ПОСТАВЫ – народны хор “Памяць”

     У 1979-м начальнік Дома афіцэраў Генадзь Шышкін арганізаваў клуб ветэранаў вайны “Пераможца”, які пазней перайменавалі ў “Памяць”.

З моманту стварэння была арганізавана прапагандысцкая група з ліку франтавікоў, якія мелі багаты баявы вопыт, маглі даступна расказаць моладзі пра вайну. А такіх было нямала, бо клуб аб’яднаў былых салдат, партызан, медсясцёр, камандзіраў часцей рэгулярных падраздзяленняў Савецкай Арміі і партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі ў гады вайны на тэрыторыі Беларусі.

З цягам часу, акрамя гутарак пра вайну, дыялогу з моладдзю, члены клуба сталі спяваць песні ваенных гадоў, што ўспрымалася натуральна. У выніку ў 1980 годзе пры клубе арганізаваўся хор ветэранаў вайны.

Изображение 1

Год за годам калектыў удасканальваўся, павышаў сваё выканальніцкае майстэрства. Пачаў выступаць з канцэртамі не толькі ў навучальных установах (як было задумана спачатку), але і на прадпрыемствах, у арганізацыях, сельскіх клубах. Да 1996 года ён быў адзі¬ным у Беларусі хорам, які складаўся толькі з ветэранаў вайны. Выступалі з канцэртамі ў сваім горадзе, раёне, многіх раённых цэнтрах вобласці, у Літве, неаднаразова – на сталічнай сцэне. Ніводнага агляду-конкурсу ветэранскіх калектываў не абыходзілася без іх ўдзелу.

Неаднаразова станавіліся пераможцамі, за што атрымлівалі дыпломы, Ганаровыя граматы. У 1988 годзе хору было прысвоена званне “народны”.

У рэпертуары хору каля сотні песень ваенных гадоў, патрыятычных і лірычных, у тым ліку такія, як “Песня аб Паставах”, “Слухайце хор ветэранаў”, “Сёння мы – ветэраны” і іншыя. Словы і музыку да многіх з іх напісаў Генадзь Шышкін, які на працягу 18 гадоў быў нязменным кіраўніком.

З 1999 года хорам кіруе Павел Рагіня, які працягвае закладзеныя пры яго стварэнні традыцыі. Многія гады плённа працуе з харыстамі музычны акампаніятар Аляксей Конанаў. У цяперашні час у хоры няма ніводнага ўдзельніка вайны, ён не такі шматлікі, якім быў спачатку. Мала і мужчын, але ўсе, хто прыходзіць у калектыў, з ім не развітваюцца, а калі і пакідаюць, то толькі па стане здароўя.

Усе ўдзельнікі хору – людзі адказныя, улюбёныя ў песню. Нядаўна хор папоўніўся выканаўцамі з пастаўленымі галасамі, граматнымі ў музыкальным плане, спецыялістамі-вакалістамі, якія скончылі музычныя студыі і школы, установы культуры і адукацыі.

Усіх жадаючых таксама запрашаюць у хор ветэранаў.

Паводле сайта газеты «Пастаўскі край»

 

В честь 35-летнего юбилея образования народного хора ветеранов войны и труда

 

В первые дни лета Поставское  районное объединение профсоюзов в честь  35-летнего юбилея образования народного хора ветеранов войны и труда района преподнесло его участникам подарок в виде экскурсионной поездки по  памятным  местам Глубоччины и организации дружеской встречи  с хором ветеранов «Монолит» Глубокского района.
Рано утром на комфортабельном автобусе состоялся отъезд хора ветеранов в г.Глубокое.

Первой остановкой была деревня Мосар. Эту местность по праву называют и «белорусской Швейцарией», и «белорусским Версалем» из-за потрясающей, необыкновенной красоты природы и необычного для белорусских деревень уровня благоустройства. Рядом с костелом разбит живописный парк, прогулка по которому ветеранам доставила эстетическое удовольствие. Они смогли попробовать воду из двух источников, насладиться тишиной аллей и умиротворением деревенской тишины.
Далее экскурсанты переехали в г.Глубокое. Там их встретила председатель Глубокского районного объединения профсоюзов Телица В.М., которая вместе с экскурсоводом районного краеведческого музея провела обзорную экскурсию по городу. Экскурсантов покорил чистый ухоженный город, великолепие строений прошлых веков   и  современной архитектуры.
Ну, а самый неизгладимый след оставила встреча с участниками хора ветераном «Монолит» Глубокского района, которая прошла в теплой, дружеской обстановке. Все получили массу удовольствия и хороших впечатлений. Теплоту встречи дополнило творческой энергией сольный номер председателя Глубокского РК профсоюза работников государственных и других учреждений Капшуль А.С.

Не обошлось и без танцевального отделения.
Прощаясь, ветераны горячо благодарили районные профсоюзные объединения профсоюзов за возможность встречи и общения, за оказываемую помощь и поддержку. И выразили надежду на новую встречу.

 _________________________

“Перавагу аддаю класічнай музыцы”

Знаёмцеся: кіраўнік народнага хору ветэранаў клуба “Памяць” Павел Пятровіч Рагіня. Маёр запасу. У мінулым — дырыжор ваеннага аркестра. Вялікі прыхільнік класічнай музыкі. Прыкладны сем’янін. Аптыміст і жыццялюб.

— Думаецца, Вы не маглі не стаць музыкантам. Гавару гэта таму, што добра ведала Вашага бацьку, цудоўнага груздаўскага музыку Пятра Пятровіча.

— Гэта сапраўды так. Мае маці і бацька з ранняга ўзросту спявалі ў царкоўным хоры на клірасе. Тата 22 гады быў царкоўным рэгентам. Служыў у Груздаве, Ажунах, і калі ў гады ваяўнічага атэізму цэрквы там закрылі, сям’я пераехала ў мястэчка Круглае Магілёўскай вобласці, пазней — у Навагрудак, дзе я і закончыў агульнаадукацыйную і музычную (па класе баяна) школы. У Навагрудку граў у школьным духавым аркестры на трубе.

— А чаму вярнуліся на Пастаўшчыну?

— Аднойчы ў 1966 годзе тата ўбачыў па тэлебачанні выступленне Груздаўскага цымбальнага аркестра, пазнаў многіх яго ўдзельнікаў, захапіўся ігрой аркестрантаў і цвёрда сказаў: “Вяртаемся на радзіму”. Быў і яшчэ адзін матыў прыняцця такога рашэння. Мы з братам з’яўляліся дзецьмі служыцеля культу, што, несумненна, стала б перашкодай пры паступленні на далейшую вучобу. Пасля вяртання на радзіму тата стаў працаваць у культуры.

— Як Вы звязалі лёс з арміяй?

— На тэрміновую службу я прызваўся ў 1967 годзе. Служыў у Барысаве — граў у ваенным аркестры, потым падчас звыштэрміновай службы ў Паставах — таксама ў аркестры. Разам з братам Георгіем, які маладзейшы за мяне на тры гады, вучыліся завочна ў Маладзечанскім музычным вучылішчы. Даведаліся, што пры Маскоўскай кансерваторыі ёсць ваенна-дырыжорскі факультэт, і таксама абодва паступілі туды: я ў 1973-ім, брат — у 1974-ым. Георгій зараз жыве ў горадзе Цвер. Выдатны трубач. Раней быў ваенным дырыжорам, а цяпер працуе артыстам ваеннага аркестра. Я пасля заканчэння кансерваторыі восем гадоў служыў дырыжорам аркестра ваеннага вучылішча сувязі ў горадзе Кемераве, затым пяць гадоў у Германіі. Ваенную службу завяршыў у Паставах  на пасадзе начальніка гарнізоннага афіцэрскага клуба. У 1993 годзе выйшаў на пенсію.

— Зараз Вы кіруеце народным хорам. На мой погляд, дырыжор ваеннага аркестра і кіраўнік хору ветэранаў — велічыні несупастаўныя. Як рашыліся на такі крок?

— Якая розніца, кім кіраваць? Вядома, хор для мяне — іншая спецыфіка. Але з кансерваторскай адукацыяй можна ўсё адолець. Безумоўна, з прафесіяналамі было цікавей працаваць. Затое трэба бачыць, колькі захаплення і гарэння ў нашых харыстаў, хоць яны і немаладыя. Літаральна на днях з хорам развіталася найстарэйшая і найпершая яго ўдзельніца — Яўгенія Ільінічна Марковіч, якой ужо 85 гадоў. Хор пакрысе маладзее — да нас прыходзяць нават тыя, хто яшчэ не на пенсіі. Многія харысты гавораць: “Павел Пятровіч! Вы нам падаўжаеце жыццё”. Дзеля гэтага як не старацца? У нашым рэпертуары як патрыятычныя песні, так і лірычныя рускія і беларускія. Стараемся яго разнастайваць. Кожны год развучваем па некалькі новых песень. Ёсць з рэпертуару Кубанскага казацкага хору, нашай беларускай “Бяседы”.

Наш хор — пастаянны ўдзельнік канцэртаў, прысвечаных Дням Перамогі, Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, пажылых людзей, інвалідаў. Выступаем у школах. З радасцю прынялі б і іншыя прапановы. Так што запрашайце. Нягледзячы на тое, што ў хоры ветэраны, яны лёгкія на пад’ём і жадаюць радаваць сваёй творчасцю.

— З якімі складанасцямі сутыкнуліся?

— Ды не было іх. Працуючы з харыстамі, я захапляюся так, што не заўважаю часу. І мастацкі ўзровень у нас высокі. З 40 ветэранскіх хароў, якія ёсць у вобласці, мы неаднаразова займалі на конкурсах першыя або другія месцы, паспяхова пацвяр­джаем званне “народны”.

Зараз у хоры 20 чалавек. Жанчыны — сапраўдныя пявунні. А вось на мужчын збяднелі — засталіся толькі два. І гэта засмучае. Асабіста я ведаю некалькі чалавек з добрымі галасамі, але як ні ўгаворваю, у хор не ідуць. Некаторыя пытаюцца, ці плацяць. “Плацяць, — адказваю. — Але толькі апладысментамі”. А нашы выступленні заўсёды праходзяць з поспехам. Не разумею, няўжо лепш праводзіць час каля тэлевізара ці ў гаражах? У нас жа столькі эмоцый і розных падзей! Прыйдзіце хоць аднойчы паглядзець на рэпетыцыю, і, упэўнены, творчы працэс захопіць і вас.

— Якой музыцы аддаяце перавагу асабіста Вы?

— Класічнай, бо на ёй выхоў­ваўся. У мяне нават у мабільным тэлефоне “забіта” музыка Моцарта, Бетховена, Брамса, Глінкі, Чайкоўскага. Блізкія сэрцу песні майго пасляваеннага пакалення. Успрымаю толькі тыя, дзе ёсць і мелодыя, і добры тэкст, а не набор зрыфмаваных слоў. Ад сучаснай эстрады, за рэдкім выключэннем, не атрымліваю ніякага задавальнення.

— Пярой­дзем да “музыкі” кахання. Як пазнаёміліся са сваёй будучай жонкай Людмілай Рыгораўнай?

— На танцах у гарадскім парку. Было гэта ў жніўні 1971-га. Што цікава, пасля прыезду ў 1966-ым у Паставы я кіраваў духавым аркестрам у СШ №2, дзе Люда вучылася, але тады яе чамусьці не заўважыў. У 1971-ым яна закончыла інстытут і працавала ў райфінаддзеле. У лютым 1972 года згулялі вяселле.

— На якіх «кітах» трымаецца сям’я?

— На каханні. Калі б не кахалі, то і сям’і не захавалі б. Здараецца, што і пасварымся. Я гарачы, у запальчывасці магу лішняга нагаварыць. Але вельмі хутка заспакойваюся і заўсёды першым іду на прымі­рэнне. Я адналюб і ніколі не даваў прычыны для рэўнасці.

— Але ж і Людміла Рыгораўна — узорная жонка.

— Якраз пра гэта і хацеў сказаць. Люда вельмі добрая і справядлівая, выключная гаспадыня. Мае саслужыўцы ў Кемераве і ў Германіі нярэдка гаварылі: “Калі хочаш смачна паесці, пойдзем да Рагіняў”. Гатуе Люда цудоўна і вельмі гасцінная. А якая агародніца! І мяне далучае да гэтага. Усё праполата, падкормлена, паліта, таму і ўраджай атрымліваем. Умее і любіць вязаць прыгожыя рэчы.

І да работы ставілася адказна. Працавала эканамістам у галоўным упраўленні гандлю ў Маскве, затым у Кемераве — ва ўпраўленні аблвыканкама, у Германіі — на гандлёва-бытавым прадпрыемстве, у Паставах — у ваенгандлі і райфінаддзеле. Зараз цалкам прысвячае сябе сям’і. У нас двое дзяцей.

Дачка Аня закончыла музычна-педагагічнае аддзяленне педуніверсітэта, але працуе ў камерцыйнай структуры. Выйшла замуж за кіяўляніна, сям’я­ жыве ў Кіеве, таму нам асаб­ліва трывожна з-за падзей, што адбываюцца ва Украіне. Сын Валера — выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Служыць у Мінску ў званні маёра ва Унутраных войсках Рэспублікі Беларусь. Унучка Каця вучыцца на дызайнера, унуку Ромку шэсць гадоў, і ён мой сябар. Новы год будзем сустракаць у нас усе разам, і гэта шчасце. Святы не абыходзяцца без таго, каб не ўзяў у рукі баян. І, вядома ж, гучаць лю­бімыя песні.

— А іншыя сябры не заглянуць на агеньчык?

— Вось ужо 20 гадоў, як дружым сем’ямі са Стубайламі. Уладзімір Іванавіч — саліст хору ветэранаў. Характары ў нас з ім вельмі розныя, але мы ні разу не пасварыліся. Усе святы праводзім разам. Ёсць у мяне яшчэ адзін блізкі сябра — Валерый Карчагін, з якім служылі ў Кемераве. Зараз ён жыве ў Кастраме. Прыязджаў з жонкай да нас у Паставы. Летась мы з Людай наведаліся да іх. А па скайпе размаўляем амаль штодня. Трэці мой сябра і аднадумца — мінчанін Аляксандр Фёдараў. З ім вучыліся ў Маскоўскай кансерваторыі. Ён з’яўляўся начальнікам аркестра Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, зараз выкладае дырыжыраванне ва ўніверсітэце культуры. Найбольш аб’ядноўвае творчасць — наш хор выконвае песні, напісаныя Аляксандрам. Гэта “Музыка нашей Победы”, “Военное танго”, “Хор ветеранов”, “Победа всегда дорога”, “Офицеры Беларуси”  і іншыя. Я таксама напісаў некалькі песень на словы Ніны Захарэвіч і Аркадзя Нафрановіча.

— Якія якасці ў людзях Вам найбольш імпануюць?

— Пастаянства і адказнасць. Ніколі не дараваў бы здрады.

— Тое, што музыка стала не толькі Вашым захапленнем, але і прафесіяй, мы ведаем. А што яшчэ бярэ ў палон?

— Рыбалка! Тата прывучыў да яе з шасці гадоў. Незалежна ад сезона, на возеры магу і цэлы дзень правесці. Далёка не езджу. Мае азёры — гэта Задзеўскае, якое ўсяго за 300 метраў ад дома, Ксяндзы, Кавалькі, Мажэйкі. Маю вялікую драўляную лодку, на якой і рыбачу.

— А ад чаго стамляецеся?

— Дык ад рыбалкі і стамляюся, асабліва зімой, калі за дзень так набегаешся ад лункі да лункі, што к вечару ног не чуеш. Затое якая карысць — мы ніколі не бываем без рыбы, яшчэ больш — задавальнення.

— У якіх слабасцях не можаце сабе адмовіць?

— Ад галоўнай — курыва — пазбавіўся 14 гадоў назад. Як сёння памятаю той дзень, дакладней, ноч. У 12 гадзін з 31 жніўня на 1 верасня 2000 года выкурыў апошнюю цыгарэту і сказаў сабе: “ХХІ стагоддзе на дварэ. Ніякага курыва”. І кінуў курыць, а да гэтага шмат разоў спрабаваў, але не атрымлівалася.

— Што ў Вас мяняецца з гадамі?

— Прыходзіць вопыт, а душа не старэе. Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах. Адчуваю сябе бадзёрым і фізічна: паспяваю і з народным хорам працаваць, і ў царкоўным спяваць, займацца рыбалкай, дапамагаць жонцы па хатніх справах, а ў калядныя і навагоднія дні яшчэ і Дзедам Марозам быць на многіх ёлках, што праводзяцца ў раённым Доме культуры.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

ист:http://www.postawy.by/2014/12/peravagu-addayu-klasichnaj-muzycy/

Застаецца аптымісткай

У пачатку сакавіка наша краіна адзначае два святы — Дзень жанчын і Дзень міліцыі. З гэтай нагоды мне хацелася б расказаць пра цікавую і прыгожую жанчыну, якая мае да гэтых дат непасрэднае дачыненне. Размова ідзе пра кіраў­ніка клуба ветэранаў “Памяць” Таццяну Віктараўну Казакевіч. Пазнаёміцца з ёй мне пашчасціла не так даўно, але да гэтага на працягу многіх гадоў ведала яе. Яна прыцягвала да сябе ўвагу стройнай постаццю, прыгожым тварам, да якога вельмі пасавала строгая форма афіцэра міліцыі. Прайшлі гады, форму змянілі звычайныя жаночыя ўборы, але стройнасць, прыгажосць, прыязная ўсмешка і бляск вачэй, мяккі голас — усё гэта засталося з ёй і прываблівае сёння.

Пасля заканчэння сямігодкі Таццяна Віктараўна прыехала з Мядзельшчыны ў Паставы да сваёй стрыечнай сястры, якая была выдатнай майстрыхай, шыла для модніц тагачаснага 5 гарадка і нават жонкі генерала. Таццяна навучылася ў яе рукадзеллю, па сённяшні дзень выдатна шые, вяжа, вышывае. Працавала на сокавым заво­дзе і вучылася ў вячэрняй школе, потым — у Полацкім педвучылішчы, на філала­гічным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Настаўнічала ў СШ №1 у Паставах, актыўна ўдзельнічала ў грамадскай рабоце.

Маладога энергічнага педагога заўважылі і запрасілі на працу інспектарам у дзіцячы пакой міліцыі. Работы было шмат, з якой даводзілася спраўляцца адной. Найчасцей да месца па раёне дабіралася на рэйсавым аўтобусе або ішла пешшу ў любое надвор’е ў строгім, але недастаткова цёплым форменным адзенні. Гэта з часам і адбілася на здароўі.

Цяжкім ударам стала для яе смерць мужа, які пайшоў з жыцця ў 46 гадоў, не паспеўшы ажыццявіць свае планы: марыў на пенсіі пераехаць у вёску, завесці вялікую гаспадарку. Аднак жыццё працягвалася, трэба было працаваць і ісці далей. Інспектару міліцыі было няпроста — у той час у Паставах не мелася сацыяльнага прытулку, а значыць, не было куды змяшчаць дзяцей і падлеткаў, якіх затрымалі за правапарушэнні ці забралі з сям’і. Нярэдка Таццяне Віктараўне даводзілася прыводзіць іх да сябе дамоў, паколькі ні ў дзяжурную часць, ні, тым больш, у ізалятар часовага ўтрымання не дазвалялася змяшчаць непаўналетніх, а найбліжэйшы прыёмнік-размеркавальнік знаходзіўся ў Оршы. Працэдура дастаўкі туды непаўналетніх, якіх нельга было пакідаць у сем’ях, уцекачоў з бацькоўскіх дамоў і дамоў-інтэрнатаў, што знаходзіліся ў іншых гарадах Беларусі і неабсяжнай краіны, патрабавала валявога характару. Наручнікі выкарыстоўваць не дазвалялася, інспектар проста вадзіла сваіх падапечных за руку. Ноч у цягніку да Віцебска заўсёды была трывожнай і бяссоннай. Аднак Таццяна Віктараўна ўмела дамовіцца з падлеткамі, давозіла ўсіх без надзвычайных здарэнняў. Адна васьмікласніца жыла ў яе цэлы месяц, бо яе маці, былую выхаванку дзіцячага дома, прымусова лячылі ад алкагалізму, а больш нікога з родных дзяўчынка не мела. Гэта падтрымка і дапамагла ёй працягваць вучобу, здаць экзамены…

Работа практычна без выхадных, патруляванне гарадскіх вуліц з маладзёжным аператыўным атрадам, наведванне танцпляцовак, візіты ў нядобранадзейныя сем’і, вучэбныя заняткі і трывогі — усё гэта было за доўгія гады работы ў раённым аддзеле ўнутраных спраў. На ­сям’ю і адпачынак часу амаль не заставалася. І калі з’явілася магчымасць пайсці на пасаду начальніка пашпартна-візавай службы, перавялася ў 1-ае аддзяленне міліцыі, што размяшчалася побач з домам.

За добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў Т. В. Казакевіч узнагаро­джана знакам “Выдатнік міліцыі”, медалём “За бездакорную службу”, шмат разоў адзначалася прэміямі. З задавальненнем удзельнічала ў выступленнях знакамітага ансамбля “Вітанне”, якім Ірына Генадзьеўна Макоўская кіравала. З цягам часу калектыў заслужыў ганаровае званне “народны”. З гэтым ансамблем выяз­джала з канцэртамі ў чарнобыльскую зону. Пасля тых паездак практычна ўсе мелі праблемы са здароўем.

З 1998 года Т. В. Казакевіч спявае ў хоры ветэранаў вайны і працы, вядзе летапіс клуба “Памяць”, старшынёй якога з’яўляецца з 2008 года, падтрымлівае сувязь з райвыканкамам, школамі, арганізацыямі і ўстановамі раёна. Мікраклімат у калектыве, узаемаадносіны паміж немаладымі ўдзельнікамі хору — таксама яе клопат. А яшчэ яна любіць веласіпедныя прагулкі, многа чытае, займаецца фізкультурай і  рашае матэматычныя задачы. І ўсё ў яе цудоўна атрымліваецца!

Аднойчы жыццё падаравала жанчыне незвычайную сустрэчу. У магазіне да яе падышоў маленькі хлопчык і назваў бабуляй. З таго часу ўжо не адзін год Таццяна Віктараўна і яе гадаванец Цімоша сустракаюцца кожны дзень. Хлопчык наведваў садок, але пачаў хварэць, і маці вымушана была пакідаць работу. Зараз бацькі хлопчыка спакойна працуюць, а Таццяна Віктараўна і Цімоша разам бавяць час. Прыходзіў хлопчык і на рэпетыцыю хору, уважліва слухаў нашы спевы…

У хор ветэранаў не так даўно прыйшла і я. У першы дзень моцна хвалявалася, але добрыя словы Таццяны Віктараўны супакоілі, абнадзеілі, надалі ўпэўненасці. З задавальненнем наведваю рэпетыцыі, радуюся кожнай сустрэчы з харыстамі і нашым кіраўніком Паўлам Пятровічам Рагінем, акампаніятарам і таленавітым музыкантам Аляксеем Конанавым, старшынёй клуба “Памяць” Таццянай Віктараўнай  Казакевіч, сціплай прыгожай жанчынай, маёрам міліцыі ў адстаўцы, душой нашага калектыву. 2 лютага Таццяна Віктараўна адзначыла свой дзень нараджэння і самае першае віншаванне атрымала ад маленькага Цімошы. Напярэдадні Дня міліцыі і 8 Сакавіка хочацца пажадаць Таццяне Віктараўне моцнага здароўя, радасці, шчасця, прыгожых букетаў у падарунак і прыемных сюрпрызаў.

А. АЛІХВЕР, настаўніца  Ляхаўшчынскай школы.

ист:http://www.postawy.by/2015/03/zastaecca-aptymistkaj/ 

Четверг, 5.03.2015 12:15. Category: Чалавек і яго справа 

 

1,039 просмотров всего, 0 просмотров сегодня

Метки: , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавьте свой комментарий или поделитесь материалом