О Поставах

         Паставы — невялікі прыгожы гарадок, які раскінуўся ў маляўнічых мясцінах на берагах трох азёр і рэчкі Мядзелкі (на адлегласці 165 км ад Мінска і 240 ад Віцебска) на паўночным захадзе Беларусі. Ён знаходзіцца ў баку ад вялікіх і шумных дарог, як бы ўтоены ад чужых вачэй, і таму здолеў захаваць свае своеасаблівае аблічча.

Праз Пставы не праходзяць вялікія пасажырскія маршруты, хоць ёсць тут і чыгунка, і нават невялікі аэрапорт.

Насельніціва горада складае 21,1 тыс. жыхароў. Сярэдняя тэмпература студзеня — 6,8 0C, ліпеня 17,5 0C. Ападкаў 645 мм за год.

Паходжанне назвы горада звязваюць з знаходжаннем мястэчка па берагам ставаў , якія утварыліся дзякуючы млынавай плаціне.

На тэрыторыі пастаўскага раёна раёна знаходзіцца частка нацыянальнага парку Нарачанскі, гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння Швакшты.

Заказнікі мясцовага значэння: ландшафтныя — Карагач, Палескія Узгоркі, Сяргеевіцкія Узгоркі, Саранчанскія грады, Спорыцкая ледавіковая лагчына; батанічны — Лынтупскі; ахоўныя тарфянікі — Равы, Гінёнкі і Каліты. Помнікі прыроды рэспубліканскага значэння: горы Маяк, Баяроўшчына, Лысая; вялікія камяні Заўлечанскі, Лодаскі, Мягунскі, Дзіравы камень Каптарунскі, Чортаў камень Саболкаўскі. Помнікі прыроды мясцовага значэння: горы — Балдоўшчына, Гара Вялікая, Гараватка; Жуперская ўрада; узгоркі — Барадзінскі і Чарнецкі; вялікія камяні — Зыбалішскі, Камайскі, Трапшавіцкі, Чашкаўшчынскі; камень Казнадзеюшскі.

Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгункі Полацк-Вільнюс, Варапаева-Друя; аўтадарогі Полацк — Вільнюс, Віцебск — Браслаў — Паставы – Мядзел.

Асноўныя археалагічныя помнікі

Трэба адзначыць, што нягледзячы на шматлікасць рознастайных цікавых прыродных утварэнняў на тэрыторыі Пастаўшчыны няма ніводнага дзяржаўнага геалагічнага помніка прыроды. Таму шмат класічных і выразных формаў рэльефу, ледавіковых камлыгаў цэннага складу ці адметных формаў, з адзнакамі і іншымі непаўторнымі рысамі, і якія ўяўляюць вялікую каштоўнасць у навуковых, натуральна-гістарычных і эстэтычных адносінах, гіне назаўсёды асабліва у апошнія часы.

На Пастаўшчыне выяўлены некалькі буйных камлыгаў у Камайскім, Мягунскім і Палескім сельсаветах.

У тым месцы, дзе раней была в.Забалішкі, што за 1,2 км на поўнач ад в.Апідамы Палескага сельсавету, побач з раллёю ляжыць камлыга граніту рапаківі бурага колеру. Даўжыня валуна 3,5 м, шырыня 1,4 м, вышыня 1,6 м і абвод 8,9 м. Гэта самы вялікі ледавіковы валун на Пастаўшчыне з тых, што цяпер вядомыя навукоўцам.

За 1 км на поўнач ад в. Камаі, на лузе захаваўся валун граніта рапаківі чырвона-бурага колеру. Даўжыня каменя дасягае 3,4 м і вышыня 1,4 м. Паверхня добра загладжаная і месцамі нават адпаліраваная. Разам з іым частка валуна знішчаная – яго намагаліся ўзарваць.

На поўнач ад дарогі, што вядзе ў в. Жарскія, за 1,2 км на захад ад в. Мягуны, на ральлі захаваўся валун граніта рапаківі ружовага колеру. Даўжыня камлыгі 3,2 м, вышыня 1,5 м і яна мае загладжаную паверхню.

Даследаваннямі ўсталявана, што гэтыя валуны з’яўляюцца кіроўнымі і прынесеныя ледавiкамi. Яны увайшлі не толькі ў матэрыяльную, але ў духоўную культуру беларусаў і ўяўляюць сабою каштоўнейшую крыніцу па вывучэнню міфалогіі, палеаграфіі і мастацтва ў шырокім храналагічным дыяпазоне.

Валуны, якія маюць народныя назвы і пра якія існуюць паданні адносяцца да культавых камянёў. На многіх з іх ёсць выемкі, адзнакі, надпісы, малюнкі. Вельмі багата на такія помнікі Пастаўшчына. Найбольшую навуковую каштоўнасць уяўляе “Дзюравы” або “Святы камень”, што ляжыць у лесе каля в.Каптаруны Лынтупскага пасялковага савету. Даўжыня камня дасягае 1,8 м, шырыня 1,6 м, вышыня 1,2 м. На бакавой роўніцы маецца адтуліна глыбінёю 0,15 м і дыяметрам 0,1-0,15 м, у якую людзі цяпер кладуць грошы. Вада, што збіраецца ў гэтай адтуліне, лічыцца святой.

Побач з камянём знаходзіцца крыніца і шмат невялікіх валуноў, на адным з якіх была высечаная выява крыжа. Раней да “Святога каменя” прыходзілі не толькі па святах і за гаючай вадой, але і ў засуху прасіць дажджу. Таму магчыма, што камень прысвечаны культу Дажбога.

Ёсць на Пастаўшчыне і так званыя “Чортавыя камяні”. Так, пра “Камень з дзюркаю”, які быў ля в.Вялічкі, апавядаюць, што раней на ім чорт шыў боты. У поўнач, людзі чулі нейкія гукі, падобныя на стукат малатку і лічылі, што гэта чорт працуе быццам сапраўдным шаўцом. На роўніцы была адтуліна, у якую ўваходзіла вядро вады. Праз дарогу ад гэтага валуна знаходзіцца балаціна, якую завуць “Чортава лазня”. Захавалася паданне, згодна якому каля каменя калісьці было сем касцёлаў. Мажліва, што раней тут было капішча, прысвечанае богу Вялесу, тым больш, што і назвы вёскі і гарышча – “Вялічкі” і гарышча “Вялікае” – даюць падставы дзеля такога дапушчэння. Зараз каменя няма – яго звезлі ў г.Свянцяны (Швянчоніс) у Літву.

Падобных валуноў з адтулінамі на Беларусі налічваецца больш за двадцаць. Гэтяы паглыленні маюць розную форму – у выглядзе ямак, цыліндрычную, міска ці конусападобную і інш. Такія валуны даследчыкі звязваюць з балцкімі культамі і адносяць іх да 1 тысячагоддзя да н.э., а адраджэнне да XVI-XVIII ст. Сённяшнія прынашэнні грошай камяням з’яўляюцца трансфармацыяй старажытнейшых ахвяраванняў, асабліва шмат падобных помнікаў на тэрыторыі Летувы і Латвіі, што яшчэ раз сведчыць аб агульнасці старадаўніх вераванняў і аб значнай ролі балтаў у этнагенезе беларусаў.

Паміж в.в. Палессе і Пятруцці палесскага сельсавету, каля Крывой гары, на беразе возера ёсць валун, які называюць “Чортаў камень”. Тубыльцы апавядаюць, што раней на камяні чэрці гулялі ў карты, а ноччу часта бачылі агеньчыкі. Паблізу ёсць “Святая крыніца”.

Захавалася такая легенда. Неяк увечары, ужо ўпрыцемках ішоў адзін хлопец з Палесся ў Пятруці. Калі ён падыйшоў да Крывой гары, раптам перад ім з’явіўся незнаёмы чалавек, які быўдаволі шыкоўна і заможна апрануты. Гэты незнаёмы прапанаваў хлопцу пагуляць у карты з ягонымі сябрамі. Спачатку хлопец пачаў адмаўляцца, гаворачы, што грошай няма. Але незнаёмы пазычыў дзяцюку поўную далонь золата. Ад ззяння грошай той згубіў розум і пайшоў за незнаёмцам. За Крывой гарой на камянісядзелі яшчэ два незнаёмцы, таксама шыкоўна апранутыя. Побач гарэла кастрышча бяз гарачыні і дыму, але хлопец увагі на гэта не звярнуў і пачаў гуляць у карты. Напачатку хлопец выіграў вялікую гару золата. Багацце зусім закружыла галаву – у вачах толькі было шмат таго золата. Але нябачна растаяла гэтая гара і вось ужо апошнюю кашулю зняў хлопец…

І як праз сон пачуў ён голас аднаго з незнаёмцаў: “А цяпер закладай на наша золата сваю душу!”. Хацеў хлопец нават даць згоду, але ў той момант у Петруцях праспяваў першы певень, і толькі тады той хлопец зразумеў з кім ён звязаўся, агледзіў сябе, а з адзення застаўся толькі адзін крыжык. Як топельнік за саломінку, схапіўся ён за выратавальны крыжык, пачаў хрысціцца і маліцца. Тут жа як ад агню адскочылі ад яго незнаёмцы і ператварыліся ў чарцей. Пачалі яны розную нечысць зазываць і пасля ўсёю хеўраю кінулі хлопца. Адбіваўся ад іх дзяцюк як мог са ўсіх сілаў. У самы апошні момант зноў заспявалі пеўні, пачало світаць і ўся нечысць знікла.

“Чортаў камень” ёсць каля “Лынтупскіх курганоў” і аб ім памятаюць такую легенду. Варочаўся неяк адзін музыка з вяселля дахаты ў Лынтупы. Падыйшоў да прыдарожнага камяню і ўбачыў на ім чорта. Заставіў той чорт музыку ўсю ноч граць на гармоніку і таньчыць ля каменя. Як заспявалі ў Лынтупах першыя пеўні, чорт знік, а знясілены музыка ледзве дабраўся дадому.

“Мокры” ці “Слязлівы камень” ляжаў ля в.Раманішкі і быў закапаны ў зямлю адным тубыльцам. Пра камень апавядаюць, што калісьці тут жылі два млынары, якія ўвесь час сварыліся. Адзін з іх намагаўся стварыць шкоду іншаму, але сабака таго млынара заўсёды перашкаджаў. Аднойчы той сабака здох і гаспадар, які вельмі шкадаваў свайго сябра-сабаку, паставіў на яго магіле камень. Але канкурэнт сцягнуў камень з магілы, жадаючы адпомсціць сабаку нават пасля смерці.

Людзі кажуць, што пасля таго камень пачаў плакаць, а да святататніка ўначы сталі прыходзіць і сокі з яго смактаць розныя нечысць і прывіды. За некалькі месяцаў той млынар зусім высах і хутка памёр.

За 0,5 км на ўсход ад мястэчка Лынтупы па дарозе на ўрочышчы Юрывіны і Гумбяны, ва ўрочышчы Прыдаткі ляжаў “Чортаў камень”. Пра яго старыя людзі апавядалі шмат легендаў, большасць з якіх на жаль не захавалася, і казалі, што чулі ля каменя нейкія званочкі, бачылі агеньчыкі і кастрышча бяз дыму, ад якога не знаходзілі раніцою ніякага попелішча.

Ля Сарачанскага возера, ва ўрочышчы “Высокая пасека” ці “Траках”, што за 1,5 км на захад ад в.Мікулкі, ляжыць так званы “жвірысты” камень. Тубыльцы апавядаюць, штот калі людзі спазняліся і ехалі надвячоркам праз гэтае мейсца, дык з-пад каменя выскоквала і блішчэла яркім агнём ягнё. Калі ж да яго набліжаліся, то яно пачынала цямнець, а пасля станавілася зусім чорным. Коні ж уздымаліся на дыбкі, перагортвалі вазы, вырываліся з вупражы і ўцякалі. Кажуць, штот пад камянём пахаваныя зачараваны скарб, ці брычка з золатам і ахоўвае гэта чорт. “Чортавая печ” або “Каменны волат” згадваецца на Максімавай гары, што побач з в.Гараватка Дунілавіцкага сельсавету.

Паданні аб камянях, дзе гаворыцца аб гульнях чарцей, ні што іншае, як адгалоскі правядзення паганскіх святаў каля валуноў. На Беларусі вядомыя калі трыццаці камянёў з назвай “Чортавыя”. Паданні пра іх рознастайныя – у адных кажуць, што ў поўнач на камяні таньчылі чэрці, у другіх – чорт нёс камень, каб заваліць дзверы храма, але прапеў певень і той выпусьціў камень, у трэціх – на камяні сядзеў чорт і шыў адзенне ці абутак, або граў на скрыпцы, слядок на камені пакінуў чорт і інш. Больш за ўсё “Чортавых камянёў” на тэрыторыі Летувы і Латвіі. Паданні аб тых камянях падобныя да беларускіх.

За 15-20 м ад паўночна-заходняга берагу возера Сарачанскае, побыч з в.Мікулкі Лынтупскага пассавету ў вадзе знаходзіцца камень даўжынёю каля 1,5 м з адбіткам ступені дзіцяці. Ён адкрываецца ад вады ьтолькі ўлетку і тады гэты след добра бачны на верхняй роўніцы. Раней ля каменя-следавіка святкавалі купалле. Трохі далей, на ўзгорку стаялі два камяні з высечанымі крыжамі, але ацалеў толькі адзін з іх, на якім побач з крыжамі высечаны надпіс: “1840” і яшчэ некалькі адзнакаў. Вялікі камень з высечанымі крыжамі згадваецца і каля в.Луцк Казлоўшчынскага сельсавету.

На Беларусі часта сустракаюцца валуны з высечанымі крыжамі. Такія камяні маглі быць намагільнымі помнікамі, выконваць ролю межавых адзнакаў, албо быць камянямі-абярогамі, ці азначалі мейсцы гістарычных падзеяў. Сустракаюцца на Пастаўшчыне і цікавыя камяні з надпісамі на месцах старажытных могілак, так, напрыклад, у в.Груздава на горцы каля царквы ляжыць камень з польскім надпісам і лічбамі “1834”. Пад надпісам выбітыя малюнкі чэрапа і скрыжаваныя косці.

Ля засценку Дзіські, што за 0,5 км ад в.Янанішкі і 2 км ад в.Вялічкі, ляжыць “Шчапаны камень”. Завуць яго так таму, што пры будаўніцтве Лынтупскага касцёлу пан Бішэўскі загадаў рашчапіць яго на кавалкі і пусціць на будоўлю. Загад быў выкананы, але ж камень застаўся на мейсцы – чамусьці не спатрэбіўся. Ля каменя знаходзілі розныя старажытныя манеты, што сведчыць пра ягонае колішнае культурнае прызначэнне. Апро гэтага ў камяні засталася адтуліна, падобная як у Каптарунскім і вялічкаўскім камянях. Сустракаюцца ў раёне крыжы, што высечаны з мясцовых ледавіковых валуноў. Гэты звычай распаўсюдзіўся на нашых землях з часоў хрысціянства і бытаваў амаль да нашага часу. Такія помнікі акрамя Беларусі сустракаюцца на Пскоўшчыне ў Расіі, у Польшчы, Чэхіі, Англіі і іншых месцах Еўропы.

Каменныя крыжы ўмоўна падзяляюцца на памятныя, прыдарожныя і намагільныя. Вялізны каменны крыж з трохкутнай нішай, які высечаны з валуна граніта рапаківі, захаваўся ля Камайскага касцёла Іаана Хрысціцеля. Усталяванне гэтага крыжа пэўна трэба адносіць да часу будаўніцтва храма (1603-1606), але надпісы на ім магчыма з’яўляюцца больш пазнейшымі. Вышыня крыжа 2,5 м, шырыны 0,7 м, таўшчыня 0,6 м і шырыня папярочыны 0,95 м.

Ёсць каменныя крыжы і на лынтупскіх могілках. На адным з іх высечаная лічба “1853”.Вядома, што каменны крыж таксама стаяў побач з капліцай на раздарожжы каля в.Дварчаны.

Такім чынам буйныя валуны з’яўляюцца важнымі сведкамі мінуўшчыны Пастаўшчыны, з імі звязаныя народныя легенды ці паданні, яны каштоўныя крыніцы дзеля геалагічнай, гістарычнай, этнаграфічнай і іншых навукаў. На жаль ня ўсе буйныя камяні і звесткі пра іх улічаныя і зафіксаваныя. Толькі правядзенне тэрміновых геалагічных, гістарычных і этнаграфічных даследаванняў змогуць выратавацьдзіўныя і непаўторныя элементы прыроды і гісторыі Пастаўшчыны, яе няўзнаўляемую маёмасць. Значную дапамогу гэтай дзржаўнай справемогуць аказаць усе, каму дарагая наша краіна. А тыя камяні, што пакуль яшчэ захаваліся і тут пералічаныя, трэба абвясціць дзяржаўнымі помнікамі прыроды і гісторыі – толькі так можна захаваць нашу нацыянальную спадчыну.

Гістарычныя падзеі, звязанныя з горадам

Помнікі гісторыі

Людзі сяліліся тут здаўна. Самае старажытнае паселішча адносіцца да эпохі неаліту (3 — пачатак 2 тысячагоддзя да нашай эры) і месціцца на паўночным беразе возера Задзеўскага. Археолагі выявілі там крамянёвыя скрабкі, нажы, наканечнікі стрэл, праколкі, кераміку нарвенскай і паўночнабеларускай культур, культуры тыповай грабеньчата-ямачнай керамікі.

У старажытныя часы на месцы цяперашніх Пастаў знаходзілася невялікая вёска пад названнем “Пасаднік”, якая ўпершыню ўпамінаецца ў 996 годзе. Выгаднае геаграфічнае становішча на рацэ Мядзелке садзейнічала росту яе насельніцтва, развіццю рамяства і сельскай гаспадаркі. Жыхары навакольных вёсак прыязджалі на млын у вёску “Пасаднік”, якая прыносіла вялікі даход уладальніку вёскі – дэспату Зяновічу (дэспат – феадальны тытул).

У 1409 годзе Зяновіч атрымаў ад Вялікага князя Літоўскага грамату на перавод вёскі ў разрад невялікіх гарадоў і прысваенню ёй названня “Паставы”. Такое названне абгрунтоўваецца знаходжаннем мястэчка па берагам ставаў , якія утварыліся дзякуючы млынавай плаціне.

У гэты час Зяновічы пабудавалі манастыр, які быў зачынены рускімі ўладамі ў 1832 годзе. У перыяд Лівонскай вайны (вайна Расіі з Лівоніяй, Польшай і Швецыяй ў 1558-1583) Паставы з’яўляліся важным стратэгічным пунктам. У 1581 годзе польскі кароль Стэфан Баторый сканцэнтроўваў у Паставах сваю артылерыю, якая затым адпраўлялася на невялікіх суднах па ракам Мядзелка, Дзісёнка і Дзісна.

У другой палове ХVIIІ ст. Паставы ад Зяновічаў перайшлі ва ўласнасць знакамітага на той час эканаміста Антонія Тызенгаўза, які тады быў на пасадзе намесніка прыдворнага казначэя пры дварэ Вялікага князя Літоўскага. А. Тызенгаўз, які меў дастаткова сродкаў, пабудаваў у Паставах лесапілку, маслаблйку, фабрыку сукна і паперы. У 1775 годзе адкрыта свецкая школа з сярэдняй ступенню навучання, з Мядзела пераведзены гарадскі суд. Па праекту архітэктара цэнтр горада быў забудаваны цаглянымі дамамі і абсталяваны ў выглядзе премавугольніка – ранак. У цэнтры рынка быў пабудаваны арыгінальны будынак ратушы, у дальнейшым выкарыстоўваўся ў якасці гандлёвых паграбоў.

З 1791 года Паставы – цэнтр Завілейскага павета Віленскага ваяводства, мелі свой герб: на блакітным полі шчыта рыбалоўная сетка і тры залатыя рыбкі. З 1793 года ў складзе Расійскай імперыі, спачатку горад, пасля мястэчка, цэнтр воласці Дзісенскага павета Мінскай губерні. Гандль тады быў прыватны. Насельніцтва займалася галоўным чынам сельскай гаспадаркай.

Пасля падзела Польшы ў 1795 годзе Паставы пераходзяць ва ўласнасць Канстанціна Тызенгаўза, які раней быў палкоўнікам войска княжаства Варшаўскага, удзельнікам бітвы пад Лейпцыгам.

У нершай палове ХІХ ст. у памяшканні Пастаўскага палаца К. Тызенгаўза стварыў музей, дзе былі сабраны экспанаты розных птушак у колькасці больш за 3000.

Паводле перапісу ў 1897 годзе было 2397 жыхароў. У канцы ХІХ ст. праз мястэчка перакладзена чыгуначная лінія Крулеўшчына-Паброддзе.

Савецкая ўлада ўстаноўлена ў лістападзе 1917 года. У 1918 годзе Паставы акупіраваны нямецкімі а затым польскімі вайскамі. Вызвалены ў 1920 годзе. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Паставы адыйшлі да буржуазнай Польшчы, павятовы горад Віленскага ваяводства. Пасля ўз’яднання ў 1939 годзе заходняй Беларусі з БССР Паставы – раённы цэнтр (з 1940 года) Віленскай вобласці.

У перыяд Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1941 года да 05.07.1994 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У той час на тэрыторыі раёна дзейнічалі падпольныя райкомы КП(б)Б, ЛКСМБ. З 20.09.1944 г. ў складзе Маладзечанскай, з 20.01.1960 г. – Віцебскай вобласці.

Доўгі час ваенныя дзеянні разбурылі шматлікія збудаванні. Зараз ад іх ужо нічога не засталося.

Па данным польскага друку за 1933 год насельніцтва горада Паставы налічвала 1320 чалавек. У прошлым у Паставах было толькі пяць вуліц: Віленская, зараз Савецкая; Задзеўская – 17-е верасня; Браслаўская – Ленінская; Лучайская – Чырвонаармейская; Зарэчная – Гагарына.

Былі дзве пачатковыя школы, Бальніцы зусім не было, быў адзін прыватны ўрач – Пачынскі, ён меў дом, дзе зараз знаходзіцца санітарна-эпідэміялагічная станцыя.

Быў у Паставах піўзавод, які належыў Пергаменту, і піва называлася пергаменскае, Пергамент меў ткацкую фабрыку.

Па Савецкай вуліцы, каля трохпавярховага дома, пры царызму былі пабудаваныказармы – цагляныя трохпавярховыя будынкі, гэта месца называлася“Царскі гарадок”. У перыяд вайны ў 1914 годзе гэтыя казармы былі разбураны.

Памяшканне, дзе зараз размешчана раённая бальніца, належала графу Пшэздэцкаму. Ён меў 12 маёнткаў, 2500 га лесу, сам ён жыў ў Швейцарыі, зрэдку прыязджаў у Паставы, а ўсімі справамі кіраваў нехта Худынскі.

На месцы цяперашняй раённай канторы сувязі-пошты раней пры царызму знаходзіўся заезны дом, а пры панскай Польшы, на другім паверсе быў суд, на першым – каса.

Памяшканне, дзе зараз інтэрнат СШ № 1-02, належала ў прошлым прыставу. Ён там жыў і там жа знаходзілася яго канцылярыя. Там, дзе зараз размешчан дом афіцэраў яшчэ пры Польшы была гімназія. У будынку,дзе зараз размешчана гасцініца, жыў стараста, гэта памяшканне было пабудавана ў 1922годзе.

Вось кароткае прошлае пра Паставы.

Багатая гісторыя горада Пастаў стварыла шматлікія, такія жа багатыя гісторыяй помнікі. У Паставах знаходзіцца Брацкая магіла савецкіх воінаў. Размешчана яна на плошчы Леніна ў скверы. Тым пахаваны гвардыі генерал-маёр Ігнат Вікенцьевіч Кляро і гвардыі палкоўнік Дзмітрый Васільевіч Харальскі. Кляро нарадзіўся 30.12.1896 г. ў Віцебску ў рабочай сям’і. Скончыў ваенную акадэмію імя Фрунзе (1934 г.).

З лістапада 1917 года ў чырвонай гвардыі, а з мая 1918 года ў Чырвонай арміі. Удзельнік грамадзянскай вайны. Камандзір узвода, роты, палкавой школы, камандзір батальёна, памочнік камандзіра палка, выкладчык ваенных акадэмій і курсаў “Выстрал”. У Вялікую Айчынную вайну на Заходнім, Калінінскім, Бранскім, Цэнтральным і 1-м Прыбалтыйскім франтах, начальнік штаба дывізіі, аператыўнага аддзела арміі, намеснік камандзіра, камандзір дывізіі, намеснік камандзіра 13-га гвардзейскага стралковага корпуса. Удзельнік вызвалення Беларусі. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені. Загінуў у баі 13.07.1944 г.

Дзмітрый Васільевіч Харальскі нарадзіўся ў 1907 гаду. Член КПСС. Скончыў артылерыйскае вучылішча. У Вялікую Айчынную вайну гвардыіі палкоўнік, намеснік камандзіра, начальнік артылерыі 145-й стралковай дывізіі, удзульнік вызвалення Беларусі. Загінуў у баі 22.07.1944 г. У 1955 гаду на магіле пастаўлены абеліск.

У Паставах размешчаны яшчэ адзін помнік гісторыі – брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. Знаходзіцца ён на вуліцы Чырвоеаармейская. Пахаваны 333 воіны і партызаны, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў ці пмерлі ад ран у 1941-1944 гадах. Сярод пахаваных – байцы 145-й сіралковай дывізіі, што адддалі сваё жыццё за Радзіму пры вызваленні горада Паставы і Пастаўскага раёна ў ліпені 1944 года. Герой Савецкага Саюза Васіль Паўлавіч Кірычук.

В.П.Кірычук нарадзіўся 16.01 1924 г. ў вёсцы Саватычы Ківерцаўскага раёна Валынскай вобласці ў сялянскай сям’і. У Чырвонай Арміі з сакавіка 1944 года. Наводчык процітанкавага ружжа радавы В.П.Кірычук адзін з першых пераправіўсяцераз Заходнюю Дзвіну, ыгнём прыкрываў пераправу роты. Пры вызваленні Пастаў быш цяжка паранены. Памёр ад ран 13.07 1944 г. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 22.07.1944 года. У 1964 на магіле пастаўлены помнік – на пастаменце скульптура воіна з прыспушчаным сцягам.

Трэба ўзгадаць і магілу ахвяр фашызму, які размешчаны таксама ў Паставах на вуліцы Горкага. У лютым 1942 года нямецка-фашысцкія акупанты стварылі ў Паставах канцэнтрацыйны лагер для загубы мірных жыхароў. У ім у жахлівых умовах утрымліваліся каля чатырох тысяч чалавек. У лістападзе 1942 года гітлераўцы расстралялі вязняў каля загаддзя выкапаных ям. У 1956 годзе на месцы загубы і пахавання ахвяр фашызму ўстаноўлена стэла.

У Паставах на вуліцы Савецкая ў 1965 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар вызвалення горада. У Вялікую Айчынную вайну Паставы з канца чэрвеня 1941 года да 05.07.1944 г. былі акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Вызвалены 145-й Віцебскай Чырвонасцяжнай стралковай дывізіяй (камандзір генерал-маёр П.А Дзіброва) 92-га стралковага корпуса 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту.

Помнікі дойлідцва

Муры мінулага насычаюць нас эстэтычным задавальненнем, смутнай настальгіяй па нашай гісторыі, нашых продках, патрыятычным гонарам за радзіму. Шмат у чым гэтыя пачуцці выкладаюцца нашай багатай гісторыка-архітэктурнай спадчынай. Пастаўшчына захавала, а яшчэ больш страціла, шмат помнікаў дойлідства, якія яскрава адлюстроўваюць эвалюцыйны працэсс мастацка-стылевага развіцця беларускай будаўнічай культуры.

Буйным культурна-мастацкім і архітэктурна-будаўнічым цэнтрам на Віленшчыне і Віцебшчыне спрадвеку з’яўляліся Паставы. Забудова старажытнага мястэчка фарміравалася на берагавым узвышаным плато р. Мядзелька, плаціна на якой утварала два маляўнічыя вадаёмы. з пачатку XVI і да сярэдзіны XIX ст. Паставы ўяўлялі сабой паселішча, вядомае з 1552 г. як мястэчка, якое належыла Дэшпатам (Дэспатам)-Зяновічам, потым Тысенгаўзам. паводле інвентара 1628 г. цэнтрам мястэчка з’яўлялася гандлёвая плошча, ад якой адыходзілі вуліцы – шляхі на Мядзел, Глыбокае і Друю. забудаваныя 26 дварамі.

На усходнім баку плошчы знаходзіліся фундаваны ў 1516-1552 гг. дрўляны касцёл Маці Божай (адбудаваны пасля пажару ў 1760 г., не захаваўся) з плябаніяй і пабудаваная ў 1713 г. уніяцкая базыльянская царква; у забудову ўваходзілі карчма і шэсць двароў гандляроў і рамеснікаў. За межамі мястэчка існавала сядзіба ўладальнікаў Дэшпатаў-Зяновічаў. На супрацьлеглым беразе Мядзелкі размяшчалася прадмесце Зарэчча, забудаванае 17 дварамі, двума пасадамі па восем і дзевяць двароў. Тут знаходзіліся драўляны францысканскі кляштар з касцёлам. Усяго ў мястэчку налічвалася 66 двароў.

Але асноўны архітэктурна-будаўнічы лёс Паставаў, які робіць іх помнікам горадабудаўнічага мастацтва Белпрусі, звязаны з іменем ўладальніка горада ў другой палове XVIII ст., падскарбія (міністра фінансаў) Вялікага княства Літоўскага, гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза. УXVIII ст. для архітэктурна-будаўнічых работ ён прыцягнуў майстроў-дойлідаў з-за мяжы, у асноўным з Італіі. каралеўскія архітэктары-італьянцы Джузепа Сака (1735 – 1798) і карла Спампаніі (1750 – 1783) у 1760 – 1780-я гг. разгарнулі тут буйнамаштабную гарадабудаўнічаю дзейнасць. У аснову рэгулярнай планіроўкі цэнтра была пакладзена кампазіцыйна і ансамблева завершаная прамавугольная гандлёвая плошча (295х93м) з будынкамі гандлёвых радоў па цэнтры, мураванымі дамамі рамеснікаў і гандляроў па перыметры. У сілуэце і панараме плошчы вылучаліся будынкі грамадскага прызначэння. Пасярэдзіне яе заходняга боку стаяў двухпавярховы будынак канцэлярыі і суда, абапал сіметрычна размяшчаліся шэсць дамоў рамеснікаў, а на ўскрайках – двухпавярховыя дом урача (лячэбніца) і гасцініца.

Па цэнтры ўсходняга боку плошчы стаяў двухпавярховы будынак школы з вежай, які фланкіравалі адасоблена пастаўленыя два драўляныя храмы. Фронт забудовы кароткага (паўднёвага) боку плошчы фарміравалі цэнтральныя будынак кавярні і дзве аднолькавыя гасцёўні па баках. Супрацьлеглы (паўночны) бок плошчы быў забудаваны вуглавым Г-падобным у плане аб’ёмам аўстэрыі (заезны дом) і трох дамоў рамеснікаў. дамы (у колькасці 21) з вырашанымі ў стылі барока фасадамі стваралі сярод сціплай сядзібнай драўлянай задудовы горада суцэльны манументальны архітэктурны ансамбль.

Ад чатырох вуглоў плошчы адыходзілі асноўныя камунікацыйныя артэрыі горада – вуліцы Браслаўская, Зарэчная, Задзейская, Віленская. Гарадская перыферыя была забудавана рэгулярнымі кварталамі драўляных мяшчанскіх сядзіб, на захад і поўдзень размяшчаліся гуменныя пляцы. Сучасны гістарычны цэнтр Паставаў уключае плошчу Леніна (былая рынкавая, затым Свабоды), забудову вуліц Савецкай і Чырвонаармейскай і раёна у зарэчнай частцы вакол касцёла. у кампазіцыў гістарычнага цэнтра вылучаны раён забудовы па перыметры плошчы і значны участак прыроднага ландшафту – сажалка і азеляненая тэрыторыя вакол касцёла.

У горадзе захавалася планіроўка і характар забудова цэнтральнай часткі, тыповыя для невялікіх прыватнаўласніцкіх мястэчак XVII – XVIII ст. Каштоўнай асаблівасцю Паставаў з’яўляецца маляўнічы прыродны ландшафт. Вадаёмы, якія жывіць рака Мядзелка, надаюць сваеасаблівасць гістарычна сфарміраванай гарадской забудове. З паўднёвага боку адкрываюцца перспектывы на помнікі архітэктуры, якія узвышаюцца над вадаёмамі і разам з масівам зеляніны ствараюць маляўнічую панараму горада. Захаваўся традыцыйны сілуэт, у якім вертыкальныя аб’екты культавага прызначэння спалучаюцца з малапавярховай жыллёвай забудовай.

Помнікі грамадзянскай і жыллёвай архітэктуры

Гандлёвыя рады

(1760-я гады, не захаваліся) Мелі замкнёную кампазіцыю ў выглядзе квадратнага ў плане карэ – па перыметры ўнутранага двара размяшчаліся чатыры мураваныя корпусы адкрытых унутр крам. Вонкавыя Фасады – глухія сцены, завершаныя філёнгавым паранетам, які закрынаў анасхільныя дахі, быў дэкарыраваны вазамі і скульпрурай. у цэнтры франтальных працяглых фасадаў знаходзіліся брамы-праезды, аздобленыя прафіляванымі фігурнымі франтонамі і крапаваныя слаістымі пілястрамі – рысы архітэктуры барока. Аналагічна былі дэкарыраваны цэнтры ўсходняга і заходняга фасадаў, умацаваныя магутнымі контрфорсамі.

Уяўленне аб барочным архітэктурна-стылёвым характары забудовы плошчы даюць дом урача, тры дамы рамеснікаў і гасцініца, якія захаваліся.

Дом урача і гасцініца

Дом урача і гасцініца падобныя як па знешняму віду, так і супадаюць па памерах (10.8х14.7м). Яны стаяць на заходнім баку плошчы Леніна, оба выражаны ў сімбіёзным барочна-класіцыстычным стылі ў выглядзе кампактных прамувугольных ў плане двухпавярховых аб’ёмаў пад высокімі пальмавымі чарапічнымі дахамі. У кампазіцыі франтальны плоскі фасад, які поўнасцю супадае ў абодвух дамоў, выкарастаны прынцып сіметрыі з рзгулярнай і рытмічнай разбіўкай прамавугольнымі ваконнымі праёмамі ў простых ліштвах з замковым каменем, прамоўкай прмавугольнымі нішамі і філёнгамі.

На простыя цагляныя нанесена як бы сетка з шырокай лентачнай кладкі. Такі ўбор пры невялікіх памерах акон надае сценам буданкаў асобую манументальнасць, што як раз дарэчы, таму шьо будынкі замыкалі рад пабарочнаму задуманых дамоў рамеснікаў. Цэнтральнае месца ва ўнўтранай арганізацыі дома ўрача адведзена пярэдняй з міжпавярховай лесвіцай: першы паверх адводзіўся под аптэку і лячэбніцу, другі­ — пад жылыя пакоі ўрача. У цяперашні час у доме ўрача знаходзіцца аптэка. У гасцініцы зараз размешчаны краязнаўчы музей.

Дамы рамеснікаў

Акрамя дома ўрача і гасцініцы, на заходнім баку плошчы было пабудавана яшчэ 3 дамы рамеснікаў. Усе яны мала адрозніваюцца па габарытах і маюць дастаткова аднолькавыя планы. Дамы № 5, 9, 15- помнікі жыллёвай архітэктуры барока, ствараюць суцэльную франтальную забудову. Яны вырашаны прамавугольнымі ў плане аднапавярховымі будынкамі пад двухсхільнымі мансардавымі чарапічнымі дахамі. Карніз падзяляе франтыльныя фасады на два ярусы- першы раскрапаваны цягамі, расчлянёны аконнымі праёмамі ў прамавугольных ліштвах, другі мае расчлянёны філёнгамі фігурны франтон.

Мураваныя і атынкаваныя галоўныя фасады мелі па тры сіметрычна размешчаныя аконныя праёмы першага паверха і адно мансардавае- па цэнтры фігурнага франтона. Вуглавыя часткі дваровага фасада – цагляныя слупы, на якія абапіраюцца асноўныя бэлькі перакрыццяў; сцены бакавых і тыльнага фасадаў зрублены з брусоў паміж цаглянымі слупамі (зараз перабудаваны).

Дамы на па паўночным баку плошчы (№ 11, 13) перанеслі ў XIX ст. рэканструкцыю і набылі архітэктурна-стылёвыя рысы гістарызму і мадэрна. Жылы дом № 13 сфарміраваны ў выніку аб’яднання і рэканструкцыі ў XIX ст. двух дамоў рамеснікаў. Галоўны фасад атрымаў складаную асіметрычную кампазіцыю з высокімі прступкавымі атыкамі, спршчанай крапоўкай сцен, шатровай вежачкай над адным з прмавугольных вокнаў.

У будаўнічай практыцы Паставаў адбілася адна з прагрэсіўных горадабудаўнічых і архітэктурных тэндэнцый другой паловы XVIII ст. – тут упершыню на Беларусі ажыццё’лена тыпавая масавая забудова гарадскога ансамбля аднолькавымі па прызначэнні будынкамі. На заходнім баку плошчы захаваўся былыдом рамесніка з высокім, характэрным для барока выгнутым франтонам. Характэрна і пастаноўка дома вузкім тарцовым фасадам перпендыкулярна да плошчы.

У канструкцыі дома ажыццёўлена эканамічнае спалучэнне элементаў мураванай і драўлянай архітэктуры – бакавыя і тыльныя сцены выкананы з брусоў, галоўны фасад, што выходзіць на плошчу, выкладзены з цэглы і атынкаваны. Такое прагматычнае вырашэнне было прадыктавана імкненнем стварыць уражанне мураванай забудовы плошчы, і цагляныя фасады з’яўляліся своеасаблівымі кулісамі, якія па сутнасці, хавалі драўляныя дамы. кампазіцыя плоскаснага фасада вельмі прстая – гэта прамавугольнік першага паверха і франтон, раскрапоўка лапаткамі, маляўнічая стужка дахаўкі па карнізе, простыя лішвы прамавугольных вокнаў.

Уяўляе цікавасць канструкцыя шчыта сцяны дваровага фасада, якая складаецца з драўлянага фахверка з цагляным запаўненнем і бэлькай перакрыцця. Планіроўка была таксама тыпавой, функцыянальна адпрацаванай – яна складалася з дзвюх частак: вытворчай (з памяшканняў) і жылой з кухняй.

Заезны дом

Да помнікаў другой паловы XVII ст., фарміруючых гісторыка-архітэктурны воблік плошчы, адносіцца былы заезны дом (карчма, аўстэрыя), пастаўлены на яе ўсходнім баку. Двухпавярховы аб’ём пад чатырохсхільным дахам захаваў барочную раскрапоўку галоўнага фасада. Першы паверх прызначаўся пад залу (“шынкоўню”) і кухню, а другі – пад жылыя пакоі. Архітэктура аўстэрыі была падпарадкавана задачам стварэння цэласнага ансамбля плошчы, таму яна не прэтэндуе на арыгінальнасць і характэрызуецца элементамі, агульнымі з архітэктурай суседніх будынкаў.

Нягледзячы на разнастайнае функцыянальнае прызначэнне, яны аднолькавыя па архітэктуры, маюць падобныя планы і габарыты (прыблізка 11х15 м) – у гэтых дамах быў выкарастаны прынцып тыпізацыі.

У XIX – пачатку XX ст. гарадское будаўніцтва Паставаў вялося марудна – да 1866 г. тут налічвалася ўсяго 70 жылых дамоў. Перарабляліся будынкі XVIII ст. Будынкі другой паловы XIX – пачатку XX ст. фарміруюць паўночны бок плошчы. Іх мадэрнісцкія архітэктурныя формы гарманіруюць з барочнымі фасадамі тызенгаўзаўскай забудовы. У другой палове XIX ст. забудова плошчы пераступае за яе межы – жылыя цагляныя дамы з крамамі ўзводзяцца ўздоўж сучаснай вуліцы Савецкай.

У 1894 г. сілуэт і панарама плошчы набываюць вертыкальную дамінанту манументальны гмах мураванай праваслаўнай царквы. У зарэчнай частцы таксама ствараецца дынамічны вертыкальны архітэктурны акцэнт –мураваны касцёл. Яго “чырвоная” архітэктура, у спалучэнні з зялёным раслінным антуражам і адлюстраваннем у водным люстэрку, стварыла каштоўны, маляўніча выразны акцэнт гарадской забудовы.

У 1760 – 1780-я гады А. Тызенгаўз арганізаваў у горадзе мануфактурную вытворчасць, стварыў у сваўм маёнтку 35 прадпрыемстваў, сярод якіх тры фабрыкі – паясоў, паперы і вырабаў з палатна. Але намаганні развіць прамысловую вытворчасць на аснове прыгонніцкіх адносін не прынеслі станоўчых вынікаў. Створаныя Тызенгаўзам прыгонніцкія мануфактуры ў Паставах, як і ў Гродне, не апраўдалі сябе і хутка прыйшлі ў заняпад. Таму і слядоў прамысловага будаўніцтва таго часу не захавалася.

Вадзяны млын

У інвентары Пастаўскага графства за 1783 год дадзены падрабязныя апісанні будынкаў з указаннем матэрыялу, з якога яны ўзведзены, іх стан і месцазнаходжанне. У гэты час у Паставах былі два млыны — ветраны і вадзяны. Вадзяны знаходзіўся на рацэ Мядзелка, узведзены з чэсанага дрэва, накрыты гонтай, меў два вадзяныя колы. Уваход вёў праз аднастворкавыя дзверы, злева меўся пакой з печчу з шэрай кафлі з глінянай падлогай і чатырма невялікімі вокнамі. Справа ад гэтага пакоя знаходзілася памяшканне з механізмамі, у ім было 5 акон.

Ад млына на другі бок ракі (там стаяў папяровы завод) ішоў драўляны мост. У 1798 годзе быў выкананы план Пастаў, які захоўваецца ў Расійскім дзяржаўным ваенным архіве. На ім пад лічбай 10 указаны вадзяны млын. Ён знаходзіўся на правым беразе Мядзелкі, уяўляў у плане выцягнуты ўздоўж ракі прамавугольнік, старчаковы фасад выходзіў на лінію вуліцы Лучайскай, якая ішла да Рынкавай плошчы. На ўсход ад млына вёў драўляны мост.

На плане Пастаў 1925 года млын размешчаны на правым беразе Мядзелкі, паўднёвы фасад выходзіць на лінію вуліцы Лучайскай, усходні — на Мядзелку, паўночны і заходні — на панадворак. Калі параўнаць планы 1798 г. і 1925 г., можна прыйсці да высновы, што драўляны млын XVIII ст. і мураваны млын XX ст. размяшчаліся на адным месцы, г. зн. мураваны быў узведзены на месцы былога драўлянага. Дата пабудовы мураванага млына невядома, але на падставе вядомых звестак можна прыкладна вылічыць час.

У 1866 г. вадзяны млын названы сярод найбольш значных мураваных пабудоў Пастаў. Можна меркаваць, што ён быў пабудаваны раней 1866 года. На плане Пастаў 1798 г. бачна, што млын быў каля царквы на Рынкавай плошчы. Вядома, што ў 1815 г. царква і ўсе будынкі вакол яе згарэлі. Пусты ўчастак быў вернуты царкве ў 1890 г. , дзе ў 1896 г. узвялі царкву, якая дзейнічае і зараз. Хутчэй за ўсё, у 1815 г. згарэў і драўляны млын, які стаяў побач з царквой. З другога боку, у гэты час завяршалася будаўніцтва пастаўскага палаца, значыць, была магчымасць пабудаваць цагляны млын.

Ёсць меркаванне, што цагляны млын быў у Паставах яшчэ раней, меў адзін паверх, працаваў на энергіі вады. Магчыма, пабудаваны ён быў у стылі класіцызму (як і пастаўскі палац), цэнтральны рызаліт меў трохвугольны франтон, які абапіраўся на калоны (захаваліся). У канцы XIX ст. у Паставах пачалася перабудова вадзянога млына пад турбіны. 9 верасня 1897 г. дзісенскаму павятоваму спраўніку з Віленскага губернскага праўлення было адпраўлена пісьмо. Стала вядома, што нашчадкі памерлага ўладальніка Пастаў памешчыка Пшаздзецкага будуюць у горадзе мураваны млын.

Падобныя будынкі для млыноў паінны ўзводзіцца па зацверджаным праекце з планам, фасадам і разрэзам. Губернскае начальства не атрымлівала хадатайніцтва нашчадкаў на будаўніцтва каменнага млына, таму будаўнічае аддзяленне прасіла спраўніка пераканацца на месцы ў сапраўднасці будаўніцтва. У адказ на пісьмо дзісенскі павятовы спраўнік пісаў: «… в местечке Поставах новая мельница не строится, а производится лишь ремонт существующей с давних времён каменной одноэтажной мельницы с надстройкой над ней второго этажа и кроме того при той же мельнице вместо водяных колёс устраиваются турбины и новый со шлюзами мост». Рамонтныя работы вяліся пад наглядам інжынера-тэхніка Жылінскага і пад кіраўніцтвам інжынера Лабейта. Аднак, нягледзячы на тое, што млын толькі перабудоўваўся, Віленскае губернскае будаўнічае аддзяленне патрабавала ад вытворцаў работ чарцяжы на перабудову, дзе павінны былі прысутнічаць планы паверхаў, фасад і разрэз будынка. Чарцяжы былі выкананы на 3 лістах. 21 кастрычніка 1898 года віленскім губернскім архітэктарам Палохавым пры ўдзеле пастаўскага ўрадніка Воранава быў складзены акт агляду перабудаванага каменнага мукамольнага млына. У ім адзначалася: «… при сличении с натурой чертежей, утверждённых строительным отделением по протоколу 30 сего года оказалось

1. …лестницы устроены все деревянные, между тем по утверждённому чертежу … обязательно заменить другими из несгораемого материала, что не исполнено.

2. …означенная мельница перестройкою окончена с турбинами… элеваторы, служащие для подъёма мешков с хлебом, устроены без всяких приспособлений, обеспечивающих рабочих от несчастья во время подъёма мешков».

Першая заўвага была звязана з частымі і спусташальнымі пажарамі ў XIX ст. У Паставах за пяць гадоў з 1896 па 1901 г. сума страт ад пажараў склала 60 тысяч рублёў. Пры разглядзе праектаў у будаўнічым аддзяленні ў супрацьпажарных адносінах звярталася ўвага на два пункты — павінна быць супрацьпажарнае пакрыццё даху, лесвіцы не павінны быць драўлянымі. Дах у гэтым выпадку быў металічны, а галоўным парушэннем былі запраектаваныя і пабудаваныя драўляныя лесвіцы. Трэба адзначыць, што лесвіцы так і не былі перабудаваны. На падставе чарцяжоў пастаўскага млына можна вызначыць, што ўзняцце мяшкоў з зернем ажыццяўлялася ў рызалітнай частцы будынка. На 3-м паверсе стаялі машыны для ачышчэння, лушчэння і шатравання зерня. На 2-м паверсе малолі зерне, тут знаходзіліся рэшата і паставы. На 1-м паверсе ажыццяўлялася прыёмка гатовай прадукцыі. Турбінны механізм знаходзіўся ў цокальным паверсе. На падставе чарцяжоў і фатаграфій пачатку XX ст. можна сказаць аб зменах у архітэктурным абліччы будынка. Менш за ўсё змяніліся бакавыя фасады — заходні, усходні і паўночны (з боку ракі). Галоўнае, што страчана ў бакавых фасадах, гэта парталы ўваходаў. Найбольш пацярпеў галоўны фасад. Па-першае, быў павышаны ўзровень зямлі, што змяніла суадносіны вышыні паверхаў, асабліва гэта прыкметна ў цэнтральнай рызалітнай частцы будынка. Тут жа закладзены 2 нішы, па баках ад увахода, у стадыі разбурэння знаходзіцца і партал цэнтральнага ўвахода. Страчаны пояс, які аддзяляў першы паерх а другога.

Такім чанам у другой палове ХІХ ст. на рацэ Мядзелка была створана плаціна, якая ўтварыла два вадаёмы. Тут быў пабудаваны цагляны вадзяны млын, архітэктура якога набыла рысы позняга класіцызму. Яго трозпавярхоаы, накрыты двухсхільным дахам гмах у цэнтры галоўнага фасада вылучаны буйным рэзалітам, у якім утвораны арачны ўвахо з двума кароткімі слупамі. Масіўныя сцены расчлянёны невялікімі прамавунольнымі вокнамі, міжпавярховымі прафіляванымі карнізамі. На першым паверсе размешчана турбіна і шматступеньчатая трансмісія, на другім – жорны, на трэцім – службовыя памяшканні.

У 1994 годзе пачалася актыўная рэстаўрацыя млына. У 1998 годзе ў адрэстаўрыраванам будынку старога млына размясціўся пастаўскі дом рамёстваў “Стары млын” з 4 выставачнымі заламі і пакоямі для заняткаў гурткоў па вышыўцы, вязанню, саломапляценню, кераміцы, ганчарству, ткацтву. Тут лепшыя майстры раёна перадаюць дзецям асаблівасці народнай прыкладной творчасці.

Помнікі Культавай архітэктуры

У межах пастаўскага раёна знаходзіцца 16 храмаў чатырох канфесій: каталіцкія, праваслаўныя, стараверскія і пратэстанскія. Тры з іх зназодзяцца ў Паставах: касцёл, праваслаўная і пратэстанская цэрквы; 2 – у гарадскім пасёлку Варапаева: касцёл і праваслаўная царква; каталіцкія святыні знаходзяцца ў г.п. Лынтупы, Камаі, Лучай, Дунілавічы; праваслаўныя – у г.п. Манькавічы, Груздава, Асінгарадок, Ласіца, Рымкі; стараверскія – у Апідамах і Куклянах.

Спачатку мы звернемся да святынь, якія размешчаны непасрэдна ў Паставах. А потым да ўсіх астатніх.

Касцёл Антонія Падуанскага

Пастаўскі касцёл, помнік архітэктуры неаготыкі, размешчаны ў цэнтральнай частцы горада на правым беразе ракі Мядзелкі. Алтаром арынтаваны на поўнач. Пабудаваны архітэктарам Артурам Гойбелем з чырвонай цэглы ў формах псеўдаготыкі ў 1880-1887 гг.

Касцёл уяўляе сабой аднавежавы трохнефны базілікальны храм з трансептам, пяціграннай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Яго кампазіцыя за кошт статных папорцый вырастаючай з галоўнага фасада шмат’яруснай чатырохграннай шатровай вежы-званіцы з высокім гранёным шпілем, выкарыстання контрфорсаў (вертыкальных выступаў сцяны, павялічваючых устойлівасць будынка), стральчатых праёмаў атрымала ярка вызначанную вертыкальную накіраванасць. Фасады крапаваны мноствам ніш і аркатурай (шэрагам глухіх невялікіх арак, служачых для ўпрыгожвання). У сіметрычна-восевай будове галоўнага фасада выдзяляюцца тры магутныя ўваходныя стральчатыя парталы (архітэктурна апрацаваны ўваход з прылягаючай часткай фасада). Каларыстычнае выкананне заснавана на спалучэнні чырвонага колеру цаглянай кладкі сцен і чарапічнага даху з белай тынкоўкай ніш. Вежу касцёла вянчае каменнае кальцо, дыяметрам 1,2 м (цяпер пакрытае бляхай), складзенае з трох цэльных частак, змацаваных цягай. У агульным архітэктурна-стылёвым неагатычным кірунку было выкарастана мастацкае афармленне інтэр’ера. Прастора інтэр’ера шасцю гранёнымі слупамі членіцца на тры высокія працяглыя нефы, перакрытыя нервюрнымі (выступаючымі, прафіліраванымі гунтамі-рэбрамі) крыжовымі скляпеннямі. Вырашэнне інтэр’ера заснавана на кантрастным вылучэнні ажурнай сеткі цагляных нервюр і цяг на фоне атынкаваных сцен і скляпенняў.

Архітэктура касцёла ў Паставах адлюстроўвае шырока распаўсюджаны ў будаўнічым мастацтве Беларусі 2-й пал. ХІХ ст. пач. ХХ ст. псеўдантычны стылёвы напрамак.

Свята-Мікалаеўская праваслаўная царква

Размешчана на цэнтральнай плошчы горада. Пабудавана ў 1894 гаду з цэглы, атынкавана. Асноўны прамавугольны ў плане аб’ём храма выцягнуты па папярочнай восі. Да яго прымыкаюць закругленая апсіда, дадатковы аб’ём і бабінец з ганкам. Па баках і апсідах размешчаны дапаможныя памяшканні. Асноўны аб’ём завершаны традыцыйным пяцігалоўем, бабінец – шатровай званіцай з галоўкай. У дэкоры фасадаў выкарастаны какошнікі, арнаментальныя паяскі, ліштвы, паўцыркульныя нішы. Царква- помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пасля Берасцейскай уніі 1956 г. на працягу ХVII і XVIII стст. Большасць хрысціянскіх святынь сталь уніяцкімі. У 1713 г. на цэнтральнай рынкавай плошчы Пастаў быў уведзены ўніяцкі храм, на месцы якога і была пабудавана праваслаўная царква.

Камайскі касцёл Іаана Хрысціцеля

Камайскі касцйл Івана Хрысціцеля двухвежавы, двухзальны з вялікай апсідай. Асноўная зала і капліца прамавугольныя ў плане, апсідапаўцыркульныя. Дахі асноўнага аб’ёму і капліцы двухсільныя, над апсідай конусападобныя. Цагляныя сцены прарэзаны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі. Таўшчыня сцен – два метры. Цэнтральны ўваход вырашаны ў выглядзе аркі. Галоўны фасад асноўнага аб’ёму мае трохвугольнае завяршэнне, распрацаваны ў верхняй частцы паўцыркулярнымі плоскімі нішамі і круглымі байніцамі.

Абарончы характар будынку надаюць дзве асадзістыя цыліндрычныя вежы, што замыкаюць фасадную сцяну. Ярусы байніц дазвалялі весці агонь і фланкіраваць уваход. Верхні ярус даваў магчымасць весці агонь на далёкую адлегласць. Два ніжніх ярусы байніц рэдкай чашападобнай формы, з вялікім сектарам абстрэлу, выкарыстоўваліся для абароны непасрэдных подступаў да будынка.

Як успамін пра шматлікія войны, якія рэдка абміналі Камаі, у сцены галоўнага фасада і вежы разарваны ядры шведскіх гармат часоў Паўночнай вайны. Сам Карл XII не быў, але праз Камаі ішоў корпус генерала Левенгаўпта на злученне з Карлам XII. У Камаях шведы мели намер авалодаць касцёлам, але пасля першых залпаў стала відавочна, што касцёл добра падрыхтаваны да абароны і яго ўзяцце патрабуе значных страт

Задача Левенгаўпта была зусім іншая: з як мага меншымі стратамі прайсці праз тэрыторыю праціўніка і далучыцца да Карла. Таму шведы не сталі атакаваць касцёл, а пайшлі далей. Не гледзячы на гэта Левенгаўпт не выканаў сваю задачу. Яго корпус быў разбіты 28 верасня 1708 года ля вёскі Лясной. Ну, а шведскія ядры, якімі шведы абстралялі касцёл, мясцовыя жыхары на памяць аб гэтых падзеях, замуравалі ў сцены. Яны там і цяпер.

Шведскія ядры толькі ў вежах і фасаднай сцяне. У астатніх сценах ядраў няма. Яны дэкарыраваны тонкімі карнізамі, фасады капліцы – пілястрамі. Асноўная зала і капліца злучаны мураванымі лесвіцамі, размешчанымі паміж магутнымі пілонамі. У капліцу ёсць асобны ўваход з вуліцы. Капліца перакрыта цыліндрычным скляпеннем з рэспалубкамі на падпружных арках.

Усе скляпенні касцёла аздоблены размалёўкай, выкананай у тэхніцы грызайль: у алтарнай частцы зроблена ў час рэстаўрацыі 1726–1736 гадоў, ў капліцы ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Асноўны матыў размалёўкі скляпення алтарнай часткі – сакавітая галінка, якая амаль суцэльным дываном аплятае картушы і медальёны з манаграмамі ці сімваламі. На падпружных арках арнаментальныя ленты чаргуюцца з медальёнамі.

У капліцы арнамент сіметрычна размешчаны па паверхні перакрыцця. Падпружныя аркі запоўнены фрызавымі арнаментамі. Плафон асноўнага памяшкання храма размаляваны ў выглядзе рамы, вакол якой гірлянды з пладоў і кветак. У храме чатыры драўляныя разныя алтары. Найбольш цікавы ў дэкаратыўным афармленні цэнтральны двухярусны алтар другой паловы XVIII стагоддзя.

Аснову першага яруса складаюць чатыры калоны карынфскага ордэна, паміж імі ў нішах драўляныя паліхромныя скульптуры апосталаў Пятра і Паўла. У цэнтры – алтарны абраз “Маці боская з дзіцём” XVII ст. у срэбраным чаканым абкладзе. Крапаваны карніз з “разарваным” франтонам аддзяляе другі ярус алтара, утвораны дзвюма калонамі, што абрамляюць абраз ў пазалочанай раме. Завяршае алтар гарэльефная кампазіцыя з выявай Саваофа ў воблаках. Ордэрныя элементы алтара размаляваны пад ружовы мармур, што ў спалучэнні з пазалотай арнаментальнай разьбы і паліхромнай скульптурай стварае інтэнсіўную па каларыту ўрачыстую кампазіцыю.

Афармленне аргана (канец XVIII ст. ) складаецца з разных па дрэве гірлянд кветак, скульптурных выяў анёлаў і музычных інструментаў. Абапал аргана – арнаментальныя валюты з галоўкамі херувімаў. Камайскі касцёл – адзін з найбольш позніх храмаў абарончага дойлідства на тэрыторыі Беларусі.

Працэс інкастэляцыі храмаў на Беларусі пачаўся ў XV–XVII стагоддзі. Новы напрамак у беларускай архітэктуры быў выкліканы рознымі ўнутранымі і знешнімі прычынамі.асноўнай прычынай інкастэляцыі была знешняя пагроза. Таму на Белпрусі пачало узнікаць шмат абарончых храмаў.

Адзін з іх, Камайскі касцёл, доўгія гады служыў не толькі сімвалам веры, але і з’яўляўся ўвасабленнем крэпасці веры. Хутка касцёлу споўніцца 400 гадоў, але дзякуючы майстэрству будаўнікоў і клопату мясцовых жыхароў, можна быць упэўненым, што касцёл будзе святкаваць і сваё тысячагоддзе.

Помнікі палацавай архітэктуры

Палац Тызенгаўза

На паўднёвай ускраіне горада, на месцы былой сядзібы ваяводы Хаменскага падскорбі Антоній Тызенгаўз у 1760-я гг. заснаваў адну са сваіх шматлікіх рэзідэнцый – з удзелам архітэктара Дж. Сака пабудаваў прасторны аднапавярховы палац. Вакол яго заклаў пейзажны парк з павільёнамі і батанічны сад Магнацкі прыстанак быў славуты сваімі тэатральнымі пастаноўкамі, актыўным культурна-свецкім жыццём. Тызенгаўз, арнітолаг сусветнай вядомасці, у першай палове ХІХ ст. заснаваў пры палацы арніталагічны музей. Пазней палац перайшоў да Пшаздзецкіх (зараз медыцынская ўстанова).

Існуючы помнік палацавай архітэктуры быў пабудаваны на месцы сядзібы першай паловы ХVII ст., якая складалася з трох драўляных жылых дамоў, кухні, пяці свінараў , трох стайняў, пограба і інш., якія размяшчаліся па перыметры прамавугольнага двара, абнесенага астрогам з дзвюма брамамі. Панскі драўляны дом меў характэрныя вуглавыя вежы-алькежы і два ганкі пад гонтавымі павісямі. Побач з сядзібай існаваў гаспадарчы фальварак-падвор’е – дом для дваровых, сыраварня, склеп і абора. На гумнішчы былі стадола, асець, адрына, абарогі. Да фальварка ад сядзібы вяла агароджаная плотам дарога.

Архітэктура палаца Тызенгаўза атрымала пераходную мастацка-стылёвую трактоўку ад барока да класіцызму, але класітыстычна-ампірнае аблічча ён набыў пры наступным уладальніку ў пачатку XIX ст. Паводле інвентара 1788 г., былі пастаўлены два бакавыя флігелі і закладзены падмурак палаца, але ў сувязі з падзелам Рэчы Паспалітай будаўніцтва было спынена і завершана толькі ў першай палове XIX ст. Будынак мае трохкорпуснае П‑падобнае планіровачнае рашэнне. 21-восевы галоўны фасад у 1830-я гг. атрымаў па цэнтры буйнамаштабны шасцікалонны тасканскі порцік з вялізным трохвугольным франтонам і пандусавым пад’ездам. Бакавы вулічны фасад па цэнтры вылучаны тэрасай і пілястравым дарычным порцікам з трыгліфным фрызам і падкрэслены крайнімі рызалітамі-крыламі. Па перыметры будынак апяразаны прафіляваным карнізам на дробных сухарыках, фасады рытмічна крапаваны лапаткамі ў прасценках прамавугольныхвокнаў, дэкарыраваных сандрыкамі і кветкавымі гірляндамі.

Інтэр’ер палаца быў аформлены шляхетна, адпаведна пасадзе ўладальніка: з вялізнага, выкладзенага мармурам вестыбюля налева адкрывалася анфілада парадных апартаментаў, якія былі ўпрыгожаны стукавай ляпнінай з выявамі антычнай сюжэтнай тэматыкі, мармуровымі камінамі; сцены былі ўпрыгожаны выдатнымі творамі еўрапейскага жывапісу. Направа ад вестыбюля размяшчалася вялізная зала, прыстасаваная пад арніталагічны музей, налева – капліца з паўкруглай апсідай, у дэкоры якой выкарыстаны ляпны плафон і арнаментальны фрыз у тэхніцы грызайль. Анфіладай размяшчаліся “маршалкоўская сталоўка”, більярдная, музычны салон.

Пад палацам знаходзіліся скляпёністыя падвалы, у якіх размяшчаліся жылыя пакоі дваровых, кузня, слясарная і карэтная майстэрні, кладоўка, людская сталоўка. У тыльным кухонным крыле ў падвальным паверсе, перакрытым скляпеннем, знаходзіліся кухня, пякарня, шэсць пакояў, дзве кладоўкі і невялікая турма.

Вакол палаца на плошчы 10 га (400х150) разбіты парк, які першапачаткова меў рэгулярную планіроўку, а ў XIX ст. набыў пейзажную арганізацыю. У лондшафтную кампазіцыю арганічна ўключана р. Мядзелка і замкнёная водная сістэма, якая складаецца з возера і двух вузкіх каналаў па перыметры. Захаваліся фрагменты прамой алеі, якая вяла ад палаца да моста цераз раку. З тыльнага боку адасоблена ад палаца ля сажалкі пастаўлены мураваны гаспадарчы флігель, вырашаны у стылі ампір.

Падзеі культурнага жыцця

Культурная спадчына Пастаўшчыны вызначаецца існаваннем старадаўніх музычных традыцый. Здаёна народныя майстры выраблялі тут цымбалы, гармонікі, скрыпкі. Музыкі гралі, як спявала душа.

У вераснт 1939 года быў створаны фальклорны ансамбль цымбалістаў, які паступова перарос у вядомы ўа межамі Буларусі Груздаўскі цымбальны аркестр. Сёння лепшыя набыткі музычнай спадчыны краю зберагае і працягвае народны фальклорны ансамбль “Паазер’е” Пастаўскай школы мастацтваў.

А на Варапаеўшчыне вельмі любяць гармонік. Там папулярныя ансамблі гарманістаў-універсалаў. Нікога не пакідаюць абыякавым мясцовыя вальсы, полькі кадрылі, народныя музычныя традыцыі шчодра перадаюцца дзецям.

Багатая музычная спадчынп спрыяла таму, што ў 1992 годзе горад Паставы стаў цэнтрам рэспубліканскага, а з 1996 года – міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, на якім прымаюць знаўцоў і аматараў народнай музыкі не толькі з бліжняга, але і з далёкага замежжа. Першы рэспубліканскі фестываль быў праведзены ў Віцебску. На яго сабраліся невялікія калектывы і індывідуальныя выканаўцы, народныя майстры музычных інструментаў, усяго каля 150 чалавек. Двойчы фестываль праводзіўся ў Магілёве, але потым надоўга прыжыўся ў Паставах. Час пацвердзіў, што сама ідэя правядзення ў Паставах фестывыалю народнай музыкі знайшла добрую глебу, бо ён грунтуецца тут на багатых музычных традыцыях, мае цікавую, адметную выканальніцкаю школу груздаўскіх музыкаў. Фактычна гэта адзіны ў рэспубліцы рэгіён, дзе захаваліся дыятанічныя цымбалы, што і зараз вырабляюцца майстрамі-самародкамі, дзе працуюць сучасныя калектывы, якія развіваюць далей гэту выканальніцкаю школу.

Дзякуючы намаганням выкладчыкам Пастаўскай дзіцячай музычнай школы, яе дырэктара і выдатнага музыкі А. Собаля створаны новыя калектывы, якія захоўваюць традыцыі вядомага яшчэ з 1939 г. Груздаўскага цымбальнага аркестра. Сёння іх традыцыі працягвае народны фальклорны ансамбль «Паазер’е». За 10 гадоў свайго існавання ён пабываў у многіх краінах. Артыстаў з захапленнем слухаюць усюды.

Фестываль мае сваю гісторыю, традыцыі, энтузіястаў. Каля вытокаў фестывалю быў народны артыст Беларусі прафесар М. А. Казінец, заслужаны работнік культуры рэжысёр У. В. Таран, заслужаны дзеяч культуры і балетмайстар І. А. Серыкаў, а таксама старшыня арганізацыйнага камітэта і народнай творчасці Рэспублікі Беларусь Т.І.Стружэцкі, які зараз з’яўляецца прэзідэнтам фестывалю.

У 1992 г. фестываль упершыню завітаў да нас у Паставы. З усіх абласцей Беларусі з’ехаліся сюды лепшыя ансамблі народных музыкальных інструментаў і асобныя выканаўцы.

Па праве гаспадароў першымі на канцэртную пляцоўку выйшлі «Груздаўскія музыкі». На змену ім выходзяць яго нашчадкі — ансамбль музыкі «Паазер’е», сям’я Мацкевічаў. Слухаеш іх — душа спяваць хоча, сэрца радуецца. Ногі ў танец просяцца.

Прайшоў першы дзень і конкурс «Хто каго?» — конкурс на лепшага гарманіста, частушачніка, цымбаліста, які захаваўся на працягу 10 гадоў і сёння радуе нас сваімі выканаўцамі. Скончыўся конкурс, і раз’ехаліся музыкі, але не дадому, а па гаспадарках Пастаўскага раёна, каб падарыць радасць не толькі пастаўчанам, але і сялянам, якія не змаглі даехаць да нас у Паставы. На наступны дзень удзельнікі зноў сабраліся на плошчы Леніна, каб ускласці кветкі да помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. А потым у святочным шэсці адправіліся ў гарадскі парк, дзе адбылося тэатралізаванае відовішча «Пастаўскія перазвоны». І не толькі. Падзівіліся пастаўчане таксама на горад майстроў. За ноч пабудавалі яго таленавітыя майстры і майстрыхі — ганчары і ткачыхі, мастакі і вязальшчыцы. Прыехалі яны да нас у Паставы з мнгогіх вёсак Лепельшчыны і Браслаўшчыны, Міёршчыны і Глыбоччыны, з іншых месцаў. Свята атрымалася, але колькі ўсім прыйшлося папрацаваць! Асабліва галоўнаму рэжысёру свята У. В. Тарану, а таксама помочніку рэжысёра заслужанаму дзеячу культуры І. А. Серыкаву, які разам з Любоўю Сініцынай з’яўляўся вядучым.

У 1993 г. зноў з розных куткоў рэспублікі з’ехаліся на фестываль больш за 250 самадзейных артыстаў — гарманісты, частушачнікі, фальклорныя гурты. Разам з такімі вядомымі выканаўцамі, як «Радуніца» з Мазыра, «Музыкі» з Гродна, «Палешукі» з Іванава, «Капыльскія дудары», у фестывалі прымалі ўдзел нядаўна створаныя. Нязменнай часткай фестывалю, як і летась з’явілася выстаўка народнай творчасці, на якой былі прадстаўлены вырабы і творы, зробленыя ўмелымі рукамі нашых землякоў. Гэта разьба па дрэве, саломапляценне, вышыванне, кавальства, іншыя віды самадзейнай творчасці.

Кожны наступны год прыносіць у фестываль нешта новае. Так, у 1994 г. упершыню ў рамках фестывалю прайшоў конкурс навучэнцаў музычных школ раёнаў вобласці, у якім прымалі ўдзел музычныя школы 6 раёнаў: Шаркаўшчынскага, Докшыцкага, Глыбоцкага, Міёрскага, Браслаўскага, Пастаўскага. Пераможцам конкурсу давалася права паўдзельнічаць у заключным канцэрце.

Мясцовым кампазітарам Г. Шышкіным была напісана цудоўная песня «Пастаўская фестывальная», якая стала візітнай карткай і для наступных фестываляў.

Наступны фестываль па сваёй форме не вельмі адрозніваўся ад першых трох, але адметнасць яго была ў тым, што змяніўся галоўны рэжысёр. Ім стаў загадчык кафедры рэжысуры свят Беларускага ўніверсітэта культуры лаўрэат шматлікіх міжнародных фестываляў Пётр Адамавіч Гуд.

На кожным чарговым фестывалі для ўдзельнікаў і гасцей рыхтуюцца новыя адкрыцці. У 1995 годзе такім адкрыццём стаў канцэрт пераможцаў конкурсу навучэнцаў і выкладчыкаў дзіцячых музычных школ вобласці і ўшанаванне ветэранаў Груздаўскага цымбальнага аркестра ў в. Груздава.

Са зменай галоўнага рэжысёра ўсе чакалі нечага новага, і жаданні нашых гледачоў збыліся. А новае ўразіла ўсіх. Фестываль 1996 года стаў не толькі рэспубліканскім, у гэтым годзе яму быў нададзены статус міжнароднага. Фактычна ён ужо стаў такім раней, бо прымалі ў ім удзел калектывы розных краін. Фестываль цікавы яшчэ і тым, што з году ў год напаўняецца новым зместам. Вось і на гэты раз цікавай была творчая лабараторыя выканаўцаў на народных інструментах з удзелам прафесара Беларускай акадэміі музыкі заслужанага артыста Беларусі Я. Гладкова, мастацкага кіраўніка фальклорнага ансамбля «Крупіцкія музыкі» заслужанага работніка культуры У. Грома, мастацкага кіраўніка ансамбля «Паазер’е» А. Собаля, прэзідэнта Сусветнай асацыяцыі цымбалістаў В. Харэнчар з Венгрыі.

Пашыраецца і геаграфія фестывалю. На гэты раз яго ўдзельнікаў прымае і Глыбокае вялікім тэатралізаваным прадстаўленнем «Глыбоччына сустракае гасцей». Цікавым сюрпрызам стала для ўдзельнікаў і гледачоў мастацка-гістарычная праграма «Пастаўскі баль», музычна-піратэхнічная дзея з XVII ст. «Агні славутай спадчыны».

Нельга не сказаць добрых слоў у адрас кіраўніцтва Пастаўскага райвыканкама, аддзела культуры. Тое, што першы міжнародны фестываль праводзіўся ў новым летнім амфітэатры, які быў пабудавааны у гарадскім парку з мэтай стварэння лепшых умоў для правядзення фестывальных мерапрыемстваў — значная падзея для Пастаў. У 1997 годзе адбыўся 10-ы Рэспубліканскі фестываль. Ён быў цікавым і непаўторным. На ім сабраліся лепшыя з лепшых калектывы і індывідуальныя выканаўцы — лаўрэаты папярэдніх фестываляў. Упершыню ў Пастаўскім раёне адбыўся канцэрт старадаўняй беларускай і класічнай музыкі з удзелам вядомай арганісткі Сафійскага сабора ў Полацку дыпламанткі міжнародных конкурсаў Ксеніі Пагарэлай, ансамбляў «Крупіцкія музыкі» і «Кантраданс».

У фестывалю з’явіўся прэзідэнт. Ім быў абраны вельмі паважаны чалавек, які з першага фестывалю стаяў каля яго вытокаў, гэта член аргамітэта Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі.

У час фестывалю 1998 г. прайшла цікавая прэзентацыя кніжкі Альбіны Скорабагатчанка «Народная інстументальная культура Беларускага Паазер’я» і толькі што выпушчанага ў свет зборніка «Зайграйце, музыкі» Уладзіміра Грома. Гэтыя кніжкі маюць непасрэднае дачыненне да фестывалю. Упершыню праводзіўся вялікі «Паазерскі кірмаш», у якім прымалі ўдзел мастацкія калектывы і народныя ўмельцы з васьмі раёнаў Мінскай і Віцебскай абласцей.

Адбылося ўрачыстае адкрыццё Дома рамёстваў, які размясціўся ў адрэстаўрыраваным будынку млына. У конкурсе «Хто каго?» упершыню прымалі шырокі ўдзел навучэнцы і выкладчыкі дзіцячых музычных школ раёна. І зноў новы цудоўны абрад. У час адкрыцця фестывалю ўпершыню адбыўся вынас Кнігі пашаны і рытуал занясення першых запісаў ганаровымі ўдзельнікамі фестывалю . Права першым пакінуць свой запіс у кнізе было аддадзена першаму рэжысёру фестывалю У. Тарану, прэзідэнту фестывалю Т. Стружэцкаму, кіраўніку дзяржаўнага народнага хора імя Г. Цітовіча М. Дрынеўскаму.

1999 г. стаў для Пастаў юбілейным. Па-першае, гэта 590-годдзе з часу заснавання Пастаў, па-другое, 60 гадоў Груздаўскаму цымбальнаму аркестру. Абедзве даты былі дастойна адзначаны ў рамках фестывалю, у ім удзельнічала больш за 500 чалавек.

У першы дзень адбылася творчая сустрэча «Музычная традыцыя «Паазер’я» учора і сёння» з удзелам фальклорнага ансамбля «Паазер’е», былых удзельнікаў Груздаўскага цымбальнага аркестра, дацэнта Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры А. В. Скорабагатчанка, выкладчыкаў і навучэнцаў музычных школ раёна.

Адкрыццё, як заўсёды, уразіла сваёй яскравасцю, сваімі цудоўнымі абрадамі «Бярозка» і «Кумленне», а таксама непаўторная «Полька яднання», пад якую танцавалі як удзельнікі, так і кіраўніцтва.

Што тычыцца 2000 года, то можна з упэўненасцю сказаць, што гэты фестываль — гістарычная з’ява сучаснай святочнай беларускай культуры, паколькі праводзіцца ён на мяжы тысячагоддзяў. Удзел у ім прымалі цікавыя, моцныя калектывы і выканаўцы з нашай рэспублікі, шэрагу краін блізкага замежжа. Традыцыйна ў рамках фестывалю былі прадстаўлены вядомыя прафесійныя калектывы. Была праведзена творчая лабароторыя «Народная музычная культура на мяжы стагоддзяў». Ішла зацікаўленая, шматгранная гаворка. Былі прадстаўлены розныя тыпы ансамбляў, цікавыя вядучыя, вучоныя, музыказнаўцы. Унікальнай з’явай для гледачоў, слухачоў стала выступленне ансамбля народных духавых інструментаў. Упершыню ў рамках творчай лабараторыі выступалі ансамблі трубачоў, жалейшчыкаў, акарынаў. Таксама ўпершыню на галоўнай плошчы горада адбыўся канцэрт звонавай музыкі з удзелам лаўрэатаў міжнародных конкурсаў званароў. Наогул, творчая праграма фестывалю была разнастайнай, багатай.

На працягу многіх гадоў пастаўчане даказвалі сваю прыхільнасць да народнай музыкі, фальклору. Яны самі змаглі стаць удзельнікамі мастацка-гістарычнай танцавальнай праграмы «Пастаўскі баль», якая суправаджалася непаўторным феерверкам. Яшчэ адна прыкметная з’ява адбылася ў рамках фестывалю, — святкаванне 100-гадовага юбілею Уладзіміра Дуброўкі.

Праграма фестывалю 2001 года ўключала як традыцыйныя мерапрыемствы, так і некаторыя новыя — творчую вечарыну «Музычныя традыцыі Паазер’я», прысвечаную 10-годдзю народнага фальклорнага ансамбля «Паазер’е», выстаўку-прэзентацыю прыватных калекцый музычных інструментаў, якая ў нашай краіне праводзілася ўпершыню.

Пастаўскі край славіцца імёнамі знакамітых людзей. Сярод іх гістарычныя асобы, такія як Антоній Тызенаўз, Альжбета Пузаніна (Агінская), Рамуальд Зянькевіч, Фпарыян Даноўскі, паэт і перакладчык Уладзімір Дубоўка; сучасныя асобы: акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі Б. Кіт, садавод І. Сікора, герой грамадзянскай вайны А. Станкевіч, мастак А. Ромера, народнф камісар працы СССР А.Ціхан, Ігар Пракаповіч, Левнід Трубач, Сяргкй шчэрба.

Да нашых дзён дайшлі некаторыя звесткі пра некаторых з іх.

Антоній Тызенгаўз (1733-1785 гг.)

Выдатны дзеяч 18 стагоддзя, найздольнейшы міністр урада апошняга караля Рэчы ПаспалітайСтаніслава Аўгуста Панятоўскага, беларуска-літоўскі Пётр I, «літоўскі цар», як называлі яго сучаснікі: рэфарматар, прадпрымальнік, мецэнат і збіральнік твораў мастацтва. Беларускі вучоны 19 стагоддзя Адам Кіркор назваў Тызенгаўза геніяльным чалавекам, які апярэдзіў сваё стагоддзе, зрабіў многа дабра і стаў ахвярай зайздрасці, злосці і бяссілля каралеўскай улады. Быў магнат у сяброўскіх адносінах з Ж. Ж. Русо. Згодна даследванняў прафесара Станіслава Касьцялкоўскага (з Лонданскага ўніверсітэта), Антоній Тызенгаўз з усіх сваіх прыватных уладанняў «самы вялікі прамысловы цэнтр імкнуўся стварыць у Паставах, атрыманых у спадчыну ад сваёй маці», дзе былі заснаваны:

§  Цагельны завод у 1754 годзе.

§  Фабрыка паясоў або персіярня (па аналогіі са Слуцкай мануфактурай шаўковых паясоў — Слуцкая персіярня). Са спіса гардэроба, узятага Тызенгаўзам у Варшаву 29 жніўня 1768 года, вынікае, што ў той час паясы з «пастаўскай фабрыкі» былі такімі — адзін срэбратканы, другі — лілея з ружовым. За год вопытны майстар звычайна вырабляў не больш 8 паясоў з залатых і срэбраных нітак на шаўковай аснове. Кожны выраб быў арыгінальным экзэмплярам і не паўтараў іншы. Над асобнымі, больш адмысловымі паясамі працавалі больш за паўгода.

§  Ткацкія майстэрні выраблялі палатно, шарфы, шляпы, дываны, карабельныя парусы і інш.

§  Папяровая фабрыка. Заснавана ў 1728 годзе. Знаходзілася на р. Мядзелка, прыводзілася ў рух з дапамогай двух колаў. Выраблялі шэсць сартоў паперы і картон.

§  Латунная майстэрня.

§  Гарбарня

§  Вятрак, перабудаваны, існаваўшы з невядомага часу;

§  Вадзяны млын на р. Мядзелка, перабудаваны (узведзены ў 17 стагоддзі Янам Ежы Зяновічам).

Граф заклаў прамысловы падмурак не толькі ўласна Пастаў, але і рэгіёна, заснаваўшы цагельныя мануфактуры ў Рудцы, Полаве, Варапаеве (дзе наладзіў таксама піваварную вытворчасць) і шкляную — у Галбеі. Адна з вуліц у Гродне носіць імя Антонія Тызенгаўза.

Эльжбета Пузыніна (Агінская) (? — 1767 гг.)

Княгіня Эльжбета Пузыніна (па маці з Чартарыйскіх, па бацьку — са знакамітай фаміліі Агінскіх) была вельмі адукаванай жанчынай, паклонніцай і мецэнаткай навук. Вілеская езуіцкая акадэмія і касцёл у Лучаі былі пабудаваны з яе фундацыі. Пры яе жыцці праводзіліся астранамічныя назіранні ў Лучаі, а ў Вільні яны праводзяцца і зараз.

Пузыніна заснавала астранамічную абсерваторыю ў Вільні і падтрымлівала яе матэрыяльна. «У 1755 годзе на гэтыя мэты яна ахвяравала значныя сумы, а ў 1766 годзе ўклала сродкі, працэнты з якіх у памеры 6000 злотых штогод пералічваліся на патрэбы акадэміі. Акрамя таго, яна ахвяравала 3000 злотых наяўнымі. Каб атрымаць гэтыя сумы, Э. Пузыніна збыла свае маёнткі ў Сандамірскім ваяводстве. Грошы былі скарыстаны на закупку астранамічных прылад у Англіі. У Віленскай абсерваторыі захоўваліся два партрэты Э. Пузыніны: у маладым і сталым узросце, а над галоўным уваходам быў змешчаны барэльеф з яе партрэтам і манаграмай. У аддзеле гравюр музея старажытнасцяў у Вільні захоўваўся партрэт Пузыніны з лацінскім надпісам, у якім выказвалася ўдзячнасць езуіцкага калегіўма».

У езуіцкім ордзене генералам В. Рычы былі ўведзены спецыяльныя малітвы ў гонар Э. Пузынінай Таксама былі зроблены партрэты Э. Пузынінай і А. Пузыніна. Яны захоўваліся ў Лучайскім касцёле, але потым, у 1992 годзе, былі перавезены ў Віцебскі мастацкі музей, дзе зараз і захоўваюцца. Але калі я папрасіў паглядзець на гэтыя партрэты мне адказалі: «Яны зараз не ў экспазіцыі, і без спецыяльных дакументаў мы іх Вам не пакажам».

Памерла Э. Пузыніна ў 1767 годзе ў сваім маёнтцы ў Лучаі. Пахавана ў Вільні.

Рамуальд Зянькевіч

У лютым споўнілася 190 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага археолага, фалькларыста, этнографа і краязнаўца Рамуальда Сымонавіча Зянькевіча. Нарадзіўся ён у Свянцянскім павеце Віленскай губерні (цяпер — Швянчонскі раён, Літва). Скончыў Віленскі універсітэт (1830 г.), працаваў настаўнікам на Свянцяншчыне, Пастаўшчыне, Ашмяншчыне, Піншчыне. Упершыню стварыў археалагічную карту Ашмянскага павета. Яму належыць публікацыя «Аб курганах і гарадзішчах Ашмянскага павета».

Будучы на Ашмяншчыне ў 1843 годзе, даследчык цікавіўся мясцовымі археалагічнымі помнікамі. Ён карыстаўся звесткамі аратых, якія знаходзілі старажытныя рэчы. Не маючы магчымасці самому весці раскопкі з-за слабага зроку, Р. Зянькевіч зрабіў абмеры курганоў, гарадзішчаў, апісаў іх знешні выгляд, даў ім мясцовыя назвы і сабраў мясцовыя легенды пра іх. Вынікі працы былі апублікаваныя ў часопісе «Athenaeum» (т. 5, 1848 г.). Працуючы на Палессі, збіраў беларускія народныя песні, апісваў працоўныя працэсы, абрады, вераванні беларусаў. Пісаў вершы, даследваў польскую літаратуру, праблемы педагогікі. Яго матэрыялы пра Крэўскі замак выкарыстаў М. Балінскі ў працы «Старажытная Польшча». О. Кольберг уключыў у 52 том «Беларусь — Палессе» 219 песень, якія запісаў Р. Зянькевіч. Памёр у 1868 годзе.

Фларыян Даноўскі

Фларыян Даноўскі нарадзіўся каля 1825 года (дакладныя звесткі адсутнічаюць). Быў сынам ганаровага грамадзяніна Панявежаса (Фельчара). Скончыў 6 класаў гімназіі ў Вільні, зарабляў на хлеб рэпетытарствам. Адзін з заснавальнікаў «Братняга саюза літоўскай моладзі» (разам з асноўнымі стваральнікамі — братамі Далеўскімі: Францішкам і Аляксандрам). Быў арыштаваны напачатку красавіка 1849 г.

Згодна выраку вайсковага суда, зацверджанага на канфірмацыі 19 лістапада 1850 года, быў засуджаны да пакарання шпіцрутэнамі (атрымаў 1000 палак, па іншых звестках нават больш; экзэкуцыя адбывалася на панадворку вайсковага арсеналу, што месціўся на гарах на Антокалі). Пасля збіцця-экзэкуцыі быў сасланы на 10 гадоў катаржнай работы ў нерчынскіх рудніках — самых жорсткіх дысцыплінарна і знясільваючых. Пакутаваў разам з паплечнікамі-аднадумцамі Міхалам Бокім, Л. Уклеўскім.

У 1855 годзе быў у Култуме. Датэрмінова вызвалены ад цяжкай катаржнай працы і асеў у Табольску. Па шырокай амністыі, якую дазваляў правесці каранацыйны маніфест 1856 года цара Аляксандра ІІ, вярнуўся на радзіму ў 1858 годзе. Вядома, што ў 1862 годзе працаваў у маёнтку Шаты Вількамірскага павета. Падчас паўстання 1863-1964 гадоў царызм меў на яго пільнае вока. Напачатку нават арыштаваў у красавіку 1863 года, аднак з прычыны адсутнасці хоць якіх-небудзь доказаў вінаватасці і дачынення да паўстанцкіх падзей, улады мусілі выпусціць арыштанта з астрогу.

Застаючыся ўвесь час пад пагрозай знявольвання, у траўні 1863 года падаўся ў Вільню, каб згубіць сляды. Аднак акурат праз год, у траўні 1864 быў арыштаваны паўторна. Гэтым разам адпакутаваў на папярэднім следстве больш за 2 гады. Выракам вайсковага суда, зацверджаным толькі 26 верасня 1866 года., быў асуджаны на «баніцыю» — выгнанне з краю. Гэта значыць, высылку ў аддаленыя месцы імперыі — Сібір. Жыў у Табольску, Іркуцку, дзе перабіваўся, як у маладыя кады, рэпетытарствам. Спрабаваў здабываць хлеб надзённы і лягчэйшай працай — гандлем, паляваннем. Зноў згодна царскай амністыі, аб’яўленай у 1874 г., вярнуўся, спакутаваны , на радзіму. Да канца жыцця жыў непрыкметна і ціха ў слынным маёнтку Каралінова тагачаснага Свянцянскага павета (зараз — Пастаўскі раён), што належыў старадаўняму роду Ромэраў. Займаўся іх прыватнымі інтарэсамі, за што меў жытло і ўтрыманне. Там і памёр у 1903 годзе. Пахаваны на мясцовым цвінтары.

Уладзімір Дубоўка

Хроніка жыцця

2(15) ліпеня 1900 года — нарадзіўся ў вёсцы Агароднікі Манькавіцкай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Пастаўскі раён Віцебскай вобласці).
1905 г. — вучыцца ў Манькавіцкай пачатковай школе
1912 г. — паступае ў двухкласнае Мядзельскае вучылішча.
1914 г. — у кастрычніку паступае ў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю (каля Вільні), якая ў сувязі з вайной была пераведзена ў г. Невель ( беларускі горад — цяпер Расія).

1918 г. — у лютым завершыў вучобу ў семінарыі і прыехаў у Маскву, дзе ў той час жылі бацькі.
1920 г. — проаходзіць службу ў асобнай тэлеграфна-будаўнічай роце Чырвонай Арміі.
1921 г. — пасля дэмабілізацыі працуе ў Народным камісарыяце асветы РСФСР метадыстам і інструктарам беларускіх школ і вучыцца ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В. Брусава.
1924 г. — упершыню наведвае Мінск; у сакавіку едзе ў Харкаў, дзе знаёміцца з П. Тычынам, М. Рыльскім, Ул. Сасюрам; завяршае вучобу ў інстытуце імя В. Брусава; працуе рэдактарам беларускага тэксту «Весніка ЦВК, СНК і СПА ССР» і адказным сакратаром прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе СССР, а таксама рэдактарам літаратурнай старонкі на беларускай мове ў газеце «Гудок».
1925 г. — разам з сябрамі ўтварае літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Маладняк» .
1927 г. — ажаніўся з Марыяй Пятроўнай Кляўс.
1928 г. — нараджаецца сын Альгерд.
1930 г.- за верш “За ўсе краі, за ўсе народы свету” паэта арыштоўваюць.
1931 г. — знаходзіцца ў зняволенні ў менскай турме; 10 красавіка асуджаны на пяць гадоў высылкі ў Яранск (былая вяцкая губерня); працуе ў Яранскім райспажыўсаюзе на пасадзе сакратара; у Яранск прыяжджае з малалетнім Альгердам і Марыя Пятроўна.
1932 г. — жыццё ў Яранску. Калі ён «…як пісьменнік, нічога не рабіў».
1933 г. — прымусовы пераезд ў вёску Шэшурга, а пазней — у Чэбаксары.
1937 г. — новы арышт. Жонка з сынам вяртаецца ў Маскву, а потым — у Талдом (сто кіламетраў на поўнач ад Масквы), дзе працуе рахункаводам. Там, напачатку вайны, загінуў іх трынаццацігадовы сын Альгерд. У снежні з прысудам «пазбавіць волі на дзесяць гадоў» паэта этапіруюць на Далёкі Ўсход.
1939 г.- знаходзіцца на лагернай будоўлі ў Новым Бірабіджане.
1947 г. — пасля заканчэння тэрміну зняволення паэт апынаецца ў г. Зугдзідзі (Грузія), дзе працуе рахункаводам у канторы чайнага саўгаса Наразені. Туды ж пераяжджае і Марыя Пятроўна.
1949 г. — чарговы арышт. Спачатку — тбіліская турма, а потым этап у Краснаярскі край. Працуе сталяром у Почэце Абанскага раёна, Марыя Пятроўна выкладае ў школе матэматыку.
1957 г. — канчаткова рэабілітаваны.
1958 г. — стала жыве ў Маскве.
1959 г. — наведвае Кіеў, падарожнічае па Палессі.
1976 г.- у Маскве 20 сакавіка паэт памірае.

На Пастаўшчыне паважаюць і шануюць добрую працу, шчырае слова, звонкую песню…

Музей горада, яго гісторыка-культурны патэнцыял

Пастаўскі раённы краязнаўчы музей знаходзіцца ў г. Паставы Віцебскай вобласці. Музей знаходзіцца на плошчы Леніна ў двухпавярховым будынку — помніку архітэктуры 18 стагоддзя. Заснаваны ў 1974 годзе. Экспазіцыйная плошча складае 175 м2, на лічваецца каля 7000 экспанатаў асноўнага фонда. На першым паверсе музея — зала прыроды. Тут можна пазнаёміцца з раслінным і жывёльным светам Пастаўшчыны, дзякуючы маляўнічым панарамам, шматлікім чучалам птушак і звяроў, калекцыям насекомых, гербарыям і інш. У гэтай жа зале размешчаны археалагічныя знаходкі: жалезня скрабкі, нажы, шыла, каменныя і жалезеныя сякеры, рэшткі глінянага посуду.

Асобую зацікаўленасць выклікаюць знойдзеныя каля г. п. Лынтупы Пастаўскага раёна косткі маманта. На другім паверсе музея ва ўтульных залах гісторыі і этнаграфіі можна пазнаёміцца з археалагічнымі знаходкамі 18 стагоддзя, з кладам нідэрландскіх талераў і ортаў 17 стагоддзя, салідамі Вялікага княства Літоўскага. Шматлікія экспанаты распавядаюць пра жыццё ў Паставах у 18-19 ст., у часы Расійскай імперыі, пра перыяд Першай Сусветнай Вайны, польскай акупацыі (пашпарты, грошы, медалі, кнігі і інш.).

У экспазіцыі Вялікай Айчыннай Вайны размешчаны дакументы, фотаматэрыялы пра дзейнасць партызанаў і падпольшчыкаў, іх асабістыя рэчы, а таксама партызанскі мінамёт, снарады, тэлеграфны апарат і шмат іншага. Асобай папулярнасцю наведвальнікаў карыстаюцца залы этнаграфіі, інтэр’ер сялянскай хаты. Тут прадстаўленыя тыповыя для Пастаўшчыны малёваныя і тканыя дываны, вышыўкі, кераміка, вырабы з лазы і саломы, медны посуд, і шмат іншых прадметаў быта, а таксама вырабы народных майстроў Пастаўшчыны. Музей працуе штодня, акрамя панядзелка. Аўторак – пятніца з 10 да 18 гадзін. Субота — нядзеля з 11 да 18 гадзін. Перапынак з 14 да 15 гадзін. Экскурсіі праводзяць супрацоўнікі музея на беларускай і рускай мовах. Адрас музея: пл. Леніна 11/2, г. Паставы Віцебскай вобласці. 211840, Беларусь тэл. 8 (255) 2-17-96.

Сучаснае становішча і перспектывы выкарыстоўвання культурна-гістарычнага патанцыяла горада ў экскурсіённым турызме

Паставы – гэта невялікі гарадок, але ён адзін з нямногіх мястэчак Беларусі, дзе яшчэ захаваўся каларыт старажытнасці. Такія маленькія вулачкі, невялікія аднапавярховыя дамы, блакітныя азёры, утоенасць ад шумных гарадоў і дарог – ўсё гэта прыцягвае сюды чалавека. На цяперашні дзень пра Паставы ведаюць не многія. А тыя з іх хто і ведае бываюць ў ім толькі праездам. Я лічу, што сапраўды, такое мястэчка як Паставы можна выкарыстоўваць, як цэнтр аднаднеўнай экскурсіі. І па-першае, як цэнтр паміж дзвума нацыянальнымі паркамі: Нарачанскім і Браслаўскімі азёрамі.

Ёсць ў Пастаўскім раёне, а менавіта ў Паставах гасцініца, але, скажам так, не лепшага ўзроўню, таму школьныя і студэнтцкія группы тут можна размясціць, а ўжо інастранныя турысты будуць не вельмі задаволены камфортам. Гэты турысцкі цэнтр прыцягвае сюды турыстаў яшчэ і фестывалем, які праходзіць тут летам. Мне здаецца, што можна арганізаваць і распрацаваць у сувязі з гэтым нешта новае, непаўторнае, што яшчэ больш зацікавіла бы не толькі музыкаў, але і тых, хто зусім не датычыцца да музычнага мастацтва. Але, зразумела, на гэта патрэбны сродкі і ўвогуле, нават у гэтым годзе фестываль не праводзіўся з-за недахопку сродкаў.

Недалёка ад Пастаў знаходзяцца такія, ужо амаль усім знаёмыя турыстскія цэнтры як Браслаў, Глыбокае, Мядзель, Камаі. У Камаях размешчаны адзін з цудоўнейшых прыкладаў помнікаў абарончага дойлідства з элеменетамі готыкі і рэнесансу. У 2001 годзе касцёлу іспоўнілася 400 гадоў, але дзякуючы майстэрству будаўнікоў і мясцовых жыхароў, можна быць упэўненым, што касцёл будзе святкаваць сваё тысячагоддзе. Я лічу, што такі помнік культавай архітэктуры, з такой багатай гісторыяй зацікавіў бы не толькі беларускіх турыстаў, а і турыстаў з-за мяжы.

Асноўны вывад можна зрабіць такі. Ёсць на Беларусі, асабліва ў Севернай, мястэчкі, куточкі і гарады, дзе існуюць сапраўдныя шэдэўры, якія дайшлі да нас ад нашых продкаў. Трэбы абавязкова ўводзіць іх у экскурсіённыя туры па Беларусі, распрацоўваць новыя і дапаўняць імі ўжо існуючыя.

1998 г.

ист: http://uchebana5.ru/cont/1512631-pall.html

авт. неизвестно

UchebaNa5.ru

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

1,637 просмотров всего, 0 просмотров сегодня

Метки: , . Закладка Постоянная ссылка.