Ніна Баляславаўна Торапава

Ніна Баляславаўна Торапава     Аднойчы ў дзяцінстве яна глядзела па тэлевізары мастацкі фільм пра завод. Маштабы прадпрыемства і вялікая і дружная сям’я яго работнікаў моцна запалі ў душу. “Вось бы і мне так па жыцці”, — не раз гаварыла сабе.

Таму ў 1978-ым, пасля заканчэння СШ №2, не раздумваючы, падала дакументы ў Наваполацкі політэхнічны інстытут (цяпер — Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт). Паступіла без праблем.

— І спецыяльнасць выбрала “заводскую”— “Тэхналогія машынабудавання, металарэзныя станкі і інструменты”, — расказвае інжынер-тэхнолаг ААТ “Паставымэбля” Ніна Баляславаўна Торапава. — Гучала магічна, заварожвала. А як аказалася, факультэт амаль хлапечы, праграма складаная, і вучыцца нялёгка. Але да вучобы я адносілася сур’ёзна, некаторыя прадметы любіла надзвычай, напрыклад замежную мову, чарчэнне, дарэчы, пачарціць у жыцці давялося нямала. Інстытут закончыла паспяхова, амаль на выдатна. Гэта было ў 1983 годзе.

У прафесіі Н. Торапава асвойвалася ў канструктарскіх бюро — спачатку ў Віцебску, затым у Маладзечне. У 1986-ым вярнулася ў Паставы і ўладкавалася на завод вучэбнага абсталявання тэхнолагам у цэх металаапрацоўкі. Праз некаторы час перайшла ў раскройна-механічны і, нарэшце, у вытворчы аддзел. Асноўны яе занятак цяпер — сертыфікацыя, стандартызацыя, падрыхтоўка дакументаў да тэндараў, праверка справаздач. Адказна ставіцца да ўсяго, але асабліва прафесійна імкнецца выканаць дакументацыю на індывідуальныя заказы. Як правіла, гэта прадукцыя нестандартная: спачатку ў галаве яе “намалюе”, потым увасобіць у чарцяжах, усё пралічыць.

— Між іншым, на завод ішла толькі на замену дэкрэтнага водпуску, а затрымалася вунь  на колькі — у красавіку споўніцца 30, як я тут, — працягвала Ніна Баляславаўна. — За гэты час усяго было. Здаралася, што па некалькі месяцаў адна ў аддзеле заставалася. Але ніколі лёгкіх шляхоў не шукала, ды і па душы мне пастаянства. Сёння з вялікай удзячнасцю ўспамінаю людзей, з якімі пачынала працаваць. Застала Аляксея Дзмітрыевіча Лабоўкіна. Ён вучыў і прафесіі, і жыццю. Мудры кіраўнік быў і Рычард Ві­кенць­евіч Зямчонак. А старшы інспектар па кадрах Ганна Пятроўна Зямчонак, рэдкай душы чалавек, як сапраўдны псіхолаг, дапамагала кожнаму — а нас было больш за 400 чалавек — разабрацца ў самых складаных пытаннях. Напэўна, тады і ў нас была адна заводская сям’я, якую я некалі бачыла ў кіно. Цяпер час іншы, ён і людзей змяніў. Але ж і завод не той. Сёння гэта прадпрыемства з абноўленай вытворчасцю і сучаснымі тэхналогіямі, што дазваляе выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю. І я ганаруся, што ў агульным поспеху ёсць доля і маёй працы.

Галіна ПІШЧ.

Фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.  

ист: http://www.postawy.by/2016/01/lyogkix-shlyaxo-ne-shukala/

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

95 просмотров всего, 0 просмотров сегодня

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.