В.А. КЛАЧКОВА

      У альбомах больш чым сотні пастаўчан, якім пашанцавала працаваць разам з былым старшынёй Пастаўскага райвыканкама, а затым першым сакратаром Пастаўскага райкама Камуністычнай партыі БеларусіВалянцінай Аляксееўнай Клачковай, захоўваюцца фотаздымкі з яе асабістым подпісам на добры ўспамін аб сумеснай рабоце.

     У знак удзячнасці Валянціна Аляксееўна падарыла іх падчас прыгожага развітання з кіруючымі кадрамі раёна па прычыне пераводу яе на пасаду першага намесніка старшыні Белкаапсаюза. А год назад яе зямны шлях завяршыўся, але памяць жыве.

На фотаздымках — група дэлегатаў ХХV з’езда КПСС, у якім яна прымала ўдзел, жанчын-дэпутатаў Вярхоўнага Савета СССР. Валянціна Аляксееўна стаіць побач з першай жанчынай-касманаўтам, адзінай на той час жанчынай-генералам Валянцінай Уладзіміраўнай Церашковай. Гэты здымак — яскравае пацвярджэнне таго, што В. А. Клачкова была аўтарытэтным чалавекам, мудрым кіраўніком, актыўным грамадскім дзеячам.

Пра гэта сведчаць і многія факты з яе біяграфіі. З 18-гадовага ўзросту і да вызвалення Віцебскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прайшла шлях воіна ў партызанскім атрадзе імя Фрунзэ брыгады імя Чапаева. Гады яе юнацтва супалі з цяжкім ваенным перыядам у жыцці краіны. Былі і пагрозы жыццю. Ратавалі таварышы па атрадзе. Спазнала, што такое чалавечнасць, душэўнасць, адданасць, узаемаразуменне, самаахвярнасць і дапамога.

У пасляваенныя гады працавала ў Пліскім, Ушацкім, Чашніцкім райвыканкамах і больш за 15 гадоў (са студзеня 1963-га па красавік 1978-га) — кіраўніком нашага раёна.

Валянціну Аляксееўну вызначалі дасканаласць, прынцыповасць, актыўная жыццёвая пазіцыя, гаспадарчая заклапочанасць, упэўненасць, дзелавітасць, працавітасць, пачуццё трывогі за тое, што яшчэ не зроблена, грамадская актыўнасць, цярплівасць, спагада, чалавечнасць і дабрыня. Да ўсіх кіраўнікоў і радавых працаўнікоў адносілася аднолькава добразычліва і з павагай, але і патрабавальнасць была высокай. Адсутнічалі фанабэрыстась, катэгарычнасць, не было дробязнасці, крыўдлівасці, нервознасці. Яе строгасць не азначала бессардэчнасць. Кантроль успрымала не толькі як адказнасць за даручаную справу, але і як аператыўную дапамогу. Ёй уласцівы сплаў сілы і розуму, прыродная інтэлігентнасць і непаўторнасць.

Пастаўчане давяралі кіраўніку раёна прадстаўляць і абараняць іх інтарэсы ў абласных, рэспубліканскіх і саюзных выбарчых органах. У 1967 годзе, пасля пяці гадоў работы старшынёй райвыканкама, В. А. Клачкову выбралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. На сесіі даверылі пасаду намесніка старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі.

На працягу чатырох гадоў рыхтавала пытанні на разгляд сесій, прысутнічала на пасяджэннях прэзідыума, часам і сама іх праводзіла, удзельнічала ў рабоце камісій, уручала ўзнагароджаным Граматы Вярхоўнага Савета БССР, разглядала скаргі выбаршчыкаў. Ад іх яна штогод атрымлівала амаль 500 пісем. Звярталіся па розных пытаннях. Адны скардзіліся на органы сацыяльнай абароны, іншыя прасілі аказаць дапамогу ў рамонце жылля, рэабілітацыі асуджаных блізкіх людзей, своечасовай падачы вагонаў пад пагрузку сельскагаспадарчай прадукцыі, прапаноўвалі абмежаваць продаж спірт­ных напіткаў і г. д. Звярта­ліся па дапамогу нават выбаршчыкі з іншых акруг, абласцей. Яна не пакідала просьбы без увагі, дапамагала людзям.

У 1974 годзе В. А. Клачкову выбралі дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР па Глыбоцкай выбарчай акрузе, у якую ўваходзілі Пастаўскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Міёрскі, Шаркаўшчынскі і Браслаўскі раёны. Стала членам мандатнай камісіі Савета Нацыянальнасцей і членам савецка-французскай секцыі парламенцкай групы. У дэпутацкія абавязкі ўваходзілі выступленні ў працоўных калектывах, работа непасрэдна ў сваёй выбарчай акрузе. Выступала перад удзельнікамі парада ў Маскоўскай ваеннай акрузе, акадэміі імя Ю. А. Гагарына, цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў і іншых калектывах. На такіх сустрэчах знаёмілася са знакамітымі людзьмі краіны, пашырала свой кругагляд.

Як дэпутату даводзілася прымаць удзел у вырашэнні пытанняў саюзнага ўзроўню. У складзе дэпутацкай групы ўдзельнічала ў рабоце 63-й Міжнароднай канферэнцыі парламенцкіх саюзаў, якая праходзіла ў Іспаніі. На ёй прысутнічалі парламенцкія дэлегацыі з 67 краін свету. Была ў ліку запрошаных на прыёмы да караля Іспаніі, кіраўнікоў Урада, міністраў, мэра Мадрыда, у замежныя пасольствы. Давялося быць госцяй буйнога фермера. Калі высветлілася, што некаторыя іспанцы ўспрымаюць Беларусь як вялікую вёску, Валянціна Аляксееўна запярэчыла і дала характарыстыку сваёй краіне. Гаварыла, што Беларусь — член Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, статут якой падпісаны ў 1945 годзе прадстаўнікамі 51 краіны, у тым ліку і Беларусі. Уваходзіць і ў Генеральную Асамблею ААН. У Беларусі жыве дзясятак мільёнаў чалавек. БССР — гэта магутныя самазвалы, трактары, якія добра вядомы іспанскім фермерам і фермерам многіх замежных краін; электроніка; машынабудаванне; нафтахімія; радыётэхніка; прыгожыя гарады, адбудаваныя пасля вайны. Гэта — рэспубліка-партызанка, якая ваявала з фашызмам і не скарылася. У адказ пачула: “Мы пра гэта нічога не ведалі…”

У 1976 годзе ўдзельнічала ў рабоце XXVIII з’езда КПБ і на ім была выбрана членам Цэнтральнага камітэта Кампартыі. Гэта прыбавіла ёй работы: трэба было прымаць удзел у падрыхтоўцы пленумаў, ­удзельнічаць у іх рабоце, браць на сябе адказнасць за прынятыя пастановы і іх рэалізацыю. Ад Віцебскай вобласці была дэлегатам ХХV з’езда КПСС. Акрамя гэтага, выконвала абавязкі ў абласным і раённым Саветах народных дэпутатаў, кіраўніка раёна, маці і жонкі ў сваёй сям’і. Такая ноша была пад сілу толькі вялікай працаўніцы, мудраму чалавеку, прадбачліваму кіраўніку, цудоўнай жанчыне.

Заўсёды ў гаспадарчай дзейнасці аддавала перавагу     руху наперад, а не бегу па крузе. Добра разумела, што адзін у полі не воін. Работа з людзьмі была для яе галоўнай. Мела прыроджаную арганізатарскую жылку. Лёс падарыў ёй яркае, напоўненае добрымі справамі і павагай людзей жыццё. Курс заўсёды трымала на поспех і была ўпэўнена, што кадры вырашаюць усё.

Пастаянна клапацілася пра стварэнне і падрыхтоўку рэзерву кадраў для ўсіх галін народнай гаспадаркі раёна, правільную расстаноўку кадраў на вытворчасці, аказанне ім своечасовай дапамогі і падтрымкі ў вырашэнні складаных пытанняў. Выступала супраць “валявых” рашэнняў. Разумела: калі чалавек не хоча працаваць там, куды яго пасылаюць, то лепш не прымушаць, бо толку не будзе. Да падбору кіраўнікоў структурных падраздзяленняў падыходзіла ўдумліва, ацэньвала кожную рысу іх характару, здольнасць праявіць сябе на даручаным участку і жаданне на ім працаваць.

Успамінаецца яе падыход да замены старшыні калгаса “Сцяг Перамогі”. Яго кіраўніка Э. Ф. Ляшковіча, вопытнага спецыяліста сельскай гаспадаркі, перавялі на пасаду начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі раёна. Узнікла пытанне, каго выбраць старшынёй калгаса. Гаспадарка адметная. Кіраваць ёй было не менш складана, чым адсталай. Патрэбны кіраўнік, які не панізіць дасягнутых паказчыкаў. Выбар выпаў на маладога спецыяліста А. Я. Мухлю, але ён працаваў у іншым калектыве. Валянціна Аляксееўна прапанавала членам праўлення калгаса звярнуць на яго ўвагу і пры адабрэнні ўнесці кандыдатуру на разгляд агульнага сходу калгаснікаў. Выбар быў зроблены. Аляксандр Якаўлевіч больш за 20 гадоў адпрацаваў кіраўніком калгаса і вывеў яго на больш высокі ўзровень.

Да расстаноўкі і выхавання кадраў падыходзіла строга, вельмі асцярожна  і скрупулёзна. Ніколі не дапускала паспешлівасці, пазбягала частых перастановак, імкнулася вучыць крыху слабейшых кіраўнікоў і ствараць ім неабходныя ўмовы для работы. Не любіла, калі кіраўнікі захапляліся словамі “выдатна”, “адметна”, “цудоўна”, “багаты”, “высокі” і г. д. Перавагу аддавала самакрытычнасці.

У яе вучыліся і мала­дзейшыя, і сталыя работнікі не толькі працаваць, але і адказнасці за даручаную справу, уважлівым адносінам да людзей, гаспадарлівасці, уменню ўбачыць і прааналізаваць нават самы нязначны факт, зрабіць патрэбныя вывады і прыняць меры, калі трэба. Заўсёды засяроджвала ўвагу не на тым, што адбылося, а на тым, чаму так адбылося. Яе больш цікавіў не факт, а прычына, якая яго парадзіла.

Ацэньваючы работу кіраўнікоў і спецыялістаў, В. А. Клачкова ўлічвала канкрэтныя ўмовы іх работы, асаблівасці характару, здольнасці, не дапускала шаблонаў і верхаглядства.

Незабыўнай застаецца сустрэча Валянціны Аляксееўны як дэлегата XXV з’езда КПСС з калектывам настаўнікаў і вучняў Камайскай сярэдняй школы, якая прайшла цёпла, цікава, змястоўна і павучальна для ўсіх. Пасля гаварыла, што вельмі любіць сустрэчы з моладдзю, падрастаючым пакаленнем, бо яны абуджаюць успаміны пра яе юнацкія гады і натхняюць на новыя задумкі.

Моладзь, і ў прыватнасці камсамольскіх актывістаў, успрымала як будучыню і сваю апору ў кіраўніцтве раёнам. У калектывах на маладых працаўнікоў звяртала асаблівую ўвагу ў плане вылучэння іх на кіруючыя пасады. Цаніла работу кадраў, працоўных калектываў, якія давалі моладзі прастору праявіць сябе. У гэтым плане ў той час добра зарэкамендавала сябе райсельгастэхніка. З ліку яе маладых працаўнікоў у раёне сталі кіраўнікамі А. А. Валодзька, Г. Ф. Ластоўскі, І. Г. Глушонак, П. І. Скурко, П. М. Касцень, М. І. Бутар, У. А. Захарэвіч і многія іншыя больш сталага ўзросту.

Заўсёды ў полі зроку трымала падрыхтоўку навучэнцаў прафтэхвучылішча. Мэтанакіравана ствараліся ўмовы для іх далейшай вучобы, кар’ернага росту, даваліся магчымасці праявіць сябе ў грамадскай рабоце. 30 працэнтаў дэпутатаў раённага і сельскіх Саветаў былі маладога ўзросту. Малады механізатар В. М. Дзеравянка, былы выпускнік вучылішча, быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.

У 80-ыя гады мінулага стагоддзя раён вызначаўся сваімі поспехамі ў вобласці і рэспубліцы. Многа станоўчага было ў рабоце Варапаеўскага дрэваапрацоўчага камбіната, Лынтупскага спіртзавода. Пераможцам раённага, абласнога і рэспубліканскага спаборніцтваў нязменна выходзіў завод жалезабетонных вырабаў. Быў пабудаваны новы завод з поў­най механізацыяй вытворчых працэсаў, да корпусаў падведзена чыгунка, узвялі жыллё, сталоўку, клуб, дзіцячы садок і іншыя аб’екты сацыяльна-бытавога прызначэння. Узнік прыгожы гарадок будаўнікоў. Нядрэнна працаваў шклозавод “Гута”.

Раён пастаянна выконваў план па продажы зерня дзяржаве. Гаспадаркі прадавалі яго і звыш плана, чым уносілі важкі ўклад у дасягненні вобласці, якая была адзначана на той час вышэйшай узнагародай краіны — ордэнам Леніна. Па ўраджайнасці зерневых 7 гадоў запар раён трымаў у вобласці  першае месца. У 1973-м заняў другое месца ў рэспубліцы, калі было атрымана ў сярэднім па 34,1 цэнтнера з гектара. 9 калгасаў сабралі па 40-41 цэнтнеры. Ні ў адной гаспадарцы з 40 не было ўраджайнасці, ніжэйшай за 25 ц/га. Раёну навечна ўручылі Чырвоны Сцяг ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ. Валянціну Аляксееўну ўзнагародзілі ордэнам Леніна. А ўвогуле яна была кавалерам 5-ці ордэнаў і 17-ці медалёў.

В. А. Клачкова пастаянна трымала ў полі зроку сацыяльна-бытавыя паслугі, якія аказваліся насельніцтву. У 1977 годзе працаўнікоў раёна абслугоўвалі 40 комплексных прыёмных пунктаў, 2 швейныя і абутковае атэлье, 12 цырульняў, лазня, пральня, хімчыстка, фотаатэлье, дывановы цэх. У камбінаце бытавога абслугоўвання працавала 530 чалавек. Толькі за гады дзявятай і дзясятай пяцігодак у ім было створана 145 працоўных месцаў. За поспехі ў рабоце камбіната яго дырэктару А. Д. Арэхавай было прысвоена званне “Заслужаны работнік бытавога абслугоўвання насельніцтва”.

У раёне працавала 125 магазінаў, 62 сталоўкі, 11 сярэдніх, 32 васьмігадовыя, 41 пачатковая школы, 21 дашкольная ўстанова, 56 клубаў, 59 бібліятэк, 7 бальніц, 30 фельчарска-акушэрскіх пунктаў і многія іншыя ўстановы.

У 1964 годзе на базе дзвюх хлебапякарань стварылі хлебазавод, у 1970-м пабудавалі новы. У дамах з’явіліся газавыя пліты, а ў 1968 годзе ў горадзе стварылі эксплуатацыйна-мантажную кантору па газіфікацыі. У тым жа годзе ў райцэнтры пачала працаваць воданапорная вежа. Да гэтага больш за 15 тысяч яго жыхароў забяспечваліся вадой з адкрытых водакрыніц. У 1976 годзе выпусціў першую прадукцыю філіял Вільнюскага завода радыёкампанентаў (цяперашні “Беліт”). Былі створаны дзясяткі новых працоўных месцаў. Заасфальтавалі цэнтральную плошчу горада, пачалі асфальтаваць вуліцы. Многае рабілася па меліярацыі палёў, будаўніцтве і механізацыі ферм, майстэрань, зернетакоў, узвя­дзенні сянажных вежаў. Першых наведвальнікаў прыняў краязнаўчы музей.

Сёння не лішнім        будзе ўспомніць і пра тое, што закладзены пры ўездзе ў горад па вуліцы Чырвонаармейскай парк — ініцыятыва і заслуга Валянціны Аляксееўны. У ім і сёння растуць і ёй самой пасаджаныя дрэўцы. Будынак райвыканкама ўзве­дзены таксама па ініцыятыве і пры садзейнічанні В. А. Клачковай. З яго з’яўленнем адчыніла дзверы і новая гасцініца, якая і сёння прымае гасцей горада. Многае рабілася ў плане будаўніцтва ў сельскай мясцовасці.

Сёння для некаторых чытачоў дасягненні 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя могуць здацца нязначнымі. Але пры тагачасных магчымасцях яны былі, вобразна кажучы, поспехам першага гатунку, моцным падмуркам для цяперашніх дасягненняў.

Станоўча ацэньваў падыходы да вырашэння эканамічных задач працаўнікамі раёна Герой Савецкага Саюза, першы сакратар ЦК КПБ П. М. Машэраў. Падчас сваіх рабочых візітаў на Пастаўшчыну пасля наведвання моцных калгасаў імя Суворава, “Прагрэс”, “Ле­нін­скі шлях” і некаторых крыху слабейшых, азнаёміўшыся з работай прамысловых прадпрыемстваў, пагутарыўшы з іх працаўнікамі, заставаўся задаволены іх падыходамі да справы і ўпэўнены ў памкненнях, жаданнях і магчымасцях дасягнуць большага. Пастаўчанам сустрэчы з ім давалі новы імпульс да актыўных дзеянняў.

Аўтарытэт В. А. Клачковай быў бясспрэчным. Усіх здзіўлялі яе працаздольнасць, уменне ў любой справе знайсці асноўнае, зрабіць крок наперад. Яна ехала на заводы, камбінаты краіны і дамаўлялася аб прамых пастаўках у раён запчастак для тэхнікі, удабрэнняў. Неаднойчы яе можна было бачыць на фермах у 5-6 гадзін раніцы, калі даяркі прыходзілі на ранішнюю дойку, у майстэрнях, калі механізатары падчас пасяўной, жніва рыхтаваліся да выезду ў поле.

Лепшым рухам наперад лічыла апору на вопыт перадавікоў, які пераймала ў двойчы Героя Сацыялістычнай Працы Р. А. Ралько, Героя Сацыялістычнай Працы В. М. Калачыка. Многае далі ёй сустрэчы з двойчы Героем Савецкага Саюза, камандуючым авіяцыі Л. І. Бядой падчас яго дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце БССР па нашай акрузе. Неаднойчы сустракалася і з многімі іншымі знакамітымі людзьмі краіны. Пабывала ў Іспаніі, Францыі, Італіі, ГДР.

Пра станоўчыя метады яе кіраўніцтва, стыль работы пісалі газеты “Правда”, “Звязда”, “Советская Белоруссия”, “Віцебскі рабочы”, часопіс “Полымя” і іншыя перыядычныя выданні. Паэты-сябры прысвячалі ёй вершы, дарылі цёплыя словы. Адзін з іх напісаў: “Быў перыяд, калі суіснавалі дзве Валянціны. Адна — Клачкова, другая — Церашкова. Адна круціла піруэты ў небе, другая — на зямлі. Ніхто не ведаў, як яна жыла, колькі гора перанесла, калі спала і дзе брала цяпло душы”.

Цяплом сваёй душы Валянціна Аляксееўна сагравала тых, хто працаваў разам з ёй і мацаваў эканомі­ку. Добрыя, сардэчныя і цікавыя ўспаміны пра іх і ўвогуле пра Пастаўшчыну пакінула ў сваіх кнігах “Сустрэчы з мужнасцю”, “Мы з ХХ веку”, “Дарога да шчасця”. Расказала і на канкрэтных прыкладах паказала, як дасягалі намечанай мэты, пераадольвалі цяжкасці, падтрымлівалі адно аднаго.

Валянціна Аляксееўна была вельмі добразычлівым і     чулым чалавекам. Здольным, перспектыўным работнікам дапамагала ў кар’ерным росце, прапаноўвала ім больш высокія пасады. Калі ў раёне не было такой магчымасці, давала згоду на іх перавод у іншыя раёны, вобласць, сталіцу. З яе згоды пастаўчан Т. Ф. Шпілеўскую, Э. Ф. Анкуд, Б. Ф. Шыбеку, Б. І. Кулінчыка перавялі ў абласныя структуры. Н. М. Гірса кіраваў Ушацкім раёнам , В. С. Меркуленкаў і П. І. Захар’еў пераехалі працаваць у сталіцу. Такія прыклады не адзінкавыя.

Чужыя беды перажывала, як свае, і дапамагала іх аблегчыць. Пра гэта яскрава сведчаць яе адносіны да А. П. Кавальскага, В. Я. Лапушынскага, калі ў іх здарыліся няшчасці ў плане здароўя, да К. Г. Бай­дзюк і Н. К. Кліменка, у сем’і якіх раптоўна прыйшло непапраўнае гора. Спіс такіх прыкладаў можна працягваць. Балюча ўспрыняла вестку пра смерць Б. І. Гаўрыльчыка.

У чытачоў артыкула можа скласціся ўражанне, што жыццёвы шлях В. А. Клачковай быў усланы ружамі. У некаторым сэнсе — так. Яна добра ведала і працавала разам з кіраўні­камі саюзных і рэспубліканскіх устаноў, мела цесныя сувязі з касманаўтамі В. У. Церашковай, П. І. Клімуком, Г. Ц. Берагавым. Пётр Ільіч і Георгій Цімафеевіч узнагародзілі яе юбілейным медалём касманаўтаў. На працягу многіх гадоў сябравала з паэтамі Петрусём Броўкам, Мак­сімам Танкам, паэтэсай Еўдакіяй Лось. Але ружы маюць шы­пы. Валянціна Аляк­сееўна часам наступала на іх, і гэты боль моцна раніў душу. Былі раны нават з крывацёкамі, якія доўга не гаіліся.

Валянціна Аляксееўна вельмі моцна прырастала душой да тых, з кім умацоўвала эканоміку раёна, з кім прайшлі яе самыя праца­здольныя і плённыя гады жыцця. Павагу пастаўчан, іх цёплыя адносіны да сябе цаніла аднолькава высока, як і ўрадавыя ўзнагароды. Радавалася, калі немаўлят на Пастаўшчыне называлі Валянцінамі і імем яе сына Валерыя, якога ведаюць сотні кіраўнікоў у рэспубліцы як кандыдата філасофскіх навук, дацэнта, дырэктара Інстытута вышэйшых кіруючых кадраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

З вялікім жалем развітвалася з раёнам і яго людзьмі. Разумела, што пад цяжарам сваіх гадоў не вернецца працаваць на Пастаўшчыну, але яе радавала тое, што тут заставаліся сябры, да якіх можна наведацца ў любы час, што Пастаўшчына навек застанецца ў яе памяці як рэгіён яе плённай работы, яе вядомасці і славы, як малая радзіма першага ўнука Віталія, як раён, дзе папоўнілася яе сям’я нявесткай Оляй, унучкай Тамарай (жонка ўнука).

Пры падрыхтоўцы артыкула многа добрых і цёплых    слоў у адрас Валянціны Аляксееўны сказалі В. Ф. Януковіч, А. А. Валодзька, Э. П. Казура, П. М. Розынка, В. П. Арэхаў, І. П. Шакола, Е. С. Місуна, В. Я. Лапушынскі, В. А. Пашкевіч, Б. В. Шчучка, Л. Б. Квяткоўскі, К. Г. Байдзюк, М. В. Горлач, А. Я. Мухля, Г. С. Лешчык, Э. С. Жаўрыд, С. Г. Жаўрыд, Я. В. Масцяніца, Э. С. Адамовіч, М. М. Жук, Н. К. Кліменка, В. Д. Кісялёва, К. Ф. Марцынкевіч, М. М. Мацюшчанка, І. К. Касаткіна, Л. І. Іванін, Е. В. Скіндар, І. К. Кур’ян, В. Л. Асяненка, Э. Ф. Анкуд, Г. А. Зямчонак, Н. З. Андрон, Р. В. Зямчонак, М. Я. Зубовіч, Л. В. Станюш. На аснове іх успамінаў і пабудаваны гэты артыкул. Усе яны і, хочацца верыць, тысячы пастаўчан удзячны лёсу за тое, што давялося працаваць з мудрым кіраўніком, аўтарытэтным чалавекам, вялікай працаўніцай, прайсці добрую жыццёвую школу, некаторым застацца з ёй сябрамі на ўсё жыццё. Удзячны ёй за бясцэнны вопыт, як вытрымаць нечаканыя і моцныя ўдары лёсу, не зламацца, заставацца ў грамадстве годнымі людзьмі.

Аўтары артыкула і ветэраны працы 70-80-ых гадоў мінулага стагоддзя нагадваюць, што па ініцыятыве В. А. Клачковай яны пакінулі сваім нашчадкам пісьмо-рапарт, у якім расказалі пра свае поспехі, пра тое, як і якімі сіламі дасягнулі іх, выказалі надзею на іх прадаўжэнне і павелічэнне. Спадзяёмся, што яго тэкст будзе агучаны ў лістападзе 2017 года, як і завяшчалася. Для гэтага будуць выкарыстаны масавыя мерапрыемствы і сродкі інфармацыі. Успомняць імёны тых, хто працаваў у мінулым, які ўзровень эканомікі пакінулі сваім нашчадкам ХХІ стагоддзя. Памяць пра найлепшых працаўнікоў раёна будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне.

У. ЛАПУШЫНСКІ, В. МЫШКО,

Н. ДРОНЖЫК, У. МАГІЛЬНІЦКІ,

ветэраны працы.

Поставы. Новости города Поставы. Погода в Поставах. Поставский край. Пастаўскі край. Районная газета

Яна была кіраўніком, якім хочацца ганарыцца

 

Клочкова Валентина Алексеевна – государственный и общественный деятель, заместитель председателя Президиума Верховного Совета БССР, депутат Верховного Совета СССР и БССР, участница Великой Отечественной войны

859 просмотров всего, 0 просмотров сегодня

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Добавьте свой комментарий или поделитесь материалом