Людміла Курыловіч і яе карціны


     Курыловіч (Захарэвіч) Людміла Паўлаўна нарадзілася 21.08.1964 года ў вёсцы Ілава Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Праз паўтара года сям’я пераехала ў Паставы, дзе прайшлі яе дзяцінства і юнацтва.

Бацькі: Ніна Маркаўна (вядомая на Пастаўшчыне і за яе межамі паэтэса) і Павел Іванавіч Захаревічы стараліся ўсебакова развіваць сваіх дзяцей, таму віталі паступленне дачкі ў музычную школу. На жаль, мастацкай школы ў горадзе тады яшчэ не было. У 1981 годзе Людміла з залатым медалём скончыла Пастаўскую сярэднюю школу № 1 і паступіла ў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут ім. С. М. Кірава на матэматычны факультэт.

Пасля заканчэння з адзнакай інстытута з’ехала з мужам — афіцэрам да месца службы, у горад Тулу. З тых часоў пражывае ў Расіі. Працавала выкладчыкам матэматыкі і фізікі, намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы ў гімназіі, кансультантам Дэпартамента сацыяльнай палітыкі Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы.

Шчырая прыхільніца Беларусі, актыўны прапагандыст беларускай мовы і культуры на працягу амаль 12 год з’яўляецца ініцыятарам правядзення шматлікіх мерапрыемстваў для азнаямлення маскоўскай грамадскасці з культурнымі каштоўнасцямі Радзімы. Праводзіла вечары ў Маскоўскім Доме нацыянальнасцей, прысвечаныя святам ДЗЯДЫ, КУПАЛЛЕ, ГУКАННЕ ВЯСНЫ, падрыхтавала і правяла вечар беларускай паэзіі, свята «Дзень беларускага пісьменства» з уласна створанымі прэзентацыямі і сцэнарыем; вечар, прысвечаны гадавіне Чарнобыльскай трагедыі.

Неаднаразова арганізоўвала прадстаўленне Беларусі на міжнацыянальных мерапрыемствах, у тым ліку Асамблеі народаў Падмаскоўя, юбілеі Дому нацыянальнасцей, на фестывалі ў парку ЭТНАМІР і іншых. Ладзіла выставы даматканых даўнейшых дываноў і рушнікоў, фартухоў і розных сурвэтак і вышыванак з уласных калекцый. Ёю быў створаны вакальны ансамбль беларускай песні «Журавінка», які прымаў удзел у канцэртах для ветэранаў Масквы і вобласці і розных фестывалях.

Спачатку грамадская дзейнасць Людмілы праходзіла ў РНКА «Беларусы Масквы», потым была створана пры яе непасрэдным удзеле Беларуская НКА Маскоўскай вобласці. Дзякуючы намаганням Людмілы Паўлаўны, заключана пагадненне аб супрацоўніцтве вышэй названай суполкі з Пастаўскім раёнам Віцебскай вобласці.

Падчас працы ў Пастаянным Камітэце курыравала пытанні культуры і па роду службы супрацоўнічала з прадстаўнікамі творчых прафесій, у тым ліку і з вядомымі сучаснымі мастакамі: Валянцінам Сідаравым, братамі Ткачовымі, Леанідам Шчамялёвым і інш. Стасункі з народным мастаком Беларусі Георгіем Паплаўскім, якія перараслі ў сяброўства, блізкае знаёмства з яго творчасцю абудзілі жаданне маляваць, якое ўзнікла яшчэ ў дзяцінстве, і падштурхнулі Людмілу паспрабаваць сябе ў жывапісу.

І калі выраслі і з’ехалі з роднага дома дзеці: Ганна і Дзмітрый, каб адцягнуцца ад думак аб расстанні, былі набытыя фарбы, пэндзлі, палатно і напісаны першы пейзаж. Душэўны спакой і супакаенне, якія ўзніклі падчас працэсу малявання, падштурхнулі на напісанне яшчэ некалькіх работ. Родныя і сябры віталі новае захапленне і станоўча адклікаліся аб новых карцінах. Хобі, якое ўзнікла для сябе, перарасло ў занятак, які радуе іншых.

Для павышэння ўзроўню жывапісу пасля наведваліся майстар-класы мастакоў у Маскве. У сакавіку 2016 года Міжнацыянальная грамадская арганізацыя «Згода» Маскоўскай вобласці прапанавала арганізаваць персанальную выставу. Выстава праходзіла на працягу месяца і выклікала шмат станоўчых водгукаў. Але яшчэ большую радасць выклікала прапанова, якая паступіла з роднага горада, аб правядзенні выставы работ у Пастаўскім краязнаўчым музеі. На суд гледачоў былі прадстаўлены работы, створаныя за першы творчы год. Магчыма, яны не высокапрафесійныя, але напісаны са ўсёй шчырасцю. Замест заяўленых трох месяцаў па просьбе адміністрацыі экспазіцыя дэманстравалася амаль паўгода. Затым былі выставы ў г. Зеленаградзе, у Маскве — у Цэнтральным Доме работнікаў мастацтваў, Цэнтральным Доме журналіста, Маскоўскім саюзе мастакоў, у бібліятэках горада.

У лістападзе 2016 года Людміла атрымала прапанову ўступіць у грамадскае аб’яднанне дзеячаў культуры і мастацтва «Мастацтва без межаў». Яе працы ўвайшлі ў каталог арганізацыі 2017 года. Карціна толькі тады стане творам мастацтва, калі знойдзе водгук у душах гледачоў. Станоўчы рэзананс першай выставы ў Паставах даў штуршок новаму праекту — стварэнню серыі работ па вершах мамы Людмілы.

Ніна Маркаўна для перадачы сваіх пачуццяў і перажыванняў выкарыстала слова, якое знаходзіла адлюстраванне ў сэрцах чытачоў. Гэта шматграннае пасланне цяпер прадстаўлена з дапамогай іншага мастацкага прыёму — жывапісу. Выстава «Прыцяжэнне. Памяць сэрца» экспанавалася ў Доме рамёстваў г. Паставы на працягу ўсіх летніх месяцаў. Яе адкрыццё праходзіла ў рамках праграмы Міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік». Выставу наведалі каля тысячы чалавек.

У лістападзе 2017 г. па ініцыятыве РНКА «Беларусы Масквы» ў Маскоўскім Доме нацыянальнасцяў адбылася прэзентацыя работ з вышэй названага цыкла. І самай значнай падзеяй у творчым жыцці мастачкі з’яўляецца правядзенне персанальнай выставы ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі (снежань 2017- сакавік 2018 гг.). Вялікая колькасць станоўчых водгукаў ад маскоўскіх і замежных гасцей Амбасады было выказана ў адрас мастачкі. Прайшло крыху больш за трох гадоў з тых часоў, як Людміла ўпершыню ўзяла ў рукі пэндзаль. Гэта адносна невялікі перыяд часу, але яна не толькі сама пры любой магчымасці павышае сваё майстэрства, наведваючы майстар-класы, вэбінары і ўрокі жывапісу, але і перадае свае веды і ўменні іншым.

Займаецца дабрачыннасцю, у тым ліку праводзіць урокі арт-тэрапіі для хворых і інвалідаў. Уваходзіць у склад апякунскай рады дабрачыннага фонду «Спагадлівасць». Па словах Людмілы, яна ніколі не падыходзіць да мальберта ў дрэнным настроі. Магчыма, таму, па словах гледачоў, яе карціны выпраменьваюць спакой і супакаенне і зараджаюць пазітыўнай энергіяй.

Зараз у рамках Года малой Радзімы плануецца персанальная выстава Курыловіч Л. на радзіме бацькоў у Мядзеле. Сям’я Курыловіч Л. асабіста дапамагла Пастаўскаму краязнаўчаму музею набыць вітрыны і кампутары, падарыла гармонік і баян дзіцячай школе мастацтваў, Дому рамёстваў — печ і электрасушылку для керамікі, аказала грашовую дапамогу на будаўніцтва і ўстаноўку помніка паэту У. Дубоўку ў в. Агароднікі і на выданне кнігі «Чароўны край — Пастаўшчына».

матэрыял узяты з : https://ok.ru/postavyret/topic/69388193598227 (аўтар тэксту на жаль мне невядомы)

Людмила Курилович

Все фотографии из личной странички Л. Курилович (Социальной сети «Одноклассники.ru»)

___________________________________________

Кликните по картинке дя просмотра целиком

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

1,164 просмотров всего, 0 просмотров сегодня

Метки: , , . Закладка Постоянная ссылка.