Калі душа ваша патрабуе адчуванняў часоў мінулых, накшталт апісаных у “Чорным замку Альшанскім” Уладзіміра Караткевіча, то вам патрэбна менавіта сюды — у Крыкалы.
Узнікненне гэтай цудоўнай мясціны адносяць да канца 18 – пачатку 19 стагоддзя.Тады,у маляўнічым месцы на сямі пагорках,пачалася закладка парку ландшафнага тыпу плошчай каля 15 га. Парк ствараўся вакол сядзібы тагачасных гаспадароў. Усходняй мяжой сядзібы з’ўляецца рака Заражанка, паўднёва-заходняй часткай — дарога Дунілавічы – Варапаева. Уезд у сядзібу пачынаўся з гэтай самай,абсаджанай векавымі дрэвамі, дарогі. Злева ад уезду,на невялікім пагорку,стаяла капліца,невялікі малельны будынак. Крыху далей,справа ад дарогі,высока ў неба білі струмяні фантана. Масіўная,цалкам каменная ёмістасць ад гэтага фантана яшчэ зусім нядаўна была выкапана для гаспадарчых патрэб. Вакол фантана быў закладзены дэндралагічны сад са шматлікіх дрэў і кустоў з розных куткоў свету.
Упіралася дарога ў каменны палац,уваход у які ахоўвалі дзве скульптуры львоў.Перад пачаткам 1-й Сусветнай вайны палац пачалі перабудоўваць,але калі пачалася вайна,то работы былі прыпынены. У час вайны ён наогул быў спалены і больш не аднаўляўся.
Ад былой сядзібы застаўся свіран і два паўразбураныя гаспадарчыя будынкі. Гэтыя дзве пабудовы цікавыя сваёй архітэктурай — фасад каменны, а астатняя частка будынка драўляная, таксама ўражвае якасць каменных работ тагачасных майстроў. Да нядаўняга часу будынкамі карысталіся для гаспадарчых патрэб.
Побач з будынкамі — сістэма сажалак,якія зараз вельмі зараслі,але ў іх праглядаецца стройная водная сістэма,пры якой вада пастаянна замянялася.
У 50-х гадах мінулага стагоддзя тут быў створаны калгас “1-ае мая”,потым размяшчалася база нарыхтоўчай канторы,зноў калгасная ферма,якая зараз не дзейнічае.
Дарога за былым палацам агінае ўзгорак і вядзе на поўнач. Справа ўзвышаецца пагорак,які называюць “Лысай гарой”. Гэта паросшая зараснікам ляшчыны гара з’ўляецца самай высокай кропкай парку. Паданні сцвярджаюць,што на вяршыні гэтага ўзгорка ніколі не растуць дрэвы,паколькі там у поўнач збіраюцца чэрці і правяць “шабаш”(ігрышчы). З гары адкрываюцца маляўнічыя краявіды на мястэчка Дунілавічы і наваколле. Наступная знакавая кропка — “Чортаў камень”.
Разам з “Лысай гарой” ён з’яўляецца самым знакамітым месцам парку.Гэта вялікі камень з плоскай паверхняй,па форме крыху нагадвае сэрца. Раней на паверхні можна было разгледзець адбітак,нагадваючы след ступні,зараз ён амаль незаўважны.Побач з каменем добра прагледжваюцца рэшткі аднайменнага маста праз глыбокую расселіну. Існуе некалькі легенд аб гэтым месцы. Яны сцвярджаюць,што гэты мост быў сплецены з лазы,а мясцовы пан праязджаў па ім у брычцы на пары коней, бавіў час з чарцямі і гуляў з імі на камяні ў карты.
Як бачым,шмат чаго ў гэтых месцах звязана з “чартаўшчынай”. Сапраўды, у гэтых месцах чалавека агортвае незразумелая аўра таямнічасці,дыханне былых часоў. Здаецца вось-вось на зарослых сцяжынках з’явяцца постаці паненак у белых сукенках або праімчыць панская карэта. Калісьці на пасыпаных пяском сцяжынках,сярод дагледжаных дрэў, віравала жыццё,а зараз застаўся подых тых падзей.
Насупраць Чортавага маста могілкі,дзесятак-другі пахаванняў. Гады нараджэння пахаваных — канец 18 – пачатак 20 стагоддзяў. На жаль,усе пахаванні былі раскапаны і разрабаваны,але па ініцыятыве мясцовай улады і касцёла, з дапамогай мясцовага фундатара,могілкі адноўлены і занава асвечаны.
Тут перасячэм умоўную мяжу парку і агледзім рэшткі вадзянога млына на крыніцы. Застаецца толькі здзіўляцца разумнаму вядзенню гаспадаркі тагачаснымі ўладальнікамі сядзібы. На адной крыніцы створана водасховішча і пабудаваны невялікі вадзяны млын,які забяспечваў размол зерня для гаспадаркі.
Дно ручая.што цячэ з крыніцы,мае іржавы колер,магчыма,вада мае завышанае ўтрыманне нейкага элемента.
За крыніцай — лес,у якім не сусрэнеце ні адной вужакі,кажуць да гэтага часу дзенічае замова пана.
Так выглядае цікавае ў многіх адносінах,але малавядомае месца Крыкалы.
Нядаўна на гэты парк звярнуў увагу старшыня МЭГА “Прырода і мы” Лысёнак А.К. Па яго ініцыятыве, на грошы фонда, было праведзена частковае добраўпарадкаванне парка і пракладзена экалагічная сцяжынка. Праз раку Заражанка перакінуты 15-метровы каваны мост, для бліжняй крыніцы выраблены і ўстаноўлены зруб і альтанка, на Лысай гары і ля маста абсталяваны месцы для заняткаў і адпачынку.
Расчышчана цэнтральная дарога,пракладзены сцяжынкі да знакавых месц. На ўездзе размешчаны інфармацыйны стэнд, указальнікі.
Парк стаў прыгодным для наведвання школьнікамі і дарослымі.
из ист: https://dunilovichi.wordpress.com