Ніна Захараўна Андрон


Ніна Захараўна Андрон
— першая жанчына на Пастаўшчыне, якую ў 1961 годзе выбралі старшынёй калгаса. Гэта былі “Запаветы Ільіча” з цэнтральнай сядзібай у Са­вічах. Усё яе жыццё напоўнена руплівай працай на карысць людзей. 8 сакавіка Ніне Захараўне споўнілася 85 гадоў.

У дзень юбілею ў бацькоўскім доме сабраліся яе дзеці і ўнукі, іншыя родныя. А на наступны завіталі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Васільевіч Чэпік (на здымку), яго першы намеснік Аляксей Аляксеевіч Філімонаў, старшыні раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Мікалаевіч Герасіменка, раённага савета ветэранаў Ганна Францаўна Літвіновіч, Юнькаўскага сельскага Савета Валян­ціна Міхайлаўна Філімонава і дырэктар ААТ “Сцяг Перамогі-агра” Юрый Ягоравіч Борыс.

— Не перадаць словамі, як кранула ваша ўвага, — гаварыла расчуленая імянінніца. — Кіраўнікі раённага рангу, такія занятыя людзі, а знайшлі для мяне час. Дзякуй за падарункі, добрыя словы і павагу.

Госці не скупіліся на пажаданні, з цікавасцю слухалі ўспаміны ветэрана. А Ніне Захараўне ўсё помніцца да драбніц. Ёй было 29, калі першы сакратар Пастаўскага райкама партыі Марыя Аксенцьеўна Карабань прапанавала ўзначаліць калгас. Як камуністка, сакратар партарга­нізацыі гаспадаркі не змагла не згадзіцца, хоць добра разумела, якую ношу ўзвальвае на свае плечы. На сходзе калгаснікі прагаласавалі адзінагалосна, нягледзячы на тое, што яна не мясцовая (родам з Сенненшчыны). На Пастаўшчыну прыехала пасля заканчэння Смальянскага сельскагаспадарчага тэхнікума. Спачатку працавала аграномам у Груздаве, затым у Савічах. Дасціпная і камунікабельная, хутка заваявала павагу і аўтарытэт вяскоўцаў.

— Людзі ў той час былі надзвычай шчырыя і руплівыя — успамі­нала Н. З. Андрон. — Хоць за працадні атрымлівалі гірсу, усё роўна стараліся. А рабілі ўсё ўручную і з дапамогай коней. З тэхнікі мелі два трактары: колавы і гусенічны. Мінеральных удабрэнняў не было. Зімой нарыхтоўвалі торф, вазілі на фермы, атрыманае ўгнаенне ўносілі ў глебу. У нашым калгасе асабліва добра радзіла бульба.

Дзякуючы настойлівасці, мэтанакіраванасці старшыні і спецыялістаў, паціху сталі вылазіць з даўгоў, на калгасным рахунку з’явіліся фінансы, людзі пачалі атрымліваць у дадатак да зарплаты прэміі і ўзнагароды і ўсё больш давяраць старшыні, верыць у свае сілы. Прыйшла электрыфікацыя, набылі тэхніку і прычапны інвентар, пачалося будаўніцтва: былі ўзведзены тры новыя кароўнікі, свінарнік, зернясклад, майстэрні, клуб, сярэдняя школа, участковая бальніца. Старанне прынесла плён гаспадарцы. У 1971 годзе старшыню ўзнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, а праз тры гады — ордэнам Леніна.

— Гэтыя ўзнагароды — заслуга ўсіх калгаснікаў, раённага кіраўніцтва, якое падтрымлівала, пры неабходнасці аказвала дапамогу, — гаварыла Ніна Захараўна. — А таксама маёй сям’і. Звычайна надзейным тылам бывае жанчына, у мяне, наадварот, — муж і свякроў. Я большасць часу праводзіла ў полі, на фермах, у камандзіроўках. А яшчэ шэраг розных мерапрыемстваў, сходы, форумы як у раёне, так і ў вобласці… З’яўлялася дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў, членам абкама і райкама партыі, была дэлегатам XXVI з’езда Кампартыі Беларусі. Нярэдка дадому прыязджала толькі пераначаваць. Муж працаваў вет­урачом. На выклік мог неадкладна паехаць у любы час сутак, завочна вучыўся ў тэхнікуме, затым у інстытуце. Апорай была свякроў, разам з якой пражылі 30 гадоў. Яна займалася домам і нашымі сынамі.

Ніна Захараўна была добрым арганізатарам і патрабавальным кіраўніком. Любіла парадак і дысцыпліну. Але не скупілася і на дабро, спагаду. Людзі верылі ёй і ведалі: калі звернуцца да старшыні па дапамогу — абавязкова яе атрымаюць. З Нінай Захараўнай можна было параіцца не толькі ў кабінеце, але і ў полі, на ферме. Яна і цяпер з цеплынёй успамінае механізатараў, даярак, жывёлаводаў, якія былі па-сапраўднаму зацікаўлены ў дасягненні поспехаў.

— Энтузіязму людзям тады было не  пазычаць, — расказвала. — Працавалі, не лічачыся з часам, забываючы, што ёсць выхадныя, абдзялялі ўвагай сем’і. І сёння, хоць столькі гадоў мінула, я ўдзячна кожнаму, з кім разам  працавала, за разуменне, падтрымку, старанне. На час майго кіраўніцтва ў  раёне налічвалася 36 калгасаў і 4 саўгасы. Ніколі не зайздросціла поспехам іншых, а толькі радавалася. Вучылася ў кіраўнікоў са стажам, якія мелі нядрэнныя набыткі. І яны дзяліліся вопытам, давалі парады, падказвалі. Па любым пытанні магла звярнуцца да Гаўрыіла Сямёнавіча Лелякова, Аляксандра Васільевіча Бульбянова, Георгія Іванавіча Пачопкі, Пятра Іванаві­ча Арэхава, якія тады ўзначальвалі саўгас “Варапаева”, калгасы “Светлы шлях”, “Чырвоны сцяг”, імя Пушкіна. З’явіліся і яшчэ жанчыны-кіраўнікі: Клаўдзія Уладзіміраўна Какошына ў саўгасе “Пастаўскі”, Марыя Вікенцьеўна Шчучка ў калгасе “Перамога”. Знайшла агульную мову з мала­дзейшымі — Леанідам Браніслававічам Квяткоўскім з саўгаса імя Леніна, Міхаілам Мікітавічам Кляпцом з “Ленінскага шляху”, Анатолем Паўлавічам Кавальскім з калгаса “Уперад”. Заўсёды радавалася  поспехам Алега Адольфавіча Валодзькі з калгаса імя Суворава. Старшынёўскі корпус быў моцны, усе прафесіяналы, душой хварэлі за калгасныя справы.

За 17 гадоў старшынёўства ў “Запаветах Ільіча” Н. З. Андрон шмат зрабіла для людзей і мала для сябе. Яны з мужам і цяпер жывуць у Русінах у звычайным вясковым доме, які пабудавалі бацькі Міхаіла Міхайлавіча. Некалі Ніне Захараўне прапаноў­валі добраўпарадкаваную кватэру ў горадзе, але яна вельмі любіла зямлю і вёску, не ўяўляла сябе без спеву птушак, ранішняй расы пад нагамі, гаспадарчых клопатаў. Ды і свякроў наадрэз адмовілася пакідаць родныя сцены. Калі стала падводзіць здароўе, Ніна Захараўна звярнулася да першага сакратара райкама партыі Валянціны Аляксееўны Клачковай з просьбай аб пераводзе на іншую работу. Кіраўнік раёна задаволіла просьбу, і Н. З. Андрон узначаліла Савіцкі сельскі Савет. Адпрацавала на гэтай пасадзе 11 гадоў, да выхаду на заслужаны адпачынак.

— А цяпер маю букет хвароб, — кажа. — Урачы не адзін раз вярталі, лічы, з таго свету. Перанесла дзве аперацыі на сэрцы, жыву з кардыёстымулятарам. Дзякуй медыкам. Найперш галоўнаму ўрачу цэнтральнай раённай бальніцы Уладзіміру Мікалаевічу Чакаваму, загадчыкам рэанімацыйнага аддзялення Мікалаю Іванавічу Васюковічу, тэрапеўтычнага — Паўлу Ерамеевічу Лук’янаву, афтальмолагу Святлане Іванаўне Аргучынскай, кардыёлагу Іаланце Адамаўне Кустрэй, тэрапеўту Святлане Яўстаф’еўне Чараўко, малодшаму медыцынскаму персаналу. Гэтыя людзі падаўжаюць маё жыццё. На жаль, ужо не ў тым узросце, каб прыносіць карысць. Але аб пражытым не шкадую. Калі б прыйшлося пачынаць нанава — нічога не мяняла б.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ. 

Вторник, 14.03.2017 15:51. Category: Афіцыйна

ист: http://www.postawy.by/2017/03/entuziyazmu-lyudzyam-bylo-ne-pazychac/

677 просмотров всего, 0 просмотров сегодня

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Добавьте свой комментарий или поделитесь материалом