Зянькова Яніна Францаўна – “Загартаваная лёсам”

Zenkova

       Яніна Зянькова свой дзень нараджэння святкуе ў сярэдзіне лета, калі ля дома квітнеюць лілеі, вяргіні, рамонкі ды іншая рознакаляровая прыгажосць. Сёлета жанчыне споўнілася дзевяноста, але яна не перастае рупіцца на зямлі.

Вялікая асалода для яе цёплым вечарам пася­дзець на двары, адпачыць, пагрузіцца ў бясконцыя думкі. «І чаму Бог так доўга трымае мяне на зямлі?» — усё часцей задае пытанне. І сама ж на яго адказвае: «Напэўна, гэта ўзнагарода за шматлікія цяжкасці, якія давялося перажыць».

Яніна Францаўна ўжо пяць гадоў як стала лынтупчанкай. У пасёлак — бліжэй да дзяцей і цывілізацыі — пераехала з роднай вёскі Саболкі, што на самай граніцы з Літвой (за 4 кіламетры ад Лынтуп). У сярэдзіне мінулага стагоддзя ў ёй жыло больш за сотню чалавек, але ад ранейшай гаманлівасці не засталося і следу: апошнюю зіму перад пераездам Францаўна правяла там адна, у акружэнні лесу і апусцелых хат.

— Прызнайцеся шчыра: не страшна было? — спытала ў яе.

— А чаго баяцца? Ваенныя там заўжды ходзяць, граніцу ахоўваюць, ды і вакол усё такое роднае і блізкае сэрцу! — пачула ў адказ.

Для пасівелай жанчыны там кожны кавалак зямлі — успамін. Часам вельмі жудасны. «19 мая 1942 года ў нашу хату ўварваліся немцы і загадалі тату і брату ісці за імі, — уздрыгвае і закрывае твар рукамі. — Гадзін у шэсць вечара  пачула страшныя гукі, падалося, што нейкае каменне з хаты сыплецца. А гэта фашысты дзясяткі мірных жыхароў пасёлка і навакольных вёсак у Лынтупах каля моста расстрэльвалі — помсцілі за забітага партызанамі высокапастаўленага чыноўніка. Брату цудам удалося ўцячы. А колькі палягло!»

З заканчэннем Вялікай Айчыннай цяжкасці сыпацца не перасталі. Найскладаней было перажыць першыя мірныя, але галодныя гады, калі прапаў увесь ураджай. У бацькоўскай хаце Яніна жыла з маці і дзвюма малодшымі сёстрамі (усяго дзяцей у сям’і было дзесяць). Закончыла два класы польскай школы. Далей урокі падносіла толькі жыццё. У пошуках лепшай долі давялося паездзіць па свеце — жыла і працавала ў Мінску, Калінінградскай вобласці, Карэлафінску. На жыццё зарабляла на будоўлі, у лесе, дворнікам.

— Выйсці замуж у той час трэба было яшчэ пастарацца, — усміхалася суразмоўца. — Памятаю: сядзім мы, дзесяць дзевак, на вечарынах, а вакол нас адзін кавалер у дзеравяшках (самаробны абутак з дрэва і кавалка скуры — аўт.) пакручваецца. Многіх жаніхоў — хлопцаў прыблізна нашага ўзросту — выбіла вайна. А тыя, што засталіся, хіба маглі на мяне заглядацца? Брыдкай не была, але дзе ж мне сапернічаць з дзяўчатамі, якія мелі магчымасць прыгожа ўбрацца! У нас з мамай і сёстрамі адна хустка на ўсіх была. Замуж пайшла за вяскоўца, які праз хату жыў. Ды бяда была ў тым, што дзяды нашы ўсё жыццё за зямлю судзіліся. І таты, лічы, ворагамі былі. У выніку не змаглі мы жыць дома і паехалі шукаць шчасця па свеце.

Не знайшлі. Маці, калі адна засталася, стала зваць яе да сябе. І сёння Яніна Францаўна памятае, як вярталася ў Саболкі: аднаго сына за руку вяла, другога трымала на руках, трэцяга яшчэ пад сэрцам насіла. Палохала нязведанасць, выручала — працавітасць. Шчыравала на палявых работах у калгасе, людзям дапамагала, гаспадарку трымала, з усіх сіл дзяцей — чатырох сыноў і дачку — гадавала. Ажно восем вяселляў справіла — сваім дзецям і траім пляменнікам, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

— Мне маці расказвала, што я кволенькая і худзенькая нара­дзілася, — дзеліцца. — Якраз гарачая пара жніва пачалася, потым — бульбакапанне. Каму было за мной глядзець? З першых дзён лёс загартоўваў і не быў літасцівым. Адзін з сыноў памёр ад цяжкай хваробы, у аўтакатастрофе маладой загінула нявестка. Муж пайшоў з жыцця, калі дачка была яшчэ школьніцай.

Сапраўднай аддушынай для Яніны Францаўны быў і застаецца касцёл. А яшчэ праца. Калі пайшла на пенсію, пра адпачынак нават думак не было.

— Карова, козачкі з казляняткамі, свінні, куры, — расказвала. — Нават замуж выйсці ўмудрылася! Нявестка пазнаёміла з добрым чалавекам з Пастаў, працавітым і гаспадарлівым: лазню зрабіў, хлеў паправіў, сталяванне. Каня трымалі, разам дружна працавалі. 10 гадоў пражылі, пакуль ён не памёр. Цяга да работы ў мяне і цяпер вялікая.

Здароўе Францаўну стала падводзіць у старасці — не так даўно адзін за адным перанесла інфаркт і інсульт. Аднак узялася даглядаць хворую малодшую сястру. Часта наведваюць дзеці і дапамагаюць. Прыязджаюць унукі і праўнукі — іх у агульнай колькасці амаль два дзясяткі. Вялікай сям’ёй часцей за ўсё збіраюцца ў хаце ў Саболках — адзін з унукаў уклаў у яе сілы і сродкі і зрабіў выдатную дачу. 

…Калі Яніна Францаўна напярэдадні юбілею вярнулася дадому з касцёла, яе чакалі сюрпрызы. Родныя не толькі накрылі стол і прыгатавалі букеты кветак, але і запрасілі гарманіста. Па­вінна ж быць у жыцці месца і для радасці!

Тэкст і фота Іны МІКУС

ист: http://www.postawy.by/2018/08/zagartavanaja-ljosam/

 см. Личности

ПОДЕЛИТЕСЬ СВОЕЙ ИНФОРМАЦИЕЙ ЗДЕСЬ:

 

111 просмотров всего, 0 просмотров сегодня

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Добавьте свой комментарий или поделитесь материалом