“У нас 103 урачы, і кожны заслугоўвае пахвалы. А напісаць рэкамендую пра прадстаўнікоў ветэранскай гвардыі. Афтальмолаг Святлана Іванаўна Атрахімовіч — з іх ліку.
Дастойны прыклад для маладых”, — адказаў на маю просьбу назваць добрага спецыяліста ў сваёй справе галоўны ўрач УАЗ “Пастаўская ЦРБ” Уладзімір Мікалаевіч Чакавы.
Пра тое, што аўтарытэт Святланы Іванаўны неаспрэчны, ад пацыентаў чула неаднойчы. Менавіта з гэтага факта і пачала з ёй гаворку. “Урач да таго часу застаецца ўрачом, пакуль у яго ёсць веды, магчымасць працаваць і пакуль ён запатрабаваны”, — падкрэсліла суразмоўца. І тут жа дадала, што пастаўленыя ёй дыягназы пацвярджаюцца ў абласным дыягнастычным цэнтры. Больш за тое, пастаўскія афтальмолагі практычна не пасылаюць хворых на кансультацыі ў Віцебск ці Мінск, хіба толькі для пацвярджэння дыгназу глаўкомы. У астатніх выпадках рашэнні па далейшым лячэнні прымаюцца на месцы самастойна.
— Закончыўшы практычна на выдатна СШ №9 (пазней — знакамітая гімназія ў абласным цэнтры), паступіла ў Віцебскі медыцынскі інстытут, — расказвала С. І. Атрахімовіч пра свой шлях у прафесію. — Праблем з вучобай не ўзнікала ніколі. Пасля пятага курса (закончыла са значком выдатніка вучобы) было размеркаванне па патоках, і я выбрала хірургічны — а гэта падрыхтоўка афтальмолагаў, ЛОР-урачоў і агульных хірургаў. Субардынатуру за шосты курс праходзіла па агульнай хірургіі, а інтэрнатуру за сёмы — у аддзяленні абласной клінічнай бальніцы, на кафедры ў прафесара Морхата. Мне вельмі пашанцавала, бо Іосіф Вацлававіч Морхат і загадчык аддзялення Аляксандр Антонавіч Шпакаў былі цудоўнымі хірургамі, высакакласнымі дыягностамі, універсальнымі дактарамі — адным словам, сапраўднымі свяціламі. Нас, пецярых інтэрнаў, яны так вымуштравалі ў добрым сэнсе гэтага слова, што, атрымаўшы дыплом і прыехаўшы па размеркаванні ў Паставы, я на самым пачатку сваёй працоўнай дзейнасці не мела ніякіх праблем. Як гаворыцца, адразу, без перыяду адаптацыі, увайшла ў сваю спецыяльнасць.
Дарэчы, на той час, а гэта быў пачатак 80-ых, у раёне пражывала 57 тысяч чалавек, а ў бальніцы была ўсяго адна стаўка афтальмолага. Даводзілася лячыць і дарослых, і дзяцей, выконваць амбулаторныя аперацыі, займацца работай па прызыве ў райваенкамаце. Цяпер іншая сітуацыя. Па-першае, зменшылася колькасць насельніцтва, па-другое, выпускнікі ВНУ маюць вузкую спецыялізацыю: яны лечаць або дзяцей, або дарослых, займаюцца толькі мікрахірургіяй вока і г. д. Вось таму, калі падчас апошніх курсаў павышэння кваліфікацыі ў сталічнай 10-й клінічнай бальніцы С. І. Атрахімовіч расказвала, чым афтальмолаг на перыферыі займаецца і што ён можа і ўмее, аўдыторыя (пераважна маладыя спецыялісты) слухала са здзіўленнем.
На сваім рабочым месцы доктар адчувае сябе ўпэўнена, не баіцца, што прыйдзе пацыент, а яна штосьці не будзе ведаць. І гэта пры тым, што хваробы памяняліся. Калі гадоў 30-40 таму гэта была «класіка» (тое, што вучылі па падручніку), то цяпер іншае: вырасла колькасць сасудзістых захворванняў, больш выпадкаў дыябету, артэрыяльнай гіпертэнзіі, а вочная паталогія поўнасцю “завязана” на асноўных захворваннях. Але ёй не трэба было пераадольваць нейкія прыступкі, перашкоды, бо заўсёды мела трывалы фундамент — веды. Таму ставіла перад сабой мэту і настойліва ішла да яе. І ні разу не пашкадавала, што выбрала медыцыну.
Развітваючыся, я падзякавала Святлане Іванаўне за змястоўную гутарку і за тое, што яна на ўсе сто працэнтаў адчувае сваю прафесію і аддана ёй служыць. На што доктар адказала: “У нашай справе “прыблізна” або “побач” не можа быць, тут толькі “дакладна” і “правільна”. І вельмі станоўча, шчыра адгукнулася пра медыкаў ЦРБ, і ў першую чаргу калег — урачоў Вольгу Антонаўну Жызнеўскую, Эдуарда Сямёнавіча Пруса і медсястру Таццяну Уладзіславаўну Літвінко.
Галіна ПІШЧ.
Крыница: http://www.postawy.by/2017/01/stavila-metu-i-nastojliva-ishla-da-yae/