Таццяна Віктараўна Казакевіч

    У пачатку сакавіка наша краіна адзначае два святы — Дзень жанчын і Дзень міліцыі. З гэтай нагоды мне хацелася б расказаць пра цікавую і прыгожую жанчыну, якая мае да гэтых дат непасрэднае дачыненне.

Размова ідзе пра кіраў­ніка клуба ветэранаў “Памяць” Таццяну Віктараўну Казакевіч. Пазнаёміцца з ёй мне пашчасціла не так даўно, але да гэтага на працягу многіх гадоў ведала яе. Яна прыцягвала да сябе ўвагу стройнай постаццю, прыгожым тварам, да якога вельмі пасавала строгая форма афіцэра міліцыі. Прайшлі гады, форму змянілі звычайныя жаночыя ўборы, але стройнасць, прыгажосць, прыязная ўсмешка і бляск вачэй, мяккі голас — усё гэта засталося з ёй і прываблівае сёння.

Пасля заканчэння сямігодкі Таццяна Віктараўна прыехала з Мядзельшчыны ў Паставы да сваёй стрыечнай сястры, якая была выдатнай майстрыхай, шыла для модніц тагачаснага 5 гарадка і нават жонкі генерала. Таццяна навучылася ў яе рукадзеллю, па сённяшні дзень выдатна шые, вяжа, вышывае. Працавала на сокавым заво­дзе і вучылася ў вячэрняй школе, потым — у Полацкім педвучылішчы, на філала­гічным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Настаўнічала ў СШ №1 у Паставах, актыўна ўдзельнічала ў грамадскай рабоце.

Маладога энергічнага педагога заўважылі і запрасілі на працу інспектарам у дзіцячы пакой міліцыі. Работы было шмат, з якой даводзілася спраўляцца адной. Найчасцей да месца па раёне дабіралася на рэйсавым аўтобусе або ішла пешшу ў любое надвор’е ў строгім, але недастаткова цёплым форменным адзенні. Гэта з часам і адбілася на здароўі.

Цяжкім ударам стала для яе смерць мужа, які пайшоў з жыцця ў 46 гадоў, не паспеўшы ажыццявіць свае планы: марыў на пенсіі пераехаць у вёску, завесці вялікую гаспадарку. Аднак жыццё працягвалася, трэба было працаваць і ісці далей. Інспектару міліцыі было няпроста — у той час у Паставах не мелася сацыяльнага прытулку, а значыць, не было куды змяшчаць дзяцей і падлеткаў, якіх затрымалі за правапарушэнні ці забралі з сям’і. Нярэдка Таццяне Віктараўне даводзілася прыводзіць іх да сябе дамоў, паколькі ні ў дзяжурную часць, ні, тым больш, у ізалятар часовага ўтрымання не дазвалялася змяшчаць непаўналетніх, а найбліжэйшы прыёмнік-размеркавальнік знаходзіўся ў Оршы. Працэдура дастаўкі туды непаўналетніх, якіх нельга было пакідаць у сем’ях, уцекачоў з бацькоўскіх дамоў і дамоў-інтэрнатаў, што знаходзіліся ў іншых гарадах Беларусі і неабсяжнай краіны, патрабавала валявога характару. Наручнікі выкарыстоўваць не дазвалялася, інспектар проста вадзіла сваіх падапечных за руку. Ноч у цягніку да Віцебска заўсёды была трывожнай і бяссоннай. Аднак Таццяна Віктараўна ўмела дамовіцца з падлеткамі, давозіла ўсіх без надзвычайных здарэнняў. Адна васьмікласніца жыла ў яе цэлы месяц, бо яе маці, былую выхаванку дзіцячага дома, прымусова лячылі ад алкагалізму, а больш нікога з родных дзяўчынка не мела. Гэта падтрымка і дапамагла ёй працягваць вучобу, здаць экзамены…

Работа практычна без выхадных, патруляванне гарадскіх вуліц з маладзёжным аператыўным атрадам, наведванне танцпляцовак, візіты ў нядобранадзейныя сем’і, вучэбныя заняткі і трывогі — усё гэта было за доўгія гады работы ў раённым аддзеле ўнутраных спраў. На ­сям’ю і адпачынак часу амаль не заставалася. І калі з’явілася магчымасць пайсці на пасаду начальніка пашпартна-візавай службы, перавялася ў 1-ае аддзяленне міліцыі, што размяшчалася побач з домам.

За добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў Т. В. Казакевіч узнагаро­джана знакам “Выдатнік міліцыі”, медалём “За бездакорную службу”, шмат разоў адзначалася прэміямі. З задавальненнем удзельнічала ў выступленнях знакамітага ансамбля “Вітанне”, якім Ірына Генадзьеўна Макоўская кіравала. З цягам часу калектыў заслужыў ганаровае званне “народны”. З гэтым ансамблем выяз­джала з канцэртамі ў чарнобыльскую зону. Пасля тых паездак практычна ўсе мелі праблемы са здароўем.

З 1998 года Т. В. Казакевіч спявае ў хоры ветэранаў вайны і працы, вядзе летапіс клуба “Памяць”, старшынёй якога з’яўляецца з 2008 года, падтрымлівае сувязь з райвыканкамам, школамі, арганізацыямі і ўстановамі раёна. Мікраклімат у калектыве, узаемаадносіны паміж немаладымі ўдзельнікамі хору — таксама яе клопат. А яшчэ яна любіць веласіпедныя прагулкі, многа чытае, займаецца фізкультурай і  рашае матэматычныя задачы. І ўсё ў яе цудоўна атрымліваецца!

Аднойчы жыццё падаравала жанчыне незвычайную сустрэчу. У магазіне да яе падышоў маленькі хлопчык і назваў бабуляй. З таго часу ўжо не адзін год Таццяна Віктараўна і яе гадаванец Цімоша сустракаюцца кожны дзень. Хлопчык наведваў садок, але пачаў хварэць, і маці вымушана была пакідаць работу. Зараз бацькі хлопчыка спакойна працуюць, а Таццяна Віктараўна і Цімоша разам бавяць час. Прыходзіў хлопчык і на рэпетыцыю хору, уважліва слухаў нашы спевы…

У хор ветэранаў не так даўно прыйшла і я. У першы дзень моцна хвалявалася, але добрыя словы Таццяны Віктараўны супакоілі, абнадзеілі, надалі ўпэўненасці. З задавальненнем наведваю рэпетыцыі, радуюся кожнай сустрэчы з харыстамі і нашым кіраўніком Паўлам Пятровічам Рагінем, акампаніятарам і таленавітым музыкантам Аляксеем Конанавым, старшынёй клуба “Памяць” Таццянай Віктараўнай  Казакевіч, сціплай прыгожай жанчынай, маёрам міліцыі ў адстаўцы, душой нашага калектыву. 2 лютага Таццяна Віктараўна адзначыла свой дзень нараджэння і самае першае віншаванне атрымала ад маленькага Цімошы. Напярэдадні Дня міліцыі і 8 Сакавіка хочацца пажадаць Таццяне Віктараўне моцнага здароўя, радасці, шчасця, прыгожых букетаў у падарунак і прыемных сюрпрызаў.

А. АЛІХВЕР, настаўніца  Ляхаўшчынскай школы.

ист:http://www.postawy.by/2015/03/zastaecca-aptymistkaj/ 

Четверг, 5.03.2015 12:15. Category: Чалавек і яго справа 

Ці магчыма такое, каб чалавек сам выбраў сабе дату нараджэння? Зразумела, што адказ на пытанне будзе адмоўным. Але пастаўчанка Таццяна Віктараўна Казакевіч — выключэнне з правілаў.

Яна з’явілася на свет у вёсцы Пруднікі Мядзельскага раёна зімой 1943-га, у самае ваеннае ліхалецце. Ніякіх афі­цыйных запісаў пра гэта не захавалася. А калі пасля заканчэння сямігодкі ў школу спатрэбілася пасведчанне аб нара­джэнні і яго сталі выпісваць у сельскім Савеце, папрасіла паставіць дату 2 лютага.

Гады пралятаюць хутка і, зразумела, не прыбаўляюць ні сіл, ні здароўя. Ня­гледзячы ні на што, у Таццяны  Віктараўны Казакевіч па-ранейшаму актыўная жыццёвая пазіцыя. На працягу 20 гадоў яна з’яўляецца ўдзельніцай хору ветэранаў. І тут дарэчы ўзгадаць, што спевамі і музыкай захапілася з дзявоцтва, падчас вучобы ў Полацкім педвучылішчы грала на домры, займалася ў вакальнай групе, а яе настаўнікам быў знакаміты кампазітар  Мікалай Пятрэнка. А якую  славу здабыў ансамбль народнай песні «Вітанне», створаны пры райаддзеле міліцыі ў тым ліку і па яе ініцыятыве! З 2009 года з’яўляецца старшынёй клуба “Памяць”. Гуртуе калектыў, вядзе дакументацыю, прадумвае сцэнарыі тэматычных канцэртаў, арганізуе святы. Кіраўнік і дырыжор хору Павел Пятровіч Рагіня і канцэртмайстар Аляксей Конанаў вельмі творча працуюць з хорам, і яго выступленні на раённай сцэне, у сельскіх установах культуры, школах заўсёды праходзяць на вышыні.

Не адно дзесяцігоддзе Т. В. Казакевіч супрацоўнічае з нашай газетай. Раней пісала на тэмы, якія датычылі яе міліцэйскай службы і работы ў Таварыстве выратавання на вадзе, зараз — пра калег па клубе “Памяць”. Нарэшце і ў  нас з’явілася нагода расказаць пра саму Таццяну Віктараўну, бо 2 лютага на яе жыццёвым календары — юбілейная дата. Не сумняваемся, што віншаванняў будзе шмат. Няхай не згубяцца сярод іх  і рэдакцыйныя пажаданні  здароўя, дабрабыту, даўгалецця і нязменных актыўнасці і творчасці.

Фаіна Касаткіна

Фота з сямейнага архіва Т. В. Казакевіч

 Поўны матэрыял чытайце на 3-яй старонцы  № 8 газеты “Пастаўскі край” ад 31-га студзеня2018 г.

ист: http://www.postawy.by/2018/01/dusha-gadam-ne-paddaecca/

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

381 просмотров всего, 0 просмотров сегодня

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Добавьте свой комментарий или поделитесь материалом