Царква ў Асінавым Гарадку — 1680 год

    Каменна-мураваная ніжняя частка званіцы царквы ў Асінавым Гарадку ды парэшткі камянёвай агарожы – гэта ўсё, што захавалася з 1680 года, бо сама царква за гэты час была некалькі разоў перабудавана.

 

 

Больш-менш вывучаны перыяд існавання Асінагародскай царквы пачынаецца з 1782 года, з моманту яе перабудовы ўніяцкімі вернікамі. Гэты і другія больш познія факты падцверджаныя і апісаныя ў “Літоўскіх епархіяльных ведамасцях”. Я ж прапаную яшчэ адзін, на 100 гадоў ранейшы, гістарычны дакумент, які падцверджвае, што на гэтым месцы існавала менавіта ўніяцкая царква Пакрова Прэсвятой Багародзіцы. Сцверджанне, што гэтай царкве больш за 400 год – факт яшчэ не зусім даказаны. Ён грунтуецца на тым, што на радзівілаўскай карце Вялікага Князства Літоўскага 1613 года Асінагарадок абазначаны як храмавы. Але гэта мог быць і каталіцкі касцёл. Тым больш, што ў гэты час касцёл тут існаваў, ён будаваўся полацкім ваяводай і ўладальнікам Асінагарадка каталіком Жабо (па другім крыніцам Жаба).

Па легендзе былога настаяцеля Асінагароцкай царквы айца Анатоля недабудаваны касцёл пачаў асядаць, яго паглынала зямля, бо бог не прыняў яго, і таму побач з гэтым месцам была пабудавана праваслаўная царква. Гэтая легенда так і застанецца легендай і не больш таго, як і тая, што ў суседнім фальварку Парыж у 1812 годзе адпачываў Напаліён Банапарт. Такім чыная, з ўлікам новых абставінаў Асінагародскай царкве ўсеж не менш чым 350 гадоў даць можна. У мінулай заметцы “Таямніцы Хрыстова” я ўжо расказваў пра зборнік дакументаў, які апублікаваў намесник дырэктара Нацыянальнога Архива па навуцы Дзяніс Лісейчыкаў “Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага Сабораў 1680-1682 гг”. Напомню, што 7-мы ўніяцкі мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсея Русі Кіпрыян Жахоўскі (Cyprian Żochowski) у 1674 подпісаў указ аб правядзенні візітацыі (інспекцыі) усіх уніяцкіх прыходаў ВКЛ. 

 

 
  • Кіпрыян Жахоўскі Асінагародская царква адносілася да Мінскага Сабора Мядзельскай пратапопіі і была візітавана ў 1682 годзе. Звесткі пра царкву Асінагарадка па выніку гэтага візіта наступныя:

У перакладзе гэта гучыцць так: “У Асінавым Гарадку яго міласці вяльможнага пана Марцыяна Агінскага, ваяводы Троцкага, царква заложаная як Пакрова Прэсвятой Багародзіцы, пры каторай святаром з’яўляецца прападобны айцец Лукіян Ліманоўскі. … З царкоўных кніг толькі Псалтыр, іншыя кнігі ўсе прападобнага айца. … Звон на званіцы адзін. Фандушу няма. Зямлі ў той царкве адна валока, засценак і пляц, на якім жытло прападобнага айца. Будынкі: кухня, сені, свіран, гумно, хлеў, osiec.

Царкоўны прыход: Асінавы Гарадок, Ласіца, Лаські, Новікі, Ліцвякі, Русакі, Лесніцкі, Залаўкі, Яхімавічы, Шэметкі, Васюкі, Затыржы, вёска Луцк, Запаснікі, Сушкі, Шчоткі, Мазурына, Губіна, Карабы, Lapleno (Лаплено — Лапішкі), Верацейкі, Гулідава, Лазова(Лазовікі), Маштаркі, Жупаркі, Руда (можа быць –Рудакова). Усяго 500 душ”. Адразу кідаецца ў вочы тое, што прыход вельмі вялікі, мае 26 вёсак і 500 вернікаў, а царкоўнай зямлі ўсяго толькі адна валока, і ўсяго толькі адзін святар. Гэта зусім не характэрна для такіх вялікіх прыходаў. Нават у Хрыстоўскай царкве з невялічкім прыходам двух вёсак і 75 вернікамі было 1,5 валокі (1 валоку меў звычайны прыгонны селянін ВКЛ, але ніяк не царкоўны прэсвітар).

Хутчэй за ўсё, уніяцкія цэрквы са сваімі невялічкімі прыходамі былі і ў другіх навакольных вёсках, але пад час 13-гадовай вайны (па летапісах – “маскоўскай навалы”) яны, як і іх святары былі знішчанымі. Таму не хапала як цэркваў, так і святароў. Вось некаторыя факты таго перыяду. Армія ваяводы В.П. Шэрэмецьева 24.07.1654 захапіла Друю, мястэчка было спалена, забіта 2 тысячы жыхароў. Звесткі з летапісу: “Взяли взятием и ратных и всяких людей которые в городе сидели побили, и город и костелы и дома все пожгли без остатка”.

Таксама выпіска з ліста каралеўскага камісара Старадубскага старасты Пятра Рудаміла-Дусяцкага пра падзеі студзеня 1659г, якія адбыліся са святаром царквы м.Крывічы Васілём Мрайскім: “У час маскоўскай навалы, калі войска Вялікага Княства Літоўскага пад горадам Мядзелам непрыяцель маскаль Хаванскі знішчыў у гэты час самога айца прэсвітара ўзгаданы непрыяцель жорстка мучыў, царкоўную маёмасць і ўбранства, а таксама фундуш Крывіцкай царквы забралі і спалілі”. Не думаю, што гэтая навала абышла бокам вёскі і цэрквы асінагарадокскага наваколля.

Таму ўніяцкія вернікі змаглі аднавіць спачатку толькі адну цэнтральную царкву ў Асінавым Гарадку. Старога фундуша, як і ў Крывіцкай, і ў Хрыстоўскай царквы тут не захавалася, а новы фундуш Марціян Агінскі яшчэ не выдаў. (Фундуш – гэта выдадзены святару царквы дакумент, у якім пералічваецца колькасць зямлі, і маёмасць, якую землеўладальнік аддае царкве. Звычайна зямлі магло быць ад 2 да 15 валок, у залежнасці ад велічыні і значнасці прыхода). Уніяцкімі святарамі і служкамі Асінагароцкай царквы гэтага і больш позняга перыяду, якіх мне ўдалося адшукаць, былі: Ліманоўскі Лукаш. Limanowski Lukian.

Святар царквы Асінагарадка 1682 (сан ягоны ў той час называўся па старацаркоўнаму – парох, прыход – парохія, ці па каталіцку – парафія, у больш позні час уніяцкія святары называліся ўжо ксяндзамі). Высоцкі Сымон. Wysozki Symon. Высвечаны (пасвенчаны ў святары) і інсталяваны (прызначаны) мітрапалітам А.Шаптыцкім без калятарскай прэзэнты (без землеўладальнікавага прадстаўлення епіскапу) 12.03.1732, святар царквы Асінагарадка 12.03.1732 – 12.03.1763. (Калятары – гэта землеўладальнікі, адказныя за існаванне царквы на сваіх зямлях, яны ж і прэзентавалі епіскапу кандыдатуры сваіх будучых святароў, яны ж і выпісвалі фундушы на царкву, з’яўляліся іх фундатарамі, ці як цяпер кажуць — інвестарамі). Хахол Нікіфар. Chachol Nikiper. Служка царквы Асінагарадка 27.09.1795. Сасіновіч Аляксандр сын Яна. Sasinowicz Alexahder syn Jana 1758 — 13.04.1834. Шляхецкага паходжання, вучыўся на кафедры Полацкага архіепіскапа ў маёнтку Струнь (вёска Струнне) Полацкага ваяводства, высвечаны 1779, адміністратар царквы ў в.Семішча Ашмянскага павета 18.08.1781, адміністратар царквы Асінагарадка 28.09.1795 – 1806 (паколькі з 1806 ужо “не мае павагі да калятароў”), адміністратар царквы ў в.Багушэвічы 1813 – 06.12.1819, але ёсць звесткі, што гэтыя фундушавыя землі царквы забралі землеўладальнікі Нарніцкія ў 1818, а парафія была скасавана за тое, што Сасіновіч зноў жа “не мае павагі да калятароў”.

Кадушкевіч Казімір. Кадушкевичъ Казімеръ. Дзячок царквы Асінагарадка 1816 – 1825. Памёр у 1825г. Жылінскі Томаш. Жилински Томашъ 1797 года, панамар царквы Асінагарадка 1819г. Звольнены з духоўнага саслоўя 24.04.1834. Казлоўскі Ян. Козловскій Іванъ. Служка царквы Асінагарадка 1816. Звольнены з духоўнага саслоўя 24.04.1834. Ракоўскі Пётр сын Андрэя. Раковский Петръ Андреевъ. Служка царквы Асінагарадка 1816. Звольнены з духоўнага саслоўя 24.04.1834. Нявісны Юстын сын Тамаша. Невистный Устинъ Томаша сынъ, 1771-1827. Служка царквы Асінагарадка 1816 — 1827. Самовіч Ян сын Яна. Samowicz Jan. Самовичъ Иванъ Ивановъ 1768-1830. Вучыўся ў школе пры Беразвецкім кляштары (манастыры) базыльянаў.

Высвечаны 1800. Адміністратар царквы ў в.Беразіно Барысаўскага павета 19.03.1806. Адміністратар царквы Асінагарадка 1816. Адміністратар царквы ў м.Залессе 1819 – 1830. Жонка Эльжбета Тарашкевіч 1779 года. Сыны: Ігнат 1800 года, вучыцца ў школе пры Беразвецкім кляштары базыльянаў 1819, працуе ў Дзісненскім павятовым судзе адвакатам 24.04.1834. Антон 1801 года. Францішак 1807 года, вучыцца ў школе пры Беразвецкім кляштары базыльянаў 1819, вучыцца ў Віленскай Медыка-хірургічнай акадэміі 24.04.1834. Андрэй 1809 года, вучыцца ў школе пры Беразвецкім кляштары базыльянаў 1819, працуе ў Дзісненскім павятовым судзе віцэ-рэгінтам 24.04.1834. Валерыян 1814 года, вучыцца ў Полацкай духоўнай семінарыі 24.04.1834. Дочкі: Марцыяна 1804 года, Кацярына 1805 года, Канстанцыя 1807 года, Дарота 1810 года. Пляменніца Анастасся Шалепіна. Жыркевіч Юстын сын Яна, Zyrkiewicz Justyn, Жиркевичъ Юстынъ Iоанна сынъ, 1789 года.

Вучыўся ў школе пры Беразвецкім кляштары базыльянаў. Высвечаны 1816, адміністратар 1816 — 22.11.1819 і святар 24.04.1834 – 25.02.1837 царквы Асінагарадка. Гэта быў, напэўна, апошні з уніяцкіх святароў-ксяндзоў царквы Асінагарадка да прыезду сюды з Варонежа Даламанава Уладзіміра Іванавіча, які хутка ўніятаў зрабіў праваслаўнымі. Але пра гэта ўжо другая гаворка.

источник: https://ok.ru/profile/580024435872/statuses/150922746418080

Мiкалай Палiтыка

Минск, Беларусь

Loading