•       Идут годы, меняются времена, события, люди, но одно остается незыблемым и вечным  – Родина. Нам кажется, что мы знаем о нашей малой Родине все, или почти все. Но каждый раз, когда мы путешествуем, наблюдаем, читаем, исследуем и думаем о ней, мы открываем для себя что-то новое. И сегодня каждый из нас имеет возможность поделиться этим новым: новыми фактами, новыми стихами, новыми мыслями о своем крае, городе, селе и рассказать миру о своей малой Родине с большой душой…

Таким Воронец вы ещё никогда не видели!

Возера Варанец. Фота Віктара Казака

Вайны зацёртыя сляды. Возера Варанец — адно з любімых месцаў адпачынку не толькі пастаўчан, але і шматлікіх гасцей нашага рэгіёна. Іх прываблівае чыстая вада маляўнічага вадаёма, прырода навокал — жывая, сакавітая, «непрыручаная».

Тут можна не толькі гуляць, забыўшыся пра ўсё на свеце, але і вывучаць падзеі Першай сусветнай вайны. З 1915 па 1917 год у гэтых мясцінах стаялі немцы, пра што сучаснаму пакаленню нагадваюць шматлікія бетонныя збудаванні. Каля Варанца іх можна налічыць не менш за два дзясяткі.

Карта нямецкіх і рускіх пазіцый вакол Варанца (возера ў цэнтры, немцы падпісвалі яго Granat See). З кнігі нямецкага пяхотнага палка № 136.

Усе доты і бліндажы — выразныя сляды той Вялікай вайны, іх лёгка заўважыць любы чалавек. Але ёсць і схаваныя, амаль зніклыя. Іх мне згадзіўся паказаць жыхар вёскі Манькавічы Алег Дашкевіч. Ён выдатна ведае тыя мясціны і даўно цікавіцца гістарычнымі падзеямі, што сто гадоў назад адбываліся на яго малой радзіме.

…Непадалёк ад лясной дарогі, што вядзе ад возера да Манькавіч, ёсць узгорак. Але якую гісторыю ён мае! У пачатку мінулага стагоддзя тут стаяла пахавальня князя Уладзіміра Друцкага-Любецкага, былога ўладальніка маёнтка Манькавічы. Як яна выглядала, можна ўбачыць на арыгінальных фатаграфіях стогадовай даўнасці, якія ёсць у прыватнай калекцыі даследчыка Першай сусветнай вайны Уладзіміра Багданава.

Алег Дашкевіч на месцы, дзе стаяла пахавальня

Пахавальня князя У. Друцкага-Любецкага. 1916-ты год.

— На ўсіх здымках немцы падпісвалі пахавальню як Mauzoleum, — распавёў Уладзімір Ана­толь­евіч. — У гады Першай сусветнай вайны немцы стварылі вакол яе магутны ўмацаваны вузел. Узгорак быў акружаны акопамі, пахавальня аказалася на самай яго вяршыне. Тое, што для апошняга прытулку князю выбралі такое высокае і бачнае здалёк месца, па волі гісторыі адыграла дрэнную ролю. Пахавальня стала не толькі зручным укрыццём для нямецкіх салдат-назіральнікаў, але і выдатнай мішэнню і арыенцірам для рускай артылерыі. Вясной 1916 года тут сур’ёзна «папрацавалі» рускія пушкі, ад баявых дзеянняў аб’ект вельмі моцна пацярпеў. Працэс яго разбурэння можна прасачыць па здымках у маёй калекцыі.

Рэшткі пахавальні, сфатаграфаваныя Уладзімірам Багданавым у 2014-м годзе

Што адметнага пры жыцці зрабіў князь Уладзімір Друцкі-Любецкі і чаму яго пахавалі асобна? Адказы знаходжу ў даведніку «Прыродна-гістарычны комплекс «Крыжоўкі», які ў 2018 годзе напісалі краязнаўца Ігар Пракаповіч і яго вучаніца Аліса Януш. У ім падрабязна распісаны турысцка-экскурсійны маршрут па наваколлі возера Варанец, што ўключае ў сябе больш за тры дзясяткі адметных аб’ектаў. Усе яны на працягу 2012—2018 гг. вывучаліся Ігарам Міхайлавічам і пастаўскімі гімназістамі.

Пра князя прачытала наступнае: Уладзімір Ігнатавіч Друцкі-Любецкі (1845—1905) быў мецэнатам, прыхільнікам хрысціянства. Служыў пры двары рускага імператара Мікалая ІІ шталмайстрам (галоўным стайнікам). За яго сродкі была нанова пабудавана царква ў Манькавічах, часоўня на могілках у Асінагарадку (цяпер гэта царква Святога Уладзіміра), рэстаўраваны і адбудаваны храмы ў Асінагарадку і Ажунах, уладкаваны сядзібна-паркавы ансамбль у Казлоўшчыне і Манькавічах. Таксама ён выдаткаваў грошы на будаўніцтва чыгункі Новасвянцяны—Беразвечча. Быў сааўтарам і фундатарам адметнай працы даследчыка Аляксея Сапунова “Матэрыялы па гісторыі і геаграфіі Дзісненскага і Вілейскага паветаў Віленскай губерні” (1896). Быў членам савета дабрачыннай арганізацыі “Мариинское попечительство для слепых” у Санкт-Пецярбургу.



У даведніку Ігара Пракаповіча і Алісы Януш ёсць апісанне ўрачыстасці ў Варанцы, якое звязана з асвячэннем капліцы князя У. Друцкага-Любецкага.

26 жніўня 1913 года ў Варанцы адбылася ўрачыстасць, якая прыцягнула шмат народу з мястэчка і суседніх вёсак. У 10 гадзін раніцы маёнтак наведаў Архіепіскап Літоўскі і Віленскі Агафангел, які разам з мясцовымі святарамі асвяціў надмагільны помнік-капліцу над пахаваннем князя Уладзіміра Друцкага-Любецкага. Высокапраасвяшчэнны Архіпастыр адслужыў вадасвятны малебен, акрапіў капліцу звонку і знутры святой вадой, адслужыў паніхіду па князю. Потым прысутным ён раздаў памятныя крыжыкі і брашуры рэлігійна-духоўнага зместу.

На асвяшчэнні капліцы-пахавальні прысутнічаў начальнік губерні, камергер Вышэйшага Двара Вяроўкін з жонкай, губернскі правадыр дваранства г. Красоўскі з жонкай, начальнік Віленска-Ковенскага ўпраўлення Земляробства і Дзяржаўнай маёмасці Сялянін, прадстаўнікі ўлады Віленскага павета.



Князь памёр у сакавіку 1905 года і спачатку быў пахаваны ў радавой капліцы ў Манькавічах. Праз пяць гадоў яго жонка — францужанка Марыя — ініцыявала будаўніцтва пахавальні каля возера Варанец, каб такім чынам ушанаваць памяць любімага мужа. Матэрыял на будоўлю на шасцярыках валоў вазілі нават з Францыі. Узведзенае збудаванне было непаўторнай прыгажосці. Унутры яно было аздоблена золатам і срэбрам, звонку на самым версе быў устаноўлены залаты крыж.

Траншэя, якая вяла да пахавальні. Здымкі 2014-га і 1916-га года, зробленыя прыблізна з аднаго ракурсу

У 1910 годзе пры вялікім натоўпе народу забальзаміраванае цела князя было ўрачыста перавезена з Манькавіч у Варанец.

— Старажылы з навакольных вёсак гаварылі пра тое, што князя мясцовыя жыхары вельмі любілі і паважалі, — расказваў мой праваднік Алег Дашкевіч. — Калі было перапахаванне, чарга лю­дзей цягнулася да Варанца ажно ад царквы ў Манькавічах. Дарога была заслана аерам — так казалі сведкі тых падзей. Я, калі быў малы, яшчэ знаходзіў на месцы пахавальні рознакаляровыя асколкі вітражоў, праз якія любіў глядзець на сонца. А яшчэ не так даўно тут былі мармуровыя прыступкі, яны вялі ад дарогі на ўзгорак. Выпадкова іх убачыў пад невялікім слоем зямлі. Потым іх нехта забраў для сваіх патрэб. Напэўна, і сёння гэты мармур нечую дачу ўпрыгожвае.

Цела князя знаходзілася ў сярэбранай труне з дубовым футлярам. Куды яна знікла – таямніца. Існуе версія, што яе разрабавалі немцы і разам з целам князя скінулі ў возера Доўжа.

Возера Доўжа. На супрацьлеглым (усходнім) беразе — нямецкі лагер каля Маўзалея. Пры павелічэнні бачна, што там разбіты сапраўдны гарадок.

Уладзімір Багданаў з такой версіяй не пагаджаецца.

— На ваенных фатаграфіях нямецкія салдаты спакойна суседнічаюць з труной, фатаграфуюць яе, — адзначыў даследчык. —
Адзін з такіх здымкаў 1917 года мне ўдалося купіць у арыгінале. На ім бачна, што сярэбраная труна непашкоджаная, каля яе нават вянкі некранутыя. Не думаю, што потым немцы раптоўна абышліся з ёй так па-варварску. У XX стагоддзі і без іх былі ахвотныя гэта зрабіць.

Труна, у якой знаходзілася цела князя.

Подпіс да фота: «Труна ў Маўзалеі на пазіцыях 1-й роты пяхотнага палка№166. Расія. Участак Варанец».

Надпіс, які быў на капліцы. Фрагмент фатаграфіі з прыватнай калекцыі Уладзіміра Багданава.

Непадалёк ад узгорка, дзе была пахавальня, ёсць яшчэ адно знакавае месца, якое таксама звязана з імем князя Друцкага-Любецкага. Дзякуючы яго ініцыятыве і сродкам на Варанцы была пабудавана сельскагаспадарчая школа (пазней яе перайменавалі ў вучылішча). Яна дзейнічала з 1909 па 1915 год і была разлічана найперш на сялянскіх дзяцей.



Будаўніцтва сельскагаспадарчай школы ў Варанцы было завершана напачатку 1909 года. Пачаліся падрыхтоўчыя работы да яе адкрыцця. Паводле зацверджанага Статута  Варанецкай ніжэйшай сельскагаспадарчай школы, яе выкладчыкі павінны былі даць навучэнцам асноўныя веды па сельскай гаспадарыцы, звяртаючы асноўную ўвагу на практычныя заняткі.

20 мая 1909 года адбыліся ўступныя іспыты. У тым жа годзе слова “школа” ў назве навучальнай установы было зменена на вучылішча. Навучанне было платным і ў 1915 годзе каштавала 55 рублёў. Курс навучання працягваўся 3 гады. Для заахвочвання найлепшых вучняў былі заснаваны 2 стыпендыі, у тым ліку імені памерлага князя.

Выхаванцы, якія скончылі поўны курс вучылішча, павінны былі прайсці абавязковую гадавую практыку ў прыватнай гаспадарцы і толькі пасля гэтага, на падставе станоўчай справаздачы з месца практыкі, атрымлівалі атэстат. Выпускніку таксама выдаваўся дарма камплект новай формы, ніжняй бялізны і абутку.



Цяжка ўявіць, але напачатку мінулага стагоддзя для ўзвя­дзення школы закупілі 300 тысяч штук цэглы! Да 1907 года быў пабудаваны двухпавярховы вучэбны корпус, сталовая, драўляны дом для кіраўніка, лазня, склеп… Для навучэнцаў абсталявалі спартыўную пляцоўку.

У жніўні 1915 года, калі лінія фронту стала набліжацца да Пастаў, Варанецкае вучылішча было спешна эвакуіравана ў Чарнігаўскую губерню, дзе прадоўжыла сваю дзейнасць. Аднак неўзабаве пасля бальшавіцкага перавароту гэта навучальная ўстанова спыніла сваё існаванне.

Падчас баявых дзеянняў Першай сусветнай будынак вучылішча быў амаль цалкам разбураны. Пасля вайны руіны, хутчэй за ўсё, разабрала на цэглу небагатае мясцовае насельніцтва.

Сельскагаспадарчае вучылішча ў Варанцы. Кастрычнік 1916 г.

Усё, што засталося ад школы ў 1917-м.

Сёння на месцы вучылішча можна ўбачыць толькі невялікую колькасць бітай цэглы, рэшткі падмурка і склепа.

На зваротнай дарозе ў Манькавічы падыходзім да бетонных бліндажоў, якія трапляюцца на шляху. Але ці толькі яны засталіся нам у спадчыну ад нямецкіх салдат? Вядома, што шматлікія бетонныя збудаванні на Варанцы злучаны паміж сабой хадамі, якія на сотні метраў цягнуліся (ці яшчэ цягнуцца?) пад зямлёй. Гэта пацвярджаюць асобныя здымкі з калекцыі Уладзіміра Багданава. Адзін з іх, з нямецкім салдатам ля бліндажа, падпісаны: «Варанец-тунэль». Яшчэ на адной фатаграфіі, дзе на заднім плане бачна пахавальня князя, можна прачытаць: «Mauzoleum — вентылятар падземнай штоль­­ні». Значыць, гэтыя хады былі дзесьці зусім побач з месцам пахавання князя.

Фота з подпісам «Mauzoleum — вентылятар падземнай штоль­­ні»

Уваход у Варанец-тунэль у часы Першай сусветнай вайны і цяпер. Здымак справа зроблены Уладзімірам Багданавым у 2005-м годзе.

Яшчэ адна жудасная, але цікавая старонка ў гісторыі Першай сусветнай вайны — падземная, або мінная вайна. Рускія капалі падземныя хады пад пазіцыі немцаў і закладвалі туды ўзрыўчатку, каб падарваць ворага з-пад зямлі. А немцы ў сваю чаргу праслухоўвалі зямлю, рабілі хады насустрач і таксама змяшчалі туды ўзрыўчатку, разбураючы апераджальнымі выбухамі рускія падкопы. У такія штольні, бывала, закладалі па вагону ўзрыўчаткі, пасля выбухаў заставаліся варонкі каласальных памераў. Каля Варанца некалькі такіх можна разгледзець і сёння.

Сакавік 1917-га года. Здымак пазіцый, зроблены з вышыні 2000 м. Чырвоным абведзены варонкі, якія ўтварыліся пасля падземных узрываў

Каля Манькавіч, дзе падчас вайны стаялі рускія войскі, Алег паказвае напаўразбураны будынак з чырвонай цэглы. Тут раней была радавая капліца Друцкіх-Любецкіх. Яна мела два паверхі: на верхнім ішлі малебны, а ўнізе быў склеп з нішамі-пахаваннямі. Хто і калі ўсё разрабаваў, сёння ўжо ніхто не адкажа.

Радавая капліца Друцкіх-Любецкіх у Манькавічах

У 2018 годзе адразу за капліцай праводзіў работы 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Тады былі знойдзены астанкі больш чым сотні рускіх салдат і 5 нямецкіх. Пазней іх урачыста перапахавалі на гарадскіх могілках каля вёскі Макараўшчына — там, дарэчы, ужо будуецца помнік ахвярам Першай сусветнай вайны.

2018-ты год. За работай — 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь

Рэчы, знойдзеныя на месцы раскопак

…«Забальзаміраваць» напаўсцёртыя сляды тых падзей пад сілу толькі чалавеку. Аднак важна не прайграць бітву часу, які, на жаль, пакуль у ёй выходзіць пераможцам.

Іна Сняжкова.
Фота аўтара, Андрэя Мацура, Уладзіміра Багданава  і з яго прыватнай калекцыі

 

ист:https://www.postawy.by/2020/07/sledy-pervoj-mirovoj-na-postavshhine-takim-voronec-vy-eshhjo-nikogda-ne-videli/

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Метки: , , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавьте свой комментарий или поделитесь материалом