Па навуку да пані Бернатавічоўны
У пачатку ХХ стагоддзя многія жыхары Пастаўшчыны чулі пра «пані Банатавічоўну».
І не толькі чулі. Некаторыя бацькі, у сем’ях якіх гадаваліся дачушкі, вазілі іх да той жанчыны «па навуку». Што гэта была за асоба, пра якую ведалі не толькі ў нашым краі, але і нават у суседніх краінах?
Звалі яе Антаніна Бернатовіч. Нарадзілася ў 1860 годзе на Пастаўшчыне, у маёнтку Казлоўск, які належаў Друцкім-Любецкім. Яе бацька быў тут кіраўніком, загінуў падчас паўстання супраць расійскай акупацыі краю ў 1863 годзе.
Пачатковую адукацыю Антаніна атрымала ў сям’і Ігнація Друцкага-Любецкага, дзе выхоўвалася разам з яго дзецьмі Уладзімірам і Марыяй. У 1883 годзе ў Вільні скончыла курсы пані Уласевіч і вярнулася ў Казлоўск. Праз чатыры гады выехала ў Варшаву, дзе за год прайшла курс пчалярства і агародніцтва, уступіла ў шэрагі Варшаўскага агародніцкага таварыства. У 1888 годзе Бернатовіч зноў прыехала на радзіму, дзе на арандаваных палетках заклала сад і пачала займацца вырошчваннем і сушкай садавіны і гародніны. З садавіны на прамысловай аснове выраблялася віно. Усе работы выконвалі тры рабочыя. Пані Антаніна Бернатовіч асабіста кантралявала працэс упакоўвання гатовых вырабаў. Яе наватарскі падыход да справы ў хуткім часе даў добры плён. У 1890 годзе за сушаную гародніну яна атрымала сярэбраны медаль на выставе Імператарскага расійскага таварыства садоўніцтва ў Пецярбургу, а праз год — сярэбраны медаль за сушаную садавіну і гародніну на выставе ў Вільні.
У 1892 годзе Антаніна Бернатовіч занялася новай для сябе сферай дзейнасці, якая стала справай амаль усяго яе далейшага жыцця. Магчыма, гэта было звязана са шляхецкім выхаваннем і імкненнем ахвяраваць свае веды і ўменні на карысць іншых, на дабрачыннасць. Маладая жанчына па сваёй ініцыятыве пачала весці ў Казлоўшчыне практычныя курсы агародніцтва для дзяўчынак. Ад гэтага яна атрымлівала задавальненне і прызнанне, якое пашыралася з года ў год. А неўзабаве яна арганізавала агародніцка-пчалярскія курсы, якія паступова пераўтварыліся ў практычную агародніцка-земляробчую школу. Сваёй асветніцкай дзейнасцю А. Бернатовіч займалася нелегальна, без дазволу і дапамогі афіцыйных расійскіх улад, якія адмоўна ставіліся да любых мясцовых ініцыятыў, асабліва ў сферы адукацыі і асветы. На той час у краі земляробчых школ не было, хоць спецыялісты такога профілю патрабаваліся. Антаніна валодала не толькі добрымі арганізатарскімі здольнасцямі і грунтоўнымі ведамі ў галіне агародніцтва і садоўніцтва, але і мела выдатны педагагічны талент.
Мэтанакіраванасць і адданасць справе прынеслі ёй поспех і вядомасць, прычым не толькі на Пастаўшчыне, але і далёка за яе межамі.
На навучанне да яе сваіх дачок з навакольных і аддаленых вёсак прывозілі многія бацькі. Тым не менш Антаніна адчувала нястачу і недахоп сродкаў, ціск з боку мясцовай адміністрацыі. Як і ў большасці людзей, якія ахвяруюць сябе на дабрачынныя мэты, у яе з’явіліся нядобразычліўцы і зайздроснікі. Гэта вымусіла Антаніну перанесці школу ў Паставы. Але неспрыяльныя абставіны, якія тут склаліся, не далі ёй магчымасці прадоўжыць асветніцкую дзейнасць. У 1899 годзе ў мястэчку адбыўся вялікі пажар і ўвесь набытак настаўніцы згарэў. Аднак і пасля гэтага яна не адмовілася ад сваёй дзейнасці.
У 1903 годзе А. Бернатовіч перанесла школу ў фальварак Крываносы, які на 12 гадоў узяла ў арэнду ў пана Цыбульскага. Менавіта тут агародніцка-земляробчая школа дасягнула свайго найбольшага росквіту і вядомасці. «Па навуку да пані Бернатавічоўны» ехалі не толькі дочкі заможных бацькоў, але і дзяўчаты з зусім бедных сем’яў, якіх жанчына атуляла сваёй амаль матчынай спагадай і ласкай. Пераймаць досвед навучання ў Крываносы прыязджалі настаўніцы падобных школ не толькі з Літвы, але і з этнічнай Польшчы.
Курс заняткаў доўжыўся ад 8 месяцаў да года, але былі і так званыя «тэрмінатаркі», якія вучыліся і працавалі ў школе 3 гады, а потым, маючы грунтоўныя веды, уладкоўваліся інструктарамі ў сельскагаспадарчыя школы. Адначасова ў А. Бернатовіч навучалася 20-30 дзяўчат, а ўсяго яна «выпусціла ў свет» 460, як цяпер кажуць, маладых спецыялістаў. Заняткі ў школе праводзіла як сама арганізатар курсаў, так і яе памочніцы, сярод якіх — Язафата і Марта Авіжоніс, Паўліна Сагатоўская — адна з першых вучаніц Антаніны. Практычныя веды, якія атрымлівалі навучэнкі ў школе, былі трывалымі і карыснымі для далейшага жыцця. Пра ўзровень падрыхтоўкі сведчаць узнагароды. Сушаная садавіна і гародніна, мёд, сыры яблычныя, віно, пернікі былі высока адзначаны на выставах у Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Лібаве, Коўне, Вільні. Да 1911 года школа атрымала 5 залатых, 12 сярэбраных і 6 бронзавых медалёў за выстаўленыя экспанаты.
У 1911 годзе Антаніна была вымушана пакінуць Крываносы і пераехаць пад Вільню, дзе ў мястэчку Устронь аднавіла дзейнасць сваёй школы. Праз два гады тут адзначылі імяніны «майстэркі» (так называлі яе між сабой дзяўчаты) і 25-годдзе яе асветніцкай дзейнасці. На ўрачыстасць з розных гарадоў і вёсак прыехала звыш 150 чалавек, у асноўным яе былыя вучаніцы. Гэта была яскравая ацэнка самаахвярнай дзейнасці Антаніны Бернатовіч, пацвярджэнне яе высокіх чалавечых якасцей і педагагічнага таленту.
У 1914 годзе з пачаткам Першай сусветнай вайны школа спыніла сваю дзейнасць. Аднак жанчына не адмовілася ад педагагічнай місіі. Падчас германскай акупацыі ў Вільянаве пад Вільняй яна стала апякаць дзяцей-сірот і поўнасцю прысвяціла сябе гэтай справе. Там жа ў 1918 годзе Антаніна Бернатовіч памерла ад тыфу. Праз 15 гадоў удзячныя былыя вучаніцы паставілі на яе магіле помнік.
Ігар Пракаповіч
Источник: https://www.postawy.by/2022/12/pani-banatavicho-na-chto-eto-byla-za-lichnost-o-kotoroj-znali-ne-tolko-v-nashej-strane-no-i-v-sosednih/