•       Идут годы, меняются времена, события, люди, но одно остается незыблемым и вечным  – Родина. Нам кажется, что мы знаем о нашей малой Родине все, или почти все. Но каждый раз, когда мы путешествуем, наблюдаем, читаем, исследуем и думаем о ней, мы открываем для себя что-то новое. И сегодня каждый из нас имеет возможность поделиться этим : новыми фактами, новыми стихами, новыми мыслями о своем крае, городе, селе и рассказать миру о своей малой Родине, о людях с большой душой…

Цяжкая дарога да дзеда

     Праз доўгія гады пошукаў Алена Турлай з Новасібірска знайшла сваю радню ў Паставах. На радзіму дзеда разам з ёю выправілася і журналістка «Звязды».

   Вялікую колькасць сямейных гнёздаў параскідвалі бязлітасныя сталінскія рэпрэсіі…

Не абышло гора расстання і бабулю з дзядулем Алены Турлай… Цяжка ў гэта паверыць, але больш як праз паўстагоддзя ўнучка ўсё ж такі звязала даўно абарваныя сваяцкія нітачкі — адшукала родзічаў і магілу дзеда.

Дапамаглі ёй у гэтым актывісты беларускага зямляцтва ў Новасібірску і журналісты «Голасу Радзімы» і «Звязды».

Сям’я ў падарунак Пра такое кажуць не інакш, як «зоркі на небе сышліся»… Людміла Шчаслівенка, якая працуе ў новасібірскім Беларускім культурна-асветніцкім цэнтры, прыйшла на прыём да ўрача Алены Турлай. І проста, без задняй думкі, сказала, што на днях паедзе ў Мінск. А Алена вазьмі ды прызнайся, што ў лісце яе жаданняў ёсць пункт — трапіць у Паставы, пахадзіць па вуліцах горада. Бо гэтае месца звязана з даўняй сямейнай гісторыяй.

Тую сямейную гісторыю Алена паведала сваёй пацыентцы літаральна ў двух словах. І Людміла Іванаўна, якой гэта тэма блізкая (сама два гады таму выканала бацькаў запавет — знайшла магілу дзеда-беларуса ў Славакіі), вызвалася дапамагчы. Сказала, што паспрабуе звязацца з Паставамі.

А раптам там нехта застаўся з роду Шурпікаў?.. — Я не ўспрыняла словы Людмілы Іванаўны ўсур’ёз, — прызналася падчас нашага знаёмства ў Новасібірску Алена. — Бо ўжо не раз званіла ў Паставы некалькім Шурпікам, нумары тэлефонаў якіх знайшла ў інтэрнэце. Спрабавала нешта патлумачыць. Але, на жаль, размовы не атрымалася. На мяне рэагавалі, як на вар’ятку…

Я разумею, што ў трох словах усю гісторыю не раскажаш… Ды і столькі часу прайшло… Кожны жыве сваім жыццём. Людміла Шчаслівенка найперш звязалася са сваімі беларускімі сябрамі-журналістамі. Тыя параілі ёй зайсці на сайт Пастаўскага райвыканкама. І там (вачам сваім не паверыла!)… знайшла нумар тэлефона супрацоўніка ідэалагічнага ад­дзела Вячаслава Шурпіка. Звязалася з ім… І ўсё закруцілася само сабой!

Алена даслала Вячаславу адсканіраваныя фотаздымкі, якія перадала ёй бабуля. Той паказаў іх сваёй цётцы Тасі, якая на адным з іх пазнала сябе маленькую… І тут жа дастала з альбома дакладна такі ж фотаздымак!..

Так неабыякавы малады чалавек (Вячаславу ўсяго толькі 28 гадоў) падарыў жанчыне, якая аказалася яго сястрой, яе сям’ю! На радасцях Алена адпрасілася з працы і бліжэйшым рэйсам паляцела ў Беларусь. “Усё жыццё бабуля чакала дзеда!” Перш чым перанесціся ў Паставы, прапаную вярнуцца ў новасібірскую кавярню, дзе я з вуснаў Алены Турлай пачула неверагодную гісторыю…

Прыводжу яе ў сціслым варыянце.tc «Перш чым перанесціся ў Паставы, прапаную вярнуцца ў новасібірскую кавярню, дзе я з вуснаў Алены Турлай пачула неверагодную гісторыю… Прыводжу яе ў сціслым варыянце.» «Мой дзед, Арсеній Усцінавіч Шурпік, прыехаў у Сібір з Пастаўскага раёна. Скончыў Сібірскі інстытут народнай гаспадаркі і па размеркаванні разам з маёй бабуляй пераехаў у Краснаярскі край. Там кіраваў планавым аддзелам Рыбінскага раёна. Бабуля казала, што яны пражылі разам усяго каля 10 гадоў. І гэта былі гады сапраўднага шчасця! …

Зімой 1938 года дзеда арыштавалі. Ва ўласным доме. Ён абавязкова хоць на хвілінку ў абед забягаў дадому, каб пагуляць з маёй мамай, якая заўсёды яго чакала. Нечакана прыйшлі людзі з НКУС, пабілі яго і забралі з сабой. …

Пазней бабуля сустрэлася з дзедам у турме Краснаярска. Ён быў худы, жоўта-сіняга колеру… Як аказалася, дзед прызнаў сябе здраднікам Радзімы. Бабуля спытала, як жа ён мог так сябе абгаварыць. У адказ пачула: «Не магу больш трываць здзекаў, лепш хай заб’юць адразу». Ахоўнікі пачулі гэтую размову — і сустрэча спынілася… Неўзабаве бабулі, як жонцы ворага народа, прыслалі рашэнне аб канфіскацыі дома. Яна ў адчаі за дзень да прызначанай канфіскацыі падпаліла бібліятэку, мэблю. І ўцякла з 2-гадовым дзіцём на руках у Краснаярск.

Паспрабавала знайсці старых знаёмых, папрасіць аб дапамозе… Але калі людзі даведваліся, што дзед арыштаваны, ніхто не хацеў мець з ёй справу. Была страшная сібірская зіма. Некалькі начэй бабуля правяла ў хляве — укладвала маму на сена паміж сабой і цёплым каровіным бокам. Яна разумела, што рана ці позна памрэ ад голаду, і сабралася скончыць жыццё самагубствам. Ужо рыхтавалася скокнуць пад цягнік разам з дзіцём, як нечакана незнаёмы мужчына збіў яе з ног. Выратавальнік, які аказаўся прафесійным злодзеем, прывёў яе туды, дзе жыў мясцовы зброд…

Бабуля казала, што тыя людзі аказаліся самымі міласэрнымі. Пакармілі яе, падрабілі дакументы. …І да вайны, і пасля вайны бабуля жыла падалей ад горада. Баялася, што выявіцца яе несапраўднае імя. У яе была адна задача — паставіць на ногі дзіця. Яна марыла, што аднойчы дзед вернецца, а яна яму пакажа разумніцу дачку…

Усё жыццё бабуля чакала дзеда. Размаўляла з яго партрэтам, які вісеў на сцяне… У 1976 годзе, калі мне было 10 гадоў, мы з бабуляй напісалі ў Краснаярскі краявы суд. Тады ўжо шмат гаварылі аб несправяд­лівасці ста­лінскіх рэпрэсій. Суд аднавіў справу, і праз 2 гады мы атрымалі даведку аб тым, што дзед рэабі­літаваны пасмяротна. Усю ноч бабуля праплакала… На наступны дзень яна трапіла ў бальніцу з цяжкім інфарктам. Яе забіла гэтая ўслых прызнаная несправядлівасць, з якой пражыла ўсё жыццё.

Са слоў бабулі мама ведала, што ў яе павінны быць стрыечныя браты і сёстры. Але, на жаль, ёй так і не давялося знайсці сваякоў…

Мамы не стала 10 гадоў таму… Сэрца б’ецца ад хвалявання, я ўсё яшчэ не магу паверыць, што зраблю тое, аб чым усё жыццё марылі мае самыя блізкія людзі…» Развіталіся мы тады ў Новасібірску з Аленай ненадоўга. У хуткім часе дамовіліся сустрэцца ў Паставах. Алена Турлай са сваякамі ў Паставах

Шлях даўжынёй у 75 гадоў не аказаўся ў нікуды Пры сустрэчы Алена не стрымлівае эмоцый. — Надзя, ты толькі паглядзі! — дастае з сумачкі нататнік з намаляваным на хуткую руку разгалінаваным радавым дрэвам. — Я і ўявіць сабе не магла, што ў мяне такая вялікая сям’я! Такое адчуванне, што ў Паставах адны Шурпікі жывуць. Брат Уладзімір вазіў мяне ў Мір і ў Нясвіж, глядзелі замкі. Прыгажосць такая! У Нясвіжы бачылі радавое дрэва Радзівілаў. Дык наша яму фору дасць (усміхаецца ). — Якое шчасце! Шлях даўжынёй у 75 гадоў не аказаўся ў нікуды! — ад душы парадавалася я за Алену. — Усе людзі, якіх я сустрэла, вельмі добрыя, сапраўдныя, годныя, — працягвае дзяліцца ўражаннямі сібірачка-беларуска. — Не магу перадаць сваёй радасці, чую расказы пра свайго дзеда і вельмі ганаруся ім!

Дзед быў незвычайным, разумным, добрым, цудоўным чалавекам! — Я не магла паверыць сваім вушам, калі пачула, што Алена нас знайшла, — распавядае Ганна Мікалаеўна Лобач, пляменніца Аленінага дзеда. — Адразу ж пабегла на могілкі, каб сказаць дзядзьку Арсенію: «Радуйся, хутка прыедзе твая ўнучка». Магіла дзеда Алены Турлай знаходзіцца ў маляўнічым месцы за некалькі кіламетраў ад Пастаў. Паблізу пахаваны яго бацькі, браты, сёстры…

Раней, паводле слоў Ганны Лобач, на тым пагорку хавалі толькі Шурпікаў — гэта былі так званыя сямейныя могілкі. — Мне было 11 гадоў, калі дзядзька Арсеній вярнуўся з Поўначы, — працягвае Ганна Мікалаеўна. Пражыў ён тут усяго два гады. Але памяць добрую пакінуў. Дапамагаў сёстрам, братавым жонкам і іх дзецям-сіротам. Усе дзеці яго любілі. Я ніколі не бачыла, каб малыя калі-небудзь так плакалі на пахаванні…

Побач з магілай Аленінага дзеда заўважаю яшчэ адну дагледжаную магілку. Але без крыжа… — Тут пахавана яўрэйка, таму крыж святар не дазволіў ставіць… — кажа муж Ганны Лобач. — Ведаеш, мы з мамай лічылі, што дзед пахаваны недзе ў Магаданскай вобласці, — падхоплівае Алена. — Хацелі знайсці брацкую магілу ці прыблізнае месца пахавання, каб хоць шыльдачку паставіць…

А аказалася, што дзед прасядзеў у ГУЛАГУ каля 15 гадоў і ў 1953-м годзе вярнуўся ў Паставы. З іншай жанчынай. Кажуць, яна выратавала яму жыццё… — Ён выйшаў з турмы з цяжкай формай туберкулёзу, аслаблены, — працягвае Ганна Лобач. — Яму здала пакой жанчына, якая працавала поварам. Яна яго падкормлівала.

Дзядзька Арсеній пры­ехаў на радзіму паміраць… —…Толькі цяпер я разгадала словы бабулі: «Я прыдумваю сабе, што ён жывы. Магчыма, жыве з іншай жанчынай. Я так мару, што ў яго ўсё добра! Толькі б ён быў жывы…» Мне здаецца, што незадоўга да смерці дзед усё ж такі знайшоў бабулю. Бо быў перыяд, калі яна атрымлівала нейкія грашовыя пераводы. Думаю, бабуля не гаварыла маме, што ён жыве з іншай жанчынай, бо, магчыма, баялася, што яна не зразумее, асудзіць. У вачах Алены я не прачытала асу­джэння, крыўды. Унучка даравала дзеду тое, што ён не вярнуўся больш да іх. А па-іншаму і быць не магло! Як яна магла не дараваць, калі нават бабуля, якую Алена любіла бязмерна, зразумела і даравала!

Непадалёку ад могілак бачым дарожны паказальнік «Шурпі­кі». Аказалася, што ў Пастаўскім раёне ёсць вёска Шурпікі, адкуль і пайшоў род Шурпікаў. Цяпер там засталося некалькі хат, астатнія пагарэлі. У тым ліку і дзедава… — Аказваецца, дзед пасля таго, як вярнуўся на радзіму, паспеў пабудаваць хату. Калі б я прыехала сюды два гады таму, то змагла б пахадзіць па ёй, дакрануцца да сцен, — уздыхае Алена Турлай. — А так сумнае відовішча… папялішча… Тут, як мне расказалі, жыла нядобранадзейная ­сям’я… Затое, падзівіся, які грушавы сад дзед пасадзіў. У гэты момант над дзедавым садам закружыў бусел з галінкай у дзюбе. Вочы Алены сталі вільготнымі…

Яна ўпершыню бачыць бусліка! На радзіме продкаў! Каля дзедавай хаты! Гэта, упэўнена, знак!.. Дзед удзячны ўнучцы,якая больш чым праз паўстагоддзя змагла звіць разбуранае сямейнае гняздо! — У мяне, на жаль, няма ўжо бабулі, мамы. Шкада, што не магу з імі падзя­ліцца радасцю. Гэта было б для іх такое шчасце!

* * *

Унучка ніколі не бачыла свайго дзеда. Але любіць і моліцца за яго, як любілі і маліліся бабуля і мама. Чалавек жывы, пакуль яго помняць! Алена вельмі хоча, каб яе гісторыя падарыла надзею тым, хто яшчэ не знайшоў сваіх дзядуляў, што згінулі ў віры страшных часоў. Галоўнае — верыць і шукаць! Шукаць і верыць! Бо дабро ў жыцці, як і ў казках, у рэшце рэшт перамагае. І раскіданыя гнёзды звіваюцца… нават праз 75 гадоў. Бусел па­цвердзіць… Бусел з галінкай у дзюбе над папялішчам у Шурпіках…

І яшчэ…

Перад тым, як здаць артыкул у друк, даведалася, што Алена павезла ў Новасібірск нізкі паклон і падарунак Людміле Шчаслівенка ад Шурпікаў. Сям’я ўдзячная тым, хто дапамог ім з’яднацца! А Людміла Іванаўна, якой не па чутках знаёмы ўсе перажыванні Алены, сказала ёй па вяртанні тое, з чым цяжка не пагадзіцца: «Твая гісторыя пачалася ў Паставах — на радзіме дзеда. У тых жа Паставах гісторыя і скончылася — ма­гіла дзеда знайшлася. Усё, здаецца, кропка пастаўлена. Але гэта не кропка. Гэта пачатак новага вітка гісторыі…» Надзея ДРЫЛА. Фота аўтара. Новасібірск—Паставы—Мінск. («Звязда» за 28 мая 2013 года.)

 ист: https://govorim.by/vitebskaya-oblast/postavy/novosti-postav/95340-cyazhkaya-daroga-da-dzeda.html

Алена Турлай са сваякамі ў Паставах

Надзея ДРЫЛА.
Фота аўтара.
Новасібірск—Паставы—Мінск.
(«Звязда» за 28 мая 2013 года.)

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Метки: , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавьте свой комментарий или поделитесь материалом