Роднае і дарагое
У вёску радасна ехаць цёплай парой года, калі яна купаецца ў сонечных промнях, раскашуе кветкамі і агароднінай, даспявае садавінай, калі на ўлонне прыроды імкнуцца адпачывальнікі.
Але і шэрай восенню, і марознай зімой у хатах цепліцца жыццё. Якое яно ў Вайцяхах — вёсцы амаль за 40 кіламетраў ад райцэнтра? З гэтым пытаннем у панядзелак я і накіравалася туды. Падвяло надвор’е: цэлы дзень ішоў дождж. З-за гэтага наваколле выглядала зусім маркотна. Але ні глыбокая восень, ні нудны халодны дождж не перашкодзілі нашым зносінам: людзі шчыра расказвалі пра сябе, згаджаліся на «фотасесіі» або дзяліліся здымкамі з сямейных архіваў. Адчувалася, што ўсё для іх у вёсцы роднае і дарагое.
Па-суседску
Маё першае знаёмства, як і заўсёды, са старэйшынам вёскі. Гэта Аксана Павялковіч. У свой час яна працавала ў калгаснай бухгалтэрыі, потым кіравала вайцяхоўскім аддзяленнем. Але калектыўная гаспадарка абанкруцілася, і жанчына была вымушана шукаць іншую работу. Зараз яна аператар Варапаеўскага аддзялення паштовай сувязі. Муж Георгій працуе на чыгунцы. Адзіная дачка Алеся — урач.
Расказваючы пра сваіх аднавяскоўцаў, Аксана адзначыла, што яны дружныя і працавітыя, пісаць можна пра кожную сям’ю. (Зараз у Вайцяхах 38 жыхароў, летам іх колькасць крыху прырастае дачнікамі з Мінска і Маладзечна.) А потым суправаджала мяне па многіх адрасах, за што ёй вялікі дзякуй.
Па адным з іх жывуць Людміла і Аляксандр (такое імя ў яго па дакументах, але ўсе называюць Алегам) Балаі. Яна шмат гадоў працавала заатэхнікам, ён — паўстагоддзя вадзіцелем. Зараз абое на пенсіі, але ў іх заўсёды хапае работы дома, на падвор’і. Нават з першага погляду разумееш, што тут жывуць сапраўдныя гаспадары.
— Мы пажаніліся зусім маладымі, — успамінала Людміла Дзямідаўна. — 52 гады назад Алег прывёз мяне ў свае Куніцкія з Краснаярска. Спачатку жылі з яго бацькамі, а праз гады тры пабудавалі свой дом у Вайцяхах. Трымалі шмат скаціны. Трэцімі ў вёсцы купілі машыну і як жа гэтаму радаваліся! А з часам памянялі іх некалькі, без уласнага транспарту не былі ніколі. Мой муж — працаголік, ён заўсёды знаходзіць сабе занятак.
Не менш старанная і яна сама. Такімі ж працавітымі і руплівымі Балаі выхавалі і абедзвюх дачок. Наталля настаўнічае ў Варапаеўскай СШ, Вольга ўзначальвае крымінальна-выканаўчую інспекцыю Пастаўскага РАУС. Радуюць бабулю з дзядулем унукі, якіх яны маюць чацвёра.
Тры гады таму побач з Балаямі пасялілася ў арэндным жыллі новапалачанка Людміла Кандыбіна. Як расказвала сама жанчына, у горадзе яна працавала псіхолагам, сацыяльным педагогам, сямейным кансультантам. Пайшоўшы на пенсію, вырашыла быць бліжэй да прыроды і сыноў. Адзін з іх працуе на Астравецкай АЭС, другі ўзначальваў калектыў Варапаеўскай дыстанцыі пуці. Хацела купіць дом у вёсцы, але прапанавалі арэнду, і яна згадзілася.
Сваякі Людмілы да гэтага часу не разумеюць, як яна магла пакінуць Наваполацк і пасяліцца ў глыбінцы. А ёй тут камфортна. Знайшла агульную мову з вяскоўцамі, пасябравала са сваёй цёзкай — Людмілай Балай, добраўпарадкоўвае жыллё і прыдамавую тэрыторыю.
Талака
Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, ля дома Алега Балая кіпела работа. Справа ў тым, што гаспадар вырашыў пабудаваць эстакаду, а аднаму з такой работай не справіцца. Вось і паклікаў на дапамогу Эдуарда Кішко, Дзмітрыя Якімовіча і Дзмітрыя Аліхвера. Мужчыны не адмовілі і дружна распачалі справу. І гэта выдатна, што ў вёсцы яшчэ захавалася традыцыя працаваць талакой.
Дарэчы, вайцяхоўцы і ў хвіліны адпачынку любяць пасядзець гуртам на лавачцы. У мужчын адны размовы, у жанчын — іншыя: пра дзяцей і ўнукаў, нарыхтоўкі, рэцэпты страў, вясковыя навіны. Калі ў каго здараецца радасная падзея, частуюць цукеркамі, прыйдзе да каго бяда — збяруць і занясуць грошы. Адным словам, падтрымліваюць адно аднаго.
І што тут вырасце? Усё!
Ірына Красоўская і Валерый Рагелс жывуць па вуліцы Кветкавай, 8, а карыснай і прыбытковай справай займаюцца па Цэнтральнай, 8.
— Калі мы куплялі тут дом, аднавяскоўцы не разумелі нас. Казалі: «Навошта вам такая развалюха? Ды і зямля на ўчастку ніколі не давала ўраджаю. Хіба на ёй што вырасце?»
Вырастае, ды яшчэ як! Зразумела, не само па сабе — новыя гаспадары ўклалі ў пабудовы і прысядзібны ўчастак шмат сіл і сродкаў. У выніку ператварылі запусценне ў квітнеючую сядзібу. Адрамантавалі дом, пабудавалі склад, лазню, хлеў. Зямельны ўчастак адвялі пад вырошчванне саджанцаў яблынь, груш, вішань, сліў, персікаў, абрыкосаў, ягадных кустарнікаў, руж. Іх тут не адна сотня. А прадаюць саджанцы па ўсёй Беларусі.
Яе радасць – дзеці і ўнучкі
Лілія Седзюкевіч апошняй з вайцяхоўцаў пазбавілася каровы. Зараз у вёсцы няма ні адной рагулі. А шмат гадоў таму іх было ў вясковым статку 100. Пасвілі па чарзе сем’ямі. Чарга выпадала ўсяго 2-3 разы за ўвесь пашавы перыяд.
— А колькі ў нас было людзей! — з настальгіяй успамінае Лілія Браніславаўна. — Калі я працавала брыгадзірам, у нашай, вайцяхоўскай, брыгадзе налічвалася 40 паляводаў, механізатараў у аддзяленні — 70 і 22 — у белькаўскім. Прызначалі па 2 чалавекі на трактар, працавалі ў дзве змены.
Пасля заканчэння сельгастэхнікума Лілія ўзначаліла паляводчую брыгаду, потым яе прызначылі начальнікам аддзялення, пазней — аграномам-насенняводам. 12 апошніх гадоў, перад тым як пакінуць сельгасвытворчасць, у тым ліку 6 — у пенсійным узросце, з’яўлялася галоўным аграномам гаспадаркі.
Раней тут быў калгас імя Пушкіна, потым — «Зара», аддзяленне райаграсэрвісу. Зараз на мясцовых землях гаспадараць механізатары ААТ «Навасёлкі-Лучай», «Хацілы-агра», «Кураполле-агра». «А мы, хто працаваў тут дзесядзігоддзямі, а цяпер на пенсіі, засталіся нічыйнымі», — з сумам канстатуе былы аграном.
Але ёсць у Ліліі Браніславаўны і радасць. Гэта яе дзеці і ўнукі, а таксама вера ў Бога, якая падтрымлівае ў жыцці.
Сем «Я»
Ці з’яўляецеся вы гледачом тэлеканала «Беларусь 1»? Калі так, то абавязкова бачыце на экране карэспандэнта агенцтва тэленавін Алену Вітко — прыгожую, эрудыраваную, упэўненую ў сабе жанчыну. Дык ведайце: Алена — ураджэнка Вайцяхоў, старэйшая дачка Ірыны і Уладзіміра Вітко.
А ўсяго ў гэтай сям’і з 26-гадовым стажам пяцёра дзяцей. Двое ўжо дарослыя. Алена — журналіст, скончыла Белдзяржуніверсітэт. Дзмітрый — выпускнік ваеннай акадэміі — служыць у Асіповічах. Ажаніўся. Нявестку Кацю Вітко прынялі як яшчэ адну родную дачку.
Трое малодшых дзяцей — школьнікі. Адзінаццацікласніца Вікторыя марыць паступіць у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і старанна рыхтуецца да гэтага. Сямікласнік Багдан з далейшым выбарам яшчэ не вызначыўся. А вось Ксенія, якая ходзіць у чацвёрты клас, вельмі любіць жывёлу, асабліва коней, і, хутчэй за ўсё, стане ветэрынарам.
Якім бы зацёртым ні быў выраз «Сям’я — гэта сем «Я», у дачыненні да Вітко гэта менавіта так. І не толькі па яе колькасці — тут і бацькі, і дзеці — асобы. Ірына працуе сацыяльным работнікам, Уладзімір — дальнабойшчыкам. Ён якраз быў у рэйсе, таму не давялося сустрэцца. А з Ірынай мы пагутарылі.
— Вельмі крыўдна, што нашы Вайцяхі аказаліся закінутымі, — наракала жанчына. — Тут жа такія прыгожыя мясціны і некалі віравала жыццё. Былі клуб, бібліятэка, ФАП, аддзяленне сувязі, школа. А зараз няма нічога. Вельмі дрэнныя аўтобусныя зносіны з Варапаевам і Паставамі. Працаздольным людзям няма дзе ўладкавацца. Таму і пусцее вёска. Зразумела, што і нашы дзеці тут не застануцца, хаця і любяць куток, дзе нарадзіліся.
Не бяздзейнічаюць
Абсалютная большасць вайцяхоўцаў — пенсіянеры. Але ніхто з іх не бяздзейнічае, кожны займаецца нейкай справай.
Іосіф Кішко пасля заканчэння медвучылішча 10 гадоў працаваў зубным тэхнікам у Глыбокім, але так і не палюбіў сваю спецыяльнасць, не прыжыўся ў горадзе. І вярнуўся да маці ў Вайцяхі. Загадваў фермай, аднак адмовіўся і ад гэтага — пайшоў даяром. Рабоце ў жывёлагадоўлі аддаў 34 гады, з іх 24 быў даяром.
Іосіф Іванавіч не стварыў сям’і, жыве адзін. У доме і на ўчастку ў яго такі парадак, які здольная падтрымліваць не кожная гаспадыня, у варыўні — шмат нарыхтовак на зіму. Любіць збіраць ягады, грыбы. Раней захапляўся вязаннем.
Фаіна Ганчар — інвалід ІІ групы. Пацярпела яшчэ ў маленстве, калі сям’я хавалася ў лесе ад фашысцкіх акупантаў. Нягледзячы на траўму, у маладосці і касіла, і за плугам хадзіла. А цяпер хоць і на двух кіёчках, але так праполе градкі, што не застанецца ні травінкі.
— Сямейнае жыццё не склалася, — расказвала жанчына. — Муж піў, распускаў рукі. У выніку мы развяліся. Удзячная яму толькі за тое, што нарадзіла двух сыноў. Сяргей і Віктар працуюць на льнозаводзе, па магчымасці наведваюцца да мяне. А яшчэ дапамагае сацработнік Марына Абкаран.
Таццяну Аліхвер мы з Аксанай Павялковіч засталі за алмазнай вышыўкай.
— Вельмі захапілася і ўжо вышыла некалькі карцін і абразоў, — дзялілася Таццяна Васільеўна. — А чым яшчэ займацца на пенсіі?
Яна магла б стаць спецыялістам, бо пасля школы паступіла ў сельгастэхнікум. Але закружыла каханне. У 16 гадоў выйшла замуж за Дзмітрыя Аліхвера і да 18-ці ўжо мела дваіх дзяцей. На вучобу не паехала і 26 гадоў адпрацавала даяркай. А калі пахіснулася здароўе, 6 гадоў была вартаўніком. Дзмітрый працаваў трактарыстам. Здаралася, акрамя гэтага, адначасова і коней даглядаў, і абавязкі вартаўніка выконваў.
Двое іх дзяцей асталяваліся ў Мінску. Ірына працуе ў Адміністрацыі Прэзідэнта. Аляксей вырабляе мэблю.
Наталля Красілевіч — найстарэйшая жыхарка вёскі — 25 кастрычніка ёй споўнілася 90. 5 гадоў таму жанчына страціла адзінага сына. Нягледзячы на ўзрост і вялікае гора, памаленьку спраўлялася з няхітрымі хатнімі абавязкамі. І толькі сёлета згадзілася на паслугі сацыяльнага работніка — суседкі Ірыны Красоўскай.
— Ірачка мне як дачка, — дзялілася Наталля Іванаўна. — Яна мяне і лячыла, калі я захварэла, і свежыя стравы заўсёды прыносіць, і ў лазню або душ да яе хаджу.
Нягледзячы на такую шчырую апеку, бабуля і сама не сядзіць без справы. Яна яшчэ трымае некалькі курачак, садзіць шмат кветак, выходзіць на градкі.
Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Войтехи
Фаіна Касаткіна
ист: https://www.postawy.by/2023/11/proekt-pk-vjosachka-prodolzhaetsya-ocherednaya-ostanovka-derevnya-vojtehi/
https://ok.ru/leonid.janush.postavy/photobook/836149686210