Што ні здараецца, усё да лепшага
Калі б у юнацтве дырэктару Лынтупскай школы Наталлі Васільеўне Кузьміновай сказалі, што яна будзе працаваць у галіне адукацыі, нізашто не паверыла б.
З дзяцінства захаплялася творчасцю, паступіла ў вучылішча, дзе атрымала спецыяльнасць… закройшчыцы. Прафесійных планаў было шмат, але ўвасобіць атрымалася толькі частку: у іх унеслі карэктывы жыццёвыя абставіны.
— Наталля Васільеўна, якая школа для Вас родная?
— Я хадзіла ў Палескую пачатковую школу (за 8 кіламетраў ад Лынтуп — аўт). У гэтай вёсцы жылі і працавалі мае бацькі: тата — старшынёй сельскага Савета, маці — бухгалтарам у калгасе. Мая першая настаўніца Соф’я Іванаўна Лоўкіс жыве і сёння. Не перастаю захапляцца прафесіяналізмам, асабістымі якасцямі гэтай жанчыны. Яна вучыла ўсю акругу, была першай настаўніцай і ў маёй мамы. А колькі тады было вучняў! Школы былі ў Паташні, дзе сёння не засталося ніводнага жыхара, а таксама ў суседніх з Палессем Апідамах, Жвойрышках. І яны ўжо даўно закрытыя.
— Якімі былі Вашы школьныя гады?tc «— Якімі былі Вашы школьныя гады?»
— Пра той час столькі ўспамінаў! Але найперш прыгадваецца наш дружны клас. Гляджу на сучасных дзяцей — і разумею, наколькі іншымі былі нашы школьныя гады. Цяпер настаўніку трэба варушыць вучняў, ініцыіраваць мерапрыемствы. А раней мы ўсё арганізоўвалі самі. Напрыклад, вырашылі, што будзем ставіць спектакль. І пайшло! Настаўнік нават мог і не ведаць пра нашы задумы. І ніхто не гаварыў: “не хачу”, “не буду”, “а каму гэта патрэбна?”. Таму і было так цікава вучыцца.
— І адпачываць таксама?
— А як жа! Сёння ад школьнікаў можна пачуць нараканні наконт быццам бы слабай спартыўнай базы: маўляў, і таго няма, і гэтага… А наша пакаленне і блізка не мела таго, што ёсць цяпер. Былі футбольныя і валейбольныя палі, прычым пляцовак ніхто не рабіў, іх абуладкоўвалі сваімі сіламі. І бацькі не маглі дзяцей дадому загнаць! Таму не разумею сучаснікаў, якіх часта не адарваць ад камп’ютара. Хаця, з іншага боку, ім можна шмат у чым пазайздросціць — яны маюць значна больш магчымасцей для адукацыі і самаадукацыі.
— А дзе вучыліся пасля заканчэння Палескай школы?
— Лёс склаўся вельмі цікава. Сярэднюю адукацыю атрымала ў Лынтупскай школе, якая тады знаходзілася ў будынку палаца Бішэўскага. Толькі па недарэчнасці не атрымала залатога медаля, здаўшы на “чатыры” самы лёгкі для сябе прадмет — алгебру. Але гэта ніяк не паўплывала на мае планы. Паступіла ў Віцебскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча лёгкай прамысловасці, якое скончыла з чырвоным дыпломам. Вучылася па спецыяльнасці “Тэхналогія і канструяванне швейных вырабаў”, і гэта прыносіла мне шмат задавальнення. У мяне не было мэты атрымаць вышэйшую адукацыю, хацелася мець прафесію, якая была б і любімай, і запатрабаванай.
— Працавалі па спецыяльнасці?
— Так. У 18 гадоў выйшла замуж, і мы з мужам пераехалі жыць у Даўгаўпілс. Там уладкавалася ў атэлье. Працаваць было цікава, хоць і няпроста. Завочна атрымлівала адукацыю ў Рыжскім тэхналагічным універсітэце. Наогул, вучыцца вельмі люблю. І цяпер з задавальненнем паступіла б куды-небудзь.
— Чаму зноў вярнуліся ў Беларусь?
— У пачатку 90-ых у Прыбалтыцы склалася няпростая сітуацыя. Прыйшлося забыць пра шматлікія планы і вярнуцца на радзіму. У 1992 годзе з сям’ёй пераехалі ў вёску Мягуны, што на Камайшчыне. Гэта быў такі кантраст! Але не скажу, што было складана. Побач жылі бацькі, свёкар са свекрывёй. Нарадзіўся другі сын, пайшла ў дэкрэтны водпуск. Я па жыцці чалавек энергічны, таму сядзець на месцы для мяне было невыносна. А знайсці работу ў невялікім населеным пункце не так лёгка. Таму вырашыла атрымаць яшчэ адну адукацыю: паступіла ў Віцебскі педагагічны інстытут на факультэт пачатковай адукацыі. Вось так няпростыя жыццёвыя шляхі прывялі мяне ў педагогіку. Хаця, шчыра прызнаюся, у юнацтве ніколі не думала, што буду настаўніцай.
— Складана было рабіць першыя крокі ў новай прафесіі?
— Першым складаным пытаннем для мяне стала беларуская мова — пасля працяглага пражывання ў Латвіі яе добра прызабыла. Была ўпэўнена, што гэта стане для мяне адзінай перашкодай. Думала, што ў рабоце настаўніка нічога складанага. Але гэта не так. Выкладала ў Мягунскай базавай школе. Вопыту ніякага, патрабаванняў шмат. І да гадзіны ночы сядзела за рабочым сталом, і да 6 раніцы. Вельмі ўдзячна тагачаснаму дырэктару Уладзіміру Зіноўевічу Гутару за яго патрабавальнасць, але ў той жа час і справядлівасць. Ён і мае калегі навучылі мяне працаваць з максімальнай аддачай. Таму калі назначылі на пасаду дырэктара Палескай базавай школы, а пасля — Лынтупскай сярэдняй, было не так складана, як чакала.
— У наступным годзе ў школе пройдуць урачыстасці з нагоды 150-годдзя ўтварэння ў лынтупскай акрузе першай навучальнай установы. Як ідзе падрыхтоўка да юбілею?
— Для пасёлка гэта знакавая дата, таму рыхтавацца да яе пачалі даўно. Планаў шмат. Напрыклад, думаем стварыць своеасаблівы летапіс школьнага жыцця. Дзякуючы плённай працы папярэднікаў ёсць багаты архіў матэрыялаў, які трэба дапоўніць і сістэматызаваць. Сучасныя тэхналогіі даюць для гэтага шмат магчымасцей. Ёсць і іншыя задумы — калектыў у школе прафесійны і творчы, але раскрываць усе карты загадзя не будзем.
— На жаль, колькасць вучняў у пасёлку з часам большай не становіцца. Колькі іх сёння?
— Сапраўды, тэндэнцыя не радасная. Не так даўно было за 300, цяпер — 168. І пакуль зрухаў у лепшы бок не відаць. Моцна па Лынтупах, і школе ў тым ліку, ударыла аварыя на спіртзаводзе. Мы заўсёды атрымлівалі важкую падтрымку ад дырэктара прадпрыемства Алега Мікалаевіча Анціфорава, па магчымасці ён і сёння дапамагае вырашаць пытанні. Непакоіць, што многія маладыя спецыялісты, застаўшыся без работы, раз’ехаліся. У школе таксама ёсць пытанні з кадрамі, напрыклад, патрэбны настаўнік замежнай мовы. Нашы выпускніцы вучацца ў каледжах, ВНУ, але абнадзейваць сябе, што яны вернуцца, напэўна, не варта.
— Наколькі складаней выпускнікам сельскіх школ паступіць у вышэйшыя, сярэднеспецыяльныя навучальныя ўстановы?
— Канечне, перавагі ў гарадскіх школьнікаў ёсць. Мая сястра жыве ў Мінску і таксама працуе настаўніцай. Амаль кожны дзень мы абмяркоўваем з ёй нюансы навучальнага працэсу. Так, шматлікія рэпетытары і профільныя класы — гэта добра, але ці заўсёды яны аснова поспеху? Калі ў вучня няма імкнення і жадання вучыцца, то тут усе сродкі бяссільныя.
У сельскіх школах, у тым ліку і ў нашай, нямала моцных, старанных вучняў, якія ўмеюць ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх. Яны таксама паступаюць на прэстыжныя факультэты прэстыжных устаноў.
— Што або хто натхняе на працу?
— Унучачка, якая нарадзілася 4 месяцы назад. Яна дадала мне аптымізму, жадання рухацца наперад, асвойваць новыя творчыя гарызонты. І адкуль толькі час узяўся? Напрыклад, на хрэсьбіны Ксюшкі літаральна за тыдзень бісерам вышыла абраз. Хаця гэтым ніколі не займалася, нават не ўяўляла, што гэта за тэхніка. Дапамог інтэрнэт.
— Якія ў Вас яшчэ захапленні?
— Калегі “падсадзілі” на стварэнне вось такіх вырабаў (Наталля Васільеўна паказвае арыгінальную кампазіцыю, зробленую з кававага зерня — аўт). Вельмі люблю кветкі. Раней каля дома іх расло больш за 320 відаў. Цяпер, на жаль, на гэта захапленне не хапае часу. Люблю збіраць грыбы, ягады. У Лынтупах жыву ў вельмі маляўнічым месцы — каля лесу, таму заўсёды ў сезон ёсць магчымасць адвесці душу.
— Не шкадуеце, што жывяце не ў горадзе?
— Зусім не. Я наогул жыла б на хутары і адчувала б сябе шчаслівым чалавекам. Таму ўжо і пра пенсію пачынаю задумвацца. Чым займалася б? Усім, на што цяпер не хапае часу. Ва ўсякім разе, мой зямельны ўчастак быў бы ўзорна-паказальным, а дзеці з унучкай былі б апрануты максімальна крэатыўна (смяецца — аўт).
— Чым займаюцца Вашы дзеці?
— Абодва сыны служаць у полацкай міліцыі — абралі прафесію свайго бацькі. Прычым малодшы — усяго паўгода. Але на нядаўнім Дні міліцыі яго ўзнагародзілі граматамі, здымак занесены на абласную Дошку гонару. Несумненна, мне гэта вельмі прыемна. Як і любая маці, поспехам дзяцей радуюся болей, чым сваім, а няўдачы ўспрымаю надзвычай блізка да сэрца.
— Вы аптыміст?
— Раней была, хутчэй, песімістам. Але потым зразумела, што ні да чаго добрага гэта не прыводзіць. Таму стараюся знаходзіць радасць у дробязях, а да непрыемнасцей ставіцца па-філасофску: што ні здараецца, усё да лепшага.
Гутарыла Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.
02.04.2014 postawy, http://www.postawy.by/2014/04/shto-ni-zdaraecca-usyo-da-lepshaga/
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.