•       Идут годы, меняются времена, события, люди, но одно остается незыблемым и вечным  – Родина. Нам кажется, что мы знаем о нашей малой Родине все, или почти все. Но каждый раз, когда мы путешествуем, наблюдаем, читаем, исследуем и думаем о ней, мы открываем для себя что-то новое. И сегодня каждый из нас имеет возможность поделиться этим : новыми фактами, новыми стихами, новыми мыслями о своем крае, городе, селе и рассказать миру о своей малой Родине, о людях с большой душой…

Пра паэта Славу Ліпеня — Смятанка Вячаслаў Фёдаравіч

Вячаслаў Смятанка ў маладосці быў прыгажуном. Цяперашняе пакаленне памятае яго не толькі як карэспандэнта, але і як аўтара цудоўных вершаў, якія друкаваліся пад псеўданімам “Слава Ліпень”.

   Ліпень Слава (Смятанка Вячаслаў Фёдаравіч) нарадзіўся 25. 07. 1945 г. ў в. Чарты Пастаўскага раёна. Скончыў СШ № 2 г. Паставы і філалагічны факультэт БДУ. Працаваў ў рэдакцыі газеты ”Пастаўскі край”. Зараз на пенсіі. Жыве ў в. Чарты. Вершы друкаваліся ў газетах “ЛіМ”, “Пастаўскі край”.

 26 лістапада ў Пастаўскай дзіцячай бібліятэцы імя У. Дубоўкі адбылася вечарына, прымеркаваная да 70-годдзя з дня нараджэння мясцовага паэта Вячаслава Смятанкі, больш вядомага аматарам вершаваных радкоў пад творчым псеўданімам Слава Ліпень.

Адкрыла вечарыну сябра раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Людміла Сяменас. Яна адзначыла, што літаратурны талент Славы Ліпеня нікога не пакідае абыякавым, а яго вершы да геніяльнасці простыя і зразумелыя кожнаму. Яна таксама падзякавала жонцы стрыечнага брата В. Смятанкі Веры Пятроўне Шурпік, якая прадаставіла шмат фотаздымкаў паэта. Яны і ляглі ў аснову прэзентацыі пра яго жыццё і творчасць, падрыхтаваную арганізатарамі мерапрыемства.

Творчая спадчына Славы Ліпеня невялікая — усяго адна кніга паэзіі «Вершы з вёскі», выдадзеная ў 2006 годзе. Аднак гэта якраз той выпадак, калі важна не колькасць, а якасць. А яго вершы — гэта сапраўдны згустак філасофскіх думак. Кожны паэтычны радок прасякнуты глыбінёй і душэўнасцю, кожны верш зачароўвае прастатой падачы матэрыялу і праўдзівасцю адлюстравання рэчаіснасці, а ўсе разам літаральна кранаюць душу, прымушаюць адчуць сябе пясчынкай Сусвету, задумацца аб вечных каштоўнасцях, хутка­плыннасці жыцця і акаляючай нас прыгажосці.

Зборнік паэзіі Славы Ліпеня быў выдадзены невялікім тыражом. У фондзе цэнтральнай раённай бібліятэкі было ўсяго дзве кніжкі, але з часам адну з іх скралі. Учынак гэты хоць і непрыгожы, але сведчыць пра тое, што вершы паэта запатрабаваныя, інакш навошта прысвойваць непатрэбную рэч? Дарэчы, падчас вечарыны абмяркоўвалася неабходнасць перавыдаць «Вершы з вёскі».

Якім Вячаслаў Смятанка быў не толькі ў творчасці, але і ў паўсядзённым жыцці, вельмі добра ведае Вера Пятроўна, якая з задавальненнем падзялілася сваімі ўспамінамі з прысутнымі.

— Па размеркаванні я некаторы час працавала ў Нясві­жы, там пазнаёмілася з двума Славінымі ўніверсітэцкімі таварышамі. Неаднойчы чула ад іх: «Які ў цябе добры зямляк!», — прыгадвала В. Шурпік. — А ён і сапраўды быў такім: добрым, безадмоўным, сур’ёзным і вясёлым, усе да яго хінуліся. Вельмі шкадаваў адзі­нокіх старых. Калі быў пры сіле, калоў ім дровы, абкошваў траву каля хаты, дапамагаў па гаспадарцы.

Чарнавікі з вершамі, якія засталіся пасля смерці Вячаслава Смятанкі, Вера Пятроўна раздала тым аднавяскоўцам паэта, каму яны прысвячаліся.

Затым слова ўзяў Алік Мажэйка, які таксама ведаў В. Смятанку пры жыцці. Бацька Вячаслава быў яго хросным. У тым ліку і па гэтай прычыне Алік Цімафеевіч пільна сачыў за творчасцю паэта.

— Калі выйшла кніга вершаў, мы разам з жонкай паехалі да Вячаслава ў госці. Ён нам падпісаў свой зборнік, — паказвае тытульны ліст з запісам аўтара А. Мажэйка, на якім напісана: «Марыі і Аліку Мажэйкам. Дабра, розуму ў сямейных адносінах. Хай у вашай хаце заўсёды будзе светла». — Яго вершы зачытваю суседзям, дэкламую сябрам па тэлефоне. Яны такія душэўныя, што на вачах заўсёды наварочваюцца слёзы. Пры жыцці Славы Ліпеня яго творчасць таксама была папулярнай: людзі чыталі яго з задавальненнем, чакалі нават невялікіх вершаў, якія друкаваліся на старонках раённай газеты, дзяліліся ўражаннямі.

Было што расказаць і іншым удзельнікам вечарыны. Яны дзяліліся ўспамінамі, узгадвалі розныя жыццёвыя выпадкі, прысвячалі С. Ліпеню свае радкі, дэкламавалі яго вершы. Завяршылася сустрэча хвілінай маўчання.

…На творчай сустрэчы акцэнт быў зроблены на паэтычным таленце Славы Ліпеня, а пра яго журналісцкую дзейнасць гаварылася менш. Між тым В. Смятанка шмат гадоў адпрацаваў у рэдакцыі раённай газеты, дзе яго памятаюць, цэняць творчыя здольнасці. Тыя, каму пашчасціла працаваць з ім, часта ўспамінаюць былога калегу, ставяць у прыклад маладым журналістам. Кажуць, што ніхто ў раёнцы не пісаў такіх прыгожых і дакладных нарысаў пра лю­дзей, як Вячаслаў Смятанка.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

ист: http://www.postawy.by/2015/12/vershy-zrazumelyya-kozhnamu-adbylasya-vecharyna-prymerkavanaya-da-70-goddzya-z-dnya-naradzhennya-paeta-slavy-lipenya/

фото из ист: http://www.postawy.by/2014/10/z-lyubimaj-gazetaj-my-razam-krochym-pa-zhycci/

На імпрэзе гучалі вершы паэта (пры жыцці ён выдаў адзін паэтычны зборнік з накладам усяго 100 паасобнікаў, які зараз з’яўляецца букіністычнай рэдкасцю), успаміны родных і знаёмых. Вядучай імпрэзы была бібліятэкар Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі Людміла Сяменас. Было вырашана перавыдаць зборнік паэта.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Метки: , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавьте свой комментарий или поделитесь материалом