РОЗЫНКА ПЁТР МІХАЙЛАВІЧ

       РОЗЫНКА ПЁТР МІХАЙЛАВІЧ нарадзіўся 25.09.1942 г. у в. Логавінцы. Працоўную дзейнасць пачаў у 1958 г. у калгасе «Сцяг Перамогі» рахункаводам трактарнай брыгады. Закончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут (1965). У 1965–1966 гг. служыў у Савецкай Арміі.

У 1966–1969 гг. працаваў выкладчыкам Клімавіцкага ветэрынарнага тэхнікума. У 1969–1974 гг. старшы ветурач Пастаўскай ветстанцыі, асістэнт кафедры хірургіі Віцебскага ветэрынарнага інстытута, намеснік начальніка Пастаўскай райветстанцыі, галоўны ветурач Пастаўскага раёна. У 1974–1983 гг. намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Пастаўскага райвыканкама.

3 сакавіка 1983 г. старшыня калгаса імя Мічурына Пастаўскага раёна. У 1995–1996 гг. дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, з лістапада 1996 г. – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па аграрных пытаннях. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.

по материалам: http://vlib.by/PRIDVINIE-11/PERSONS/Rozynka-PM.htm

 Розынка Пётр Міхайлавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пастаўскага раёна / рэдкал. : Г.К. Кісялёў  [і інш.]. – Мн., 2001. – С. 511.

Пётр и Мария Розынко отпраздновали изумрудную свадьбу

І брыльянтавае не за гарамі

Абое вучыліся ў Віцебскім ветінстытуце і захапляліся спортам: Пётр — баскетболам, Марыя — лёгкай атлетыкай. Кожны раз пасля таго як юнакі заканчвалі трэніроўку, спартзалу займалі лёгкаатлеткі. У адну з такіх «перазменак» Пётр і запрыкмеціў тоненькую, стройную, нібы кіпарыс, дзяўчыну. Але пазнаёміцца з ёй не адважыўся. Літаральна праз дзень у студэнцкім клубе ладзіліся танцы. Можа, і там сціплы хлопец не рашыўся б падысці да прыгажуні. Выйсце прапанаваў яго сябар, які ведаў усіх дзяўчат і карыстаўся ў іх поспехам. Ён запрасіў на вальс Марыю, Пётр — іншую дзяўчыну. У танцы віртуозна абмяняліся партнёркамі. Так і адбылося знаёмства.

Юнак тады быў ужо на 5 курсе, і яго чакала трохмесячная вытворчая практыка ў адным з калгасаў на Пастаўшчыне, а неўзабаве — абарона дыплома. Як ленінскі стыпендыят меў права выбару першага месца работы. Пайшоў выкладчыкам Клімавіцкага ветзаа­тэхнікума. Але праз два месяцы прызвалі на тэрміновую службу ў армію, якую праходзіў у Ленінградзе.


Сямейнаму саюзу пастаўчан Пятра Міхайлавіча і Марыі Мікалаеўны Розынкаў сёлета споўнілася 55 гадоў

Увесь гэты час перапісваліся з Марыяй, якая яшчэ вучылася ў інстытуце. У разлуцы іх пачуццё толькі мацнела. Таму, звольніўшыся праз год са службы, хлопец паехаў не да бацькоў, а да сваёй любай Марыйкі. І зрабіў прапанову стаць яго жонкай. 28 студзеня 1967 года ў Віцебску яны зарэгістравалі шлюб і згулялі студэнцкае вяселле. Праз дзень маладажонаў сустракалі бацькі Пятра ў вёсцы Логавінцы Юнькаўскага сельсавета. Тут радасную падзею адзначылі разам з роднымі.

Мы размаўляем з сужонкамі ў іх дагледжаным прасторным двухпавярховым асабняку, узведзеным на ўскраіне горада. Успамінаюць, як пачыналі сямейнае жыццё ў інтэрнацкім пакоі плошчай 9 квадратных метраў з «выгодамі» ў двары, як цяжарная Марыя абараняла дыплом, а потым нарадзілася іх дачушка Рыта, як бедна жылося і наколькі пустымі былі ў той час паліцы магазінаў.

— Я тады вельмі хваляваўся, як Марыйка паставіцца да бытавых цяжкасцей, — прызнаецца Пётр Міхайлавіч. — А сёння скажу: някрасаўскі верш «Есть женщины в русских селеньях» — і пра яе таксама. Усё разумела, усё без нараканняў пераадольвала. А якая выдатная гаспадыня!

— Ды не захвальвай ты мяне, Пеця, — мякка перапыняе маналог Мікалаеўна. — Маладыя былі, таму і не баяліся цяжкасцей. Нягле­дзячы на ўсе нягоды, заўсёды была за табой як за каменнай сцяной. Усім бы жанчынам мець такіх цудоўных мужоў!

Імя Пятра Міхайлавіча добра вядомае на Пастаўшчыне. Працаваў намеснікам начальніка раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі. На працягу 16 гадоў узначальваў праўленне калгаса імя Мічурына. За дасягнутыя гаспадаркай поспехі ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Марыя Мікалаеўна пачала працаваць у Паставах прадстаўніком абласнога ўпраўлення сельскай гаспадаркі на мясакамбінаце. З гэтым прадпрыемствам звязала і сваю далейшую работу. Ужо шмат гадоў абое на пенсіі. Займаюцца домам, садам, агародам. Нягледзячы на хваробы, якія няўмольна падступаюць, бадзёрацца. Ніхто не ўбачыць Мікалаеўну без прычоскі, лёгкага макіяжу, манікюру. Міхайлавіч рэгулярна займаецца плаваннем у басейне, хадзьбой, летам — яздой на веласіпедзе. А колькі ў яго спраў у садзе-агародзе!

Пятра Міхайлавіча і Марыю Мікалаеўну ведаю шмат гадоў. Перакананая: яны менавіта тыя дзве палавінкі, якія павінны былі злучыцца ў адно цэлае, бо іх сям’я сапраўды ідэальная. Пётр і Марыя далі годны працяг роду. Дачка Маргарыта загадвае дзённым стацыянарам цэнтральнай раённай бальніцы. Сапраўдны прафесіянал, цудоўнай душы чалавек. Сотні пацыентаў удзячныя ёй за ўвагу і дапамогу. Сын Сяргей выбраў ваенную кар’еру. Выйшаўшы на пенсію, зараз працуе ў ААТ «Диссонанс».

— А якіх цудоўных унукаў маем! — дзяліліся Розынкі. — Іх у нас чацвёра. Усе ўжо дарослыя, выхаваныя, адукаваныя, кожны знайшоў годнае месца ў жыцці. Радуюць і трое праўнукаў. Нам пашанцавала на зяця, нявестку, якія даражаць сем’ямі, чула адносяцца да нас — звоняць, прыязджаюць, дапамагаюць. Добра тое, што сын і дачка засталіся ў Паставах, а вось унукі — у Мінску. Таму зараз сабрацца ўсім разам праблематычна. Але мы заўсёды на сувязі.

Дзеці ўгаворвалі бацькоў урачыста зарэгістраваць іх ізумрудны шлюб у ЗАГСе. Адмовіліся. Вырашылі адзначыць дату сціпла, у сямейным коле. Віншуючы дзядулю з бабуляй з прыгожай датай, унук пажадаў, каб іх ізумруд ператварыўся ў брыльянт.

Да брыльянтавага вяселля ўсяго 5 гадоў. А час бяжыць так хутка… Дачакаемся!

 

Фаіна Касаткіна

ист: https://www.postawy.by/2022/03/pjotr-i-mariya-rozynko-otprazdnovali-izumrudnuju-svadbu/

 

Loading

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.