• ПРИГЛАШАЕМ НА ОТДЫХ КРУГЛЫЙ ГОД В РАЙСКОЕ МЕСТЕЧКО ПОСТАВСКОГО РАЙОНА!

Пра вёску Дземяшы (пастаўскі раён)

вёска Дземяшы       Задаю ў інтэрнэце «вёска Дземяшы» — і чытаю: «Вёска за 23 кіламетры на ўсход ад Пастаў, за 6 кіламетраў на захад ад Варапаева. Вядома з 1905 года як вёска і выселкі ў Лучайскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні.

Назва патранімічная, паходзіць ад імя Дзямяш, якое з’яўляецца мясцовай формай імя Дзям’ян (кананічнае — Даміан, што азначае “які належыць багіні Дамініі”). Так гэта ці не на самай справе, сцвярджаць цяжка. Сёння ў вёсцы няма ні аднаго чалавека з такім імем.

Гонар усіх

У кожнага населенага пункта ёсць свае адметнасці і вядомыя людзі.  Гонар Дземяшоў — ксёндз-прэлат Аляксандр Рагіня, які цяпер працуе сакратаром Апостальскай Нунцыятуры (прадстаўніцтва Папы Рымскага) у Астане (Казахстан).

Ксёндз Аляксандр Рагіня з Папам Францішкам.

Крочу да дагледжанага дома, які стаіць воддаль дарогі. Паабапал сцяжынкі — беластволыя бярозкі. Яны пасаджаны старэйшым братам ксян­дза Аляксандра ў гонар яго святарскага пасвячэння. З таго часу мінула дванаццаць гадоў.

На парозе ўтульнага дома сустракае мама Ганна Эдвардаўна. Яна пэўны час з бацькамі жыла ў Карэліі, Казахстане. На радзіму штогод прыязджалі ў госці. А калі Аня выйшла замуж за мясцовага хлопца, нарадзіла  Віцю, а праз два гады Сашу, перабраліся сюды назаўсёды, купілі ў Дземяшах дом, у якім Ганна Эдвардаўна жыве і цяпер.

— Сыны крыху яго пераабсталявалі, — расказвала. — Праклалі водаправод, ёсць такія-сякія ўмовы. Вельмі хораша ў нас летам. Калі Саша прыязджае ў водпуск, збіраюцца яго аднакурснікі і сябры з семінарыі, знаёмыя ксяндзы. Смакуюць мае вясковыя стравы, дыхаюць чыстым паветрам, любуюцца прыгажосцю прыроды.

— А калі Вы зразумелі, што малодшы сын пойдзе святарскай дарогай? — цікаўлюся.

— У Карэліі і Казахстане, дзе прайшло маё дзяцінства, не было ні касцёлаў, ні цэркваў. Мама з татам навучылі малітвам. Але ад веры я была далёкая. У Дземяшах рэлігія шанавалася пакаленнямі. Калі сыны падраслі, сталі думаць, як давесці іх да першай споведзі і Камуніі. І тут у наш дом завітала Ганна Дубовік з Круткоў і прапанавала дапамагчы ў гэтым. Яна была сястрой законнай і дома тайна вучыла дзяцей рэлігіі. Першую Камунію Саша прыняў у пастаўскім касцёле. А неўзабаве і ў Лучаі касцёл адкрылі. Мы бачылі  вялікую цягу сына да паслугавання ксяндзу, да шчырай малітвы. Ніводнай нядзельнай Імшы не прапускаў. За 8 кіламетраў зімой дабіраўся пешшу, летам на веласіпедзе. Калі вучыўся ў адзінаццатым класе Варапаеўскай сярэдняй школы, сказаў, што будзе паступаць у духоўную семінарыю. Святарства — гэта нейкая асаблівая таямніца. Ксяндзамі становяцца тыя, каго Бог кліча за сабой. Саша пачуў Яго кліч.

Пасля заканчэння духоўнай семінарыі ў Гродне ксёндз Аляксандр некаторы час працаваў у парафіях Віцебскай дыяцэзіі. А потым па благаслаўленні біскупа Уладзіслава Бліна быў накіраваны на вучобу ў Папскую дыпламатычную акадэмію, якая займаецца падрыхтоўкай духавенства да дыпламатычнай службы Апостальскай Сталіцы і да працы ў Дзяржаўным сакратарыяце Святога Пасаду. У Папскім Латэранскім універсітэце ў Рыме абараніў доктарскую дысертацыю. Практыку праходзіў ва Уган­дзе (Афрыка), дыпламатычную кар’еру пачаў у ватыканскім прадстаўніцтве ў Эквадоры. Цяпер працуе ў Астане. У доме маці на сцяне вісяць фотаздымкі ксяндза Аляксандра з Папамі — Янам Паўлам II, Бенедыктам XVI і Францішкам. Кожны з іх праз маладога ксяндза перадае благаслаўленне нашай Беларусі і невялікай вёсачцы Дземяшы. 1 кастрычніка мінулага года Папа Рымскі Францішак далучыў ксяндза Аляксандра Рагіню да ліку сваіх капеланаў. Ганаровага капелана традыцыйна называюць прэлатам.

Нягледзячы на занятасць, ксёндз Аляксандр не забывае  сваёй маленькай радзі­мы. І хоць асноўныя клопаты па ўтрыманні дома, агародаў кладуцца на плечы старэйшага брата Віктара, які з сям’ёй жыве ў Паставах і рэгулярна прыязджае ў Дземяшы, ксёндз Аляксандр таксама можа ўзяць у рукі  сякеру і малаток,  касу і лапату. Не цураецца ніякай работы. Вельмі любіць кветкі. Таму летам каля дома іх цвіце мноства.

 З мамай і хрэсніцай Машай.

— Кожны прыезд Сашы для ўсіх нас вялі­кая радасць, — гаварыла Ганна Эдвардаўна. — З асаблівым нецярпеннем чакае яго мая ўнучачка Маша. Яна яго хрэсніца. Вучыцца ў пятым класе раённай гімназіі. Збіраемся тады ўсе разам, слухаем яго расказы пра краіны, у якіх Сашу давялося пабываць.

Старэйшына разам у бядзе і ў радасці

— А я чула іншую легенду, — гаварыла старэйшына вёскі Галі­на Эдмундаўна Якубовіч. — Даўным-даўно жыў на гэтых землях пан. Аднаго разу яго работнікі пагублялі мяшкі. Пан бегаў і крычаў: «Дзе мяшкі, дзе мяшкі?» Адсюль і назва мясцовасці. Напэўна, быў некалі і пан, былі і парабкі. А цяпер толькі ў дванаццаці хатах жыве дваццаць чалавек.

 Галіна Эдмундаўна і Клеафас Калікставіч Якубовічы.

 Большасць — пенсіянеры, адзі­нокія. Не па сілах ім гаспадарка. Сабака ў двары, каб голас падаў, убачыўшы чужога, і кот, які ратуе ад адзіноты.  Душа баліць з-за таго, што вёска пусцее. Да нас прыязджае аўталаўка, заходзіць рэйсавы аўтобус, а мы стараемся, каб каля дамоў быў парадак. Пра нашу вёску ведаюць нават у Рыме.

Галіна Эдмундаўна ў мінулым галоўны эканаміст саўгаса «Старадворскі», а Дземяшы — яе радзіма. З мужам Клеафасам Калікставічам разам пражылі амаль пяцьдзясят гадоў. Выхавалі сына Генадзія, які цяпер жыве ў Фаніпалі, працуе галоўным механікам у дарожнай галіне, і дачку Людмілу — яна настаўніца мясцовай школы, жыве ў Старым Двары. І хоць яны маюць свае сем’і, жыллё,  бацькоўскі дом  для  іх самае жаданае месца. Тут адпачываюць сэрцам, набіраюцца мудрасці ў бацькоў, душэўнай сілы ў родных сценах.

У цяжкія хвіліны падтрымлівае вера

Ядвігу Іванаўну Вырвіч не заўсёды можна застаць дома. У нядзелю абавязкова едзе на святую Імшу ў капліцу ў Стары Двор або лучайскі касцёл. У Вялікі пост кожную пятніцу ў капліцы праводзіць набажэнства Крыжовага шляху Хрыста. Калі хто памірае, жанчыну запрашаюць памаліцца. Мне пашанцавала: у той дзень, калі я была ў Дземяшах, Ядвіга Іванаўна пікіравала памідоры.

— У вёсцы толькі не лянуйся — работу заўсёды знойдзеш, — кажа, мыючы рукі. — Вось і мы яшчэ трымаем карову, ёсць іншая жыўнасць. Пакуль удваіх з мужам рупімся, падмяняем адно аднаго. У маёй памяці захаваліся розныя перыяды з жыцця вёскі. У 80-90-ыя было каля 40 двароў, каля 70 жыхароў і амаль 60 кароў. Некаторыя гаспадары трымалі па дзве, а то і па тры каровы. Цяпер на ўсю вёску тры. Жылых дамоў — праз адзін, а то і радзей. А некалі, як расказвалі мае бацькі, у Дземяшах быў самастойны калгас. Вёска развівалася. Вось здымак, калі гаспадарка набыла першы трактар. Якое гэта дзіва было!

Ля трактара — мясцовы брыгадзір, маладая аграном, прысланая пасля вучобы, і механізатары з МТС. Прагрэс далёка зайшоў, колькі сучаснай тэхнікі выпускаецца, але ў вёсках ніхто не затрымліваецца. Пакуль жывём мы, прыязджаюць дочкі, унукі. А ў дамах, гаспадары якіх памерлі, так і  не свецяцца вокны, пустазеллем зарастаюць агародчыкі.

Колькі  выпрабаванняў паслаў  лёс гэтай жанчыне!

 Ядвіга Іванаўна Вырвіч і Вацлаў Вацлававіч Высоцкі.

Першае замужжа аказалася няўдалым. Муж любіў выпіць, быў агрэсіўным. Падчас чарговай сваркі ледзь не зарэзаў. Яго пасадзілі, а яна засталася з двума дзецьмі. Пазней сышлася з Вацлавам Высоцкім, нарадзіла яшчэ дачку. 17 ліпеня 1995 года Ядвізе Іванаўне споўнілася 48. У гэты дзень яна пахавала свайго дваццацідзевяцігадовага сына Паўла, які ўтапіўся ў мясцовым возеры. Мінула амаль дваццаць гадоў, а рана не зажывае. Удавой засталася яго жонка, сіратой — дачушка. Боль жа мацінага сэрца ні з чыім не параўнаць.

— Праблем і цяжкасцей хапала пастаянна, — гаварыла Я. І. Вырвіч. — Але мяне падтрымлівала і падтрымлівае вера. Яна перадалася ад бацькоў. Нават у той час, калі бліжэйшыя касцёлы  закрылі, на вялікія святы ездзіла ў Гадуцішкі, Глыбокае. Часта збіраліся на малітву ў доме Магдалены Фярковіч. Людзей у вёсцы было шмат, і ўсе хінуліся да Бога. Радасць прынёс 1990 год, калі парафіянам вярнулі лучайскі касцёл. А якую ўрачыстасць арганізавалі, калі наш зямляк Аляксандр Рагіня атрымаў святарскае пасвячэнне! Хто б мог падумаць, што звычайны хлопчык з простай вясковай сям’і так далёка пойдзе. Праз яго ў многіх краінах свету ведаюць пра нашу Беларусь.

«Пчолы — мае дактары»

Самы старэйшы жыхар Дземяшоў Альфонс Феліксавіч Трапук (яму ідзе 88 год) памятае вёску шматлюднай.

 Альфонс Феліксавіч Трапук.

Да Вялікай Айчыннай вайны тут было 70 двароў. У кожнай хаце пражывала не менш за 5-6 чалавек. Вось і ў Феліксавіча былі чатыры браты і дзве сястры.

— Як разлучыла нас вайна, так больш і не ўбачыўся я са старэйшымі братамі, — успамінаў. —  Люцыяна ў армію прызвалі ў 1939 годзе. Дзе толькі ён ні ваяваў! У адным з баёў адарвала руку. Урэшце апынуўся ў Англіі, у Лондане меў дом. А на Бацькаўшчыну так і не выбраўся. Прыязджала яго дачка. Для мяне было дзіва, што Лютак не навучыў яе сваёй роднай мове: размаўляла толькі па-англійску. Віцьку вывезлі ў Германію ў 43-ім. Ён там і застаўся. Ажаніўся з палячкай. Пазней перабраліся ў Канаду. Брат працаваў у шахтах, добра зарабляў, жыў заможна. Але час быў такі, што не так проста было прыехаць у Савецкі Саюз.  Дзяцей у яго не было. Мечыка забралі ў армію 4 мая 1941 года, а 22 чэрвеня пачалася вайна. Ён быў сувязістам, служыў каля Мінска. Загінуў, калі немцы бамбілі Мінск.

Альфонс Феліксавіч ваяваў у складзе Польскай Арміі. Дайшоў да Чэхаславакіі. Як кажа сам, Бог сцярог яго на дарогах вайны. Напрыклад, быў такі выпадак. Ахоўваў склад, толькі змяніўся — нямецкія самалёты пачалі бамбіць тое месца, і баявыя таварышы загінулі.

А. Ф. Трапук вярнуўся дадому. У 1948 годзе ажаніўся з мясцовай прыгажуняй Марыяй.  Расказваў, што яна не толькі прыгожая была, але і вельмі дзелавая, прабіўная. У 1943-ім бацька пасадзіў малады сад. Тоны яблыкаў з яго збіралі! Прадаваць вазілі і ў Ленінград, і ў Рыгу. Гэта прыносіла немалы даход. Альфонс Феліксавіч працаваў у будаўнічай брыгадзе. Колькі будынкаў узведзена пры непасрэдным яго удзеле! У 1955 годзе завялі пчол.

— Неаднойчы пераконваўся ў тым, што пчолы не любяць лайдакоў, — гаварыў чалавек. — Як папрацуеш — такі і вынік будзеш мець. У нас мёд на стале пастаянна. Цукру не ўжываем. Ля пчол сіл набіраюся. Хутка 90, а ніколі ніякія хваробы не прыставалі. Пчолы — мае дактары. З родных толькі я і малодшы брат у Жодзіне засталіся. Тры гады, як няма маёй Мані. Сумна без яе. Жыву з малодшым сынам. Старэйшы — у Пружанах. Ёсць унук і ўнучка, пяцёра праўнукаў.  Маладыя за мяжу адпачываць едуць. А мне няма нідзе лепш, як дома. Ніколі не пашкадаваў, што ўсё жыццё пражыў у Дземяшах.

«Пакуль будуць сілы, вёску не пакіну»

Доўгі час у Дземяшах былі пастаянныя жыхары, адданыя сваёй зямлі. Маладыя ехалі вучыцца, заставаліся ў вялікіх гарадах, а бацькі рупіліся ў мясцовым саўгасе і па сваёй гаспадарцы. У 1991 годзе ў вёсцы пасялілася сям’я Якушэнкаў. Мясцовыя прыглядаліся да прыезджых, тыя ў сваю чаргу вывучалі мясцовыя звычаі і традыцыі. Урэшце пасябравалі, нават парадніліся.

 Таццяна Аляксандраўна Якушэнка

 — Я нарадзілася ў Рагачове, — расказвала Таццяна Аляксандраўна. — Там выйшла замуж, нарадзіла траіх дзяцей. Муж працаваў аўтакранаўшчыком, я — машыністам вежавага крана. Мелі трохпакаёвую кватэру. Аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі прымусіла пакінуць родны горад.

Знаёмыя, якія  жылі ў Краснадары, запрасілі да сябе. І Якушэнкі паехалі. У Беларусі засталася толькі старэйшая дачка Анжэла, якая на той час паступіла ў Аршанскае медыцынскае вучылішча. Па размеркаванні яна трапіла ў Варапаева, пазнаёмілася з хлопцам з Цівунцаў. Бацькі прыехалі на вяселле. І так ім спадабаліся мясцовасць, людзі! Тым больш што ў Краснадары здароўю малодшай дачкі Карыны не спрыяў клімат. Таму, пагаварыўшы з кіраўніцтвам саўгаса «Старадворскі», рашыліся на чарговы пераезд.

— Я ніколі ў жыцці не даіла карову, — успамінала жанчына. — А тут лёс прымусіў. От нагаравалася. А каня запрагаць як вучылася!  Вяскоўцы спачатку да нас аднесліся насцярожана, прыглядаліся, а потым прынялі як сваіх.

— Якушэнкі зарэкамендавалі сябе працавітымі, прыстойнымі людзьмі, — расказвалі мне ў Дземяшах. — Толькі гаспадару пажыць не давялося. Праз сем гадоў памёр. Ужо 14 гадоў, як Таццяна ўдава.

— Мне нядаўна споўнілася 60, — працягвала Таццяна Аляксандраўна. — Прадаўжаю працаваць, была даяркай, цяпер даглядаю цялят. Разам са мной стараюцца на ферме Зоя Кухальская, Надзея Кошка. Яны мала­дзейшыя за мяне, але ладзім. За работай час па-іншаму ідзе. Дома трымаю в’етнамскіх парасят, качак, курэй. Сёлета купіла інкубатар, заклала яйкі, чакаю куранятак. Дочкі ў Паставах маюць добраўпарадкаваныя кватэры, клічуць да сябе, а мне добра тут. Неяк ездзіла ў Рагачоў, пабыла крыху — і засумавала па Дземяшах. Год назад лячылася ў хірургічным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы. Бязмежна ўдзячна асабіста загадчыку аддзялення Аляксандру Сцяпанавічу Губрэславу і ўсяму медыцынскаму персаналу за прафесіяналізм, чулыя адносіны. Па пашпарце я расіянка. За тыя тры гады, што пражылі ў Краснадары, стала ёй аўтаматычна. Парадокс: нарадзілася ў Беларусі, жыла тут да пераезду ў Расію і ўжо больш за дваццаць гадоў, як у Дземяшах, а атрымаць грамадзянства ніяк не магу. Душой прырасла да лю­дзей і, пакуль будуць сілы, вёску не пакіну.

Жыхары Дземяшоў пасля зімы наводзяць парадак у сваіх дварах. Шкада, што многія дыхтоўныя дамы стаяць без гаспадароў. Два з іх прыгледзелі дачнікі. Магчыма, і ў іншых знойдуцца новыя гаспадары і  ўдыхнуць у іх жыццё. Мясціны тут прыгожыя, людзі шчырыя, землі ўрадлівыя. Вёска благаславёная Папам. Толькі жыць і радавацца. 

Анна АНІШКЕВІЧ. Фота аўтара і з сямейнага альбома 

Ганны Рагіня, Галіны Якубовіч і Ядвігі Вырвіч

Жывіце доўга, Папам благаславёныя Дземяшы!

 

матэрыял з крыніцы: https://govorim.by/vitebskaya-oblast/postavy/novosti-postav/138700-zhyvce-doga-papam-blagaslavenyya-dzemyashy.html

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

823 просмотров всего, 0 просмотров сегодня

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.