякарская. Яны таксама паведамілі добрую навіну — у перспектыўных планах адкрыццё ў Паставах аддзялення дзённага знаходжання пажылых людзей. З гэтай мэтай тэрытарыяльнаму цэнтру нядаўна перададзены будынак былога кабельнага ўчастка (у раёне ЦРБ). Калі праект, а ён носіць назву “Акадэмія трэцяга ўзросту”, будзе рэалізаваны, гэта дасць магчымасць пажылым людзям займацца ў аддзяленні тым, да чаго ляжыць душа, — спяваць, вышываць, вязаць, атрымліваць камп’ютарную граматнасць. Адкрыецца факультэт здароўя. Заняткі будуць праходзіць у трэнажорнай і фітнес-залах, лячэбна-фізкультурным кабінеце. Можна будзе атрымаць масаж, аздараўленчыя ванны, пачаставацца чаем з лекавых траў.
Не адну гадзіну доўжылася мерапрыемства. Было шмат успамінаў. Гучалі вершы і песні пад акампанемент таленавітага музыканта Паўла Пятровіча Рагіні. Мацнела надзея на новыя сустрэчы і пашырэнне радоў такога патрэбнага аб’яднання. Застаецца дадаць, што на грамадскіх пачатках старшынёй савета аб’яднання з’яўляецца былы дырэктар СШ №4 Людміла Аляксандраўна Балотнікава (у арганізацыі сустрэчы менавіта яе вялікая заслуга, а пра творчае афармленне паклапацілася Вольга Казіміраўна Мышко).
Фаіна КАСАТКІНА. Фота Іны СНЯЖКОВАЙ.
з крыніцы: http://www.postawy.by
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.