Назвы нашых вёсак

http://postavy.of.by/     Алешына — вёска за 23,5 км на ўсход ад Пастаў, за 3 км на поўдзень ад Варапаева. Вядома з 1861 года як маёнтак у Лучайскай воласці Вілейскага павета. Назва з’яўляецца тыпова славянскай. У беларускай мове “алешына” — гэта вольха.

Наяўнасць альховых зараснікаў нарадзіла адпаведную назву мясцовасці, а пазней — і вёскі.

Аліхверы — вёска за 26 км на паўночны ўсход ад Пастаў, за 9 км на поўнач ад Варапаева на паўднёвым беразе возера Трумпічы. Вядома з 1873 года як уласнасць Тызенгаўзаў. Назва патранімічная, утворана ад царкоўнаславянскага імя Елівферый, якое прайшло шэраг трансфармацый у рускай (Алифер) і беларускай (Альфер, Аліхвер) мовах. Заўважым, што ў беларускай мове даволі часта сустракаецца пераход “ф” у “хв”, што і зафіксавана ў назве. На Пастаўшчыне прозвішчы Аліхвер, Альфер з’яўляюцца распаўсюджанымі.

Аляхнішкі — вёска за 12 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 8 км на паўднёвы ўсход ад Камай. Належала Мілеўскім. Назва паходзіць ад імя Аляхно — формы кананічнага хрысціянскага Аляксей, што значыць  “абаронца”. У Пастаўскім раёне сустракаюцца прозвішчы Аляхновіч, Алешка, Аляшкевіч.

Андроны — вёска за 15 км на паўночны ўсход ад Пастаў, на правым беразе ракі Паловіца. Вядома з 1873 года ў Пастаўскай воласці Дзісненскага павета, уладанне Тызенгаўзаў. Назва паходзіць ад імя Андрон, якое з’яўляецца ўсечанай формай поўнага імя Андранік, што значыць “пераможца мужоў”. Ужывалася ў размоўна-побытавай сферы як зварот да людзей сярэдняга ці старэйшага ўзросту. Прозвішча Андрон зараз шырока распаўсюджана на Пастаўшчыне, сустракаюцца таксама Андронаў, Андрановіч.

Андрушышкі — вёска за 21 км на захад ад Пастаў, за 12 км на паўночны ўсход ад Лынтуп, за 1 км на захад ад возера В. Сурвілішкі. Вядома з пачатку ХХ стагоддзя як засценак у Лынтупскай воласці Свянцянскага павета, які належаў Даўгялам. Назва патранімічная, паходзіць ад імя Андруша — формы кананічнага хрысціянскага Андрэй, што значыць “мужны, храбры”. З асновай “Андруш-” на Пастаўшчыне сустракаецца шэраг прозвішчаў: Андрушкевіч, Андрушка, Андрушчанка.

Анкуды (1) — вёска за 27 км на ўсход ад Пастаў, за 5 км на паўднёвы ўсход ад Варапаева. Вядома з 1873 года ў маёнтку Руцкое Пастаўскай воласці Дзісненскага павета, належала Длужнеўскім. Назва патранімічная, паходзіць ад імя або мянушкі Анкуд, пра што сведчаць прозвішчы Анкуд, Анкудовіч, якія даволі часта сустракаюцца на Пастаўшчыне. Само імя (мянушка) неславянскае, прыйшло да нас, верагодна, з фіна-угорскіх моў, дзе “куд” — жытло, шалаш, хата, а “ан”, напэўна, прыстаўка адмаўлення. Такім чынам, можна рэстаўраваць старажытнае імя: Анкуд — значыць, “бяздомны”, “які не мае жытла”.

Анкуды (2) — вёска за 28 км на ўсход ад Пастаў, за 5,5 км на ўсход ад Варапаева. У пачатку ХХ стагоддзя была ў Дунілавіцкай воласці Вілейскага павета. Тлумачэнне гл. Анкуды (1).

Апідамы — вёска за 28 км на захад ад Пастаў, за 9 км на паўночны ўсход ад Лынтуп. У пачатку ХХ стагоддзя была ў Лынтупскай воласці Свянцянскага павета. Адназначнага тлумачэння паходжання назвы не існуе. Як варыянт можна звязаць яе ўтварэнне са старажытнагрэчаскім імем Апід. Тапанімісты звязваюць назву вёскі з лацінскім “апід” — пчала.

Асінагарадок — вёска за 36 км на ўсход ад Пастаў, за 2 км ад чыгуначнай станцыі “Навадруцк”. Вядома з 1567 года як маёнтак Жабаў, пазней — Друцкіх-Любецкіх. Назва складаецца з дзвюх частак: “асіна” — назва дрэва і “гарадок” — старажытнае ўмацаванае паселішча. Сапраўды, у вёсцы знаходзіцца высокая гара — гарадзішча, а паводле легенды, у сярэднявеччы на асіне з’явіўся абраз Маці Божай, у гонар чаго і была пабудавана на гары царква.

Асіннікі — вёска за 27 км на паўночны ўсход ад Пастаў, за 6 км на захад ад станцыі “Полава”. Вядома з 1873 года як засценак, які належаў Тызенгаўзам. Назва ўтварылася ад пароды дрэва “асіна” і спачатку адносілася да ўрочышча, а пазней перайшла на вёску.

Аўласы — вёска за 3 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 0,5 км на ўсход ад ракі Спарыца. Вядома з 1873 года ў Манькавіцкай воласці Вілейскага павета як засценак. Назва паходзіць ад царкоўнаславянскага імя Уласій (Власий) — “невук”, якое ў беларускай мове змянілася на Аўлас. Зараз на Пастаўшчыне даволі шырока сустракаюцца прозвішчы Аўлас, Аўласевіч.

Багданова — вёска за 12 км на ўсход ад Пастаў, за 2 км на паўночны захад ад возера Лучай. Вядома з пачатку ХХ стагоддзя як засценак, які належаў барону Клейгісу. Назва паходзіць ад імя Багдан, якое ў ХVІ—ХVІІ стагоддзях адносілася да паганскіх імён, а пазней было прынята хрысціянскай царквой. Імя перакладаецца як “Богам дадзены”, “Пасланец Бога”. У Пастаўскім раёне сустракаюцца прозвішчы Багдан, Багданаў, Багданёнак, Багдановіч.

Багдзюны — вёска за 26 км на захад ад Пастаў, за 3 км ад чыгуначнай станцыі “Гадуцішкі”. Назва, верагодна, паходзіць ад мясцовай формы імя Багдан — Багдзя, адкуль і атрымліваецца лагічны рад: Багдан — Багдзя — Багдзюн — Багдзюны.

Бакавічы — вёска за 7 км на ўсход ад Пастаў, на левым беразе ракі Лучайка. Вядома з ХVІІ стагоддзя як уладанне Зяновічаў. Пазней належала Тызенгаўзам. У 1873 годзе была ў Пастаўскай  воласці Дзісненскага павета Віленскай губерні. Назва, хутчэй за ўсё, паходзіць ад царкоўнаславянскага імя Аввакум, якое ў беларускай мове набыло форму Абакум. З яе ў сваю чаргу ўтварыліся больш спрошчаныя — Бак, Бака, Бакан. Імя стала асновай прозвішчаў Бакавіч, Бакуновіч, Бакула, якія зараз сустракаюцца на Пастаўшчыне.

Балаі — вёска за 28 км на паўночны ўсход ад Пастаў, на правым беразе ракі Паловіца. Вядома па крыніцах з 1873 года як уладанне Тызенгаўзаў у Пастаўскай воласці Дзісненскага павета Віленскай губерні. Назва ўтварылася ад балцкай асновы “bala” ў значэнні “балота”, “мокрае месца”. Сапраўды, вёска знаходзіцца сярод балот Дзісненскай нізіны. Ад назвы вёскі ўтварылася прозвішча Балай, якое шырока распаўсюджана на Пастаўшчыне.

Баравое — вёска за 27 км на ўсход ад Пастаў, за 10 км на паўднёвы ўсход ад Варапаева, на беразе возера Баравое. Назву атрымала ад наймення маляўнічага возера, якое раскінулася сярод вялікага ляснога масіву — бору.

Барадзіно — вёска за 16 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 9 км на паўднёвы ўсход ад Камай. У крыніцах сустракаецца з пачатку ХХ стагоддзя. Назва, верагодна, паходзіць ад славянскага “бара”, “бар”, што азначае “вільготнае месца паміж узгоркамі, балота”. У польскай мове “barzina” — “балота”. Існуе легенда, што назву вёсцы даў нейкі памешчык у памяць пра бітву паміж рускімі і французскімі войскамі каля вёскі Барадзіно пад Масквой у 1812 годзе.

Дзеравянкі — вёска за 8 км на поўдзень ад Пастаў на ўсходнім беразе возера Доўжа. Вядома з 1873 года як уладанне Тызенгаўза ў Манькавіцкай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. Назва паходзіць ад прозвішча мясцовых жыхароў Дзеравянка, якое ўтворана ад славянскага слова “дзярэўня” — “ралля, месца, якое расчышчана ў лесе пад земляробства, зямельны надзел, хутар”. Можна меркаваць, што “дзеравянка” — гэта “чалавек, які займаўся расчысткай лесу пад раллю”. Зараз гэта прозвішча — адно з самых распаўсюджаных на Пастаўшчыне.

Дзеткава — вёска за 15 км на поўнач ад Пастаў каля ракі Лучайка. У 1873 годзе была ў Пастаўскай воласці Дзісненскага павета Віленскай губерні, належала Тызенгаўзу. Можна меркаваць, што назва ўтварылася ад той жа старажытнаславянскай асновы “дзет”, што і “дзяцінец” — так у даўнія часы называлася ўмацаванае месца паселішча. Пакуль што рэшткаў старажытных умацаванняў каля вёскі не выяўлена, аднак тое, што яна знаходзіцца ў месцы злучэння двух у мінулым суднаходных рэк (Мядзелка і Лучайка), дзе трэба было мець астрог для кантролю за водным транспартным шляхам, робіць прапанаваную версію даволі прываблівай.

Дзядзенкі Горныя — вёска за 32 км на ўсход ад Пастаў, за 8 км на ўсход ад Дунілавіч. Назва паходзіць са славянскіх моў. У польскай “dziad” мае значэнні “дзед, стары” і “бедны, незаможны”. Адсюль Дзядзенкі — гэта “паселішча беднякоў”. Прыметнік “горныя” падкрэслівае геаграфічна вышэйшае размяшчэнне вёскі (“на гары”) у параўнанні з суседнімі Дзядзенкамі Дольнымі, якія ляжаць у нізіне (“на доле”).

Дзядзенкі Дольныя — вёска за 1 км на поўнач ад вёскі Дзядзенкі Горныя. Тлумачэнне назвы гл. Дзядзенкі Горныя.

Дзяўгуны — вёска за 22 км на захад ад Пастаў, за 14 км на паўночны ўсход ад Лынтуп. Вядома з 1821 года. Назва паходзіць, верагодна, з балцкіх моў. У літоўскай “dievas” азначае “Бог, Гасподзь”, “dievukas”— “бажок, кумір”; слова “kыnytis” мае значэнне “ўвасабляцца, ператварацца”. З гэтага вынікае, што “дзяўгун” (“dievas kыnytis”) — “увасабленне Бога”. Так маглі называць жрацоў-вайдалотаў, а на месцы сучаснай вёскі магло знаходзіцца капішча або свяцілішча. Гэта пацвярджаецца і старажытным гарадзішчам, што ўзвышаецца ў цэнтры Дзяўгун. 

Дзяўгуцішкі — вёска за 37 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 3,5 км на паўднёвы захад ад Лынтуп. Назва паходзіць ад літоўскага прозвішча Дзеўгуць, у аснове якога “dievas”, што азначае “Бог, Гасподзь”. Прозвішча Дзеўгуць пашырана на Пастаўшчыне.

Доўжа — вёска за 8 км на поўдзень ад Пастаў каля возера Доўжа. Вядома з 1861 года як маёнтак Тызенгаўза. У 1905 годзе — фальварак Пшаздзецкіх. Вёска атрымала сваё найменне ад возера. Назва славянская і сведчыць пра адметнасць гэтага вадаёма — яго даўжыню. Сапраўды, маючы найбольшую шырыню ўсяго 0,42 км, яго даўжыня налічвае 4,89 км. Канчатак  “-жа” ў назве ўзмацняе адметную ўласцівасць возера.

Драбышы — вёска за 6 км на захад ад Пастаў. Назва паходзіць ад мянушкі-прозвішча Дробыш, якое мае значнае распаўсюджанне на Пастаўшчыне. Само прозвішча, верагодна, паходіць ад асновы “дробны”, што значыць “невялікі, маларослы”. Такую мянушку меў нехта з першажыхароў вёскі. У Пастаўскім раёне сустракаюцца прозвішчы Дробыш, Драбовіч, Дробат.

Драздоўшчына — вёска за 29 км на ўсход ад Пастаў, за 4 км на ўсход ад Дунілавіч. У 1873 годзе была ў Норыцкай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. Назва вёскі ўтварылася ад наймення ўрочышча, дзе вадзілася многа драздоў — лясных птушак атрада вераб’іных. У Пастаўскім раёне ёсць прозвішчы Дрозд,  Драздоў, Драздовіч.

Дразды — вёска за 33 км на ўсход ад Пастаў, за 8 км на ўсход ад Дунілавіч. У 1873 годзе была ў Норыцкай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. Іншая назва — Драздоўшчына. Тлумачэнне назвы гл. Драздоўшчына.

Гуменнікі — вёска за 18 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 12 км на паўднёвы ўсход ад Камай. Назва ўтворана ад асновы “гумно” — “вялікая халодная будыніна для складвання і абмалоту збожжа”.

Гурніца — вёска за 26 км на захад ад Пастаў, за 9 км на ўсход ад Лынтуп. Вядома з пачатку ХХ стагоддзя ў Лынтупскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні. Назва ўтворана ад польскага слова “gуra” (гура) — “гара”, што дакладна адлюстроўвае галоўную асаблівасць мясцовасці — наяўнасць высокіх узгоркаў, сярод якіх і помнік гісторыі — курган “Магіла рыцара”.

Гута — вёска за 24 км на ўсход ад Пастаў, на рацэ Галбяіца каля возера Галбея. Вядома з 1905 года, калі купец Каган купіў у графа Пшаздзецкага ўчастак лесу і ў 1913 годзе пабудаваў шклозавод. Славянскі прамысловы тэрмін “гута” паходзіць ад нямецкага “hutte” ў значэнні “пабудова”, “плавільня”, “металургічны завод”. У Беларусі гэты тэрмін адносіўся пераважна да шклозаводаў. Да нядаўняга часу ў вёсцы Гута знаходзіўся шклозавод.

Гутары — вёска за 6 км на ўсход ад Пастаў каля ракі Лучайка. Вядома з 1873 года ў Манькавіцкай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. Назва паходзіць ад тэрміна “гута” ў значэнні “шкляны завод”; “гутар” — “чалавек, які працаваў на гэтым заводзе”. У Пастаўскім раёне сустракаюцца прозвішчы Гутар (вельмі шырока), Гутараў. Разам з тым, нельга выключаць і версію паходжання назвы ад беларускага дзеяслова “гутарыць” — “размаўляць”. З гэтага вынікае і мянушка: “гутар” — “чалавек, які любіць пагаварыць”.

Дамуці — вёска за 38 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 7 км на поўдзень ад Лынтуп. Вядома з 1790 года. З 1843 года была ў Лынтупскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні, належала Юрыю Бішэўскаму. Назва паходзіць ад славянскай асновы “дом” — “хата”, “жылая пабудова”. Вядомым мядзельскім краязнаўцам Іванам Драўніцкім запісана легенда пра паходжанне назвы вёскі ад выразу “Dama mutis”, што азначае “жанчына-маці” — так называлі каралеўну Бону Сфорцу, маці караля Жыгімонта Аўгуста.

Данеўцы — вёска за 21 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 18 км на паўднёвы ўсход ад Лынтуп. Вядома з пачатку ХХ стагоддзя. Верагодна, назва паходзіць ад імя Дань, якое з’яўляецца формай кананічнага імя Данііл (Даніла), у літоўскай мове Danys, што азначае “суддзя Божы”. На гэта падказваюць прозвішчы Дань, Данькоў, якія сустракаюцца на Пастаўшчыне. Нельга выключаць і паходжанне назвы ад слова “даніна” — “натуральны або грашовы падатак, які ў старажытныя і сярэднія вякі збіраўся князем, феадалам са сваіх падданых”. Такім чынам, назва вёскі падкрэслівае залежнае становішча яе жыхароў ад уладальнікаў.

Даравое — вёска за 35 км на ўсход ад Пастаў, за 10 км на паўднёвы ўсход ад Дунілавіч. Вядома з 1781 года як сяло ў Дунілавіцкім маёнтку, у 1861 — як вёска Дарава. У 1873 годзе была ў Норыцкай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. Верагодна, назва пайшла ад славянскага “дарыць” і  адлюстравала факт пераходу паселішча ў якасці падарунка, “у дар”, да новага ўладальніка. 

Дашкі (1) — вёска за 20 км на ўсход ад Пастаў, за 6 км на паўднёвы захад ад Варапаева. Вядома з 1905 года як вёска і засценак у Лучайскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. Назва паходзіць ад беларускага слова “дах” у значэнні “хата”, “жыллё”, “прытулак”. Запазычана з нямецкай мовы, дзе “Dach” — “страха”. Назва “Дашкі” даволі распаўсюджаная на Беларусі. У Пастаўскім раёне ёсць аж пяць такіх вёсак. Ад гэтай асновы ўтворана і назва вёскі Дашчынкі. На Пастаўшчыне распаўсюджаны прозвішчы Дашкевіч, Дашчынскі.

Дашкі (2) — вёска за 6 км на ўсход ад Пастаў. У 1873 годзе была ў Пастаўскай воласці Дзісненскага павета Віленскай губерні, належала Тызенгаўзу.

Дашкі (3) — вёска за 5 км на захад ад Пастаў.

Дашкі Вялікія — вёска за 14 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 9 км на паўднёвы ўсход ад Камай.

Дашкі Малыя — вёска за 2 км на захад ад вёскі Дашкі Вялікія.

Дашчынкі — вёска ў Навасёлкаўскім сельсавеце. У пачатку ХХ стагоддзя была ў Манькавіцкай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. Назва паходзіць ад беларускага слова “дах” у значэнні “хата”, “жыллё”, “прытулак”.

Дварчаны (1) — вёска за 6 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 1,5 км на паўночны захад ад возера Світа. Назва паходзіць ад славянскай асновы “двор” у значэнні “маёнтак, памесце”. Мясцовая легенда расказвае пра тое, што на месцы вёскі стаяў калісьці раней панскі двор, сам яго ўладальнік быў злым і жорсткім гаспадаром. За гэта яго і празвалі “чорным” (па-польску “чарны”), а маёнтак сталі называць “двор чарны”. З часам назва паступова змянілася і ператварылася ў “Дварчаны”.

Дварчаны (2) — вёска за 38 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 5 км на паўднёвы захад ад Лынтуп. Вядома з пачатку ХХ стагоддзя як цэнтр Дварчанскай сельскай акругі Лынтупскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні. У 1905 годзе тут знаходзіліся флігель і вадзяны млын Бішэўскага.

Дземяшы — вёска за 23 км на ўсход ад Пастаў, за 6 км на захад ад Варапаева. Вядома з 1905 года як вёска і выселкі ў Лучайскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. Назва патранімічная, паходзіць ад імя Дзямяш, якое з’яўляецца мясцовай формай імя Дзям’ян (кананічнае — Даміан, што азначае “які належыць багіні Дамініі”). У Пастаўскім раёне сустракаюцца прозвішчы Дземяшонак, Дземяшкевіч, Дзяменцьеў, Дзямчук.

Дуброва — вёска за 22 км на паўночны ўсход ад Пастаў каля ракі Паловіца. Вядома з 1873 года як уладанне Тызенгаўза ў Пастаўскай воласці Дзісненскага павета Віленскай губерні. Назва адлюстроўвае асаблівасці расліннасці ў ваколіцах вёскі: дуброва — дубовы гай. У Пастаўскім раёне ёсць прозвішча Дуброўскі.
Дуброўшчына — вёска за 25 км на паўднёвы захад ад Пастаў каля ракі Страча. Вядома з 1921 года як засценак. Назва адлюстроўвае асаблівасці расліннасці ў ваколіцах вёскі: дуброва — дубовы гай.

Дукі — вёска за 4 км на паўднёвы захад ад Пастаў каля возера Загацце. Вядома з 1873 года ў Ясеўскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні. Тлумачэнне назвы можна звязаць з польскім “duct”, што значыць “прасека, мяжа”. Вёска знаходзіцца на этнічнай мяжы паміж славянскімі і балцкімі плямёнамі, на што паказваюць назвы недалёкіх вёсак Рубеж, Ліцьвінкі, Русакі, Маскалішкі. У Пастаўскім раёне ёсць прозвішча Дук. 

Дунілавічы (Данілавічы) — аграгарадок за 25 км на ўсход ад Пастаў. Вядома з 1473 года як уладанне князя Аляксандра Гальшанскага. Назва вёскі патранімічная, сведчыць пра тое, што ў паселішчы пражывалі нашчадкі першапасяленца Данілы (кананічнае Данііл), што азначае “суддзя Божы”. Ад гэтага імя ўтворана шмат прозвішчаў, з якіх на Пастаўшчыне сустракаюцца: Данілевіч,  Данілаў,  Данілейка,  Даніленка,  Данільчанка,  Данілюк.

Гінькі — вёска за 33 км на ўсход ад Пастаў, за 9 км на паўднёвы ўсход ад Дунілавіч. Назва паходзіць ад прозвішча Гінько, якое ўтварылася ад літоўскага імя Gintautas (Гінтаўт). Прозвішча Гінько вельмі распаўсюджана на Пастаўшчыне. Сустракаюцца таксама прозвішчы Гінявец, Гінтаўт.

Гіруці — вёска за 36 км на захад ад Пастаў, за 2,5 км на захад ад Лынтуп. У 1873 годзе была ў Лынтупскай воласці Свянцянскага павета, уваходзіла ў маёнтак Раманішкі, які належаў Ксаверыю Даўгялу. Назва паходзіць ад прозвішча Гіруць, якое ў сваю чаргу ўтварылася ад літоўскага слова “giria” — “лес”. На Пастаўшчыне сустракаецца даволі многа прозвішчаў з асновай “гір”: Гіруць, Гірын, Гір’ят, Гірдзей, Гірстун.

Глінскія — за 37 км на паўднёвы ўсход ад Пастаў, за 13 км на паўднёвы ўсход ад Дунілавіч. Вядома з 1873 года ў Ваўкалацкай воласці Вілейскага павета. Назва паходзіць ад прозвішча пасяленцаў Глінскіх. Гэта прозвішча і зараз сустракаецца на Пастаўшчыне.

Гліншчына — вёска за 23 км на ўсход ад Пастаў, за 2 км на захад ад Дунілавіч. Вядома была з пачатку ХХ стагоддзя ў Дунілавіцкай воласці Вілейскага павета. Вёска знаходзіцца на ледавіковых марэнных узгорках, для якіх характэрны гліністыя глебы, што і стала асновай для ўтварэння назвы ўрочышча, а затым і вёскі.

Гогава — вёска за 10 км на паўднёвы ўсход ад Пастаў на правым беразе ракі Лучайка. Вядома з 1873 года ў Манькавіцкай воласці Вілейскага павета. Назва патранімічная, паходзіць ад імені Гога, якое з’яўляецца мясцовай трансфармаванай формай кананічнага імя Георгій, што значыць з грэчаскай “земляроб”.

Гражулі — вёска за 31 км на захад ад Пастаў. Вядома з пачатку ХХ стагоддзя ў Камайскай воласці Свянцянскага павета як вёска і засценак Нарвойта. Назва паходзіць з літоўскай мовы, дзе “graћu” азначае “прыгожа, цудоўна”.

Гродзі — вёска за 19 км на захад ад Пастаў каля возера Янкішкі. Назва, верагодна, паходзіць ад славянскай асновы “град” (польскае “grъd”) у значэнні “ўмацаванае месца”, “замак”. Параўнаем з назвай горада “Гродна”. Ад паселішча ўтварылася прозвішча Гродзь, якое сустракаецца зараз на Пастаўшчыне.

Гроцкаўшчызна — вёска за 35 км на захад ад Пастаў, за 3 км на поўдзень ад Лынтуп. Назва ўтворана ад славянскай асновы “груд”: у польскай мове “grad” — “узвышша”, “сухое месца сярод балота”. Сапраўды, вёска ляжыць на невялікім узвышшы ў вялікім лясным масіве каля значнага па памерах балота.

Груздава — вёска за 15 км на паўднёвы ўсход ад Пастаў. Былое мястэчка. Паходжанне назвы мясцовыя жыхары выводзяць ад грыбоў груздоў. Маўляў, у часы, калі вакол паселішча спрэс цягнулася пушча, тут іх расло вельмі багата. Насельнікі вёскі і аколіц назапашвалі грузды на зіму, што давала ім магчымасць выжыць у пару неўраджаю ці бяскорміцы. Больш верагоднай можна было б прызнаць версію пра ўтварэнне Груздава ад слова “груд” — “узгорак”, “курган”, што добра стасуецца з рэльефам мясцовасці, бо цэнтральная частка вёскі ўзвышаецца над аколіцамі на 15—20 метраў. У польскай мове ёсць слова “gruz”, якое мае значэнні “шчэбень” і “разваліны”, “руіны”. Звернем увагу і на тое, што “шчэбню” ў беларускай мове адпавядае сінонім “друз”. Гэта сведчыць пра тое, што і польскі, і беларускі тэрміны маюць агульную славянскую аснову, у якой толькі адбылося чаргаванне блізкіх гукаў. У літоўскай мове таксама ёсць блізкае па значэнні слова “gruzdas” — «будаўнічае смецце, друз».

Грыдзькі — вёска за 8 км на паўночны ўсход ад Пастаў, за 3 км на захад ад Навасёлак. Вядома з 1873 года як уладанне Тызенгаўзаў у Пастаўскай воласці Дзісненскага павета. Назва паходзіць ад старажытнаславянскага тэрміна “грыдзь” — так у даўнія часы называлі ваяроў малодшай княжацкай дружыны.

Грынвальды — вёска за 34 км на ўсход ад Пастаў, за 2 км на поўнач ад Казлоўшчыны каля возера Грынвальды, былы маёнтак. У пачатку ХХ стагоддзя была ў Луцкай воласці Дзісненскага павета. Назва паходзіць з нямецкай мовы, дзе “grьn” — «зялёны», “wald” — «лес». Магчыма, вёска названа ў гонар знакамітай Грунвальдскай бітвы 1410 года.

Грэйцева — вёска за 12 км на ўсход ад Пастаў, за 1,5 км на паўднёвы ўсход ад Навасёлак. Вядома з 1873 года ў Лучайскай воласці Вілейскага павета. Назва патранімічная, паходзіць ад літоўскага імя Greitas, што азначае “хуткі”.

Губіна — вёска за 35 км на ўсход ад Пастаў, за 1 км ад чыгуначнай станцыі “Навадруцк”. Існавала ў 1860-ыя гады. Назва, верагодна, паходзіць ад старажытнаславянскага тэрміна “губа” ў значэнні “сядзіба”, “двор”, “хата”, “мыза” (паводле У. І. Даля). Прозвішча Губін на Пастаўшчыне не сустракаецца, хаця ў даўнейшыя часы чалавек з такім прозвішчам мог тут жыць і ад яго магла пайсці назва.

Гудэлішкі — вёска за 28 км на захад ад Пастаў, за 11 км на паўночны ўсход ад Лынтуп на мяжы з Літвой. Назва паходзіць з балцкіх моў. У літоўскай “gщdas” — “чужы”. Гудамі продкі летувісаў называлі славян (беларусаў), якія для іх былі чужынцамі. З гэтага вынікае, што вёска здаўна была населена славянамі-крывічамі. На Пастаўшчыне сустракаюцца прозвішчы з асновай “гуд”: Гудас, Гуданец, Гудоўшчыкаў.

Гумбяны — вёска за 29 км на захад ад Пастаў, за 5 км на паўночны ўсход ад Лынтуп. Назва паходзіць ад літоўскага апелятыва “gumbinas” — “узгорачак”. Яна вельмі дакладна характарызуе геаграфічную асаблівасць паселішча: невялікая вёсачка займае верхнюю частку невялікай гары.

Вязаўшчына — вёска за 17 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 6 км на поўдзень ад Камай, каля ракі Караліноўка. Вядома з 1873 года як уладанне Сулістроўскіх, пазней — засценак Буйко. У 1873 годзе была ў Камайскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні. Назва паходзіць ад наймення ўрочышча, адметнасцю якога былі дрэвы вязы.

Волься — вёска за 10 км ад Пастаў. Вядома з 1873 года ў Ясеўскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні. Назва славянская, паходзіць ад народнага тэрміна “вольс” — “зараснік вольхі”.

Вялічкі — вёска за 36 км на захад ад Пастаў, за 6 км на паўночны захад ад Лынтуп. Вядома з 1790 года. У 1873 годзе была ў Лынтупскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні. Назва вёскі паходзіць ад мянушкі жыхара “Вялічка”, які меў, напэўна, вялікі рост. Зараз на Пастаўшчыне сустракаецца прозвішча Вялічка.

Вярдашышкі — вёска за 39 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 7 км на паўднёвы захад ад Лынтуп. Назва, верагодна, паходзіць ад фіна-угорскай асновы “vara” ў значэнні “гара, узвышша, узгорак”.

Вярцінскія — вёска за 31 км на паўночны ўсход ад Пастаў, за 4 км на паўночны захад ад Казлоўшчыны. Вядома з пачатку ХХ стагоддзя ў Луцкай воласці Дзісненскага павета Віленскай губерні. Назва вёскі паходзіць ад прозвішча Вярцінскі, якое шырока распаўсюджана на Пастаўшчыне.

Вярэнькі — вёска за 14 км на поўдзень ад Пастаў. Назва паходзіць ад беларускага сялянскага тэрміна “вярэнька”, які мае два значэнні: 1. каробка, плеценая з лубу, бяросты, лазы для пераноскі прадуктаў і агародніны; 2. ганчарны выраб — маленькая гліняная місачка з увагнутымі беражкамі для кармлення дзяцей. Верагодна, хтосьці з першажыхароў вёскі меў такую мянушку. Зараз на Пастаўшчыне сустракаецца прозвішча Вярэнька.

Гадуцішкі — вёска за 16 км на захад ад Пастаў на мяжы з Летувой. Вядома з сярэдзіны ХVІ стагоддзя, у 1861 годзе — казённае мястэчка. У 1886 годзе была цэнтрам Гадуцішскай воласці Свянцянскага павета. Назва паходзіць ад літоўскага прозвішча Гайдыс (Gaidys), што азначае “певень”.

Гайдукі — вёска за 38 км на паўднёвы ўсход ад Пастаў, за 14 — на паўднёвы ўсход ад Дунілавіч. У 1873 годзе была ў Ваўкалацкай воласці Вілейскага павета. “Гайдук” — слуга, выязны лакей часоў прыгоннага права. Ад венгерскага “hajduk” — паганяты. Прозвішчы Гайдук, Гайдуковіч, Гайдукоўскі і зараз сустракаюцца на Пастаўшчыне.

Гайлюны — вёска за 38 км на захад ад Пастаў, за 6 км на паўднёвы захад ад Лынтуп каля ракі Пеляка. У пачатку ХХ стагоддзя была ў Лынтупскай воласці Свянцянскага павета. Назва паходзіць ад прозвішча Гайлюн, якое ўтварылася ад літоўскага імя Гайлюс (Gailius), што азначае “багульнік”. Гэта прозвішча даволі шырока распаўсюджана на Пастаўшчыне.

Галатыльцы — вёска за 12 км на паўночны захад ад Пастаў, за 8 км на паўночны ўсход ад Гадуцішак на правым беразе ракі Камайка. Назва паходзіць ад прозвішча Галатылец, якое ўтварылася ад адпаведнай мянушкі, дзе “гала” мае значэнне “голы”, а “тылец(тыл)” — “задняя частка чалавечага цела” (напрыклад, патыліца). У Пастаўскім раёне ёсць прозвішча Галатылец.

Галашышкі — вёска за 29 км на захад ад Пастаў, за 11 км на поўнач ад Лынтуп на мяжы з Літвой. Назва патранімічная, паходзіць ад літоўскага прозвішча Galash (Галаш).

Галбея (Голбія) — вёска за 25 км на паўночны ўсход ад Пастаў, за 8 км на поўнач ад Варапаева каля возера Галбея. Вядома з 1873 года як уладанне Тызенгаўза ў Пастаўскай воласці Дзісненскага павета, у 1902 годзе — фальварак К. Пшаздзецкага. Назва вёскі ўтворана ад назвы возера. “Хол” у тувінскай мове азначае “возера”, а “бі, бія” — “рака”. Такім чынам атрымліваем: “рака, якая ўтварае возера”. Геаграфічна гэта абсалютна дакладна, але выклікае сумненне сувязь назвы з мовай народа, які жыве ў далёкім Забайкаллі. Магчыма, падобныя тэрміны існавалі і ў фіна-угорскіх мовах.

Гаранаўшчына — вёска за 34 км на паўднёвы ўсход ад Пастаў, за 16 км на паўднёвы ўсход ад Варапаева. Вядома з 1873 года ў Ваўкалацкай воласці Вілейскага павета. Назва славянскага паходжання, адлюстроўвае геаграфічную асаблівасць вёскі: яна ляжыць на ўзгорках, што ўзвышаюцца сярод балот. У аснове назвы — геаграфічны тэрмін “гара”.

Гаўрылавічы — вёска за 18 км на ўсход ад Пастаў на ўсходнім беразе возера Лучай. Вядома з 1873 года ў Лучайскай воласці Вілейскага павета. Назва ўтворана ад кананічнага імя Гаўрыла (Гавриил), якое меў хтосьці з жыхароў, а нашчадкі яго называлі Гаўрылавічамі. Зараз на Пастаўшчыне сустракаецца шэраг прозвішчаў, якія ўтвораны ад імя Гаўрыла, што з яўрэйскай мовы значыць “муж Божы, моц Божая”: Гаўрылаў, Гаўрыленка, Гаўрылін, Гаўрыловіч, Гаўрыльчык.

Гвоздавічы — вёска за 18 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 2 км на поўдзень ад Камай. Вядома з пачатку ХХ стагоддзя ў Камайскай воласці Свянцянскага павета. Па сваёй форме назва патранімічная і ўтворана, верагодна, ад прозвішча Гвозд або Гваздовіч. На Пастаўшчыне зараз сустракаюцца такія прозвішчы, як Гвозд, Гваздзеўскі, Гваздоўскі. Магчыма, асновай назвы вёскі стаў старажытнаславянскі тэрмін “гвазда” ў значэнні “гразь”, “багна”. Сапраўды, на захад ад вёскі знаходзіцца даволі вялікае і гразкае балота.

Гейбавічы — вёска за 26 км на захад ад Пастаў. Вядома з 1873 года як уладанне Сулістроўскіх у Камайскай воласці Свянцянскага павета. Назва патранімічная, паходзіць ад прозвішча Гейбавіч, якое ўтварылася ад літоўскага імя Geibas, што азначае “слабы, хілы”. На Пастаўшчыне і зараз сустракаюцца прозвішчы Гейбавіч, Гайбовіч.

Загачча – вёска за 5 км на паўднёвы захад ад Пастаў, каля ракі Спарыца. Назва адлюстроўвае асаблівасць геаграфічнага становішча – вёска знаходзіцца “за гаццю”. “Гаць – насціл з бярвення, галля, ламачча для праезду цераз балота або гразкае месца” – раней існавала праз раку Спарыца. Яна называлася “Чортаў мост” і была небяспечная для праезду, бо, паводле слоў мясцовых жыхароў, багністая мясцовасць неаднаразова засмоктвала жывёлу, вазы, а ў вайну — нават танкі.

Заготскот – вёска за 3 км на захад ад Пастаў. Вядома з 1963 года ў Свілельскім сельсавеце. Населены пункт узнік пры жывёлапрыёмным пункце УП “Каапнарыхтпрамгандаль”, а назва адлюстроўвае яго функцыю.

Задзеўе – вёска за 3 км на захад ад Пастаў, каля возера Задзеўскае. Вядома з 1873 года ў Ясеўскай воласці. Назва адлюстроўвае асаблівасць геаграфічнага становішча – “за дзеўем”. Дзеўе – гэта ранейшая назва возера Задзеўскае.

Заканоўшчына – вёска за 32 км на ўсход ад Пастаў, за 9 км на ўсход ад Варапаева. Назва адлюстроўвае геаграфічную асаблівасць паселішча – месцазнаходжанне “за конам”. Старажытнаславянскае “конъ” азначала “рад, мяжа, граніца, канец”. З гэтага вынікае, што заканоўшчына – гэта мясцовасць, якая ляжыць за мяжой нечых уладанняў.

Залессе – вёска за 28,5 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 13 км на паўднёвы ўсход ад Лынтуп, за 2 км на ўсход ад возера Балдук. Назва паказвае асаблівасць геаграфічнага становішча – “за лесам” ад вёскі Станчыкі.

Заруддзе – вёска за 32 км на паўднёвы ўсход ад Пастаў, за 15 км на паўднёвы ўсход ад Варапаева. У 1946 годе была ў Ласіцкім сельсавеце. Назва адлюстроўвае геаграфічную асаблівасць вёскі – яна ляжыць “за рудой”. Аснова “руда” сустракаецца як у славянскіх, так і ў балцкіх мовах і мае некалькі значэнняў. Геаграфічны аналіз паказвае, што ў дадзеным выпадку рудой назывецца вялікае лясное балота з чырванаватай вадой, у якой утрымліваецца шмат балотнага бурага жалезняку — ліманіту. За гэтым балотам і ляжыць вёска.

Зарэжжа – вёска за 28 км на паўднёвы ўсход ад Пастаў, за 16 км на поўдзень ад Варапаева, каля ракі Заражанка. У пачатку ХХ стагоддзя — у Дунілавіцкай воласці Вілейскага павета. Назва ўтварылася ад старажытнаславянскага тэрміна “зараза”, які ўжываўся ў значэннях “цяжкапраходная мясцовасць”, “лес з ярамі”.

Зарэцкія – вёска за 24 км на ўсход ад Пастаў, за 1 км на ўсход ад Варапаева. Вядома з 1878 года ў Пастаўскай воласці Дзісненскага павета, належала Тызенгаўзу. Назва паходзіць ад прозвішча Зарэцкі (той, хто жыў за ракой). Зарэцкі – прозвішча, якое шырока распаўсюджана на Пастаўшчыне.

Захараўшчына – вёска за 6 км на паўднёвы ўсход ад Пастаў, каля ракі Лучайка. Вядома з 1873 года ў Манькавіцкай воласці Вілейскага павета. Назва паходзіць ад імя Захар, якое ўтворана ад кананічнага хрысціянскага Захарый, што ў яўрэйскай мове азначае “памяць Гасподняя”. На Пастаўшчыне шырока распаўсюджаны прозвішчы Захарыч, Захарэвіч, Захарчанка. Існуе легенда, што першапачаткова вёска называлася Закараўшчына з прычыны таго, што жыхары тутэйшай мясцовасці актыўна ўдзельнічалі ў паўстаннях ХІХ стагоддзя супраць расійскай акупацыі, за што і былі пакараныя.

Зэнькава – вёска за 19 км на паўднёвы ўсход ад Пастаў, за 12 км на паўднёвы захад ад Варапаева, каля ракі Смычыца. Назва ўтворана ад кананічнага польскага імя Зянон (Zenon), што азначае “прападобны”. Гэта імя на Пастаўшчыне сустракаецца ў вытворных формах Зэнька, Зэнусь, Зэнак, якія адлюстраваліся ў прозвішчах Зяневіч, Зянкоў, Зянько, Зянькоў.

Ігнацішкі – вёска за 34 км на захад ад Пастаў, за 2 км на поўдзень ад Лынтуп. Вядома з 1873 года як засценак у Лынтупскім маёнтку. Назва патранімічная, утворана ад каталіцкага польскага імя Ignacy (кананічнае праваслаўнае Игнатий). У размоўнай форме ўжываецца Ігнацы. На Пастаўшчыне сустракаюцца прозвішчы Ігнацьеў, Ігнатовіч, Ігнаткоў, Ігнатане.

Ідаліна – вёска за 12 км на поўдзень ад Пастаў, каля ракі Мядзелка. У 1921 годзе засценак і вёска ў Манькавіцкай гміне. Назва, верагодна, паходзіць з фіна-угорскіх моў, дзе ў эстонскай “ida” – “усход”, а “linn” – “горад, паселішча, замак”. Такім чынам, Ідаліна – усходняе паселішча, што можа быць, улічваючы знаходжанне вёскі на ўзгорку каля былой суднаходнай ракі Мядзелка. Мясцовыя жыхары тлумачаць паходжанне назвы ад імя Ідолка: так звалі калісьці ўладальніцу гэтага паселішча.
Інтока – вёска за 11 км на паўночны захад ад Пастаў, на мяжы з Літвой. Назва паходзіць ад літоўскага “intakas”, што азначае “прыток”. Вёска сапраўды знаходзіцца ў месцы ўпадзення ракі Лігума ў раку Камайка.

Кабыльнішкі – вёска за 36 км на захад ад Пастаў, за 7 км на паўночны захад ад Лынтуп. Назва паходзіць, верагодна, ад славянскай асновы “кобь” – “чары, чараўніцтва”. Сустракаецца і слова “кабыльнік” у значэнні “чараўнік, калдун”. Магчыма, назва падказвае месца, дзе ў даўнейшыя часы знаходзіліся капішчы або свяцілішчы. Можна вывесці паходжанне назвы і ад польскага “kobylak”, што азначае “конскае шчаўе”.

Кавалёва – вёска за 18 км на паўночны ўсход ад Пастаў, за 13 км на паўночны захад ад Варапаева. Назва паходзіць ад прозвішча або занятку чалавека: “каваль” – “майстар, які займаецца коўкай металу”. У Пастаўскім раёне ёсць прозвішчы Кавалёў, Кавалевіч, Кавалеўскі, Каваленка, Кавалёнак, Коваль, Кавальскі, Кавальчанка, Кавальчук, Ковач.

Кавалі (1) – вёска за 31 км на паўночны ўсход ад Пастаў, за 3 км на паўночны захад ад Казлоўшчыны. Сяло Кавалі (Кавалёва) належала глыбоцкім кармелітам, у 1740 годзе перайшло ў казну. У пачатку ХХ стагоддзя вёска была ў Луцкай воласці Дзісненскага павета. Тлумачэнне назвы гл. Кавалёва.

Кавалі (2) – вёска за 38 км на захад ад Пастаў, за 4,5 км на паўднёвы захад ад Лынтуп. У пачатку ХХ стагоддзя была ў Лынтупскай воласці Свянцянскага павета. Тлумачэнне назвы гл. Кавалёва.

Кавалі (3) – вёска за 14 км на паўднёвы ўсход ад Пастаў, за 7 км на паўднёвы захад ад Лучая. У 1873 годзе была ў Манькавіцкай воласці Вілейскага павета, належала Тызенгаўзу. Тлумачэнне назвы гл. Кавалёва.

Ёдаўцы – вёска за 14 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 3,5 км на паўднёвы ўсход ад Камай. Вядома з 1873 года ў Камайскай воласці Свянцянскага павета, уладанне Сулістроўскіх. Назва ўтворана ад літоўскай асновы “juodas” – “чорны”. Падставай для ўзнікнення такой назвы маглі стаць імя жыхара (Ёдас, Ёдка) або чорная зямля гарадзішча, якое, па звестках археолага Л. Побаля, знаходзілася каля вёскі.

Ельнякі – вёска за 13 км на паўночны ўсход ад Пастаў, за 5 км на поўнач ад Навасёлак, каля ракі Снарыхаўка. Вядома з пачатку ХХ стагоддзя як засценак Клейгельса. Назва адлюстроўвае асаблівасць навакольнай расліннасці: наяўнасць яловых лясоў, якія і зараз акружаюць вёску.
Ёцішкі – вёска за 20 км на захад ад Пастаў, за 5 км на захад ад Гадуцішак. Назва паходзіць з балцкіх моў, дзе літоўскае “juoиkis” азначае “смуглявы, чарнявы”.

Жакі – вёска за 34 км на захад ад Пастаў, за 4 км на поўнач ад Лынтуп. Вядома з 1861 года ў Лынтупскай воласці Свянцянскага павета. Назва паходзіць ад балцкай асновы “saka” (літ.), “saka”(лат.) – “любое адгалінаванне”, напрыклад, рукаў ракі, адасабленне ўзгорка. Вёска знаходзіцца на ўзвышанай градзе, якая адыходзіць ад значнага па памерах узвышша. 

Жалязоўшчына – вёска за 11 км на паўднёвы ўсход ад Пастаў. У 1905 годзе — фальварак Бутлера ў Манькавіцкай воласці Вілейскага павета. Назва, верагодна, звязана з мясцовасцю, дзе ў старажытнасці вяліся здабыча балотнай руды і выплаўка жалеза.

Жардэлі (Жардзелі) – вёска за 25 км на захад ад Пастаў, за 10 км на ўсход ад Лынтуп. У 1905 годзе — засценак у Камайскай воласці Свянцянскага павета. Назва паходзіць з балцкіх моў, дзе “zardiena,  zardis” — “загарадка для жывёлы, загон”. У беларускай мове ёсць словы “жэрдка, жардзіна” – “доўгая палка, якая выкарыстоўваецца звычайна для загарадкі”.

Жарскія – вёска за 23 км на захад ад Пастаў, за 11 км на ўсход ад Лынтуп. У 1905 годзе — фальварак Асінскага ў Камайскай воласці Свянцянскага павета. Верагодна, назва вёскі паходзіць ад урочышча, дзе ўчастак лесу быў выпалены для сельскагаспадарчай апрацоўкі. Старажытнаславянскі тэрмін “жар” звязаны з працэсам падсечна-агнявога земляробства і якраз адносіцца да гарэлага лесу. У літоўскай мове ёсць слова “zarijos” – “жар”. Мажліва паходжанне назвы і ад прозвішча Жарскі. Праўда, зараз у раёне людзей з такім прозвішчам няма, але ёсць аднакарэнныя Жарын, Жаркоў.

Жарсцвянка – вёска за 24 км на паўднёвы ўсход ад Пастаў, за 13 км на поўдзень ад Варапаева. Вядома з пачатку ХХ стагоддзя як вёска Дунілавіцкай воласці і засценак Сварцэвічаў. Назва паходзіць ад беларускага слова “жарства” – “буйны калючы пясок, дробныя каменьчыкі, якія ўтвараюцца ад разбурэння горных парод”.

Жары – вёска за 17 км на паўднёвы захад ад Пастаў. Вядома з 1921 года ў Камайскай гміне. У 1937 годзе — засценак Жарскія. Назва паходзіць ад асновы “жар”. Тлумачэнне гл. Жарскія.

Жвірынка – хутар за 30 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 6 км на паўднёвы ўсход ад Лынтуп, былы засценак. Назва паходзіць ад літоўскага “zvyras”, што азначае “гравій, буйны пясок”.
Жвойрышкі Вялікія – вёска за 26 км на захад ад Пастаў, за 11 км на паўночны ўсход ад Лынтуп. Вядома з пачатку ХХ стагоддзя ў Лынтупскай воласці. Назва, верагодна, паходзіць ад літоўскага “zverti”, што азначае “звер”. Магчыма, існавала літоўскае паганскае імя Zvairis або Zvоjris.

Жданы – вёска за 32 км на ўсход ад Пастаў, за 11 км на паўднёвы ўсход ад Варапаева. Вядома з 1873 года ў Норыцкай воласці. Назва паходзіць ад старажытнаславянскага імя Ждан. На Пастаўшчыне сустракаюцца прозвішчы Жданаў, Ждановіч, Жданковіч.

Жукава – вёска за 31 км на ўсход ад Пастаў, за 8 км на паўднёвы ўсход ад Варапаева. Вядома з 1873 года ў Норыцкай воласці. Назва паходзіць ад прозвішча Жукаў, якое ў сваю чаргу ўтварылася ад мянушкі Жук. Прозвішча з асновай “жук” адно з самых распаўсюджаных на Пастаўшчыне: Жук, Жукаў, Жукоўскі, Жук’ян.

Жукі – вёска за 9 км на паўночны ўсход ад Пастаў, за 15 км на захад ад Варапаева. Вядома з пачатку ХХ стагоддзя ў Пастаўскай воласці. Тлумачэнне гл. Жукава.

Жуперкі – вёска за 29 км на ўсход ад Пастаў, за 6 км на ўсход ад Варапаева. Вядома з 1873 года ў маёнтку Руцкое Вілейскага павета. Назва паходзіць з балцкіх моў. У літоўскай “аzu”  азначае “за”, “рerkasas” – “канал, канава, перакоп”. Адсюль вынікае, што жуперкі – гэта месца за канавай.

Жыгуны (Жыгуні) – вёска за 20 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 17 км на паўднёвы ўсход ад Лынтуп. Вядома з 1873 года ў Камайскай воласці як уладанне Сулістроўскага. Назва, верагодна, паходзіць з літоўскай мовы ад прозвішча Zygunas, што азначае “пасланец, хадок”.  Сярод беларусаў ёсць прозвішчы Жыгун, Жыгуноў.

Жылінскія – вёска за 13 км на ўсход ад Пастаў, за 10 км на захад ад Варапаева. Вядома з 1873 года ў Лучайскай воласці Вілейскага павета. Назва паходзіць ад прозвішча Жылінскі, якое ўтварылася ад слоў “жыла, жылісты”, што значыць “сухарлявы, мускулісты”. У Пастаўскім раёне сустракаюцца прозвішчы Жылаў, Жылевіч.

Забалацце – вёска за 13 км на паўднёвы ўсход ад Пастаў, каля ракі Лучайка. У пачатку ХХ стагоддзя — у Манькавіцкай воласці Вілейскага павета. Назва адлюстроўвае асаблівасць геаграфічнага становішча паселішча – знаходжанне “за балотам”.

Заброддзе – вёска за 3 км на паўночны захад ад Пастаў, каля ракі Мядзелка. Назва адлюстроўвае асаблівасць геаграфічнага становішча – месцазнаходжанне “за бродам”, які існаваў праз Мядзелку ў паўночнай частцы Пастаў.

Логавінцы — вёска за 6 км на ўсход ад Пастаў, за 0,5 км на ўсход ад ракі Лучайка. У 1873 годзе знаходзілася ў Пастаўскай воласці Дзісненскага павета, належала Тызенгаўзу. Назва паходзіць ад беларускага “лог, логавіна”, што азначае “нізіна, шырокі і доўгі яр”.

Лодасі — вёска за 21 км на ўсход ад Пастаў, на паўночным беразе возера Лодасі. У пачатку ХХ стагоддзя была ў Камайскай воласці Свянцянскага павета. Назва вёскі паходзіць ад наймення возера: у фіна-угорскіх мовах: “luodo” (kap.), “luoto” (фін.) — “астравок”, “камяністая водмель”, “lood” (эст.) — “маленькі камяністы астравок”. Геаграфія пацвярджае такое тлумачэнне: на возеры знаходзіцца востраў, які складаецца з пясчана-камяністага матэрыялу.

Лопуці (Лапуці) — вёска за 19,5 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 4 км на паўднёвы захад ад Камай, за 1 км на ўсход ад возера Лодасі. У пачатку ХХ стагоддзя была ў Камайскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні. Назва, верагодна, паходзіць з фіна-угорскіх моў, дзе “lap”, “lapos (венг.) — “кавалак зямлі; невялікая раўніна”. Блізкае значэнне мае і літоўскае “lopas ” — “лапіна; кавалак зямлі”.

Лоўкішкі — вёска за 6 км на паўночны захад ад Пастаў, на беразе ручая. Назва паходзіць з балцкіх моў: літоўскае “laukas” азначае “поле”.

Лугі — вёска за 22,5 км на паўднёвы ўсход ад Пастаў, за 7 км на паўднёвы захад ад Дунілавіч. У пачатку ХХ стагоддзя была ў Дунілавіцкай воласці Вілейскага павета. Назва паходзіць са славянскіх моў, утварылася ад слова луг — сенажаць, пераважна заліўная, пакрытая шматгадовымі травяністымі раслінамі. Вакол вёскі сапраўды раскінуліся шырокія прасторы лугоў.

Лукашова — вёска за 14,5 км на паўднёвы ўсход ад Пастаў, за 7 км на паўднёвы захад ад Лучая. У 1873 годзе знаходзілася ў Манькавіцкай воласці Вілейскага павета. У 1905 годзе — вёска і засценак. Назва патранімічная, паходзіць ад каталіцкага польскага Јukasz або праваслаўнага кананічнага Лука, што азначае “які нарадзіўся пры ўзыходзе сонца”. Ад гэтага імя ў Пастаўскім раёне ўтварыліся прозвішчы Лукашэвіч, Лукашонак, Лукашук.

Луцк-Казлоўскі — вёска за 35 км на ўсход ад Пастаў, за 2 км на паўночны ўсход ад Казлоўшчыны. У пачатку ХХ стагоддзя была ў Луцкай воласці Дзісненскага павета Віленскай губерні. Назва, верагодна, паходзіць ад славянскага тэрміна “лука” ў значэнні “заліў, затока”. Першапачаткова паселішча ўзнікла на беразе возера Царкавішча, каля затокі, “пры луцэ”— пазней, за 2 км на захад, бліжэй да Казлоўшчыны, узніклі выселкі. Каб адрозніваць паселішчы між сабой, да назваў дадалі прыметнікі: Луцк-Мосарскі і Луцк-Казлоўскі.

Лучай — вёска за 18 км на ўсход ад Пастаў, паміж азёрамі Лучай і Лісіцкае. Назва паходзіць ад наймення возера, якое ўтварылася ад геаграфічнага тэрміна “лука” — “звіліна”, “загін рэчышча”. Гэта слова ў блізкіх значэннях сустракаецца ў славянскіх, балцкіх і фіна-угорскіх мовах.

Лынтупы — гарадскі пасёлак за 34 км на захад ад Пастаў, на рацэ Лынтупка. Упершыню ўпамінаецца ў 1385 годзе. З сярэдзіны ХІХ стагоддзя — цэнтр воласці ў Свянцянскім павеце Віленскай губерні, маёнтак ва ўладанні Юрыя Бішэўскага, нашчадкі якога валодалі ім да 1939 г. У пачатку XX ст. пабудаваны двухпавярховы мураваны палац, закладзены парк. Ёсць версія, што назва складаецца з дзвюх частак і з’яўляецца балцка-фінскай: “lyntu” (фін.) — “птушка”, “upis” (літ.) — “рэчка” (Ж). Разам атрымліваецца “птушыная рака” — такі сэнс мела назва ракі Лынтупка. Па іншай версіі, назва паходзіць з балцкай мовы і складаецца з двух слоў: “lynas” — “вяроўка, шнур” і “tupas” — “след, адбітак”, што дае разам “адбітак шнура ” — характэрнае аздабленне керамічнага посуду, які ў вялікай колькасці знаходзіцца ў старажытным курганным комплексе каля Лынтуп (С. Вітушка).

Лявонавічы — вёска за 10 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 5,5 км на паўночны ўсход ад Камай. У пачатку ХХ стагоддзя была ў Камайскай воласці Свянцянскага павета. У 1905 годзе былі Лявонавічы 1-ыя, 2-ія і засценак. Назва паходзіць ад прозвішча Лявонавіч, якое ўтварылася ад імя Лявон — формы кананічнага праваслаўнага Леонт, Леонтий, што азначае “леў”. У Пастаўскім раёне сустракаюцца прозвішчы Лявонаў, Лявонавец, Левановіч.

Лявонкі — вёска за 12 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 5,5 км на паўднёвы ўсход ад Камай. У пачатку ХХ стагоддзя была ў Камайскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні. У 1905 годзе — засценак, уладанне Дзісько. Назва паходзіць ад імя Лявон (Лявонка) — формы кананічнага праваслаўнага Леонт, Леонтий, што азначае “леў”.

Ляхаўшчына — вёска за 31 км на ўсход ад Пастаў, за 8 км на ўсход ад Варапаева. Назва — этнонім, паходзіць ад слова “лях”, што азначае “паляк”. На Пастаўшчыне сустракаюцца прозвішчы Лях, Ляховіч, Ляхновіч.

Мажэйкі — вёска за 6 км на паўночны захад ад Пастаў, на паўночным беразе возера Мажэйкі. У пачатку ХХ стагоддзя была ў Ясеўскай воласці Свянцянскага павета. Назва паходзіць з балцкіх моў, ад прозвішча Мажэйка. У літоўскай “maћas” — “малы”, адкуль “мажэйка” — “нізкарослы, невялікі чалавек”. У Пастаўскім раёне сустракаюцца прозвішчы Мажай, Мажэйка, Мажаеў, Мажукін, Мажута.

Мазурка — вёска за 26 км на захад ад Пастаў, за 7 км на ўсход ад Лынтуп. Назва-этнонім паходзіць ад тэрміна “мазуры” — “этнаграфічная група палякаў, якая насяляла паўночна-ўсходнюю частку Польшчы”. У Пастаўскім раёне сустракаюцца прозвішчы Мазуркевіч, Мазурэвіч, Мазурскі, Мазорын.

Макараўцы — вёска за 3 км на поўдзень ад Пастаў, на правым беразе ракі Глодаўка. У 1873 годзе была ў Манькавіцкай воласці Вілейскага павета. Назва паходзіць ад імя Макар, якое з’яўляецца формай кананічнага праваслаўнага Макарий, што азначае з грэчаскай мовы “шчаслівы, блажэнны”. Ад гэтага імя ў Пастаўскім раёне ўтвораны прозвішчы Макараў, Макаранка, Макара.

Курылавічы (1) — вёска за 39 км на ўсход ад Пастаў, за 20 км на паўднёвы ўсход ад Варапаева. Вядомая з 1873 года ў Ваўкалацкай воласці. Назва патранімічная, утворана ад прозвішча Курыловіч, якое мае шырокае распаўсюджанне на Пастаўшчыне. У аснове прозвішча ляжыць імя Курыла, якое з’яўляецца мясцовай формай кананічнага праваслаўнага імя Кирилл (Кірыла). У Пастаўскім раёне сустракаюцца прозвішчы Курыловіч (вельмі распаўсюджана), Курылёнак.

Курылавічы (2) — вёска за 8 км на ўсход ад Пастаў, за 3,5 км на паўднёвы ўсход ад Юнек. У 1873 годзе была ў Манькавіцкай воласці Вілейскага павета. Тлумачэнне назвы гл. Курылавічы (1).

Куцішкі — вёска за 34 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 9 км на поўдзень ад Лынтуп. Назва паходзіць ад славянскай асновы “кут” у значэнні “вугал, куток, край”. Вёска сапраўды месціцца на куце поля, каля вялікага ляснога масіву. На Пастаўшчыне ёсць прозвішчы Кутуць, Куцько, Куталёў, Куцянкоў.

Лазовікі — вёска за 33 км на ўсход ад Пастаў, за 1 км на поўдзень ад чыгуначнай станцыі “Навадруцк”. Назва паходзіць ад прозвішча Лазовік, якое ўтварылася ад назвы расліны: лаза — кусты некаторых парод вярбы. Такую аснову ў Пастаўскім раёне маюць прозвішчы Лазовік, Лазінскі, Лазікевіч.

Ламіжына — вёска за 10 км на паўночны ўсход ад Пастаў, за 1 км на паўночны захад ад Навасёлак. У пачатку ХХ стагоддзя была ў Лучайскай воласці Вілейскага павета. Назва паходзіць з балцкіх моў. Літоўскае “lomingas” азначае “нізкі”. Адсюль, ламіжына — нізкае месца.

Лапачонкі — вёска за 27 км на ўсход ад Пастаў, за 5 км на паўночны ўсход ад Варапаева, на правым беразе ракі Чэртка. Вядомая з 1860 года ў Віленскай губерні. У 1905 годзе — вёска і хутар у Пастаўскай воласці Дзісненскага павета. Назва паходзіць ад прозвішча Лапачонак, утварылася, верагодна, ад мянушкі “лапатун” — “чалавек, які многа і бесперастанку гаворыць; балбатун”. На Пастаўшчыне сустракаюцца прозвішчы Лапачонак, Лопанаў.

Лапінцы — вёска за 14 км на поўнач ад Пастаў, за 8 км на паўднёвы ўсход ад Камай. Назва паходзіць ад беларускага “лапіна” — “мясцовасць, якая чым-небудзь вылучаецца на агульным фоне; невялікі кавалак зямлі”.

Лапосі — вёска за 12 км на поўнач ад Пастаў, за 2 км на ўсход ад Кураполля, на правым беразе ракі Лучайка. У 1873 годзе знаходзілася ў Пастаўскай воласці Дзісненскага павета, належала Тызенгаўзу. Назва паходзіць з балцкіх моў, дзе “lopas” (літ.) — “лапіна, невялікі кавалак зямлі”.

Лапуны — вёска за 20 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 5 км на паўднёвы захад ад Камай. У 1873 годзе — казённы маёнтак у Камайскай воласці Свянцянскага павета. Назва, верагодна, паходзіць ад мянушкі Лапун, якая ўтварылася ад дзеяслова лапаць — “хапаць, мацаць рукамі”. Магчыма, такую характэрную рысу мелі першажыхары вёскі. Мажліва паходжанне назвы і ад слова лапа — “ступня або нага некаторых жывёл і птушак”, а таксама ў прастамоўі — “нага або рука чалавека”. У Пастаўскім раёне распаўсюджана прозвішча Лапун.

Ласіца (1) — вёска за 35 км на ўсход ад Пастаў, за 12,5 км на паўднёвы ўсход ад Варапаева, за 1 км на захад ад возера Ласіца, каля ракі Ласіца. У 1861—1865 гадах — маёнтак Акушкі ў Віленскай губерні. У 1886 годзе была ў Норыцкай воласці Вілейскага павета. Назва, верагодна, паходзіць ад наймення ракі, у аснове якой ляжыць фіна-угорскае “laas” — “лес”. Фармант “-іца” характэрны для вадатокаў. Такім чынам, Ласіца — лясная рэчка.

Ласіца (2) — вёска за 33 км на ўсход ад Пастаў, за 1,5 км ад Казлоўшчыны, на ўсходнім беразе возера Ласіца. У пачатку ХХ стагоддзя была ў Луцкай воласці Дзісненскага павета. Тлумачэнне назвы гл. Ласіца (1).

Ласькія — вёска за 32 км на ўсход ад Пастаў, за 3 км на поўдзень ад Казлоўшчыны, на левым беразе ракі Ласіца. У пачатку ХХ стагоддзя была ў Луцкай воласці Дзісненскага павета. Назва, верагодна, паходзіць ад наймення ракі, у аснове якой ляжыць фіна-угорскае “laas” — “лес”. Ласькія — гэта тыя, што жывуць у лесе або каля ракі Ласіца.

Лаўкі — вёска за 17 км на паўднёвы ўсход ад Пастаў, за 3 км на паўднёвы ўсход ад Груздава. Назва паходзіць з балцкіх моў: літоўскае “laukas” азначае “поле”.

Лаўрынава — хутар за 18 км на паўднёвы ўсход ад Пастаў, за 6 км на поўдзень ад Лучая, за 1 км на поўдзень ад возера Каменскае. Назва патранімічная, паходзіць ад імя Лаўрын — формы праваслаўнага кананічнага імя Лаўрэнцій. У Пастаўскім раёне сустракаецца прозвішча Лаўрыновіч.

Лаўцы — вёска за 19 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 6 км на поўдзень ад Камай. У 1873 годзе — вёска ў казённым маёнтку Камайскай воласці Свянцянскага павета. 16 сакавіка 2010 года рашэннем раённага Савета дэпутатаў ліквідавана. Назва паходзіць ад прозвішча Лавец, якое ўтварылася ад мянушкі “лавец” — “той, хто стала займаецца лоўляй каго-небудзь ці чаго-небудзь як промыслам”. Відаць, уладальнік гэтай мянушкі меў добрыя здольнасці да такога роду дзейнасці. У Пастаўскім раёне сустракаюцца прозвішчы Лавец, Лоўчык.

Лашукі — вёска за 32,5 км на ўсход ад Пастаў, за 1 км на паўднёвы захад ад Казлоўшчыны, на правым беразе ракі Ласіца. У пачатку ХХ стагоддзя была ў Луцкай воласці Дзісненскага павета. Назва паходзіць ад прозвішча Лашук. Магчыма, у яе аснове ляжыць фіна-угорскае “laas” — “лес”, з чаго вынікае, што “лашук” — “лясны жыхар”. Вёска і зараз знаходзіцца сярод вялікага лесу. У літаратуры сустракаецца версія, што прозвішча Лашук утворана ад славянскага “лошадь” (конь). У Пастаўскім і Мядзельскім раёнах пашырана прозвішча Лашук.

Лескава — вёска за 13 км на поўнач ад Пастаў, за 1,5 км на ўсход ад Кураполля. У 1873 годзе знаходзілася ў Пастаўскай воласці Дзісненскага павета, належала Тызенгаўзу. Назва славянская, паходзіць ад асновы “лес”.

Ліпаўка — вёска за 9,5 км на паўночны ўсход ад Пастаў, за 3 км на паўночны захад ад Навасёлак. Назва паходзіць ад слова ліпа — лісцевае дрэва сямейства ліпавых.

Ліпнікі — вёска за 4,5 км на паўднёвы ўсход ад Пастаў, на правым беразе ракі Мядзелка. У пачатку ХХ стагоддзя знаходзілася ў Пастаўскай воласці Дзісненскага павета. Назва паходзіць ад слова ліпнік — “зараснік ліпавых дрэў”.

Лісіцы — вёска за 20 км на ўсход ад Пастаў, за 2,5 км на паўднёвы ўсход ад Лучая, на ўсходнім беразе возера Лісіцкае. У пачатку ХХ стагоддзя была ў Лучайскай воласці Вілейскага павета. Назва паходзіць ад прозвішча Лісіца, якое ўтварылася ад адпаведнай мянушкі, якую атрымаў чалавек за свае “лісіныя павадкі”. У Пастаўскім раёне ёсць прозвішчы Лісіца, Лісоўскі, Лісовіч, Лісіцкі.

Ліцвінкі — вёска за 4 км на паўднёвы захад ад Пастаў, за 1 км на паўночны захад ад возера Загачча. У 1873 годзе была ў Ясеўскай воласці Свянцянскага павета. Назва — этнонім, паходзіць ад “ліцвіны” — этнічная і гістарычная назва жыхароў ВКЛ — літоўцаў і беларусаў. У Пастаўскім раёне ад гэтай асновы ўтвораны прозвішчы Літвін, Літвінёнак, Літвіновіч.

по материалам: http://www.postawy.by/2011/09/Logavinskiya-valoki/

И. Прокопович

 

 

803 просмотров всего, 0 просмотров сегодня

Метки: , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавьте свой комментарий или поделитесь материалом