•       Идут годы, меняются времена, события, люди, но одно остается незыблемым и вечным  – Родина. Нам кажется, что мы знаем о нашей малой Родине все, или почти все. Но каждый раз, когда мы путешествуем, наблюдаем, читаем, исследуем и думаем о ней, мы открываем для себя что-то новое. И сегодня каждый из нас имеет возможность поделиться этим новым: новыми фактами, новыми стихами, новыми мыслями о своем крае, городе, селе и рассказать миру о своей малой Родине с большой душой…

Васiль Чэпiк — гаспадар, лідар, чалавек

Ён быў гаспадаром, лідарам, чалавекам слова і справы

       Людзей, якія пакінулі незабыўны след у грамадстве або ў асобным рэгіёне, памятаюць доўга, некаторых — стагоддзямі. Пра асобных памяць жыве вечна. 

      Да такіх людзей на Пастаўшчыне можна аднесці былога старшыню райвыканкама Васіля Васільевіча Чэпіка, які трагічна загінуў у аўтамабільнай катастрофе 30 сту­дзеня 2000 года. На пасадзе кіраўніка раёна ён адпрацаваў больш за дзесяць гадоў, большасць з якіх былі гадамі развалу вялікай краіны і першымі гадамі станаўлення незалежнай Беларусі, абвалу эканомікі, вялікага ўзроўню беспрацоўя, росту незадаволенасці людзей, іх хваляванняў і перажыванняў. Перад раёнам стаялі задачы з сотнямі невядомых, якія трэба было тэрмінова вырашаць без памылак, з перспектывай на будучыню.

      Упершыню я ўбачыла Васіля Васільевіча ў кабінеце першага сакратара райкама КПБ Барыса Іпалітавіча Гаўрыльчыка яшчэ да таго, як ён стаў кіраўніком раёна. Тады мне здалося, што гэты чалавек вельмі падобны на майго аднакласніка. Міжволі яму ўсміхнулася і ледзь не спытала: “Якім ветрам цябе да нас занесла?” Потым падумала, што гэта кіраўнік з будаўнічай галіны. Мой аднакласнік быў будаўніком (калектыў, які ён узначальваў, узвёў не адзін дзясятак будынкаў прамысловага прызначэння ў Мінску і Мінскай вобласці). Памылілася я толькі ў прафесійным плане. У хуткім часе, калі можна так сказаць, ён стаў галоўным будаўніком у нашым раёне.

З пачуццём вялікай павагі да гэтага чалавека Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР, кавалер многіх ордэнаў, паважаны ў раёне і далёка за яго межамі працаўнік, былы старшыня з багатым вопытам работы перадавога калгаса імя Суворава Алег Адольфавіч Валодзька напісаў кнігу “Кардыяграма вялікага сэрца”. Ён паказаў ідэі, планы, імкненні і жаданні В. В. Чэпіка ўкараняць у вытворчасць найноўшыя тэхналогіі з улікам развіцця раёна. Пахвальна, што ад імя тысяч пастаўчан аўтар аддаў даніну павагі здольнаму кіраўніку, вялікаму працаўніку, паважанаму чалавеку. З фатаграфіі на вокладцы кнігі Васілій Васільевіч паўстае як жывы. Паўстае ён жывым і з выгляду будынка райвыканкама, дызайну галоўнай плошчы горада, добраўпарадкаваных вуліц, дамоў рамесніка, помнікаў жыллёвай архітэктуры ў стылі барока, рэканструяваных і набыўшых рысы гістарызму, поспехаў многіх прамысловых прадпрыемстваў, сельскай гаспадаркі і іншых галін. У цяперашнім іх выглядзе і кроках раёна наперад ёсць і яго заслуга, яго ідэя, намаганні і жаданні, яго глыбокі след на пастаўскай зямлі. Сёння ўспамінаюць:

С. А. Рагіня: “Правесці добра­ўпарадкаванне горада — ініцыятыва Васіля Васільевіча. Мы прайшлі па плошчы, па Чырвонаармейскай і іншых вуліцах, вызначылі, што трэба зрабіць, і гэта азначала: думай, як зрабіць, іншага не дадзена”.

В. П. Арэхаў: “Пытанне добра­ўпарадкавання горада стаяла першым на кантролі ў В. В. Чэпіка. Я кожны тыдзень трымаў справаздачу аб выкананых работах, хоць іх тэмпы ён і сам што­дзень бачыў. Калі якасць і тэмпы не задавальнялі, трэба было добра падумаць, як апраўдацца. Пустаслоўе не прымалася”.

І. Г. Глушонак: “Нават укладка тратуарнай пліткі не засталася па-за яго ўвагай. Калі ехаў праз горад, спыняўся каля рабочых, цікавіўся, якая патрэбна дапамога, чаго не хапае для работы. Пра становішча спраў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы я кожны дзень даваў інфармацыю В. В. Чэпіку. Мы былі пад яго пастаянным неаслабным кантролем”.

Шмат сіл і намаганняў  прыклаў В. В. Чэпік да таго, каб з вытворчага ўчастка стварыць Пастаўскі малочны завод з сучасным абсталяваннем, перадавымі тэхналогіямі, адкрыць для пастаўчан сотні працоўных месцаў. Сёння прадукцыю завода пад гандлёвай маркай “Паставы-гарадок” ведаюць далёка за межамі краіны. Смак сыроў гэтай маркі добра вядомы спажыўцам Расіі ў многіх яе рэ­гіёнах. Больш за 50% прадукцыі завода ідзе на экспарт. Многія яе віды і гатункі адзначаліся медалямі і іншымі ўзнагародамі. Не выключэнне і мінулы год. Шэсць відаў прадукцыі выйшлі пераможцамі на конкурсе “Чэмпіён смаку”. Першы глыбокі след на гэтым заводзе зрабіў В. В. Чэпік, а быў ён нялёгкім. Вось што расказваюць:

Э. П. Казура: “У 1992 годзе, першым годзе пасля развалу СССР, Васіль Васільевіч двойчы запрашаў мяне на размову. Першы раз прапанаваў пасаду дырэктара завода, якога яшчэ не было. Я адмовіўся. У другі раз пераканаў мяне ў неабходнасці даць згоду на гэту пасаду. Сам ён рабіў магчымае і немагчымае. Запрашаў інвестараў пабудаваць новы завод. Не атрымалася. Сталі ўзводзіць сваімі сіламі. Энергіі і напору Васіля Васільевіча можна было пазайздросціць — па два разы ў дзень прыяз­джаў на будоўлю. У жніўні 1998 года на завод запрасілі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і паказалі сваю прадукцыю”.

І. П. Шакола: “Я ведаў Васіля Васільевіча з часоў свайго кіраў­ніцтва Лепельскім раёнам. Некаторы час працавалі разам. Потым складаныя пытанні сумесна вырашалі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, непасрэдна ў раёне. У тым, што ў Паставах будзе малочны завод, я не сумняваўся: калі за справу ўзяўся Чэпік, то поспех гарантаваны. У ім я бачыў сапраўднага  гаспадара”.

Шмат ідэй прапаноўвалі ў вышэйшых інстанцыях па выкарыстанні пабудоў вайсковай часці ў Касцянях. В. В. Чэпік змог адстаяць сваю пазіцыю — адкрыць у тым маляўнічым месцы дзіцячы рэабілітацыйны аздараўленчы цэнтр “Ветразь”, які сёння ведаюць у кожным раёне вобласці. У ім дзеткі адпачываюць круглы год, папраўляюць сваё здароўе і набываюць веды. Для пастаўчан створаны сучасныя працоўныя месцы медыкам, настаўнікам, работнікам сферы абслугоўвання. Ажыццявіць гэту прапанову ў той час было нялёгка. Успамінаюць:

А. Э. Кейзік: “У вышэйшых інстанцыях планавалі ў Касцянях адкрыць установу, з існаваннем якой у раёне пагадзіцца не маглі. Раён пагранічны, яна магла пагоршыць крымінальную абстаноўку. Сабралі тысячы подпісаў пастаўчан супраць такога плана, запрасілі камісію для абследавання будынкаў і тэрыторыі на прыгоднасць ажыццяўлення прапановы раёна. В. В. Чэпік у Віцебску і Мінску настойваў пагадзіцца з ёй. Заўвагі камісіі ўлічылі, яе патрабаванні выканалі, нашу прапанову прынялі, фінансавую падтрымку атрымалі і пачалі рэканструкцыю, давялі яе да канца, ажыццявілі сваю ідэю. Такога мог дабіцца толькі валявы і гаспадарлівы кіраўнік”.

У. Я. Магільніцкі: “Да дэзінфекцыі тэрыторыі падыходзілі вельмі скрупулёзна. Я ўваходзіў у склад камісіі па яе абследаванні. Васіль Васільевіч падыход да такой праблемы і метады работ вывучаў у ЗША. Усё рабілася сур’ёзна, на вышэйшым узроўні. В. В. Чэпік не прымаў фармальных падыходаў”.

І. М. Аніськовіч: “Васіль Ва­сільевіч пераканаў усіх у мэта­згоднасці сваёй прапановы па выкарыстанні пабудоў у Касцянях. Яе падтрымалі ў абласных і рэспубліканскіх арганізацыях  усіх узроўняў. Такое рашэнне далося нялёгка, але перамога засталася за ім. Такое пад сілу толькі прадбачліваму кіраўніку”.

Дзесяцігоддзі ў самым цэнтры горада, у прыгожым месцы на беразе ракі, побач са Свята-Мікалаеўскай царквой і касцёлам Антонія Падуанскага стаяў паўразбураны, непрывабны будынак старога млына. Пры са­дзейнічанні В. В. Чэпіка яго адрэстаўрыравалі і адкрылі Дом рамёстваў “Стары млын”. Здольныя пастаўчане атрымалі працоўныя месцы. Сёння Дом рамёстваў прыцягвае ўвагу шматлікіх турыстаў, вырабы ўмельцаў разыходзяцца ў іх сем’і, на падарункі сябрам і прыносяць шырокую вядомасць раёну. Як адкрываўся Дом рамёстваў, успамінае

Н. М. Булавінцава: “Рашэннем райвыканкама будынак старога млына перадалі на баланс раённага аддзела культуры. Абласное ўпраўленне культуры зацвердзіла стаўку дырэктара будучага Дома рамёстваў. Распрацавалі і зацвердзілі план рэканструкцыі і пачалі работы. Вяліся яны пад кантролем і пры садзейнічанні старшыні райвыканкама. У 1998 годзе Дом рамёстваў адкрыўся і працуе па сённяшні дзень”.

У горадзе доўгі час не па прызначэнні выкарыстоўваўся будынак касцёла, і гэтым наносілася душэўная траўма вернікам. Будынак ім вярнулі і аказалі дапамогу на яго адраджэнне. Вось што паведаміла

Г. У. Ермакова: “Бюджэтныя грошы размяркоўваюцца строга на вызначаныя мэты. Адзін іх працэнт у той час адлічваўся ў рэзервовы фонд, і ўказваліся прычыны яго расходавання. Іх пералік заканчваўся “і г. д.”,  што давала маленькую магчымасць патраціць іх на непрадбачаныя патрэбы. Васіль Васільевіч запрасіў мяне на размову  і прапанаваў знайсці сродкі на аказанне дапамогі касцёлу. Нялёгка было іх выдзеліць, але зрабілі ўсё магчымае і немагчымае і аказалі дапамогу. Вы­дзялялі сродкі і для царквы”.

Працоўны дзень Васіля Ва­сільевіча пачынаўся і заканчваўся з рашэнняў першачарговых і неадкладных пытанняў жыцця раёна. Некаторыя вырашаліся толькі пры яго дапамозе, пад яго неаслабным кантролем, па яго дамоўленасці, дзякуючы яго аўтарытэту. Вось пра што сёння ўспамінаюць:

П. М. Розынка: “Пасля закрыцця ваеннага аэрадрома недалёка ад Хаціл засталіся нядрэнныя  пабудовы. У калгасе імя Мічурына, якім я тады кіраваў, не хапала сховішчаў для збожжа. Звярнуўся да В. В. Чэпіка. Мы з ім у Мінску патрацілі дзень, каб склады аэрадрома перадалі калгасу. Звярталіся ў Міністэрства абароны, Савет Міністраў і пераконвалі ў неабходнасці задаволіць нашу просьбу. Пераканалі. Правялі некаторую рэканструкцыю —  і атрымалася добрае сховішча для насення. Яно і сёння выкарыстоўваецца ў гаспадарцы”.

В. А. Пашкевіч: “Будаўніцтва свінагадоўчага комплексу на 12 тысяч галоў у калгасе “XXV партз’езд” спачатку вялося марудна. З прыходам у раён В. В. Чэпіка работы ажывіліся, пад яго непасрэдным кантролем справы пайшлі больш шпарка. У 1990 годзе комплекс быў пабудаваны, працуе па сённяшні дзень”.

М. М. Жук: “Райсельгастэхніка штомесяц расходавала да 60 тон металу. Купіць яго ў той час было праблематычна. Звярталіся да кіраўніка раёна, і часта па метал ездзілі ў Чарапавец і іншыя рэгіёны Расіі па папярэдняй дамоўленасці Васіля Васільевіча”.

Р. А. Леўкавец: “Пры В. В. Чэ­піку ў галіне гандлю было зроблена многае. Рэканструяваны хлебазавод, каўбасны і рыбны цэхі, створаны належныя ўмовы працы ў магазінах, рэстаране, сталовых, многія пабудовы з’яві­ліся на калгасным рынку. На ўсё гэта бралі крэдыты на льготных умовах пры садзейнічанні Васіля Васільевіча. Нашы сённяшнія поспехі дасягаюцца на аснове, закладзенай пры яго намаганнях. Ён ужо ў той час прадбачыў рыначныя адносіны”.

Л. І. Іванін: “У гады развалу эканомікі цяжка было захаваць і забяспечыць работай калектыў дрэваапрацоўшчыкаў, які налічваў больш за 600 працаўнікоў. Не хапала драўніны. Звярталіся да В. В. Чэпіка і з яго дапамогай па распараджэнні аблвыканкама куплялі сыравіну”.

У. М. Чакавы: “У 1995 годзе медыкі атрымалі новы будынак паліклінікі з сучаснай медыцынскай апаратурай. Пры намаганнях В. В. Чэпіка атрымалі фінансавае забеспячэнне ў разліку на аднаго жыхара раёна. Пры яго падтрымцы мы захавалі ўсе медыцынскія ўстановы раёна, калектывы медыкаў, у рабоце сталі карыстацца камп’ютарамі, не адчувалі праблем у забеспячэнні харчаваннем, адкрылі дзённы стацыянар, пачалі лячэнне ў дамашніх умовах. Раён стаў базавым па ўвядзенні новай мадэлі сучаснай медыцыны. Для аказання дапамогі медыкам Васіль Васільевіч умела выкарыстоўваў дэпутацкія паўнамоцтвы”.

П. Я. Зубко: “У раёне патрэбна было замяніць 8 паветраных ліній сувязі на кабельныя. Для гэтага патрабаваўся магутны трактар. У раённым вузле сувязі яго не было. Па дапамогу звярнуўся да В. В. Чэпіка. З фонду раёна нам выдзелілі трактар “Беларус”, і мы паспяхова правялі замену”.

І. Г. Глушонак: “Калі рашэнне пытання раённага маштабу патрабавала дапамогі абласных арганізацый, то пры аўтарытэце В. В. Чэпіка яно вырашалася лягчэй і хутчэй. Там разумелі: калі яны не вырашаць пытання і гэта дойдзе да Васіля Васільевіча, то вынік абавязкова будзе станоўчым, а ў іх рабоце — пракол”.

Васіль Васільевіч паважаў і цаніў моцных  кіраўнікоў, прасіў іх браць на сябе цяжэйшыя ношы і пераконваў у такой неабходнасці. Вось што ўспамінае ў сваёй кнізе

А. А. Валодзька: «В. В. Чэпік прапануе заасфальтаваць дарогу Юнькі—Варапаева. “Участак Юнькі—Навасёлкі — Мухляў, Навасёлкі—Варапаева — твой”. Я паспрабаваў не пагадзіцца і пачуў: “Не прыбядняйся, зможаш, што трэба — дапамагу”. Дапамог у многім, дарогу заасфальтавалі, яна і сёння эксплуатуецца”.

С. А. Рагіня: “Васіль Васільевіч слоў на вецер не кідаў. Яго крэда было такім: паабяцаў — зрабіў”.

А. Я. Мухля: “Калгас “Сцяг Перамогі” лічыўся ў раёне моцнай гаспадаркай. Па прапанове В. В. Чэпіка ў розныя гады да яго былі далучаны слабейшыя гаспадаркі з цэнтрамі ў вёсках Савічы, Васіліны, Андроны. Было няпроста спраўляцца з вялікім аб’ёмам работ на такой тэрыторыі, але пры непасрэднай падтрымцы кіраўніка раёна з пастаўленымі задачамі калгас спраўляўся нядрэнна”.

М. М. Жук: “Райсельгастэхніка была моцным прадпрыемствам. Мы мелі для рабочых нядрэнныя працоўныя месцы, лазню і пральню, паслугі якіх былі бясплатнымі, сваю сталовую без нацэнак на абеды. Па просьбе Васіля Васільевіча наш калектыў добраўпарадкоўваў вуліцы імя В. Харужай і У. Дубоўкі, сам будаваў жыллё для сваіх рабочых”.

Заслугоўвае павагі яго падтрымка маладых кіраўнікоў і тых, хто трапляў у цяжкае становішча. Вось што расказалі:

П. Л. Курто: “Не прайшло і двух месяцаў, як мяне зацвердзілі дырэктарам тагачаснага СПТВ, а з аблана паведамілі, што на базе нашага вучылішча запланавана правесці абласны семінар. Я разгубіўся, бо сам яшчэ добра не асвоіўся на пасадзе дырэктара (прыйшоў я з іншага калектыву), а павінен вучыць іншых. Па дапамогу звярнуўся да кіраўніка раёна. Усё, што прасіў, было зроблена за кароткі тэрмін. Семінар прайшоў паспяхова, а для мяне быў вопыт, як уваходзіць у ролю кіраўніка”.

Ч. В. Мацур: “Ад В. В. Чэпіка і ўвогуле ад райвыканкама я як малады дырэктар школы на той час мела самую моцную падтрымку. Васіль Васільевіч у многім мне дапамог ва ўхіленні недапрацовак пры ўвядзенні ў эксплуатацыю новага будынка і замацаванні за школай шэфаў. Я яму вельмі ўдзячна”.

П. М. Розынка: “У 1999 годзе я быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і часова адышоў ад штодзённых спраў у раёне. У жніўні моцна захварэў, трапіў у бальніцу. В. В. Чэпік у гарачую пару ўборкі знайшоў час наведаць мяне ў Мінску, падбадзёрыць і надаць упэўненасці ў выздараўленні”.

Г. У. Ермакова: “В. В. Чэпік бюджэтныя грошы лічыў да капейкі і па-гаспадарску іх расходаваў. Калі інфармавала пра становішча спраў у бюджэце, патрабаваў канкрэтных лічбаў. Ён ніколі не адмовіў тым, хто звяртаўся па дапамогу з прычыны пажару або іншай бяды ў сем’ях”.

Кіраўнік раёна добра разумеў, што далейшыя поспехі, росквіт Пастаўшчыны — у руках моладзі, і для гэтага трэба стварыць ёй не толькі сучасныя ўмовы для жыцця і работы, але і для росту, вучобы і адпачынку, імкнуўся ўсім гэтым забяспечыць. Сёння ўспамінаюць:

А. Я. Кашырын: “Пры першым знаёмстве з Васілём Васільевічам склалася ўражанне, што школы будуць мець добрую падтрымку з яго боку. Я не памыліўся. За час яго кіраўніцтва раёнам у горадзе былі адкрыты новая сярэдняя школа №5, дзіцячы садок №1, узведзены новыя будынкі сямі сярэдніх і базавых школ, пачата будаўніцтва Дунілавіцкай СШ. Школы ніколі не былі абдзелены яго ўвагай. Заўсёды цікавіўся, якая яшчэ патрэбна дапамога”.

В. А. Захарэвіч: “Пры В. В. Чэпіку значна ажывіліся справы ў спорце. У 1989 годзе ў горадзе пачаў працаваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс, быў добраўпарадкаваны стадыён. Да іх будаўніцтва прыцягваліся многія працоўныя калектывы. Мы заўсёды мелі неабходную падтрымку пры набыцці спартыўнай формы для валейбольнай каманды. Спартсмены за такія клопаты не заставаліся ў даўгу.

А. Я. Аліхвер: “Планам будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Варапаеве былі прадугледжаны спартыўныя пляцоўкі і лазня з мужчынскай і жаночай заламі. Выканаць такі аб’ём работы толькі за бюджэтныя сродкі было не пад сілу. Па ініцыятыве В. В. Чэпіка ў будаў­ніцтве прынялі ўдзел буйнейшыя прадпрыемствы пассавета, а сам Васіль Васільевіч па два разы ў тыдзень прыязджаў  на аб’ект і кантраляваў якасць і тэмпы будоўлі. Пад Новы год, 29 снежня 1999-га, комплекс адчыніў дзверы для сваіх наведвальнікаў, стаў жыццёва неабходным падарункам жыхарам пасёлка і бліжэйшых вёсак. Ён і сёння служыць ім, дае магчымасць цікава адпачываць і ўмацоў­ваць здароўе”.

Г. У. Ермакова: “ФАК у Варапаеве не планаваўся як капітальная будоўля. Па ініцыятыве кіраўніка раёна будаўніцтва вялося гаспадарчым спосабам за сродкі прадпрыемстваў пассавета і з рэзервовага фонду раённага бюджэту. Неабходны аб’ект для жыхароў Варапаева і яго наваколля з’явіўся толькі па ініцыятыве і пры намаганнях Васіля Васільевіча”.

Многія кіраўнікі бачылі ў В. В. Чэпіку сваю апору і падтрымку, і запомніўся ён ім як чалавек, упэўнены ў сваіх сілах. Яго ніколі не бачылі разгубленым. Успамінаюць:

П. М. Розынка: “У 1998 годзе Прэзідэнт Беларусі наведаў наш раён і, у прыватнасці, калгас імя Мічурына. Ішла ўборка ўраджаю. Прадстаўнікі вобласці прапаноў­валі свой план сустрэчы кіраўніка дзяржавы. Ажыццявіць яго ў гаспадарцы не было магчымасці. В. В. Чэпік узяў адказнасць на сябе і заявіў: “Адказваць за ўборку нам, і пакажам тое, што можам зрабіць у сваіх умовах”. Прэзідэнт пагадзіўся з нашымі падыходамі да ўборкі”.

Э. Ф. Анкуд: “У час работы В. В. Чэпіка ў нашым раёне я працавала ў вышэйшых структурах вобласці і Глыбоцкага раёна, але заўсёды цікавілася справамі на сваёй малой ра­дзіме. Васіль Ва­сіль­евіч быў сапраўдным гаспадаром, меў свае планы развіцця раёна. Не баяўся не пагадзіцца з указаннямі зверху, калі яны ім не адпавядалі. У арганізацыях вобласці ў ім бачылі моцнага гаспадара і паважалі як сапраўднага лідара з яго думкамі, планамі і марамі працаваць для людзей, іх дзяцей і ўнукаў”.

Вялікую вядомасць раёну прыносіць Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. Прапісаўся ён у нашым горадзе на дзесяцігоддзі не без падтрымкі В. В. Чэпіка. Сёння фестываль прыцягвае ўвагу таленавітых людзей і турыстаў з многіх краін свету, а жыхарам Пастаўшчыны дае магчымасць цікава адпачыць, убачыць выступленні лепшых артыстаў Беларусі і замежных краін, таленавітых удзельнікаў конкурсу на дамашняй сцэне.

Успамінае

Н. М. Булавінцава: “Фестываль прапісаўся ў Паставах у першыя гады станаўлення незалежнай Беларусі. З 1996 года ён праходзіць у рангу Міжнароднага. Такую ідэю актыўна падтрымаў В. В. Чэпік, і для гэтага ствараліся адпаведныя ўмовы. У гарадскім парку адкрылі летні амфітэатр, добраўпарадкавалі парк. Пашырылі сувязі з гарадамі-пабрацімамі. У 2001 годзе на чарговым свяце ў знак удзячнасці В. В. Чэпіку за яго ўклад у развіццё фестывалю на плошчы прайшоў га­дзінны канцэрт званоў”.

Працуючы побач з В. В.Чэпікам, склалася ўражанне, што ён заўсёды прытрымліваўся народнай мудрасці: будзеш салодкім — з’ядуць, горкім — выплюнуць, трэба быць кісла-салодкім. Часам кіслінка брала верх і была з гарчынкай і нават з прымессю пякучага перцу. Інакш і быць не магло: страціш павагу да сябе як кіраўніка, калі не прымеш мер уздзеяння да тых, хто не клапо­ціцца пра людзей і вядзе свае гаспадаркі да разбурэння.

Сёння нельга не пагадзіцца з трапным выказваннем<