Уладзімір Дубоўка — рукапісы не гараць.

     У. Дубоўка па праву лічыцца адным з заснавальнікаў беларускай літаратуры. Дзякуючы свайму таленту, паэтычнай адметнасці ён зрабіў каштоўны ўнёсак у скарбніцу нацыянальнай культуры, узбагаціў беларускую літаратуру яркімі паэтычнымі вобразамі.

У. Дубоўка нарадзіўся ў вёсцы Агароднікі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Яго маці добра ведала беларускую мову і, нягледзячы на тое, што сям’я пераехала на сталае жыхарства ў Маскву, размаўляла толькі па-беларуску. “Я ніколі не вучыўся ні ў якіх беларускіх школах, усё маё веданне беларускай мовы – ад маці і з вёскі. Вось чаму я маю поўную падставу называць беларускую мову – матчынай мовай”, – пісаў У. Дубоўка ў сваёй аўтабіяграфіі “Мой жыццяпіс”.

“Спагадае хто бяздольнай”. Верш. Аўтограф. 1922 г.

Па заканчэнні ў 1918 годзе Нова-Вілейскай настаўніцкай семінарыі У. Дубоўка быў прыняты студэнтам гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага універсітэта, але пасля двух месяцаў вучобы быў вымушаны, каб дапамагчы бацькам, паехаць працаваць настаўнікам на Тульшчыну.

У 1920–1921 гг. служыў у Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў у Наркамаце асветы РСФСР і вучыўся ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В. Брусава. Таварыская, добразычлівая атмасфера, што панавала ў гэтай установе, літаратурныя дыспуты, вечарыны, што праводзіліся з удзелам знакамітых пісьменнікаў, спрыялі развіццю маладых літаратурных талентаў. 

Адначасова з вучобай ў інстытуце У. Дубоўка працаваў адказным сакратаром прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе СССР, рэдактарам беларускага тэксту “Весніка ЦВК, СНК і СПА Саюза ССР”.

У. Дубоўка быў асабіста знаёмы з У. Маякоўскім, С. Ясеніным і іншымі. У сваёй аўтабіяграфіі У. Дубоўка так апісваў апошнюю сустрэчу з У. Маякоўскім: “Апошні раз у жыцці бачыўся з Ул. Маякоўскім літаральна напярэдадні ягонае смерці ў П.М. Кержанцава, у якога мы, зусім выпадкова, былі па прыёме ў адзін і той жа дзень. Выйшаўшы з кабінета П.М. Кержанцава, Ул. Маякоўскі моўчкі паціснуў мне руку… У мяне не было нават думкі пра тое, што гэта апошняе развітанне. Нават тое, што ён быў вельмі сумны, не давала падставы для падобнага меркавання. Справа ў тым, што я бачыў яго неаднойчы ў вельмі складаных і напружаных абставінах, і ён заўсёды выходзіў пераможцам. На другі дзень яго не стала на свеце…”.

У маі 1921 года на старонках газеты “Савецкая Беларусь” быў апублікаваны першы верш маладога паэта “Сонца Беларусі”, а ў 1923 годзе ў Вільні выйшаў з друку і першы невялічкі паэтычны зборнічак “Строма”, у які ўвайшлі творы, што былі напісаныя ў самым пачатку яго літаратурнай працы. У Мінску ў 1920-я гады былі выдадзены зборнікі “Там, дзе кіпарысы” (1925), “Трысцё” (1925), “Credo” (1926), а ў Маскве – “Наля” (1927).

У. Дубоўка. 1970 г.

Уладзімір Дубоўка ўваходзіў у літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”, быў адказным сакратаром Цэнтральнага бюро, рэдактарам некалькіх нумароў часопіса “Маладняк”, арганізаваў выданне ў Мінску часопіса “Беларускі піянер” і некаторы час рэдагаваў яго. У 1925 годзе У. Дубоўка разам з А. Бабарэкам, К. Чорным, К. Крапівой, З. Бядулем, Я. Пушчам увайшоў у ініцыятыўную групу па стварэнні літаратурна-мастацкага аб’яднання “Узвышша”, быў у складзе рэдкалегіі аднайменнага часопіса.

“Прадмова да Шэкспіравай кнігі санетаў”. Чарнавік. 1964 г.

Нягледзячы на тое, што пісьменнік стала жыў у Маскве, ён прымаў актыўны ўдзел у беларускім літаратурным руху: быў старшынёй маскоўскай філіі “Маладняка”, друкаваў вершы ў альманахах беларускіх студэнтаў “Маладая Беларусь”, “Змаганне”. З 1927 года ў газеце “Гудок” было наладжана рэгулярнае выданне старонкі на беларускай мове, першым рэдактарам якой стаў У. Дубоўка. З яго ініцыятывы і пры непасрэдным удзеле ў 1926 годзе ў Маскве была выдадзена кніга “Якуб Колас у літаратурным жыцці”, якая можа лічыцца першым адметным выданнем, прысвечаным творчасці песняра.

У 1924–1927 гг. У. Дубоўка выкладаў беларускую літаратуру ў Камуністычным універсітэце народаў Захаду, у 1926–1930 гг. быў рэдактарам “Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўрада Саюза ССР”.

У. Дубоўка з жонкай Марыяй Пятроўнай. 1927 г.

Жартаўлівыя вершаваныя адказы У. Дубоўкі на запіскі жонкі Марыі Пятроўны. 1948 г.

Пасведчанне дырэкцыі Нова-Вілейскай настаўніцкай семінарыі, выдадзенае У. Дубоўку, аб тым, што ён з’яўляецца бежанцам з Віленскай губерні. 1916 г.

Летам 1930 года пачаліся масавыя арышты вядомых беларускіх грамадскіх і культурных дзеячаў. Сярод тых, хто праходзіў па так званай справе “Саюза вызвалення Беларусі”, быў і У. Дубоўка. 20 ліпеня 1930 года ён быў беспадстаўна арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Яранск. У 1935 г. тэрмін высылкі быў падоўжаны на 2 гады, да якога ў 1937 г. былі дададзены яшчэ 10 гадоў пазбаўлення волі. 

У. Дубоўка з жонкай Марыяй Пятроўнай каля сваёй хаты, п. Почат, Абанскі р-н, Краснаярскі край. 1958 г.

У 1949 годзе У. Дубоўку зноў арыштавалі ў Грузіі з прысудам на 25 гадоў зняволення. Пакаранне адбываў у Кіраўскай вобласці, Чувашыі, на Далёкім Усходзе, у Грузіі, Краснадарскім краі. Яму давялося працаваць маляром, сталяром, тынкоўшчыкам, бухгалтарам, эканамістам.

Канчаткова У. Дубоўка быў рэабілітаваны ў 1957 годзе. Шмат гадоў па нялёгкіх жыццёвых сцежках ішла разам з У. Дубоўкам яго верная спадарожніца, жонка Марыя Пятроўна.

Пасведчанне Цэнтральнага бюро Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк” аб камандзіроўцы сакратара ЦБ У. Дубоўкі ва Украіну для наладжвання сувязі з аб’яднаннем украінскіх пісьменнікаў “Гарт”. 1925 г.

“Крычаўская спакуса”. Фрагмент паэмы. 1925 г. Аўтограф пазнейшага часу.

У. Дубоўка і У. Сасюра. 1925 г.

Пасля смерці мужа ў 1976 годзе яна перадала ў Цэнтральную навуковую бібліятэку імя Я. Коласа НАН Беларусі яго асабісты архіў, у складзе якога прысутнічаюць цікавыя біяграфічныя дакументы, фатаграфіі, разнастайная творчая спадчына, сярод якой і выдатныя пераклады санетаў У. Шэкспіра, твораў Дж. Байрана, У. Сыракомлі, І. Гётэ, М. Рыльскага і інш., зробленыя Дубоўкам-перакладчыкам. 

15 ліпеня 2019 года споўнілася б 119 гадоў вядомаму беларускаму паэту, празаіку, перакладчыку, крытыку Уладзіміру Мікалаевічу Дубоўку (1900–1976).

TUT.BY – рукапісы не гараць…
Читать полностью: https://news.tut.by/culture/175524.html?crnd=61986

 

 

 

 

 

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

171 просмотров всего, 0 просмотров сегодня

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.