20 лістапада ў пастаўскай СШ №3, што ў мікрараёне 6 гарадка, будзе асабліва шумна і мнагалюдна.
На ўрачыстасць з нагоды 60-гадовага юбілею школы збяруцца яе былыя настаўнікі і вучні, прадстаўнікі раённай улады і аддзела адукацыі, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, з якімі супрацоўнічае навучальная ўстанова.
І васьмігодка, і сярэдняя
Упершыню свае дзверы трэцяя гарадская школа расчыніла 1 верасня 1955 года, прыняўшы ў светлыя, прасторныя класы 249 вучняў. Першым яе дырэктарам была заслужаная настаўніца школ БССР, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Яўгенія Мікалаеўна Разумоўская, завучам — Рэўміра Сяргееўна Яфрэмава. Разам з імі да работы ў новай навучальнай установе прыступілі настаўнікі: англійскай мовы — Т. Д. Міняйлава, рускай мовы і літаратуры — Ф. А. Пішчыкава, пачатковых класаў — Л. М. Ішчанка, фізічнай культуры — М. С. Козел і іншыя.
Тады школа лічылася элітнай. У ёй было прэстыжна не толькі працаваць, але і вучыцца, бо размяшчалася яна ў ваенным гарадку, была новай і сучаснай. Адзіная сярод устаноў адукацыі раёна мела крытую спартыўную залу, дзе праходзілі ўрокі фізкультуры, дзейнічалі розныя спартыўныя секцыі.
Прайшло не так шмат часу, і ў 1962 годзе СШ №3 рэарганізавалі ў васьмігадовую. Зноў сярэдняй яна стала толькі ў 1990-ым, калі побач з існуючым будынкам (там цяпер займаюцца пачаткоўцы) быў узведзены новы вучэбна-адміністрацыйны корпус. Мянялася школа, мяняліся і тыя, хто ў ёй працаваў і вучыўся, стаяў “ля руля”. У розныя перыяды навучальную ўстанову ўзначальвалі Р. С. Яфрэмава (1956—1957 гг.), Я. І. Ашыхмін (1957—1967), Ю. М. Мінаеў (1967—1989), Ч. В. Мацур (1989—2005), Ю. М. Кісялёў (2005—2010). Зараз дырэктарам з’яўляецца У. Ч. Койра.
Па-ранейшаму ў страі
За 60-гадовую гісторыю існавання ў СШ №3 выкладалі дзясяткі педагогаў, якія не толькі давалі дзецям грунтоўныя веды па прадметах, але і вучылі іх быць дружнымі і шчырымі, любіць сваіх блізкіх і Радзіму. На сённяшні дзень у школе 42 ветэраны педагагічнай працы. На жаль, 19 з іх ужо няма на гэтым свеце. Пайшлі з жыцця былыя дырэктары Юрый Міхайлавіч Мінаеў, Якаў Іванавіч Ашыхмін, намеснік дырэктара Ефрасіння Іванаўна Гвозд, іншыя педагогі. Многія з іх і тых, хто зараз на заслужаным адпачынку, адпрацавалі ў сценах школы не адно дзесяцігоддзе, унёсшы вялікі ўклад ва ўмацаванне яе матэрыяльна-тэхнічнай базы, навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення.
У ліку такіх Ванда Адольфаўна Міцэвіч, Лія Дзмітрыеўна Кейзік, якія доўгі час з’яўляліся намеснікамі дырэктара школы. Усю сваю працоўную біяграфію звязалі з трэцяй гарадской Тамара Арцёмаўна Іллюковіч, чый стаж тут складае 42 гады, і Галіна Мікалаеўна Шкантава. Апошняя шмат зрабіла для развіцця кабінета фізікі, а яе вучні не раз перамагалі ў раённым і абласным этапах рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы. Вельмі вопытнымі настаўнікамі былі таксама Л. К. Трацэўская, Г. М. Асхадуліна, Л. М. Рысева, Г. А. Грыбоўская, С. С. Журомская, Я. Б. Пронька, І. М. Вайцюлян, Г. У. Шаўлова, Г. В. Пылева, Л. Б. Сарока, В. М. Цярэшчанка, В. А. Шастакоў і іншыя. Шмат гадоў аддалі школе і тэхнічныя работнікі Р. У. Собаль, Г. Д. Голад, А. П. Мядзведзева, Н. П. Качалідзэ, Г. М. Хоўрына, В. В. Ціхан.
Нават знаходзячыся на пенсіі, ветэраны не парываюць сувязі са школай. Па запрашэнні адміністрацыі прыходзяць на розныя мерапрыемствы і святы, замены ўрокаў (калі цяперашнія настаўнікі ў камандзіроўках або на бальнічным). У сваю чаргу школа пры неабходнасці аказвае ім шэфскую дапамогу. Некаторыя ветэраны па-ранейшаму працягваюць працаваць у роднай СШ №3, дзяліцца багатым прафесійным вопытам з маладымі калегамі. Гэта былыя дырэктар Ч. В. Мацур, настаўнікі-прадметнікі Л. С. Чараваценка, Т. С. Раманчук, А. Э. Грывусевіч, М. В. Жук, Л. Ф. Дзянісава, Л. С. Пчалінцава.
Паўстагоддзя з дзецьмі
Самым вопытным настаўнікам у школе на сённяшні дзень з’яўляецца Часлава Веніямінаўна Мацур, чый педагагічны стаж роўны палове стагоддзя. Сваю прафесійную дзейнасць яна пачала ў 1966 годзе старшай піянерважатай у Жуперскай БШ. У 1968-ым школу перавялі ў Ляхаўшчыну, там адпрацавала яшчэ два гады. Затым перайшла піянерважатай у пастаўскую СШ №4, адтуль — у другую гарадскую школу, якой аддала 18 гадоў. Была настаўнікам геаграфіі, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. У 1989 годзе ўзначаліла калектыў СШ №3.
— Гэта быў няпросты час, — успамінае педагог. — Неўзабаве пасля майго назначэння дырэктарам здалі ў эксплуатацыю новы вучэбна-адміністрацыйны корпус школы, які прыйшлося абуладкоўваць, ухіляць недапрацоўкі будаўнікоў, купляць мэблю і іншае, рабіць капітальны рамонт старога будынка. Вялікую дапамогу ва ўсім аказвалі бацькі вучняў і шэфы (яны былі замацаваны за кожнай навучальнай установай) — калгасы імя Мічурына і імя Чапаева, раённы вузел электрасувязі і льнозавод. Тады ў школе займалася амаль тысяча дзяцей, трэція, чацвёртыя, пятыя і шостыя класы вучыліся ў другую змену. На хвалі агульнай беларусізацыі пачалі актыўна ўкараняцца беларускамоўныя класы, уводзіцца факультатывы па прадметах, паглыбленае вывучэнне замежнай мовы. Пры гэтым настаўнікам часта затрымлівалі зарплату, у сувязі з развалам Савецкага Саюза была вялікая цякучка кадраў. Многія педагогі з сем’яў ваеннаслужачых пераязджалі з Пастаў на сваю радзіму, на іх месца прыходзілі іншыя. Тым не менш школа давала дзецям добрыя веды, пра што сведчыць колькасць залатых і сярэбраных медалістаў таго часу.
На пасадзе дырэктара Часлава Веніямінаўна адпрацавала 15 гадоў і вось ужо 10 рупіцца на ніве адукацыі, знаходзячыся на пенсіі. Прызнаецца, што цяжка развітвацца з установай, якая на чвэрць стагоддзя стала яе другім домам. Цяпер нагрузка ў настаўніцы невялікая — усяго 7 гадзін у тыдзень выкладае геаграфію ў 5, 10 і 11 класах. Акрамя таго, узначальвае раённую арганізацыю ветэранаў педагагічнай працы, курыруе работу па падрыхтоўцы і правядзенні экзаменаў у парадку экстэрнату для тых, хто ў свой час не змог завяршыць навучанне на базавым і сярэднім узроўні, з’яўляецца старшынёй экзаменацыйнай камісіі.
— У жыцці мне шанцавала на людзей, якія былі побач, адміністрацыю школ, — кажа яна. — Рада, што давялося працаваць з Юрыем Мікалаевічам Кісялёвым, цяпер — з Уладзімірам Часлававічам Койрам.
Ганарыцца выпускнікамі
Першы выпуск СШ №3 г. Паставы адбыўся ў 1957 годзе. Тады школу пакінулі 17 юнакоў і дзяўчат. А ўсяго за шэсць дзесяцігоддзяў з яе сцен выйшлі каля 2,5 тысячы выпускнікоў. 73 з іх закончылі ўстанову з медалямі: 45 з залатымі і 28 — з сярэбранымі. Многія, асабліва тыя, хто атрымаў пуцёўку ў дарослае жыццё ў савецкі час, раз’ехаліся па ўсім былым Саюзе. Колішнія вучні пражываюць таксама ў Польшчы, Германіі, Англіі, Ізраілі, іншых краінах далёкага замежжа. Нярэдка ўжо ў паважаным узросце яны прыязджаюць у Паставы, дзе не былі 30—40 гадоў, прыходзяць у школу і з настальгіяй успамінаюць, як і ў каго вучыліся, у якім класе і за якой партай сядзелі. Большасць не пазнаюць яе, бо ў 60—70-ыя гады не было новага будынка школы і стадыёна — замест яго меўся вялікі прышкольны ўчастак, быў зусім маладым парк.
З-за таго, што раней у СШ №3 вучыліся дзеці ваеннаслужачых, якія пераехалі з бацькамі на новыя месцы службы, у школе амаль нічога не ведаюць пра тое, хто з іх кім стаў. А вось многімі выпускнікамі, якія засталіся жыць і працаваць на Пастаўшчыне, школа ганарыцца. У ліку такіх пракурор раёна А. А. Козіч, былыя начальнік РАУС М. К. Доўмант і намеснік начальніка С. І. Мандро, дырэктар ААТ “Хацілы-агра” В. І. Крыштафовіч, камандзір Першага радыётэхнічнага цэнтра в/ч 25888 А. М. Дубовік, дырэктар раённага цэнтра культуры і народнай творчасці К. В. Грэська і іншыя. Нехта, як Т. Г. Васюковіч, прысвяціў сябе медыцыне, нехта, як А. Пушкар, — стаў мастаком. Ёсць сярод былых вучняў школы таксама вучоныя, эканамісты, журналісты, музыканты. Шмат і педагогаў, якія працуюць ва ўсіх установах адукацыі раёна, у тым ліку ў родных сценах. Сярод апошніх выкладчык англійскай мовы В. В. Чаркес, настаўнікі фізвыхавання Н. В. Касцень і Я. П. Скрыдлеўскі, псіхолаг І. А. Косава.
Адметная ад астатніх.
Пры ўсім падабенстве з іншымі ўстановамі адукацыі раёна трэцяя гарадская мае шэраг асаблівасцей, якія адрозніваюць яе ад іх. Па-першае, гэта навучанне і выхаванне дзяцей у прававым ключы. У 2006 годзе па ініцыятыве тагачаснага дырэктара Ю. М. Кісялёва, аддзела адукацыі райвыканкама і Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь паміж школай і ВНУ быў заключаны бестэрміновы дагавор на стварэнне юрыдычных класаў, якія пазней сталі называцца прававымі. Такіх класаў адкрылі два. Іх вучні насілі спецыяльна пашытую форму з пагонамі, з імі праводзілі заняткі супрацоўнікі РАУС, вялікая ўвага надавалася прафарыентацыі школьнікаў з мэтай паступлення ў акадэмію МУС, іншыя сілавыя навучальныя ўстановы краіны. Пасля заканчэння школы большасць выпускнікоў прававых класаў сапраўды станавіліся іх студэнтамі і курсантамі, паступалі на прававыя факультэты звычайных універсітэтаў.
Нягледзячы на тое, што з увядзеннем у 2012 годзе новага Кодэкса аб адукацыі профільныя класы адмянілі, такая работа працягваецца. З дзецьмі праводзяцца заняткі ў рамках аб’яднання па інтарэсах. Яны вывучаюць законы і іншую прававую базу, наведваюць РАУС, дзе знаёмяцца з напрамкамі работы аддзела, выязджаюць у рэйды з супрацоўнікамі ДАІ.
Мае школа і вопыт работы са спецыялізаванымі па спорце класамі, якія існавалі тут на працягу 4 гадоў, пакуль працавала футбольная акадэмія ПМЦ. Яе выхаванцы — юныя футбалісты з усёй Беларусі — вучыліся па ўласным раскладзе, часам у выхадныя дні і на канікулах, бо шмат трэніраваліся, удзельнічалі ў розных чэмпіянатах і турнірах, у тым ліку за межамі краіны.
З 2012 года ў школе існуе клуб юных ратаўнікоў-пажарных, які аб’ядноўвае дзве ўзроставыя групы: старэйшую, якая складаецца з вучняў 9 класа, і малодшую, куды ўваходзяць 8-класнікі. Клуб цесна супрацоўнічае з райаддзелам па надзвычайных сітуацыях, работнікі якога разам з настаўнікам асноў бяспекі жыццядзейнасці праводзяць заняткі з дзецьмі. Штогод сумесна распрацоўваецца план мерапрыемстваў. У адпаведнасці з ім у мінулым навучальным годзе школьнікі ўдзельнічалі ў абласным аглядзе-конкурсе клубаў юных ратаўнікоў-пажарных і занялі першае месца на занальным першынстве, а затым прывезлі тры дыпломы з “вобласці”.
Таксама СШ №3 з’яўляецца базавай на Пастаўшчыне па духоўна-маральным выхаванні малодшых школьнікаў. На працягу шэрага гадоў настаўнікамі пачатковых класаў распрацоўваецца і ажыццяўляецца адпаведная раённая праграма, якая ўключае ў сябе шмат розных мерапрыемстваў. Многія праводзяцца сумесна з раённай арганізацыяй Беларускага казацтва, праваслаўнай і каталіцкай канфесіямі. Некалькі гадоў на базе школы дзейнічае летні праваслаўны аздараўленчы лагер.
Аснова поспехаў — у калектыве
Нягледзячы на рэформы, якія перыядычна адбываюцца ў сістэме адукацыі краіны, галоўнымі задачамі школы нязменна застаюцца навучанне і выхаванне дзяцей. Наколькі паспяхова сёння спраўляюцца з імі, наогул, чым жывуць, расказвае дырэктар Уладзімір Часлававіч КОЙРА:
— Зараз у нашай школе навучаюцца 336 дзяцей, у тым ліку 41 — з сельскай мясцовасці — вёсак Хацілы, Целякі і прылеглых да іх. На жаль, у апошнія гады назіраецца змяншэнне колькасці школьнікаў, што звязана са складанай дэмаграфічнай сітуацыяй у мікрараёне і з тым, што да нядаўняга часу тут не вялося будаўніцтва жылля.
Калектыў складаецца з 65 чалавек, сярод якіх 42 педагогі. 38 маюць вышэйшую адукацыю, 12 — вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Прыкладна палова калектыву — прафесіяналы з вялікім стажам работы, палова — маладыя спецыялісты, якія асабліва актыўна прыходзяць да нас у апошнія гады і гарманічна ўліваюцца ў школьную сям’ю, знаходзяць агульную мову з калегамі, паспяхова працуюць з дзецьмі. Вопытнымі настаўнікамі з’яўляюцца Людміла Савельеўна Пчалінцава, Людміла Станіславаўна Чараваценка, Таццяна Мікалаеўна Іўко, Марыя Вацлаваўна Жук, Аліна Лявонаўна Латыш, Наталля Алегаўна Пронька, Лілія Фёдараўна Дзянісава, Маргарыта Аляксандраўна Барадавіцына, Зінаіда Яўгеньеўна Бягляк, Ала Уладзіміраўна Краўчанка, Марына Вільгельмаўна Міснік, Марына Эдуардаўна Баразна і многія іншыя. Добрых слоў заслугоўваюць мае намеснікі па вучэбнай і выхаваўчай рабоце Святлана Пятроўна Чабатаронак і Таццяна Філіпаўна Крук, якія таксама не першы год у школе і з якімі лёгка працуецца.
Ёсць у нас і дзве педагагічныя дынастыі. Гэта настаўніца англійскай мовы Людміла Станіславаўна Чараваценка, дарэчы, выпускніца трэцяй школы, і яе дачка — псіхолаг Ірына Анатольеўна Косава. Яшчэ адна дачка Людмілы Станіславаўны — Ганна Анатольеўна Бараноўская — выкладае англійскую мову ў СШ №1. Доўгі час настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў школе працуе Ларыса Мікалаеўна Сініца, а нядаўна вучыць дзяцей англійскай мове прыйшла яе дачка Вольга Віктараўна Чаркес.
Свой прафесіяналізм педагогі пастаянна павышаюць на курсах і стажыроўках за мяжой. Напрыклад, зараз у Германіі стажыруецца настаўніца нямецкай мовы Юлія Уладзіміраўна Хаткевіч. Пра якасць іх работы сведчаць перамогі навучэнцаў у раённым і абласным этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Паспяхова ўдзельнічаюць дзеці і ў розных конкурсах: малюнка, песенных, тэатральных, займаючы прызавыя месцы. Акрамя таго, дзве нашы вучаніцы — Каця Мацюшонак і Маргарыта Ластоўская — вясной гэтага года былі выбраны ў Маладзёжную палату пры раённым Савеце дэпутатаў і актыўна ўдзельнічаюць у яе рабоце. Каця нядаўна ездзіла ў якасці дэлегата ад раёна на пасяджэнне Віцебскай абласной маладзёжнай палаты. Педагогі школы на працягу многіх гадоў з’яўляюцца прызёрамі агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці педкалектываў Пастаўшчыны. У 2013-ым школа выйшла пераможцай раённага этапа абласнога агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку ідэалагічнай работы ў калектыве.
Побач з навучаннем вялікую ўвагу надаём выхаванню дзяцей. Яны ўдзельнічаюць ва ўсіх раённых, абласных, рэспубліканскіх акцыях і конкурсах выхаваўчай накіраванасці. Сёлета, у год 70-годдзя Вялікай Перамогі, у школе праведзена мноства мерапрыемстваў, якія адлюстроўваюць яе значнасць. Навучэнцы пабывалі на “Лініі Сталіна”, Кургане Славы, у мемарыяльным комплексе “Хатынь”, музеі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнай бібліятэцы. Таксама даглядаюць пахаванні воінаў-“афганцаў” у вёсках Турлы і Волахі. Праводзіцца немалая пазакласная і пазашкольная работа ў рамках шостага школьнага дня. У нас працуюць 7 аб’яднанняў па інтарэсах: “Мой горад” турысцка-краязнаўчага профілю, “Юныя інспектары руху” і “Займальная псіхалогія” сацыяльна-педагагічнага профілю, “Экалогія горада”, “Клуб піянерскіх навук”, “Дзіця і права”, фальклорны гурток. Паспяхова дзейнічае сацыяльна-педагагічная служба, якая праводзіць работу са складанымі, нядобранадзейнымі сем’ямі.
Што датычыць планаў, у далейшым будзем працягваць працаваць па ўсіх кірунках, у тым ліку па нашых прыярытэтных, імкнуцца павышаць якасць адукацыі, рабіць усё для выхавання чалавека і грамадзяніна, які прыносіў бы карысць свайму раёну і краіне.
Падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА.
Фота аўтара і з архіва школы.
источник: http://www.postawy.by/2015/11/z-vopytam-ale-maladaya-ssh-3-adznachae-60-gadovy-yubilej/
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.