Мастакі Пастаўшчыны

      Анішчык ( Гутар) Ганна Анфімаўна, мастак. Нарадзілася 28.09.1959 г. у в. Кулакова. Скончыла Юнькаўскую васьмігадовую школу (1974), Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава (1979).

Па размеркаванні працавала ў Гродне настаўніцай выяўленчага мастацтва і чарчэння ў СШ № 11.

3 1986 г. узначаліла студыю выяўленчага мастацтва абласнога Палаца піянераў і школьнікаў. За ўдзел у міжнародных біенале дзіцячай творчаці ў г. Торунь (Польшча) і г. Лімож (Францыя) была ўзнагароджана дыпломам 1-й ступені Міністэрства асветы БССР.

У Гродне ў 1989 г. адбылася першая выстава Ганны Гутар як мастака-жывапісца. Найболыш плённа мастачка працуе ў жанры лірычнага пейзажу. Пасля вучобы на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педінстытута (1986–1991) Г.А. Гутар жыве і працуе ў Мінску. Перыядычна работы мастачкі выстаўляюцца ў галерэях «Мастацтва» Беларускага саюза мастакоў і «Медэя». 3 1998 г. яна з’яўляецца членам Асацыяцыі свабоднага мастацтва.

Карціны мастачкі знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Польшчы, Германіі, Амерыцы, Кітаі.

Атрахімовіч Іосіф Канстанцінавіч

   Атрахімовіч Іосіф Канстанцінавіч, мастак, літаратар. Нарадзіўся 16 лістапада 1950 года ў г. Докшыцы.

У 1956 годзе сям’я пераехала жыць у Паставы. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута.

Працаваў настаўнікам чарчэння і малявання ў школах, затым некалькі гадоў мастаком у Пастаўскім філіяле Віцебскага вытворча-мастацкага камбіната. На працягу апошніх 35 гадоў працуе выкладчыкам Пастаўскай дзіцячай мастацкай школы імя Альфрэда Ромера.

Правёў некалькі персанальных выставаў у Паставах і Віцебску. Удзельнік шматлікіх мастацкіх пленэраў у Беларусі і нават у Фінляндыі.

Аўтар паэтычнага зборніка «Перад мальбертам» (2003), публікацый у рэгіянальных выданнях.

Альгерд Бервячонак

   Альгерд Бервячонак. Нарадзіўся 30 жніўня 1925 года ў вёсцы Лашукі Пастаўскага павета Віленскага ваяводства.  

Там жа перажыў вайну і нямецкую акупацыю. У ліпені 1944 года быў мабілізаваны і напраў лены ў ІІ Армію Народнага Войска Польскага, з якой прайшоў увесь яе баявы шлях.

Мастацтвам пачаў цікавіцца пераважна з 1948 года, калі падчас пасляшлюбнага падарожжа першы раз сутыкнуўся з творамі польскага мастацтва ў Нацыянальным Музеі ў Кракаве. З кніжак і падручнікаў навучыўся асновам малюнку і кампазіцыі, а таксама тэхналогіі малявання. Праз некалькі тыдняў пасля атрымання атэстата сталасці ў 1950 годзе пачаў наведваць заняткі мастацкага гуртка ў Гарадскім Доме культуры ў Пшэмыслі.

У 1951 годзе пачаў вучыцца ў Дзяржаўнай вышэйшай школе выяўленчага мастацтва ў Катавіцах, але накірунак навучання гэтай школы — прапагандысцкая графіка — не адпавядала яго зацікаўленням. Тады перайшоў на аддзяленне жывапісу ў Акадэмію выяўленчага мастацтва ў Варшаве, дзе навучаўся пад кіраўніцтвам Е. Эйбісша і дзе ў 1956 годзе атрымаў «дыплом мастака-скульптара ў сферы жывапісу». Пасля заканчэння навучання вярнуўся на Шлёнск (Сілезію) і пасяліўся разам з сям’ёй у Мікалове.

Цягам 18 гадоў да 1974 тода працаваў настаўнікам малявання і мастацкага выхавання ў педагагічным школьніцтве ў Катавіцах, спалучаючы настаўніцкую працу з мастацкай творчасцю і грамадска-арганізацыйнай дзейнасцю ў катавіцкім мастацкім асяроддзі. У той час удзельнічаў амаль ва ўсіх выставах і конкурсах жывапісу катавіцкай акругі, а таксама шматлікіх польскіх і замежных конкурсах. Адначасова выконваў шэраг грамадскіх функцый у акруговым і галоўным кіраўніцтве Саюза Польскіх мастакоў-жывапісцаў.

У 1965 — 1976 гадах таксама выстаўляў свае працы ў Групе мастакоў-рэалістаў. Найбольш праславіўся як партрэтыст, але прызнанне знайшлі таксама нацюрморты і пейзажы. У 1974 годзе адмовіўся ад педагагічнай працы, пераехаў у Катавіцы і прысвяціў выключна жывапісу. Пасля расфарміравання Саюза Польскіх мастакоў-жывапісцаў у 1984 годзе стаў членам Саюза Польскіх мастакоў жывапісу і графікі і актыўна ўдзельнічаў у яго дзейнасці. У лютым 1986 года пайшоў на пенсію і з таго часу займаўся ўжо толькі выключна жывапісам.

Памёр 6 лютага 2002 года ў Катавіцах. Рэалізаваў 22 індывідуальныя выставы сваіх прац у краіне (у тым ліку ў варшаўскай «Захэнце») і пяць у асяродках польскай культуры за мяжой. Шмат яго прац было закуплена ў музейныя калекцыі Нацыянальнага Музея і Музея Войска Польскага ў Варшаве, Гурнашлёнскага Музея ў Бытаме, Шлёнскага музея гісторыі Катавіц у Катавіцах, Музея Варміі і Мазур у Ольштыне, Музея Зямлі Пшэмысльскай у Пшэмыслі, а таксама музеяў: у Бельску Бялым, Хожуве, Хжанове, Недзіцы, Рацібора і Тарноўскіх Гарах.

Шматлікія працы знаходзяцца ва ўласнасці шмат якіх дзяржаўных інстытуцый і прыватных калекцый у краіне, краінах Еўропы, а таксама Злучаных Штатах і Канадзе. Альгерд Бервячонак належыць да чатырох польскіх мастакоў, карціны якіх знаходзяцца ў Галерэі Уфіцы ў Фларэнцыі.

Катовіч Сцяпан

 Катовіч Сцяпан, мастак. Нарадзіўся 10 жніўня 1952 г. у г. п. Варапаева Віцебскай вобласці.

У 1971 г. закончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1976 г. — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Удзельнік мастацкіх выставаў з 1976 года.

Член Беларускага Саюза мастакоў з 1984 года. Працуе ў манументальна-дэкарытаўным мастацтве і станкавым жывапісе. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. У 1987 годзе ўдастоены Дзяржаўнай прэміі Савета Міністраў БССР.

Асноўныя творы: роспісы «Музыка» ў музычнай школе пры Дзяржкансерваторыі, «Вячэрняя песня» ў ДК прафтэхадукацыі, вітражы на станцыі метро «Інстытут культуры» ў Мінску; палотны «Мінскае падполле», «Прарыў» і інш.

Жыве ў Касцюковічах.

Козіч Пётр Серафімавіч

 Козіч Пётр Серафімавіч,мастак-карыкатурыст. Нарадзіўся 27 красавіка 1950 года ў в. Юнькі Пастаўскага раёна.

Вучыўся ў Юнькаўскай школе і ў СШ № 2 г. Паставы. Закончыў Віцебскі педагагічны інстытут (мастацка-графічны факультэт).

З 1972 года працаваў настаўнікам у Шуміліна, на наступны год — выкладчыкам эстэтыкі ў ПТУ — 96 радыётэхнікі, арганізатарам пазашкольнай работы СШ № 10 г. Віцебска, начальнікам бюро дызайна завода «Электравымяральнік».

З першых дзён стварэння газеты «Віцьбічы» (1991 год) працаваў загадчыкам аддзела мастацкага афармлення. Першыя карыкатуры пабачылі свет у часопісе «Вожык» у 1971 годзе. Пастаянна друкаваўся ў сатырычных часопісах «Кракадзіл» (Масква), «Перац» (Кіеў), «Дадзіс» (Рыга), «Чаян» (Казань). Лаўрэат прэміі газеты «Труд» (1976, 1977 гг.) ва Усесаюзным конкурсе «На лепшую карыкатуру года».

Пётр Козіч — удзельнік і дыпламант шматлікіх выстаў карыкатуры ў Беларусі, Расіі, Балгарыі, Польшчы. У 1977 годзе ўключаны ў «Анталогію сусветнай карыкатуры ХХ стагоддзя», выдадзеную ў Габрава (Балгарыя). У 1989 годзе — лаўрэат нацыянальнай прэміі Ведзьмака Лысагорскага за лепшы малюнак.

Малюнкі Пятра Серафімавіча Козіча выдаваліся ў зборніках карыкатурыстаў у Германіі, Балгарыі, Японіі. Зараз супрацоўнічае з шэрагам выдавецтваў. Аформіў серыю кніг беларускіх аўтараў-сатырыкаў. Выдаў тры зборнікі карыкатур.

Курыловіч (Захарэвіч) Людміла Паўлаўна

 Курыловіч (Захарэвіч) Людміла Паўлаўна нарадзілася 21.08.1964 года ў вёсцы Ілава Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.

Праз паўтара года сям’я пераехала ў Паставы, дзе прайшлі яе дзяцінства і юнацтва. Бацькі: Ніна Маркаўна (вядомая на Пастаўшчыне і за яе межамі паэтэса) і Павел Іванавіч Захаревічы стараліся ўсебакова развіваць сваіх дзяцей, таму віталі паступленне дачкі ў музычную школу. На жаль, мастацкай школы ў горадзе тады яшчэ не было.

У 1981 годзе Людміла з залатым медалём скончыла Пастаўскую сярэднюю школу № 1 і паступіла ў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут ім. С. М. Кірава на матэматычны факультэт. Пасля заканчэння з адзнакай інстытута з’ехала з мужам — афіцэрам да месца службы, у горад Тулу.

З тых часоў пражывае ў Расіі. Працавала выкладчыкам матэматыкі і фізікі, намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы ў гімназіі, кансультантам Дэпартамента сацыяльнай палітыкі Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы. Шчырая прыхільніца Беларусі, актыўны прапагандыст беларускай мовы і культуры на працягу амаль 12 год з’яўляецца ініцыятарам правядзення шматлікіх мерапрыемстваў для азнаямлення маскоўскай грамадскасці з культурнымі каштоўнасцямі Радзімы.

Праводзіла вечары ў Маскоўскім Доме нацыянальнасцей, прысвечаныя святам ДЗЯДЫ, КУПАЛЛЕ, ГУКАННЕ ВЯСНЫ, падрыхтавала і правяла вечар беларускай паэзіі, свята «Дзень беларускага пісьменства» з уласна створанымі прэзентацыямі і сцэнарыем; вечар, прысвечаны гадавіне Чарнобыльскай трагедыі. Неаднаразова арганізоўвала прадстаўленне Беларусі на міжнацыянальных мерапрыемствах, у тым ліку Асамблеі народаў Падмаскоўя, юбілеі Дому нацыянальнасцей, на фестывалі ў парку ЭТНАМІР і іншых. Ладзіла выставы даматканых даўнейшых дываноў і рушнікоў, фартухоў і розных сурвэтак і вышыванак з уласных калекцый. Ёю быў створаны вакальны ансамбль беларускай песні «Журавінка», які прымаў удзел у канцэртах для ветэранаў Масквы і вобласці і розных фестывалях.

Спачатку грамадская дзейнасць Людмілы праходзіла ў РНКА «Беларусы Масквы», потым была створана пры яе непасрэдным удзеле Беларуская НКА Маскоўскай вобласці. Дзякуючы намаганням Людмілы Паўлаўны, заключана пагадненне аб супрацоўніцтве вышэй названай суполкі з Пастаўскім раёнам Віцебскай вобласці. Падчас працы ў Пастаянным Камітэце курыравала пытанні культуры і па роду службы супрацоўнічала з прадстаўнікамі творчых прафесій, у тым ліку і з вядомымі сучаснымі мастакамі: Валянцінам Сідаравым, братамі Ткачовымі, Леанідам Шчамялёвым і інш. Стасункі з народным мастаком Беларусі Георгіем Паплаўскім, якія перараслі ў сяброўства, блізкае знаёмства з яго творчасцю абудзілі жаданне маляваць, якое ўзнікла яшчэ ў дзяцінстве, і падштурхнулі Людмілу паспрабаваць сябе ў жывапісу.

І калі выраслі і з’ехалі з роднага дома дзеці: Ганна і Дзмітрый, каб адцягнуцца ад думак аб расстанні, былі набытыя фарбы, пэндзлі, палатно і напісаны першы пейзаж. Душэўны спакой і супакаенне, якія ўзніклі падчас працэсу малявання, падштурхнулі на напісанне яшчэ некалькіх работ. Родныя і сябры віталі новае захапленне і станоўча адклікаліся аб новых карцінах. Хобі, якое ўзнікла для сябе, перарасло ў занятак, які радуе іншых. Для павышэння ўзроўню жывапісу пасля наведваліся майстар-класы мастакоў у Маскве.

У сакавіку 2016 года Міжнацыянальная грамадская арганізацыя «Згода» Маскоўскай вобласці прапанавала арганізаваць персанальную выставу. Выстава праходзіла на працягу месяца і выклікала шмат станоўчых водгукаў. Але яшчэ большую радасць выклікала прапанова, якая паступіла з роднага горада, аб правядзенні выставы работ у Пастаўскім краязнаўчым музеі. На суд гледачоў былі прадстаўлены работы, створаныя за першы творчы год. Магчыма, яны не высокапрафесійныя, але напісаны са ўсёй шчырасцю. Замест заяўленых трох месяцаў па просьбе адміністрацыі экспазіцыя дэманстравалася амаль паўгода.

Затым былі выставы ў г. Зеленаградзе, у Маскве — у Цэнтральным Доме работнікаў мастацтваў, Цэнтральным Доме журналіста, Маскоўскім саюзе мастакоў, у бібліятэках горада. У лістападзе 2016 года Людміла атрымала прапанову ўступіць у грамадскае аб’яднанне дзеячаў культуры і мастацтва «Мастацтва без межаў». Яе працы ўвайшлі ў каталог арганізацыі 2017 года. Карціна толькі тады стане творам мастацтва, калі знойдзе водгук у душах гледачоў.

Станоўчы рэзананс першай выставы ў Паставах даў штуршок новаму праекту — стварэнню серыі работ па вершах мамы Людмілы. Ніна Маркаўна для перадачы сваіх пачуццяў і перажыванняў выкарыстала слова, якое знаходзіла адлюстраванне ў сэрцах чытачоў. Гэта шматграннае пасланне цяпер прадстаўлена з дапамогай іншага мастацкага прыёму — жывапісу. Выстава «Прыцяжэнне. Памяць сэрца» экспанавалася ў Доме рамёстваў г. Паставы на працягу ўсіх летніх месяцаў. Яе адкрыццё праходзіла ў рамках праграмы Міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік». Выставу наведалі каля тысячы чалавек.

У лістападзе 2017 г. па ініцыятыве РНКА «Беларусы Масквы» ў Маскоўскім Доме нацыянальнасцяў адбылася прэзентацыя работ з вышэй названага цыкла. І самай значнай падзеяй у творчым жыцці мастачкі з’яўляецца правядзенне персанальнай выставы ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі (снежань 2017- сакавік 2018 гг.). Вялікая колькасць станоўчых водгукаў ад маскоўскіх і замежных гасцей Амбасады было выказана ў адрас мастачкі. Прайшло крыху больш за трох гадоў з тых часоў, як Людміла ўпершыню ўзяла ў рукі пэндзаль. Гэта адносна невялікі перыяд часу, але яна не толькі сама пры любой магчымасці павышае сваё майстэрства, наведваючы майстар-класы, вэбінары і ўрокі жывапісу, але і перадае свае веды і ўменні іншым.

Займаецца дабрачыннасцю, у тым ліку праводзіць урокі арт-тэрапіі для хворых і інвалідаў. Уваходзіць у склад апякунскай рады дабрачыннага фонду «Спагадлівасць». Па словах Людмілы, яна ніколі не падыходзіць да мальберта ў дрэнным настроі. Магчыма, таму, па словах гледачоў, яе карціны выпраменьваюць спакой і супакаенне і зараджаюць пазітыўнай энергіяй.

Зараз у рамках Года малой Радзімы плануецца персанальная выстава Курыловіч Л. на радзіме бацькоў у Мядзеле. Сям’я Курыловіч Л. асабіста дапамагла Пастаўскаму краязнаўчаму музею набыць вітрыны і кампутары, падарыла гармонік і баян дзіцячай школе мастацтваў, Дому рамёстваў — печ і электрасушылку для керамікі, аказала грашовую дапамогу на будаўніцтва і ўстаноўку помніка паэту У. Дубоўку ў в. Агароднікі і на выданне кнігі «Чароўны край — Пастаўшчына».

Ромер Альфрэд Ізыдор

   Ромер Альфрэд Ізыдор (16 красавіка 1832, Вільня — 24 студзеня 1897, Каралінава) — беларускі і польскі жывапісец, скульптар, мастацтвазнавец, этнограф.

Удзельнік паўстання 1863–1864 гадоў. Паходзіў са старажытнага рыцарска-шляхецкага роду Ромераў, які вядзе свой пачатак з XV стагоддзя, з Саксоніі і перасяліўся ў Вялікае Княства Літоўскае праз Курляндыю. Сын Эдварда Яна Ромера, удзельніка паўстання 1830–1831 гадоў, унук прэзідэнта 2-га дэпартаменту Віленскага галоўнага суда ў 1803-1813 гадах Міхала Ромера. Браў урокі малявання ў Канута Русецкага. Удасканальваў сваё майстэрства ў педагогаў «сярэдняй рукі» Л. Бана і А. Аляшчынскага ў Парыжы.

Напрыканцы 1850-х гадоў вярнуўся з-за мяжы ў жыў у спадчынным маёнтку Крэўна (Нова-Аляксандраўскі павет), актыўна супрацоўнічаў з часопісам «Каласы», які друкаваўся ў Вільні, дасылаў туды свае гравюры і малюнкі на тэму жыцця і побыту мясцовых беларусаў і літоўцаў.

Браў удзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1863–1864 гадоў, пасля паражэння быў арыштаваны і пасаджаны ў Дынабургскую крэпасць. Неўзабаве прадаў маёнтак Крэўна і выехаў у Германію, дзе працягнуў навучанне ў мюнхенскай Акадэміі мастацтваў. Са сваім педагогам Артурам Георгам фон Рамбергам, які разам з Людвігам фон Хагнам аказалі на яго значны ўплыў, і Альбертам Келерам наведаў Італію. У Італіі галоўным чынам быў заняты заказнымі партрэтамі арыстакратаў і садова-паркавымі пейзажамі, таксама капіраваў Веранезэ.

Выстаўляў свае гравюры, партрэты і скульптуры ў розных еўрапескіх гарадах: Мюнхене, Кракаве, Парыжы. У сярэдзіне 1870-х вяртаецца на Віленшчыну. З 1874 жыў і працаваў у маёнтку Каралінава, які належаў яго жонцы графіні Вандзе Сулістроўскай. Гэты этап лічыцца найбольш плённым у яго творчасці: у Каралінаве Ромер падрыхтаваў манаграфію аб вытворчасці слуцкіх паясоў, робіць этнаграфічныя замалёўкі («Сялянская хата», «Сялянская дзяўчына», «Ля карчмы», «Сялянскі двор», «Мешчанін з Віленскай губерні», «Сялянкі з Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні», «Стары храм у Кабыльніках Свянцянскага павета», «Вішнева. Двор. Від з фасада», «Касцёл у Камаях»). Альфрэд набывае старажытныя рукапісы і дакументы, якія потым перадаў у музеі Кракава. Туды ж пераехаў у 1884-м, стаў членам «Камісіі гісторыі мастацтва Акадэміі навук» і зрабіў памятны даклад «Да гісторыі Віленскай школы прыгожых мастацтваў», а таксама надрукаваў працу «Польскія паясы. Іхнія фабрыкі і знакі».

Памёр 24 студзеня 1897 года ў Каралінаве, пахаваны ў радавой капліцы касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Троках. Пісаў партрэты, пейзажы, тэматычныя кампазіцыі з жыцця народа і на рэлігійныя сюжэты.. Акрамя жывапісных твораў вядомы бронзавыя медальёны з партрэтнымі выявамі, гравюры з выявамі сялян, архітэктурных помнікаў, карыкатуры працы Альфрэда Ромера.

Гістарычную і мастацкую каштоўнасць маюць этнаграфічныя замалёўкі сялянскага побыту і малюнкі народных касцюмаў беларусаў. Таксама распісваў у праваслаўныя і каталіцкіх храмы.

Імя А. Ромера носяць вуліцы ў вёсках Камаі і Каралінава, а таксама Пастаўская дзіцячая мастацкая школа.

Пшаздзецкая Марыя з Тызенгаўзаў

 Пшаздзецкая Марыя з Тызенгаўзаў — мастачка, філантроп, і проста прыгожая жанчына, нарадзілася ў Паставах 13 лістапада 1823 года.

Яна была дачкой палкоўніка напалеонаўскай арміі, арнітолага Канстанціна Тызенгаўза і Валерыі Ваньковіч. У дзяцінстве Марыя атрымала добрую хатнюю адукацыю. Маляванню, арніталогіі і музыцы яе вучыў сам бацька, член шэрагу навуковых таварыстваў розных краін.

Ужо ў юныя гады яна пачала маляваць партрэты сваіх стрыечных сясцёр. Аб мастацкіх здольнасцях дзяўчынкі станоўча адгукаўся сябра сям’і Ігнат Ходзька. У 1841 годзе Марыя заручылася з графам Аляксандрам Пшаздзецкім, пачынаючым літаратарам. Аднак яе бацька не адважваўся даць канчатковую згоду на гэты шлюб, так як жаніх прыходзіўся далёкім сваяком. Быў пасланы запыт Папе Рымскаму.

На працягу паўтары гадоў Аляксандр меў магчымасць толькі зрэдку пагасцяваць у Паставах. Ён часта пісаў лісты Марыі, якія заўсёды першым адкрываў і чытаў яе бацька, які клапаціўся аб маральнасці дачкі. Нарэшце, восенню 1842 года з Рыма прыйшоў станоўчы адказ. Вяселле адбылося 24 лістапада 1842 года ў Варшаве ў асабняку бабулі нявесты, Марыяны Тызенгаўз, на вуліцы Крулеўскай. Маладая графіня вельмі хутка асвоілася ў свецкім, салонным жыцця вялікага горада. У кампаніі іншых дам яна заўсёды вылучалася сваёй прыгажосцю, а таксама элегантнасцю і вытанчанасцю нарадаў, якія сама ж і праектавала.

З другой паловы 1845 і да сярэдзіны 1849 года маладая пара падарожнічала па Італіі. У Рыме і Неапалі Марыя брала ўрокі жывапісу ў вядомых майстроў, пачынала знаёмства з артыстамі, паэтамі і мастакамі. У яе альбоме пакінулі свае малюнкі Эжэн Дэлакруа, Орас Вэрна, Пётр Міхалоўскі, Марцін Залескі. Асабліва яна цаніла талент Цыпрыяна Норвіда, польскага паэта, філосафа, драматурга, празаіка і мастака, і сама карысталася яго павагай. Норвід падарыў ёй каля дзесяці сваіх малюнкаў і напісаў некалькі лістоў.

На жаль, альбом М. Пшаздзецкай і перапіска з Норвідом загінулі ў агні 2-й сусветнай вайны. Вярнуўшыся з Італіі ў Варшаву, Марыя адкрыла ў сваім доме на вуліцы Рымарскай карцінную галерэю і пачала збіраць працы вядомых мастакоў. Там жа былі выстаўлены і яе ўласныя малюнкі і карціны. Таленавітыя майстры таго часу па яе замове стваралі палотны для галерэі. Трэба заўважыць, што Марыя была патрабавальнай замоўцай. Напрыклад, яна некалькі разоў папраўляла Франца Вінтэрхалцэра, калі сама яму пазіравала. Таксама, па яе патрабаванні былі ўнесены змены ў партрэт кузіны Эльжбеты, пэндзля Леапольда Харовітца.

З 1852 па 1863 гады М. Пшаздзецкая жыла ў Парыжы. Перш за ўсё гэта звязана з вучобай сыноў — Канстанціна і Густава. Тады ж, па палітычных матывах яна адмовілася ад Расійскага падданства і, прыняўшы прапанову Напалеона III, атрымала французскі пашпарт. Галоўныя працы мастачкі Марыі Пшаздзецкай захоўваюцца ў Ватыкане. Адна з іх, гэта альбом з відамі манастыроў і касцёлаў у Інфлянтах (Латвія) і на Жмудзі (Літва), падораны Папе Леону ХІІІ ў 1888 годзе. У гэтым альбоме былі таксама і малюнкі многіх іншых мастакоў, якія працавалі па замове графіні.

Папулярнасцю ў аматараў класічнай музыкі карысталіся музычныя вечары, якія праходзілі ў яе асабняку на Рымарскай, у якіх удзельнічаў інспектар аркестра Вялікага Тэатра Юзаф Гоцбельт.

Стаўшы ў 1871 годзе ўдавой, Марыя амаль 19 гадоў прысвяціла дабрачыннасці. Пераняўшы ад мужа некалькі выдавецтваў, значную частку атрыманага прыбытку яна выдаткоўвала на богаўгодныя справы. У 1880 годзе, пасля смерці свайго брата Райнольда, атрымала ў спадчыну яго долю маёнтка, стаўшы вельмі багатай жанчынай. Пшаздзецкая фінансавала заканчэнне работ у касцёле ў Рокішках, пачатых братам Райнольдом. Для гэтага храма яна замовіла ў Брусэлі драўляны алтар коштам 30 000 франкаў. Пачала будаўніцтва касцёла ў Полічнай.

У 1881 годзе па яе просьбе Густаў Пшаздзецкі падарыў манашкам з ордэна Маці Божай Міласэрнай фальварак Дзерды каля Надажына, а праз 15 гадоў яшчэ і маёнтак Валендуў. Графіня ахвяравала грошы як мінімум на тры варшаўскіх касцёлы: св. Аляксандра, Усіх Святых і Пятра і Паўла на Кошыках. Каля апошняга на яе сродкі была ўзведзеная капліца, якая павінна была стаць фамільнай пахавальняй Пшаздзецкіх. Ахвяравала сродкі таксама манаскаму ордэну Уваскрасення Гасподняга ў Рыме.

У Вільні яна пабудавала шпіталь-прытулак для сляпых і штогод выдзяляла на яго ўтрыманне 12 000 рублёў. Сучасны французскі даследчык Odile Bour лічыць, што графіня Пшаздзецкая была самай знакамітай жанчынай мецэнатам за ўсю гісторыю Польшчы. Пасля смерці мужа Марыя вяла вельмі сціплы лад жыцця. На працягу некалькіх гадоў яна не пакідала свайго дома, прымаючы, аднак, шматлікіх візіцёраў і просьбітаў. Добра ведаў Пшаздзецкую Людвік Дэмбіцкі пісаў: «Яна мела моцную, амаль што мужчынскую волю, рашучы характар, вялікі інтэлект, рызыкк падчас дыскусіі і моцнае жаночае абаянне».

Марыя вельмі любіла Паставы. Яна некалькі разоў наведвалася ў мястэчка, у якім прайшлі яе дзяцінства і юнацтва. Хадайнічала перад царскімі ўладамі аб дазволе на будаўніцтва ў Паставах вялікага каменнага касцёла, але пасля паўстання 1863 года ўзмацніліся ганенні на католікаў і ўлады ёй адмовілі. Марыя Пшаздзецкая валодала ў Паставах сякім-такім бізнесам, у прыватнасці ёй належаў піваварны завод (здавала ў арэнду) і доля ў Пастаўскім цагляным заводзе. 5 траўня 1890 года пасля кароткай хваробы Марыя Пшаздзецкая памерла. Яе пахавалі ў капліцы пры касцёле Св. Пятра і Паўла ў Варшаве.

Пасля 2-й сусветнай вайны на месцы разбуранага касцёла пачалі будаваць новы храм. Труны з парэшткамі роду Пшаздзецкіх, у тым ліку і Марыі, былі перанесены на могілкі ў Брудне.

От 

по материалам источника: http://pastavy-tour.by/krayaznaustva/slavutyya-zemlyaki/vyadomyya-lyudzi-pastaushchyny-mastaki/

Loading

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.