Музыканты і дзеячы культуры Пастаўшчыны


   Абрамава Лідзія Паўлаўна,
народная артыстка Расіі, нарадзілася 10.03.1946 г. у г. Паставы. Тут яна пражыла два гады, бо сям’я пераехала ў Расію. Скончыла сямігодку, Казанскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, затым была вучоба ў музычным вучылішчы, у Маскоўскім дзяржаўным інстытуце імя Гнесіных.

3 1970 г. Л.П. Абрамава жыве ў Маскве, старшыня міжнароднага студэнцкага конкурсу вакалістаў «Веllа vосе» («Прыгожы голас»), старшыня журы конкурсу «Дэльфійская гульня», лаўрэат шматлікіх міжнародных і ўсерасійскіх конкурсаў, прэзідэнт рэгіянальнага грамадскага фонду «Аvе Маriа», прафесар дзвюх вышэйшых навучальных устаноў: Маскоўскага дзяржаўнага інстытута імя А. Шнітке і Акадэміі харавога мастацтва.

Удзельнічала ва ўрачыстасцях з нагоды Дня беларускага пісьменства ў Паставах.

     Баранаў Віктар Вячаслававіч, музыкант-педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Якуціі. Нарадзіўся ў 1953 годзе ў Паставах.

Закончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе фартэпіяна. Дыпламант міжнароднага конкурсу ў Парыжы (2001г.), Расійскага філарманічнага таварыства і інш. Працаваў у музычнай школе г. Нерунгры Рэспублікі Саха (Якуція).

Вядзе ўласную студыю, распрацаваў арыгінальную праграму навучання музыцы, аўтар падручніка для пачаткоўцаў. Яго выхаванцы сталі пераможцамі (Гран-пры і 1-е месца) міжнароднага конкурсу ў Парыжы (2001).


   Казура Станіслаў, 
прафесар музыкі, кампазітар, педагог. Нарадзіўся ў фальварку Тэклінаполь былога Свянцянскага ўезда Віленскай губерні (цяпер Пастаўскі раён Віцебскай вобласці) 2 жніўня 1882 года.

Пачатковую адукацыю атрымаў дома, потым працягваў адукацыю ў Вільні, у тым ліку і музычную. Бацькі хацелі, каб сын стаў медыкам, таму адразу накіравалі яго ў Дзвінск вучыцца на лекара. Але яго цягнула да музыкі. У 1906 годзе Станіслаў арганізаваў з рабочых фабрыкі лакаматываў горада Дзвінска духавы аркестр, а пры парафіі мясцовага касцёла стварыў таварыства спевакоў «Лютня».

У 1907 годзе Станіслава запрасілі працаваць арганістам у Нясвіж, дзе ён арганізаваў змешаны хор, які вызначаўся высокім прафесіяналізмам, нават выконваў «Лотэрыю», складаны музычны твор Станіслава Манюшкі. Па пратэкцыі музычнага дзеяча дэкана Дзвінскага касцёла Секлюцкага і пры падтрымцы і апякунстве Радзівілаў у 1907 годзе Станіслаў Казура паступіў у Варшаўскую кансерваторыю. А потым працягваў сваю музычную адукацыю ў Рыме, дзе ў 1914 годзе скончыў Акадэмію Святой Цэцыліі (Accademia Nazionale di Santa Cecilia), а таксама ў Парыжы.

Жывучы ў Варшаве, кампазітар арганізаваў у філармоніі хор, які налічваў дзвесце ўдзельнікаў. Ён выкладаў у Варшаўскай кансерваторыі сальфеджыо, садзейнічаў выданню дзяржаўнага дэкрэта аб абавязковым навучанні музыкі і спеваў у агульнаадукацыйных школах. Пры Варшаўскай кансерваторыі Станіслаў Казура арганізаваў факультэт па вывучэнні музыкі і спеваў у агульнаадукацыйных школах. Для гэтага факультэта ён напісаў і выдаў дзясяткі дапаможнікаў па спевах. Кампазітар аднавіў гістарычную капэлу рарытарыстаў, арганізаваў хор «300 дзяцей з Павісля», вялікі хор «Польская народная капэла». Усе гэтыя музычныя калектывы выступілі з сотнямі розных канцэртаў.

Падчас Другой сусветнай вайны ў акупаванай немцамі Варшаве Станіслаў Казура пры Апякунскай Радзе адкрыў тайную кансерваторыю. У ёй працаваў сам, а таксама яго жонка і іншыя выкладчыкі-патрыёты. У час Варшаўскага паўстання, калі навокал рваліся снарады і бомбы, Казура арганізаваў у кансерваторыі «хвіліны класічнай музыкі», якія падтрымлівалі патрыятычны дух змагароў.

Пасля вайны прафесар Станіслаў Казура першы пачаў адраджаць Варшаўскую кансерваторыю, пазней — Дзяржаўную вышэйшую музычную школу, у якой быў з 1945-га па 1951 год рэктарам. Казура — адзін з ініцыятараў стварэння ў 1956 годзе «Саюза польскіх кампазітараў». Станіслаў Казура вельмі любіў Беларусь. Да Першай сусветнай вайны ён прымаў удзел у Беларускім студэнцкім гуртку ў Пецярбурзе. Шмат дапамагаў матэрыяльна студэнтам-беларусам, вучыў іх бясплатна ў Варшаўскай кансерваторыі. Станіслаў Казура дапамагаў ствараць Беларускае культурнае таварыства ў Варшаве Гэтае таварыства было створана восенню 1936 года і праіснавала да пачатку Другой сусветнай вайны. Казура дапамагаў таварыству матэрыяльна на працягу ўсяго часу яго існавання. І сам вельмі актыўна прымаў удзел у многіх мерапрыемствах беларускай арганізацыі. А ў канцэртных мерапрыемствах Асветнага беларускага таварыства часта гучалі яго песні.

У 1930-х гадах славуты кампазітар часта наведваў родную Пастаўшчыну. Ён гасцяваў у сваіх сяброў і сваякоў, хадзіў па вёсках і запісваў народныя песні. На Пастаўшчыне Станіслаў Казура запісаў шмат беларускіх народных песень, 12 з іх апрацаваў для аматарскага хору і голасу сола. Гэта былі песні «Чырвоная калінанька», «Зялёны дубочак», «Чаму ж мне не пець», «Як памерла матулька» і іншыя. Дарэчы, «Беларускі каляндар» (Беласток) за 1980 год апублікаваў ноты Станіслава Казуры да беларускіх народных песень «Вярба», «Зязюленька», «Зашумела дубровачка», «Калінанька», «Камар у лазні паліў» і «Чаму не жаніўся». Гэты ж «Беларускі каляндар» апублікаваў і невялікія ўспаміны пра Станіслава Казуру Віктара Шведа.

У 1956 годзе Станіслаў Казура разам з беларусамі Варшавы прымаў актыўны ўдзел у арганізацыйным з’ездзе аддзела Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ) у Варшаве. А 18 студзеня 1957 года ён прысутнічаў на першым сходзе Выдавецкага камітэта пры БГКТ. Падчас вучобы ў Рыме Станіслаў Казура пазнаёміўся з дачкой італьянскага дырыжора і скрыпача Чэзара Трамбіні (1835–1898) Маргарытай. Маргарыта закахалася ў таленавітага беларуса. Хутка яны пажаніліся і пераехалі ў Варшаву. Маргарыта Трамбіні-Казура вучылася музыцы ў Варшаве, Парыжы, Берліне.

У 1911 годзе яна дала першы канцэрт у Рыме. Пазней выступала з канцэртамі ў Італіі, Францыі, Германіі, Фінляндыі, Нарвегіі, Венгрыі. А з 1919 года працавала педагогам Варшаўскай кансерваторыі. Піяністка, клавесіяністка, педагог у час нямецкай акупацыі разам з мужам працавала ў падпольнай кансерваторыі. А падчас Варшаўскага паўстання яна, рызыкуючы жыццём, як медсястра, аказвала дапамогу параненым. Маргарыта Трамбіні-Казура стала прафесарам Польскай вышэйшай музычнай школы, шмат разоў уваходзіла ў журы Міжнароднага конкурсу піяністаў імя Шапэна, даследавала творчасць Шапэна і Баха. А пасля смерці Станіслава Казуры (памёр 30 лістапада 1961 года) прапагандавала яго музычную і літаратурную творчасць, бо акрамя музычнай дзейнасці спадар Казура займаўся яшчэ мастацкай і краязнаўчай літаратурай, напісаў і выдаў шэраг кніг, сярод якіх — «Фатальны візіт», «Прафесар Зубрэвіч», «Настаўнік з Чаромхі». «Сарбаністы» і іншыя.

Пры жыцці Станіслаў Казура меў шмат розных прэмій і ўзнагарод, сярод якіх быў і Крыж Камандорскі Ордэна Адраджэння Польшчы. А ў 1980 годзе адна з вуліц квартала Варшавы «Натолін» на Макотаве атрымала імя Станіслава Казуры.

Вось толькі на роднай Пастаўшчыне імя яго не ўшанавана.



   Руткоўскі Браніслаў, 
арганіст, прафесар музыкі. Нарадзіўся 27 лютага 1893 года ў Камаях у сям’і Юзафа і Марыі Руткоўскіх.

Камайскі касцёл быў месцам, дзе Бронак (так яго звалі ў мястэчку) упершыню судакрануўся з арганнай музыкай, якая заварожвала яго. Руткоўскі меў абсалютны слых, выдатную музычную памяць і добры голас. Ён ахвотна спяваў у касцельным хоры, любіў слухаць арганную музыку: мог гадзінамі ўважліва назіраць за ігрой арганіста. Бачачы цягу сына да музыкі, бацька папрасіў мясцовага арганіста навучыць яго іграць на аргане.

За няпоўны год Бронак выдатна авалодаў прыёмамі ігры свайго настаўніка. Быў выпадак, калі арганіст моцна захварэў, то васьмігадовы Бронак бездакорна выканаў музычнае афармленне набажэнства. Каб не затухлі здольнасці сына, бацька адправіў яго за 18 км у мястэчка Кабыльнік (зараз в. Нарач, Мядзельскага раёна) да славутага ў наваколлі арганіста. У хуткім часе вучань пераўзышоў уменнем іграць на арганах свайго настаўніка і праслыў у наваколлі, як «маэстра».

Каб адкрыць сыну дарогу ў вялікую музыку, бацька вырашыў даць яму сярэднюю адукацыю, для чаго паслаў вучыцца ў Дзісненскую прагімназію, дамовіўся з кватэрай у мясцовага ксяндза. Займаючыся ў прагімназіі, Браніслаў адначасова падзарабляў на пражыццё: кіраваў арганізаваным ім хорам моладзі, іграў у касцёле.

У 1914 годзе паспяхова закончыў прагімназію, і, дзісненскі ксёндз, каб не загубіць талент, узяў над ім шэфства: павёз у Пецярбург і ўладкаваў у польскую гімназію св. Кацярыны працягваць вучобу і замовіў пасаду арганіста ў касцёле св. Казіміра. Праз год Руткоўскі паступіў у кансерваторыю Царскага Рускага Музычнага Таварыства па класу арганнай музыкі да Жака Гандшына, асоба якога зрабіла вялікае ўражанне і ўплыў на Руткоўскага.

Гімназію скончыў вясной 1917 года, а займацца ў кансерваторыі працягваў да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Грамадская нестабільнасць, выкліканая рэвалюцыяй, стала прычынай, што Руткоўскі вярнуўся ў Камаі, стаў працаваць з бацькамі на гаспадарцы. Але яго цягнула навука. Калі ў Вільні аднавіў працу універсітэт імя Стэфана Баторыя, Руткоўскі паступіў на факультэт паланістыкі, адначасова зарабляючы на жыццё працай настаўніка спеваў у рамеснай школе айцоў салезіянаў.

У 1920 годзе яго мабілізавалі ў польскае войска. Прыйшлося прымаць удзел у польска-савецкай вайне. Верны дадзенай прысязе, ён праявіў мужнасць у час ваенных дзеянняў, за што быў ганараваны Срэбным Крыжам Віртуці Мілітары. Амаль год упарціўся атрымліваць узнагароду, лічыў, што яго ваенныя заслугі перабольшаныя, а свае ўчынкі лічыў натуральнымі. Калі пазней у прафесара запытвалі, за што атрымаў такую высокую ганаровую адзнаку, жартам адказваў : » За тое, што не ўцякаў«. У пачатку 1921 года перавёўся ў Варшаўскую Дзяржаўную Музычную кансерваторыю, дзе вучыўся ў М. Сурыньскага (арган), Т. Мельцэра (дырыжорства), П. Рыткі (тэорыя) і вучыўся ў Варшаўскім універсітэце.

З першых дзён вучобы ў кансерваторыі на Руткоўскага звярнулі ўвагу прафесары і сябры. Яго выбіраюць прэзідэнтам гуртка «Братняк», дзе гурткоўцы паглыблялі свае веды, ладзілі сустрэчы са знакамітасцямі горада. Адначасова кіраваў музычным тэатрам «Рэдута», дзе распрацоўваў музычнае афармленне спектакляў: «Пастаралі» Л. Шылера, «Новы Дон Кіхот» С. Манюшкі, а таксама акампанаваў для хору і ансамбля. У 1924 годзе з адзнакай скончыў кансерваторыю і стаў стыпендыянтам на права працягваць вучобу ў Францыі. Яго выкладчыкамі сталі такія знакамітасці, як Л. Вернэр (арган), А. Пэрро (эстэтыка), знаёміцца з выканальніцкім майстэрствам М. Дзюпрэ, А. Марэхаля. У Парыжы стварыў таварыства маладых музыкантаў.

26 ліпеня 1924 года ў Варшаве ўзяў шлюб з піяністкай Зофіяй Васькоўскай ( 1898 — 1984 гг.). Пачынаючы з лета 1926 года працуе ў Варшаўскай кансерваторыі па класу аргана. У 1927 годзе быў прызначаны рэктарам кансерваторыі. Акрамя выкладчыцкай работы ён аддаваў шмат часу ўздыму ўзроўню арганнай музыкі ў касцёле, дабіўся ўвядзення традыцыі, каб прафесура кансерваторыі выконвала абавязкі катэдральных арганістаў. Даносячы арганную музыку да шырокіх народных мас. Некаторы час выконвае абавязкі прэзідэнта таварыства арганістаў і хормайстраў, рэдагуе «Пісьмо арганістаў», працуе арганістам у катэдры св. Яна.

На старонках часопісаў пад псеўданімам Ян Вольха крытыкаваў афіцыйныя ўлады за бяздарнасць, няўменне кіраваць творчым працэсам, змяшчаў рэцэнзіі на музычныя творы, рабіў упор на музычную асвету грамадства. Пачынаючы з 1927 года радыё стала для яго магутным сродкам музычнай прапаганды. Такая форма перадачы ідэй цалкам адпавядала характару Прафесара, які валодаў выдатнымі артыстычнымі, аратарскімі здольнасцямі.» Вельмі папулярнымі былі ў краіне цыклы перадач: «Спявае ўся Польшча», «З песняй па краіне», «Стылі ў музыцы», «Слухаем музыку», «Вучымся спяваць», «Спяваем песенькі», «Канцэрты для дзяцей», » Пазнаем таямніцы музыкі«, «Спяваем па нотах», «Дзеці слухаюць музыку», «Музычныя гавэнды», «Яшчэ пра музыку», «Музычныя актуаліі», «Агляд музычнага жыцця» і інш..

Вельмі шмат ездзіў з канцэртамі па краіне і замежжы. Быў у Вене, Шэгедзе, Франкфурце-на-Майне, Брусэлі, Будапешце. Пачынаючы з 1927 і па 1939 года Руткоўскі чытае лекцыі ў настаўніцкім інстытуце. Па яго ініцыятыве пры Крэменецкім ліцэі былі створаны для настаўнікаў спеваў летнія курсы пад назвай » Muzyczne Ognisko Wakacyjne» («Музычны КанікулярныАгмень. У Крэменьцы, дзе ён пражыў 12 гадоў, яго нагнала вайна. Шокам была для яго смерць адзінай любімай дачушкі Эвуні, якая загінула ў Любліне ў час фашысцкага налёту ў 1939 годзе. У лістападзе Руткоўскія прыязджаюць у Варшаву.

У 1940 годзе Браніслава Руткоўскага арыштоўвае гестапа і трымае некалькі тыдняў у якасці заложніка. Калі адпусцілі, зараз жа пачаў падпольную дзейнасць супраць акупантаў. Стаў кіраўніком групы прапаганды і агітацыі Арміі Краёвай пад псеўданімам „Карыцкі“, ён скампанаваў шэраг патрыятычных песень і салдацкіх маршаў, падпольна выдаў два спеўнікі, сярод іх „Салдацкі спеўнік“, на яго кватэры праходзілі рэпетыцыі патрыятычных песень.

У 1940 — 41 гг. выкладае ў школе № 121 спевы і польскую мову, адкрывае клас арганнай музыкі, адначасова праводзіць заняткі на тайных настаўніцкіх курсах. Прымаў удзел у Варшаўскім паўстанні 1944 года, выступаў перад мікрафонам паўстанцкай радыёстанцыі „Бліскавіца“. Пасля разгрому паўстання трапіў у палон, быў вывезены ў канцэнтрацыйны лагер „Сандбостэнь“, адкуль вызвалены англічанамі. Пазней выехаў у Італію.

У Рыме выдаў зборнік песень для салдат. У верасні 1946 года прыехаў у Кракаў, дзе ўзначаліў Кракаўскую Дзяржаўную Вышэйшую Музычную Школу ( ДВМШ), якой кіраваў да самай смерці. У 1958 годзе атрымаў тытул прафесара, выдаў спеўнікі » Спяваем песенькі» і «Зялёны гай», працягваў традыцыйныя музычныя Канікулярныя Курсы для настаўнікаў, арганізаваў дзве канферэнцыі аматараў музыкі ў Шклярскай Парэньбе. Ён добра ведаў будову арганаў, умеў рабіць іх наладку, быў кансультантам і праектантам арганаў у Варшаўскай кансерваторыі і аўдыторыі Кракаўскай ДВМШ, кансультаваў рэканструкцыю арганаў у Вроцлаве і Чанстахоўскай базіліцы. У краіне перыядычна праводзіў канцэрты арганнай музыкі.

Першы канцэрт у Олеўскай катэдры стаў зародкам фестываляў арганнай музыкі, якія сталі рэгулярна праводзіцца ў Польшчы з 1959 года і выклікалі сусветны рэзананс. Пачынаючы з 1963 года па ініцыятыве Б. Руткоўскага яны набылі статус міжнародных. Пасляваенны рэпертуар канцэртаў Руткоўскага ахопліваў разнастайныя стылі і эпохі: ад Д. Палестрыні (1525 — 1594 гг.) да О. Месіяна ( 1908 г.), канцэрты ставіліся ў дзесятках гарадоў Польшчы і за мяжой: Югаславіі (1959, 1961 гг.), Італіі (1959 г.), СССР (1960, 1963 гг.), Беларусі (1963 г.), Румыніі (1961 г.), Германіі (1963 г.). У 1963 годзе ў час канцэрту ў Маскве ў яго здарыўся прыступ інфаркту. Браніслаў Руткоўскі праводзіў тытанічную працу. Вось няпоўны пералік яе: сябра Праграмнай камісіі пры Міністэрстве культуры. Сябра рэдакцыйнай калегіі музычнага выдавецтва Галоўнай Управы і акруговага

Таварыства Музыкантаў, сябра Рады Вышэйшай школы арганістаў, сябра Управы Кракаўскага опернага таварыства, мастацкі кіраўнік Кракаўскай філармоніі. Ён уваходзіў у склад журы конкурсу Польскага музычнага выдавецтва, міжнароднага конкурсу арганнай музыкі ў Празе (1958 г.), маладых музыкантаў у Зарэмбе (1958 г.), Міжнароднага Бахаўскага конкурсу ў Ліпску (1964 г.). 1 чэрвеня 1964 года ў час праслухоўвання ігры на аргане студэнта — удзельніка Міжнароднага Бахаўскага конкурсу Руткоўскі раптоўна памёр ад інфаркту. Гэта здарылася ў г. Ліпску ў касцёле святога Тумаша.

Сумная вестка абляцела ўвесь край, на старонках газет з’явіліся некралогі. Пахаванне адбылося 6 чэрвеня на Ракаўскім магільніку горада Кракава на Алеі Заслужаных. Браніслаў Руткоўскі быў узнагароджаны Срэбным Крыжам «Virtuti Military», Срэбным Крыжам Заслуг з мячамі (за ўдзел у Варшаўскім паўстанні), Камандорскім Крыжам ордэна

Адраджэння Польшчы, Залатой Адзнакай г. Кракава, Кавалерскім Крыжам ордэна Адраджэння Польшчы. Меў узнагароды Польскага радыё, з’яўляўся лаўрэатам артыстычнай узнагароды г. Кракава. Яго імем названа Дзяржаўная музычная школа № 3 ў г. Родгужы, Аўдыторыя ў Кракаўскай дзяржаўнай музычнай школе.



   Собаль Анатоль Анатольевіч,
музыкант, педагог. Нарадзіўся 4 кастрычніка 1951 года ў в. Соўкі Пастаўскага раёна. Закончыў Юнькаўскую васьмігадовую і Пастаўскую музычную школы, Мінскае музычнае вучылішча імя Глебава, Беларускую дзяржаўную кансерваторыю.

З 1988 года — дырэктар Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза. Кіраўнік народнага ансамбля «Паазер’е» (першы афіцыйны канцэрт ансамбля на Пастаўскай сцэне адбыўся 21 лютага 1991 года). «Па¬азер’ю» першаму ў Віцебскай вобласці было прысвоена званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».

Народны ансамбль — лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». Высока адзначаны і асабістыя дасягненні Анатоля Анатольевіча. Ён узнагароджаны медалём «2000-годдзе Хрысціянства», медалём Францыска Скарыны, Ганаровым знакам Міністэрства культуры Беларусі, з’яўляецца лаўрэатам звання «Чалавек года Віцебшчыны-2009».


   Стружэцкі Тадэвуш Іванавіч,
дзеяч культуры. Нарадзіўся 9 студзеня 1953 года ў вёсцы Падлявонавічы Пастаўскага раёна. Вучыўся ў Дварчанскай васьмігадовай школе, Віцебскім музычным вучылішчы, закончыў Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага.

Аспірантуру Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры, з’яўляўся дацэнтам Беларускага інстытута праблем культуры. У галіне культуры працуе з 1977 года (займаў пасады пачынаючы ад інструктара Палаца культуры Белсаўпрофа і выкладчыка Мінскага інстытута культуры — да першага намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь).

Зараз працуе намеснікам старшыні Беларускага фонду культуры. З’яўляеццася творчым ініцыятарам, арганізатарам і старшынёй аргкамітэта Міжнароднага фестываля народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» у Паставах., а з 1997 года — прэзідэнт фестываля. За вялікі асабісты ўклад у падтрымцы і развіцці народнага мастацтва Беларусі Т.І. Стружэцкі ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1990), з’яўляецца лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1999 г.).



   Сушко Іосіф Фаміч, 
беларускі самадзейны кампазітар. Нарадзіўся ў 1928 годзе ў вёсцы Пруднікі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці.

13 снежня 1944 года яго арыштавалі, а пасля прыгаварылі да 10 гадоў зняволення. Так Іосіф Сушко аказаўся ў Тайшэце Іркуцкай вобласці. У 1954 годзе яго вызвалілі. Вярнуўшыся дадому, Іосіф Сушко працаваў мастацкім кіраўніком Варапаеўскага Дома культуры (Пастаўскі раён).

Толькі ў 31-гадовым узросце ў 1959 годзе ён паступіў у Маладзечанскае музвучылішча. У 1960 годзе I.Ф. Сушко быў прызначаны мастацкім кiраўнiком ансамбля песнi i танца «Спадчына».

У 1963 годзе калектыў атрымаў званне народнага. У 1977 годзе Iосiфу Фамiчу прысвоена званне «Заслужаны работнiк культуры БССР». У 1995 годзе яму прысвоена званне ганаровага грамадзянiна горада Маладзечна.

У 1998 годзе кiраўнiк «Спадчыны» ўзнагароджаны Прэзiдэнцкай прэмiяй года «За дасягненнi ў эстэтычным i маральным выхаваннi беларускага народа i прапаганду духоўных каштоўнасцей».

У 1999 годзе I.Ф. Сушко стаў першым у Маладзечне стыпендыятам спецыяльнага Прэзiдэнцкага фонду.

У 2004 годзе «Спадчыне» прысвоена званне заслужанага аматарскага калектыву Рэспублiкi Беларусь.

Памёр 4 студзеня 2016 года.

От Алеся Гиль

из ист: http://pastavy-tour.by/krayaznaustva/slavutyya-zemlyaki/vyadomyya-lyudzi-pastaushchyny-muzykanty-i-dzeyachy-kultury/

 

197 просмотров всего, 0 просмотров сегодня

Метки: , . Закладка Постоянная ссылка.

Комментарии запрещены.