Вёсачка Лапішкі — даволі старажытная

     На мінулым тыдні чытаў кнігу 1896 года князя В.Друцкага-Любецкага па старажытнай гісторыі нашых месцаў.

У кнізе згадваецца і наша родная вёсачка Лапішкі, даволі старажытная, але з часу развітога сацыялізму сталая неперспектыўнай. 

Вось апісанне ўзвышшаў Вілейскага павета: «Вёска Лапішкі блізу паштовай дарогі з Дунілавіч ў Глыбокае ў 12 вёрстах ад першага 633 футы, альбо 93,3 сажні». У перакладзе на сучасную мову гэта азначае, што ўзвышша Лапішак над узроўнем мора ў тыя часы была дзесьці каля 195 мэтраў.   Цікавыя звесткі аб Нарыцы, Асінагарадку, Ласіцы, і многіх іншых месцах. Напрыклад царква ў Ласіцы, па сцвярджэнні князя Любецкага-Друцкага, пабудаваная ў 1830 годзе, а вось у цяперашняй Полацкай епархіі яна лічыцца пабудаванай у пачатку 20-га стагоддзя, гэта значыць пасля 1901 года, ці праз пяць гадоў пасьля выхаду гэтай кнігі. Подаецца мне, што да 20-га стагоддзя яна заставалася ўніяцкай, як і ўся нашая акруга. Дарэчы, Друцкiм-Любецкім да 1944 года ў нашай акрузе належалі маёнткі (фальваркі) ў Парыжы (былы Навадруцк), Казлоўшчыне (былы Казлоўск з радавой пахавальняй на могілках), Манькавічах (каля Паставаў).  Прыводжу некаторыя фота старонак.

У гэты час вёска Лапішкі односілася да Віленскай губерні (па цяперашняму — вобласці), Вілейскага ўезда (раёна), Норыцкай воласці (штосьці падобнае на сельсавет), Нарыцкага таварыства (па-руску “Норицкое общество”).  Адзінка “таварыства” гэта штосці падобнае на аб’яднанне ўласнікаў-падворцаў некількіх вёсак аднаго былога землеўласніка, у нашым выпадку – Акушкі. У Нарыцкае таварыства ўваходзілі наступныя вескі: Станелевічы, Дразды, Гінёнкі, Дзядзенкі долныя, Дзядзенкі горныя, Крывое, Крывое 2, Ваўкі, Сідлярова, Верацеі (Ваўкоўскія), Залаўкі, Гусакова, Рудакова і Лапішкі.

Сама Нарыца і Гулідава (а таксама, і другія фальваркі акругі) мелі статус “Господскіх домов” і ў дадзены перапіс сялянскіх землевалоданняў не ўвайшлі.

Такім чынам, у Лапішках налічвалася 15 афіцыйна зарэгістраваных двароў па рэформе 1861 года, і столькі ж надзелаў, агульнай колькасцю зямлі роўнай 250 дзесяцін (або амаль столькі ж цяперашніх гектараў, бо 1 дзесяціна раўнялася 1,093 гектара). Надзелы былі рознай велічыні, ад 1 дзесяціны да 2 валок, адны двары былі багацейшымі, другія бяднейшымі. Сярэдне-статыстычны Лапіскі надзел быў роўны 16 дзесяцінам (гэта трохі менш агульнапрынятай валокі ВКЛ), бо самой зямлі вакол Лапішак было менш, чым каля суседніх вёсак. Напрыклад на 3 афіцыйна зарэгістраваных двары ў Залаўках прыходзілася 98 дзесяцін, ці паўтары валокі. Зямля была “надельной”, гэта тая зямля, якою надзялялі сялян ў пажыццёвае валоданне без права продажу, але з правам перадачы па спадчыне. У Расеі, напрыклад, посля адмены прыгоннага права 1861 года, сяляне выкуплялі свае надзелы з адтэрміноўкай на 49 годоў, з разбіўкай на часткі па гадах, якія плаціліся аж да 1907 года. У нашых мясцінах выкупныя плацяжы былі адменены яшчэ ў 1863 годзе, пасля паўстання Каліноўскага. Для нашых сялян гэта быў царскі падарунак, або дальнабачна забіты клін паміж бунтуючай шляхтай і шматлікім сялянскім насельніцтвам. Фактычна ў 1908 годзе сямей было 26, сярэдня-статыстычная сям’я складалася з 5 чалавек.

Пасля рэвалюцыі 1905 года, былі зроблены паслабленні ў карыстанні зямлёй, і праз нейкі час “надзельные” землі можна было ўжо раздзяліць паміж дзецьмі, ці раздзяліўшыміся сем’ямі, а дагэтуль надзел пераходзіў па спадчыне толькі цалкам да аднаго нашчадка. “Благоприобретённой” зямлі, альбо купленай у землеўласніка за свае грошы, у Лапішках не было. Ніхто, таксама, не браў зямлю ў арэнду. Жыхароў у вёсцы было 129, з іх мужчын — 64, жанчын – 65. На заробкі з’ехала 5 чалавек. Коней было 34 (1 ці 2 на сям’ю) і амаль па 2 каровы. Па другіх весках падлічыць можаце самі. Каму трэба – пішыце ў каментарах, выкладу дадатковыя лісты.

 

 

Face

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

52 просмотров всего, 0 просмотров сегодня

Метки: , . Закладка Постоянная ссылка.

Комментарии запрещены.