Вадзяны млын у Пеляцэ
У выданні “Słownik geografichny królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich” другой паловы ХІХ стагоддзя пра паселішча падаецца наступная інфармацыя: “Пілека, вёска над ракой гэткай жа назвы, у павеце свянцянскім, у 1 акрузе ральнічай, у 17 вярстах ад Свянцянаў, мае 4 хаты, 57 жыхароў-католікаў, 5 мусульман, млын водны і фолюш (валюшня)”.
Па словах мясцовага жыхара Станіслава Альфонсавіча Цюкшы (1937 г.н.), млын на Пеляцэ пабудавў у 30-я гады ХХ стагоддзя Сельвестр Бялевіч, які прыехаў з-пад Свіра і выкупіў у Даўгалаў каля 30 гектараў зямлі. Хутчэй за ўсё ён правёў карэнную рэканструкцыю ранейшага млына: была насыпана вышэйшая дамба, узведзены мураваны шлюз і будынак, пакладзены трывалы мост, усталявана новае начынне.
На цяперашні час захавалася дамба даўжынёй каля 30 метраў, размыты шлюз з рэшткамі сцен і вымытымі валунамі, гнілыя пашкоджаныя драўляныя канструкцыі, іржавыя часткі механізмаў, жорнавы камень. Стаў спушчаны і паступова зарастае хмызняком.
Вадзяны млын у Раманішках
Паводле выдання “Słownik geografichny królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich” (1882 г.), на месцы вёскі быў двор Даўгялаў, які знаходзіўся каля става на рацэ Пеляка. Наяўнасць запруды ўскосна сведчыць, што на той час млын ужо дзейнічаў.
У кнізе М. Гіля “Былыя сядзібы і паркі Паазер’я: Пастаўшчына” падаецца інфармацыя пра тое, што “Уладзіслаў Ігнацы Даўгяла займаўся аматарскай археалогіяй, выкладчыцкай працай у Вільні. Гаспадарку вяла яго жонка Галена. Сядзіба была выдатна дагледжана, узорна пастаўлена фальваркавая гаспадарка. На землях яе ўладанняў было шмат забалочаных участкаў, праз якія працякае рака Пеляка. Назва Пеляка балцкага паходжання ад слова Pelkis {pelke} – тарфянік, балота, лужа. Забалочаныя землі пані прыстасавала для гаспадарчага выкарыстання, зрабіўшы дрэнаж, а на Пеляцэ ўзвяла вадзяны млын, які абслугоўваў не толькі патрэбы фальварка, а і мясцовых жыхароў, даючы прыбытак. Лішкі вады былі акумуліраваны ў сажалках і пры патрэбе выкарыстоўваліся для штучнага паліву агародаў і нават пашы. Зараз ад былой велічы Раманішак амаль нічога не засталося. З таго, што збераглося, гэта частка жылога дома, пара гаспадарчых пабудоў, капліца, рэшткі ўязной брамы, фрагменты парку, ды перад уездам у маёнтак – кляновыя прысады”.
Вадзяны млын у Лынтупах
Млын у Лынтупах, напэўна, найстарэйшы на Пастаўшчыне. Адам Свідэрскі са спасылкай на Е. Курчэўскага паведамляе, што ў 1549 годзе княжна Ганна Заслаўская перадала касцёлу святога Андрэя 10 пусташаў лынтупскіх, права на дармавы памол збожжа і лоўлю рыбы ў сераду, пятніцу і суботу.
Па інвентарызацыі 1591 года ў мястэчку была плошча і дзве вуліцы – “Да млына” і “Да сяла Судоўскага”. Гэта інфармацыя сведчыць пра тое, што ў канцы ХVІ стагоддзя млын ужо дзейнічаў, хоць і невядома які. Можна меркаваць, што гэта быў невялікі вадзяны млын на рацэ Лынтупцы каля става ў гасподскім двары.
У пазнейшых крыніцах звестак пра лынтупскі млын не сустракаецца.
Вадзяны млын у Томішках
Млын размяшчаўся на рацэ Лынтупка.
Млын пабудаваны ў 1903 годзе, у Другую сусветную вайну яго ўзарвалі партызаны. Пасля вайны яго аднавілі, але мука тонкага памолу ўжо не выраблялася. У 60-я гады ХХ стагоддзя млын перарабілі ў лесапільню. Будынак меў вельмі тоўстыя сцены, большая яго частка знаходзілася ў зямлі, а над шлюзам ішоў мост. У млыне выраблялі муку простага і токага памолу (пыталь), дзёрлі крупы. Захаваўся жорнавы камень дыяметрам 98 см з унутранай адтулінай у 25 см. Млын працаваў увесь год.
Перад млыном мелася вадасховішча памерам 600 × 100 мметраў. Стаў утрымліваўся дамбай,
якая мела наступныя характарыстыкі: поўная даўжыня прыкладна 100 м, першы шлюз (для спуску вады з вадасховішча) — 5 м, а другі (спуск вады на механізм млына) — 1.5 м.
Цяпер у выніку размыва запруды і шлюза вада з вадасховішча поўнасцю спушчана.
Каля дамбы на правым беразе ракі знаходзіўся двухпавярховы дом гаспадара млына, ад якога цяпер застаўся толькі падмурак.
Вадзяны млын у Трабуцішках
Млын каля вёскі вядомы з сярэдзіны ХVIII стагоддзя. У магістарскай працы Адама Свідэрскага “Дэканат Свірскі ў 1784 годзе ў святле апісанняў плябанаў” падаецца інфармацыя пра тое, што ў Трыбуцішках (так у тэксце) ёсць млын з сукнавальняй (валюшняй) у сутоках рэк Лынтупкі і Олксны, які належыць яснавяльможнай пані Гільзеновай.
Сам млын стаяў за 500 метраў ніжэй сутокаў на поўдзень ад Трабуцішак, на ўсход ад сучаснага моста праз Лынтупку. Спыніў сваю дзейнасць, верагодна, у пачатку ХХ стагоддзя пасля пабудовы млына ў суседніх Томішках.
Ад былой гідратэхнічнай сістэмы засталося балота на месцы былога става, рэшткі дамбы, некалькі вялікіх камянёў каля рэчышча, даўняя драўляная балка, урослая ў маладое дрэўца.
Каля былога млына доўгі час дзейнічала карчма, ад якой цяпер засталіся толькі падмуркі. Міжваенным часам амаль побач з млыном прайшла вузкакалейка Лынтупы- Кабыльнік, участкі насыпаў ад якой яшчэ засталіся ў рэльефе.
Вадзяны млын у Скрундах
Млын размяшчаўся на невялікім безыменнам ручайку, вытокі якога знаходзяцца за 4 кіламетры на захад ад вёскі.
У магістарскай працы А. Свідэрскага “Дэканат Свірскі ў 1784 годзе ў святле апісанняў плябанаў” млын у Скрундах не згадваецца, але падаецца інфармацыя, што “таксама невялікія млыны існавалі ў Лынтупскай парафіі ў Скрутуцішках і Глебішках”. Паселішча Скрутуцішкі лакалізаваць пакуль што не ўдалося. Магчыма, гэта і ёсць Скрунды.
Млын належаў спачатку Абрамовічам, потым Канткоўскім. У Скрундах жыў млынар.
Млын дзейнічаў у XIX-пачатку ХХ стагоддзя. Пабудаваны ён быў з дрэва. Праз ручаіну цяпер пакладзены новы мост, рэшткі млына амаль знішчаны. Часткова захаваўся насып дамбы, балота на месцы былога става, рэшткі старых паляў і камяні.
Вадзяны млын у Сурвілішках
Сядзібны комплекс Чаховічаў займаў узвышаны левы бераг пратокі, якая злучае два возеры. Тут стаяў дыхтоўны дом, гаспадарчыя пабудовы, уладкаваны сядзібна-паркавы ансамбль. На пратоцы быў узведзены млын, знешні выгляд і канструкцыйныя асаблівасці пакуль што не выяўлены. Па рэштках былой дамбы праходзіць дарога і перакінуты сучасны мост. У рэчышчы яшчэ захаваліся два рады драўляных паляў запруды і некалькі слупоў. Пратока пад мостам загрувашчана валунамі, якія былі, верагодна, вымытыя з муроў былога млына.
За сорак метраў да млына ад пратокі ўлева адыходзіць канал, які злучаецца з возерам. Ён з’яўляецца арыгінальнай часткай былой гідратэхнічнай сістэмы. Як паведамілі мясцовыя жыхары, канал быў выкапаны для адводу вады ў час паводак, змяншаючы напор на дамбу і канструкцыі млына.
Вадзяны млын у Кацюрышках
Млын быў уладкаваны ў маляўнічым месцы, дзе сыходзяцца плыні ракі Камайкі і безыменнага ручая. Абодва вадатокі цякуць у глыбокіх лагчынах, урэзаных ва ўзгоркі Свянцянскіх град на 6-8 метраў. У некаторых месцах берагі падмыліся і ўтварарыліся стромкія схілы.
У сутоках перад былым млыном існуе невялікі стаў, але ён таксама вынік дзейнасці баброў: яны залажылі рэчышча і паднялі ўзровень вады.
Ад былой гідратэхнічнай сістэмы засталася дамба даўжынёй каля 40 метраў і вышынёй да 4-6 метраў, значна размытыя сценкі шлюза, шматлікія валуны ў рэчышчы, падмурак і склеп млына, падмуркі іншых пабудоў, рэшткі сада. Сярод валуноў трапляюцца часткі металічных канструкцый.
Спецыялізацыя і канструкцыйныя асаблівасці млына пакуль што не выяўлены.
Вадзяны млын у Нохаўшчыне (маёнтак Каралінова)
Ён быў збудаваны ў другой палове ХІХ стагоддзя па ініцыятыве тагачаснага ўласніка маёнтка Каралінова, вядомага мастака і медальера Альфрэда Ромэра, які ў 70-80-я гады праводзіў карэнную рэканструкцыю сядзібнага комплекса. Лагчына Караліноўкі была перагароджана плацінай, а на рэчышчы ўзведзены млын на два паставы. Працаваў ён толькі ў пару высокай вады – вясной і восенню. Пазней спецыяліст з вёскі Шкіралі Іван Урбан пракапаў ад падземных крыніц (а іх шмат выходзіць з-пад стромкіх берагоў лагчыны) раўчукі, надсыпаў дамбу і падоўжыў яе на суседнія сенажаці, у выніку чаго ўтварыўся ладны па памерах штучны вадаём, дзе круглы год мелася вада. Такая мадэрнізацыя дазволіла малоць збожжа ва ўсе поры года.
У даведніку “Słownik geograficzny Królewstwa Polskiego i innych krajów sławianskich” т. VII (1886 г.) паведамляецца, што на той час у шляхецкім засценку Нохаўшчына знаходзіўся драўляны вадзяны млын.
Апісання знешнега выгляду млына і яго механізмаў выявіць пакуль што не ўдалося.
Два паставы, якія меліся на млыне, дазвалялі малоць збожжа на муку для выпечкі хлеба (больш грубы памол – разовы пастаў) і для выпечкі булак (больш тонкі памол – пытляваны пастаў).
Тагачасная планіроўка гэтай гідратэхнічнай сістэмы захавалася да цяперашняга часу.
Вадзяны млын у Акелах
Размяшчаецца на рацэ Караліноўка. Млын дзейнічаў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя: ён пазначаны на карце 1865 года. Матэрыялаў пра дакладны час пабудовы, яго гаспадара і канструкцыйныя асаблівасці пакуль што не выяўлена. На польскай карце 1932 года на месцы акелаўскага млына паказаны мост і невялікі стаў.
На цяперашні час ад гэтай гідратэхнічнай сістэмы засталіся толькі асобныя элементы. Захаваліся дзве бетонныя сценкі былога шлюза, узгорак каля рэчышча, дзе раней, верагодна, стаяў будынак млына, а таксама парослае трыснягом балота – рэшткі былога става. На дне ракі сустракаецца шмат камянёў, асабліва многа іх вымыта ракой ніжэй па цячэнні. Частка былых канструкцый млына была, магчыма, скарыстана пры пабудове новага моста праз Караліноўку і пры падсыпцы палепшанай грунтовай дарогі. Каля ракі захаваліся рэшткі дамбы.
Вадзяны млын у Задзеўі
У апісанні задзеўскай парафіі за 1784 год яе плябан Ваўжынец Ігнацы Манстовіч засведчыў: “Mlyn dworny zadziewski między północą i wschodem na rzece Dziewicy bez stawu i mostu bo woda do jeziora odlegla. Tama, czyli spust na rzece Dziewicy niżej mostu przy mlynie zadziewskim między północ i wschód o ćwierć mile wielkiej od kościola.” [Млын дворны задзеўскі паміж поўначчу і ўсходам на рацэ Дзявіцы без ставу і мосту, бо вада вада адлягла да возера. Запруда, або спуст на рацэ Дзявіцы ніжэй мосту пры млыне задзеўскім паміж поўначчу і ўсходам за чвэрць мілі вялікай ад касцёла].
З гэтых запісаў вынікае, што ўжо на той час млын быў у заняпадзе, бо не было напову вады. Возера абмялела, верагодна, па прычыне таго, што ад паўночнага плёсу да возера Думбля быў пракапаны канал, які і панізіў узровень вады ў возеры.
У пазнейшых гістарычных крыніцах згадак пра гэты млын няма, не пазначаны ён і на картах.
Вадзяны млын у Паставах
Першыя згадкі пра млын на рацэ сягаюць у 30-я гады ХVІІ стагоддзя, калі Ян Юры Зяновіч узвёў будынак і паставіў на рэчышчы два вадзяныя колы.
Верагодна, першапачаткова млын выкарыстоўваўся для перамолу збожжа, аднак пазней, у 1728 годзе, Бенядыктам Тызенгаўзам на супрацьлеглым беразе у Зарэччы была пастаўлена паперня, якая працавала на энергіі падаючай вады.
У інвентары Пастаўскага графства за 1783 год паведамлялася, што млын узведзены з чэсанага дрэва, накрыты гонтай, меў два вадзяныя колы. У апісанні Пастаўскай парафіі за 1784 год, якое пакінуў пастаўскі плябан, пісар дэканату свірскага ксёндз Ян Антоні Шуле, згадваецца млын са ставам, мост і паперня:“Мост на той жа рацэ Мядзелцы ў месце Паставах пад млыном і паперняй… З левага боку таго мосту паперня і млын… Млыноў у пастаўскай парафіі пяць і адна паперня ў самім месце Паставах на два вялікія колы. Млын у тым жа месце на тры вялікія колы з пытлем і алейнай на рацэ Мядзелцы.”
Дата пабудовы мураванага млына дакладна не вызначана, але на падставе вядомых звестак можна лічыць, што ён быў узведзены прыблізна ў 30-50-я гады ХІХ стагоддзя, калі завяршалася будаўніцтва палаца Тызенгаўза. У 1866 г. вадзяны млын назваецца сярод найбольш адметных мураваных пабудоў Паставаў. Драўляны ж будынак млына, верагодна, згарэў пад час вялікага пажару ў 1815 годзе, калі у полымі агню была знішчана і Свята-Мікалаеўская царква. У канцы XIX ст. вадзяны млын меў тры паверхі і быў перабудаваны пад турбіны. На 3-м паверсе стаялі машыны для ачышчэння, лушчэння і шатравання зерня. На 2-м паверсе малолі зерне, тут знаходзіліся рэшата і паставы. На 1-м паверсе ажыццяўлялася прыёмка гатовай прадукцыі. Турбінны механізм знаходзіўся ў цокальным паверсе.
З 1994 па 1998 год праводзілася актыўная рэстаўрацыя млына. У 1998 годзе у адноўленым будынку адкрыўся Дом рамёстваў «Стары млын». У ім абсталявана чатыры залы для выстаў, шэсць пакояў для правядзення гуртковых заняткаў, метадычны кабінет, архівы.
Вадзяны млын у Юньках
Млын размяшчаўся ў вёсцы Юнькі на рацэ Лучайка.
У апісанні Пастаўскай парафіі за 1784 год, якіе пакінуў пастаўскі плябан, пісар дэканату свірскага ксёндз Ян Антоні Шуле, згадваецца млын са ставам у Юньках. Пры апісанні дарогі з Пастаў на Лучай, аўтар паведамляе, што шлях вядзе спачатку да юнькаўскай карчмы, а “ад той карчмы адразу проста на мост адзін і другі каля млына юнькаўскага проста на гару…”. З гэтай інфармацыі вынікае, што на дамбе, па якой ішла дарога, меўся мост са шлюзам для спуску вады са става і мост, пад якім вада ішла на млын, які знаходзіўся на правым беразе Лучайкі.
На картах ХІХ – ХХ стагоддзяў, якія былы прааналізаваны, ні млын, ні стаў не пазначаны.
Ад былой гідратэхнічнай сістэмы на сённяшні дзень засталася дамба, якая, магчыма была падвышана пазней пры будаўніцтве сучаснай дарогі, і забалочаны поплаў Лучайкі на месцы былога става.
Вадзяны млын у Манькавічах
Першыя згадкі пра млын у Манькавічах сустракаем у апісанні пастаўскай парафіі за 1784 год, якое пакінуў ксёндз Ян Антоні Шуле, пісар дэканату свірскага, плябан пастаўскі. З яго вынікае, што на той час, калі тутэйшым маёнткам валодалі Кельпшы, на рацэ Мядзелка ўжо меўся вадзяны млын і невялікі стаў. У канцы ХVІІІ стагоддзя гідратэхнічная сістэма, верагодна, была значна перароблена і набыла рысы, якія захаваліся да цяперашняга часу. Тады Манькавічамі валодаў Тадэвуш Жаба, які пачаў ствараць у гэтай мясцовасці сядзібна-паркавы ансамбль.
У гістарычных крыніцах згадваецца, што ў 1886 годзе ў мястэчку дзейнічаў вадзяны млын з сукнавальняй. За суткі перамолвалася да 12 бочак мукі. Перамол каштаваў па 60 капеек за бочку, а пытляванне – 2 рублі.
Млын знаходзіўся ў арэндзе ў яўрэяў, якія плацілі гаспадару, князю Друцкаму- Любецкаму, 1000 рублёў у год. Рамонт млына ажыццяўляўся за кошт арандатара, але з матэрыялаў уласніка. Для гаспадара збожжа малолі дарма.
У міжваенным часе, пры Польшчы, на млыне быў устаноўлены генератар, які працаваў на энергіі падаючай вады. Выпрацаваны ток ішоў на асвятленне млына і палаца.
У Другую сусветную вайну млын быў пашкоджаны і некаторы час не працаваў. Нанова яго запусцілі ў пачатку 50-х гадоў дзякуючы рупнасці Уладзіміра Вайцяхоўскага, і ён дзейнічаў да канца 80-х, праўда, збожжа малолі ўжо з дапамогай электрычнасці.
Зараз нa месцы млынa засталіся толькі падмурак ды некалькі металічных канструкцый.
Ад былой гідратэхнічнай сістэмы засталася дамба даўжынёй каля 180 метраў і два шлюзы: былой запруды (12 м) і млыновы (5 м даўжыні). Падмурак былога млына мае памеры 15 х 20 метраў.
Вадзяны млын у Пятроўшчыне
Млын з’яўляецца галоўным элементам унікальнай гідратэхнічнай сістэмы “Мядзелка- Варанец”.Гаспадар млына каля Пятроўшчыны стварыў арыгінальную гідратэхнічную сістэму для таго, каб ён працаваў нават у засуху. Вясной, у час таяння снягоў, высокая вада з ракі Мядзелкі накіроўвалася па каналу (пратоцы) ў возера Варанец і круціла жорны. Летам, пры нізкім узроўні вады ў рацэ, вада ішла з возера і таксама круціла жорны.Млын дзейнічаў “пры Польшчы” і ў пасляваенны час. Па словах жыхаркі в. Кабайлы Таразевіч Веры Фамінічны, млын згарэў і не аднаўляўся. Многія жыхары вакольных вёсак лічылі, што будынак спаліў чалавек з Чарнят, які на той час працаваў млынаром. Яму нібыта выдзелілі грошы на рамонт млына, а яны быццам бы згарэлі разам з будынкам. Адбылося гэта ўвечары, калі на пляцоўцы паміж азёрамі Варанец і Доўжа былі танцы, сабралася шмат моладзі. Пажар спісалі на вясковых маладзёнаў, але канкрэтна вінаватых так і не знайшлі.Энергія вады выкарыстоўвалася для памолу збожжа і пытлявання, круп не рабілі. Пры млыне дзейнічаў тартак.На сённяшні дзень ад былой гідратэхнічнай сістэмы застаўся падмурак млына і пратока, якую актыўна асвойваюць бабры.
Вадзяны млын у Старым Двары
У энцыклапедыі “Słownik geograficzny Królewstwa Polskiego i innych krajów sławianskich” падаецца наступная інфармацыя: “Стары Двор, фальварак над двумя азёрамі, Вілейскага павету ў 3 акрузе земляробчай (ральнічай), гміна Лучай, акруга вясковая Стары Двор, за 86 вёрст ад Вілейкі, мае 38 жыхароў каталіцкага веравызнання, бровар, млын вадзяны і тартак; уласнасць Эдварда Мастоўскага”.Паводле ўспамінаў З. Коласа, каля сучаснага чыгуначнага моста праз рэчку Шурыцу дзейнічаў бачкарны завод, дзе рабілі бочкі, у якія залівалі спірт, што вырабляўся на бровары. Зараз месца гэтага прадпрыемства можна вызначыць толькі па раскіданых кавалках якаснай цэглы з кляймамі. У гэтым жа месцы знаходзіўся таксама і тартак, або лесапілка.На цяперашні час рэшткаў былога водзянога млына амаль не засталося. Часткова захаваліся фрагменты дамбы, па якой ідзе лінія электраперадачы, і бітая цэгла і камяні ў рэчышчы Шурыцы. Верагодна, муры млына былі выкарыстаны пры будаўніцтве насыпу чыгункі і моста праз раку.
Вадзяны млын у Смыччы
Размяшаўся на рацэ Аржоўка.Звесткі пра млын, які існаваў тут у другой палове ХVIII стагоддзя, утрымліваюцца ў апісанні Лучайскай парафіі, якое пакінуў ксёндз Мікалай Бендзкоўскі, плябан лучайскі. Там падаецца наступная інфармацыя: “У Лучайскай парафіі меліся млыны ў Старым Двары, які належаў Агінскаму, і ў Смыччы, які быў уласнасцю Кошчыца”. Кошчыц валобаў і вялікай пушчай Смыч – вялікім лясным масівам, які цяпер называецца Груздаўская лясная дача.Іншых звестак у разгледжаных літаратурных і гістарычных крыніцах пра млын у Смыччы не выяўлена. Не пазначаны ён і на гістарычных картах.
Вадзяны млын у Рудні
Рудня – былая смалярня амаль у цэнтры Груздаўскай лясной дачы (пушча Смыч).На карце 1865 года у Рудні пазначаны млын, каля якога праходзіла лясная дарога.Ён размяшчаўся на безыменнай рачулцы – левым прытоку ракі Смычыцы. Гэта рачулка бярэ пачатак з возера Доўгае і мае даўжыню 4 кіламетры. Працякае па даволі шырокай і глыбокай лагчыне, у завужанай часцы якой і быў уладкаваны млын. Пазней на гэтым месцы занходзілася смалярня, а сама мясцовасць падзяляецца ракой на два ўрочышчы: Старая Рудня і Новая Рудня
Вадзяны млын у Галбеі
Праз возера каля вёскі працякае рака Галбяіца, на якой у даўнія часы стаяў вадзяны млын.У апісанні Дунілавіцкай парафіі 1784 года яе плябан ксёндз Е. Хладоўскі згадвае “млын Галбейскі пры возеры на рацэ Смычыцы і Зарэжы”.З успамінаў мясцовых жыхароў, якія запісаў У. Арэх, вынікае, што ў другой палове ХІХ стагоддзя ў весцы Голбія існаваў млын, які знаходзіўся на віры каля маста праз раку Галбяіцу. “Некаторыя сталыя людзі сведчаць, што млын існаваў “пры Мікалаі” (верагодна, пры Мікалаі ІІ) (у прыватнасці, пра гэта паведамляў Мядзюха Фёдар), іншыя спасылаюцца на Тумаша (старэйшага жыхара вёскі Голбія, які перад Вялікай Айчыннай вайной меў больш за 90 гадоў), што ён не памятаў млына. Пра тое, што млын існаваў, сведчыць ланцужок паляў, якія можна было бачыць у рацэ яшчэ ў 2005 годзе. Аб іх разбіваліся крыгі лёду ў час крыгаходу. Рэшткі млына былі ўскрыты экскаватарам пры пабудове сучаснага моста праз раку Галбяіцу. Таксама паблізу млына існавала кузня. Пра гэта сведчыць тое, што мясцовыя жыхары называюць невялікі пагурак каля моста “кузенка”.На цяперашні час прыкмет былога млына не засталося. Не паказаны ён і на польскіх картах міжваеннага часу.
Вадзяны млын у Варапаеве
Паводле інфармацыі, змешчанай ў кнізе “Памяць. Пастаўскі раён” (2002), “у 1860-я гады ў фальварку Варапаева, які здаваўся ў арэнду і ўваходзіў у маёнтак Паставы, працавалі цагельны завод, вадзяны млын з сукнавальняй і карчма (шынок)…У 1897 г. фальварак (6 двароў, 69 жыхароў, штучны вадаём, млын, сукнавальня, крама, карчма, смалярны завод), станцыя (18 жыхароў, 2 двары), хутар (2 двары, 11 жыхароў, штучны вадаём, вузкакалейка 1-га Таварыства пад’язных пуцей, млын і інш.). У канцы XIX ст. пабудаваны шкіпінарны завод, існаваў цагельны завод, працаваў вадзяны млын, пры якім мелася валяльнае аддзяленне, 3 1921 г. у Пастаўскім павеце Віленскага ваяводства Польшчы. Меліся лесапільны і цагельны заводы. Працавалі вадзяны, паравы і электрычны млыны, лесаэксплуатацыя.”Млын стаіць на рацэ Заражанцы (Галбяіцы). Будынак млына зроблены з чырвонай цэглы, мае тры паверхі. Пабудаваны ў 1870 годзе, працаваў да 1942-га. Яго памеры 15 х 20 метраў. У канцы ХХ стагоддзя знаходзіўся ў паўразбураным стане. Рупнасцю новага ўласніка Л. І. Іваніна ў 1993 годзе адноўлены і цяпер з’яўляецца славутасцю Варапаева.Перад млыном раней існаваў вялікі стаў плошчай каля 5 гектараў, які цяпер спушчаны. Вадасховішча ўтрымлівалася дамбай, якая мела агульную каля 100 метраў, з якіх 24 метры – рачны шлюз, 4 метры – шлюз падачы вады на млын.Каля млына застаўся жорнавы камень, дыяметр якога складае 1,7 метра, а адтуліна ў ім – 0,3 метра. Таксама захаваліся некаторыя механізмы і прыстасаванні.Створаная гідратэхнічная сістэма стала асноўным элементам сядзібна-паркавага ансамбля Пшаздзецкія, які быў створаны на левым беразе Заражанкаі. Яго апісанне падаецца ў кнізе М. Гіля “Былыя сядзібы і паркі Паазер’я: Пастаўшчына” (2004): “Схіл да яру аформлены ў выглядзе тэрасы з лінейнай пасадкай сасны звычайнай па грэбню. Уздоўж яра ідзе сцежка ў пойму ракі Заражанкі, да дамбы, якая служыць відавой пляцоўкай. Напрамак маршрута падкрэслены лінейнай аднараднай пасадкай клёна востралістага. Асноўным кампазіцыйным элементам паўднёвай часткі парка з’яўляецца вялікая паляна, якую зімой залівалі і выкарыстоўвалі ў якасці катка. Паляну аточвае прарэжаны дрэстой з экзатычнымі асіметрычнымі кронамі. Прагулачны маршрут праходзіў вакол паляны і ўздоўж схіла тэрасы. Адсюль з відавых пляцовак адкрываліся перспектывы на вялікі, плошчай каля 5 га, вадаём у пойме, млын і краявіды за ракой”.
Вадзяны млын і міні-ГЭС у Алешына
Размяшчаецца на рацэ Заражанка.У выданні “Słownik geografichny królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich” (1886) падаецца інфармацыя пра тое, што ў фальварку Алешын на той час меліся карчма, млын і тартак (лесапілка). Гэты млын існаваў і ў міжваенны час – ён пазначаны на тагачасных польскіх картах.На месцы млына ў 1959 годзе была пабудавана міні-ГЭС. Назва прынята ад былога фальварка Алешына. З прычыны незапатрабаванасці была закансеравана, але ў 2001 годзе пасля аднаўлення была ўведзена ў эксплуатацыю з аб’яўленнай магутнасцью 200 кВт/гадз.ГЭС працуе наступным чынам: вада круціць турбіну, а турбіна генератар, які выпрацоўвае электраэнергію. У зале станцыі — два генератары. Працуе яна круглагадзічна, але магутнасць розная, у залежнасці ад напаўнення вадасховішча. У перыяды вялікай вады, а гэта два месяцы вясной і столькі ж восенню, выдае да 80-і тысяч кілават-гадзін электраэнергіі ў месяц.Перад ГЭС утворана вадасховішча памерамі 1000 м × 300 м, якое ўтрымліваецца насыпной дамбай даўжынёй 165 метраў і вышынёй каля 8 метраў. У дамбе маецца шлюз для спуску вады (8 м) і шлюз для падачы вады на турбіну (4 м). Калі ў вадасховішчы збіраецца шмат вады, то падымаюць шлюз і яе спускаюць.Цяпер ГЭС прададзена на аўкцыёне больш чым за 173 тыс. беларускіх рублёў прыватнай кампаніі, якая спецыялізуецца на рэалізацыі праектаў па стварэнні энергетычных магутнасцяў з зялёным сертыфікатам. Па словах прадстаўніка арганізацыі, аб’ект будзе выкарыстоўвацца па прамым прызначэнні. Інвестар плануе цалкам замяніць абсталяванне, адрамантаваць будынак, пасля чаго запусціць станцыю ў эксплуатацыю.
Вадзяны млын у Крыкалах
Крыкалы – невялікае паселішча і парк.Побач з былой сядзібай гаспадароў раскінуўся вялікі і таямнічы Крыкалаўскі парк. Ён быў спланаваны ў другой палове ХІХ стагоддзя ў пейзажным стылі на схілах сямі ўзгоркаў, якія раздзяляюцца глыбокімі лагчынамі.У паўночна-ўсходняй частцы парка знаходзіўся невялікі вадзяны млын са ставам. Ён размяшчаўся на ручаіне, якая бярэ пачатак з крыніц у глыбіні парка. На млынку малолі збожжа для ўласнай гаспадаркі. Зараз ад млына засталіся толькі рэшткі ў выглядзе камянёў і паляў счарнелага дрэва.Месца былога млына ўключана ў маршрут экалагічнай сцежкі, якая пракладзена праз Крыкалаўскі парк.
Вадзяны млын у Дунілавічах
Паводле інфармацыі мясцовага краязнаўца Ф. Хоміча, міжваенным часам “асвятляліся Дунілавічы электрычнасцю. Працавалі дзве электрастанцыі — гідра- і цеплавая”.На падставе гэтых матэрыялаў можна зрабіць выснову, што гідратэхнічная сістэма на рацэ Заражанцы ў розныя часы ўключала млын, тартак, сукнавальню (валюшню) і электрычны генератар. Цяпер ад яе засталіся толькі падмуркі і некаторыя жалезабетонныя канструкцыі.
Вадзяны млын у Міхаліне
У выданні “Słownik geografichny królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich” (т.VI, 1885) маюцца звесткі пра тое, што ў прыватным фальварку Міхаліна, які ляжыць над ракой Заражанкай, быў раней вадзяны млын і фабрыка сукна.У кнізе “Памяць. Пастаўскі раён” (2002) ёсць інфармацыя пра тое, што ў 1920 годзе ў фольварку дзейнічаў млын. Які ён быў – вадзяны ці паравы – не ўдакладняецца. На польскай карце 1932 года пазначаны млын паравы.Ад былой гідратэхнічнай сістэмы засталіся шматлікія камяні і счарнелыя драўляныя палі ў рэчышчы Заражанкі, а таксама рэшткі пабудоў і падмуркаў, складзеные валунамі.
Вадзяны млын у Казлоўшчыне
На заходняй ускраіне вёскі на рацэ Ласіцы з часоў Друцкіх-Любецкіх амаль поўнасцю захаваўся вадзяны млын. Ён быў збудаваны ў 1859 годзе, аб чым сведчыць камень з надпісам на ўваходзе. Гэта было тым часам, калі Казлоўшчынай валодаў Ігнацый Друцкі- Любецкі.
Абсталяванне абнаўлялася ў 1920-я і 1950-я гады. Млын мае тры паверхі: ніжні крыху заглыблены, паўпадвальнага тыпу, вышэй размешчаны жорны, на трэцім стаяла абсталяванне для прасейвання мукі. У будынку захаваўся стары грузавы ліфт, засталіся розныя старыя механізмы. Абсталяванне млына дазваляла вальцаваць збожжа і атрымліваць муку першага гатунку, таксама была магчымасць вырабляць крупы. Акрамя памолу збожжа млын выконваў і некаторыя іншыя важныя функцыі. Так, на ім было ўсталявана электрагенеравальнае абсталяванне за кошт якога асвятлялася вёска Казлоўшчына і сядзіба Друцкіх-Любецкіх. У драўлянай прыбудове да каменнай часткі млына размяшчалася лесапілка, на якой выраблялі гонту – матэрыял для даху ў выглядзе драўляных пласцін. Каля млына мелася некалькі ставоў, куды на зіму запускалі рыбу, якую вылавілі ўвосень і не паспелі прадаць.Млынаром працаваў Станкевіч Пётр, якого пан спецыяльна выпісаў з Вільні. Потым справу перанялі яго сыны Уладзімір і Аляксандр. У 1945 годзе на млыне была ўстаноўлена вадзяная турбіна, пры дапамозе якой выпрацоўвалася электрычнасць. А да турбіны працаваў вадзяны рухавік у выглядзе вялікага драўлянага кола, на якое па жолабе трапляла вада.На сённяшні дзень гідратэхнічная сістэма захавалася часткова. У добрым стане знаходзяцца будынак млына, насыпная дамба, сценкі шлюза. Сам шлюз размыты, былы мост разбураны: у рэчышчы Ласіцы бачныя ставыя драўляныя палі і вымытыя з муроў валуны.Апошнім часам млын прыватызаваны і на ім праводзіцца рэканструкцыя, якая дазволіць ператварыць гэту адметную старую пабудову ў цікавы турысцка-экскурсійны аб’ект.
Вадзяныя млыны ў Норыцы
У магістарскай працы Б. Гаўрыльчыка “Dekanat Polocki w świetle opisów parafij z 1787 roku” маюцца звесткі пра тое, што ёсць “два млынкі на каналах у Норыцы (вада ў тыя каналы паступае з невялікага балота непадалёку ад двара)”.У выданні “Słownik geografichny królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich” другой паловы ХІХ стагоддзя таксама згадваюцца два млынкі ў на каналах у парку. Паведамляецца, што за палацам знаходзілася 9 вялікіх зарыбленых ставоў, размешчаных на розных узроўнях, у выніку чаго вада перацякала з аднаго ў другі і ўрэшце трапляла ў раку Норыцу.З апісанняў вынікае, што млыны былі невялікія і працавалі нерэгулярна з прычыны малога напору вады. Цяпер на месцы былых млыноў стаяць шлюзавыя сістэмы, якія рэгулююць рух вады праз ставы.
Вадзяны млын у Хрыстове