Ці даводзілася вам калі, заходзячы ў звычайны дом, трапляць у… карцінную галерэю? Мне пашанцавала. Назаву адрас і гаспадара: Паставы, вуліца Кірычука, 46, Пісарчык Віктар Эдвардавіч.
Гэты адрас быў пазначаны ў маім журналісцкім блакноце гадоў ці не з дзесяць таму. Затым “зацёрся” сярод іншых і выпаў з памяці. Але калі ў наш калектыў, у аддзел рэкламы, прыйшла новая работніца і я зацікавілася яе анкетнымі данымі, звіліны майго прытомленага розуму заварушыліся і выдалі інфармацыю: дык гэта ж адрас яе бацькоўскага дома! З дапамогай Вікторыі і ўдалося ўгаварыць яе тату, які вельмі не любіць публічнасці, на сустрэчу.
І вось адчыняю дзверы — і адразу ж трапляю ў свет карцін. Яны паўсюль: у калідоры, пярэднім пакоі, гасцінай, ва ўсіх астатніх. Адкрываю ў захапленні рот — не інакш як на выставу знакамітага мастака трапіла. А “знакамітасць” сціпла заўважае: “Ну які я мастак? Самавучка!”
Віктар Эдвардавіч сапраўды не мае ніякай мастацкай адукацыі. Затое ў яго ёсць талент ад Бога. І праяўляцца ён стаў з маленства. У агульнаадукацыйнай школе настаўніца малявання казала перад усім класам: “Не мне цябе трэба вучыць, Віця, а самой у цябе вучыцца”. На асаблівым рахунку знаходзіўся і падчас праходжання тэрміновай службы ў арміі. Быў мастаком пры штабе, афармляў усю наглядную агітацыю.
Колькі сябе памятае, столькі і малюе. Вядома ж, гэта не азначае, што не выпускае пэндзля з рук. Былі перыяды, што і па два гады не падыходзіў да палатна, а потым зноў “прарывала”, і мог цэлымі начамі прастойваць перад трыножкам, мазок за мазком накладваючы фарбы на палатно. Перавагу аддае алейным. Над каторай карцінай будзе працаваць тыднямі і нават месяцамі, іншая народзіцца літаральна за некалькі гадзін — на адным дыханні. Вось хутар Антанова — сядзіба жончыных бацькоў — невялікі вясковы домік, стог сена, конік пасвіцца ўдалечыні ля бярозак, а на падвор’і — качкі, куры. Сама рэчаіснасць. А якая яркая, радасная, сакавітая ранняя вясна ў лесе! Колькі золата ў восеньскім пейзажы! Якія апетытна-прывабныя нацюрморты! Зрэшты, разумею, што ўсе мае намаганні перадаць словамі змест і хараство карцін дарэмныя. Таму здаюся — іх трэба бачыць.
— А якія для вас самыя любімыя? — пытаюся ў мастака.
— Нелюбімых няма, — чую ў адказ. — Яны мне як родныя дзеці. Аднолькава люблю ўсе. Колькі маіх работ па ўсім свеце разышлося! Але, падарыўшы каму карціну, я абавязкова зноў пішу такую ж, каб была і ў сябе. Многае бачу і занатоўваю сам, штосьці змалёўваю з рэпрадукцый. Мне гэта падабаецца.
Ну а як не пацікавіцца меркаваннем жонкі мастака наконт яго захаплення?
— Віця ўразіў мяне сваім талентам ужо ў першыя дні знаёмства, — з усмешкай узгадвае Тамара Мікалаеўна. — Прама на спатканні намаляваў на пачку з-пад запалак (нічога іншага пад рукой не было) мой партрэт.
Зараз жа ў хатняй карціннай галерэі побач з іншымі работамі Віктара Эдвардавіча прыцягваюць позірк дабротна выкананыя партрэты яго любімых жонкі, дачок Вікторыі і Анжэлы, унучкі Машы. Усе як адна прыгажуні!
А ці перадаўся ж талент бацькі дзецям? І Вікторыя, і Анжэла задаткі да малявання маюць. Яшчэ ярчэй яны праявіліся ва ўнучкі, якая ходзіць у дзявяты клас. Не без гонару Эдвардавіч паказаў мне Машыны работы і прызнаўся, што марыць, каб сямейная галерэя папаўнялася не толькі яго карцінамі…
Фаіна КАСАТКІНА.
Фота аўтара.
Пятница, 31.03.2017 19:34. Category: Творцы http://www.postawy.by/2017/03/xatnyaya-karcinnaya-galereya-chamu-b-i-ne/nggallery/page/1