Деревня Ковзаны

     Па шматлікіх просьбах чытачоў «Пастаўскага краю» рэдакцыйны праект «Вёсачка» працягваецца. Першая на маршруце ў новым годзе — вёска Коўзаны Навасёлкаўскага сельсавета (некалі яна была цэнтрам калгаса «Ударнік»).

Тут 4 вуліцы: Пралетарская, Садовая, Кляновая, Свабодная; старыя хаціны і дыхтоўныя двухпавярхоўкі; 132 жыхары, з якіх 52 — дзеці да 18 гадоў. Наколькі дазваляе аб’ём газетнага развароту, знаёмімся з коўзанцамі.

 

Набыла другое жыццё

Ала Лешчык з’яўляецца старэйшынам Коўзанаў больш чым два дзесяцігоддзі. Кажа, што стамілася і будзе прасіць сабе замену, але руку на пульсе вясковага жыцця трымае цвёрда. Яна прыехала ў вёску 44 гады назад і стала загадваць тут бібліятэкай. Ведае ўсіх людзей, унікае ў іх патрэбы. Радуецца, што з увядзеннем у эксплуатацыю васьмі двухпавярховак Коўзаны папоўніліся жыхарамі і атрымалі другое жыццё.

Хто не памятае, як у Коўзанах, непадалёк ад шашы, на працягу не аднаго дзесяцігоддзя стаяла 8 недабудаваных двухпавярховых дамоў? Калгас імя Суворава пачаў іх узводзіць у 1986 годзе. Але пасля развалу СССР рэзка пагоршылася эканамічнае становішча ў краіне і ў гаспадарцы, і будаўніцтва было замарожана.

— З часам вяскоўцы «прыватызавалі» недабудаваныя дамы, — нявесела жартуе Ала Станіславаўна. — Трымалі там коней, свіней, складвалі дровы, сена, сушылі бялізну. Справа зрушылася з месца толькі ў 2015 годзе, калі на даўгабудах зноў пачалася работа. А ў 2016-м у іх пасяліліся першыя жыхары. На рабатызаваную ферму, узведзеную непадалёк Коўзанаў, патрабаваліся кадры. Сельгаспрадпрыемства давала жыллё, і ў Коўзаны пераехала шмат людзей з Міёрскага і Браслаўскага раёнаў.

Яны з’яўляюцца не толькі сённяшнім днём вёскі, але і яе будучыняй. Старэйшына называла мне дзясяткі прозвішчаў старанных працаўнікоў, прыкладных сямейнікаў. З асаблівай павагай адклікалася пра тых, хто зараз на пенсіі, але ў свой час нямала папрацаваў на карысць гаспадаркі. Гэта Аліна, Валянцін і Эма Мацуры, Іосіф і Ніна Вежаны, Часлава Долман, Даната Якубовіч, Ганна і Віктар Дулінцы, Раіса і Генадзій Лапушынскія, Тэрэса Мацур, Ганна Танана, Валянціна Зямчонак. Ды хіба магчыма пералічыць усіх, для каго Коўзнаны сталі іх вёскай?

На дваіх – 96 гадоў стажу

Пашанцавала, што Марыю і Станіслава Даўгеляў застала дома, бо абое, нягледзячы на тое, што пенсіянеры, працуюць у ААТ «Навасёлкі-Лучай»: ён — трактарыстам, яна — заатэхнікам.

— У нас на дваіх 96 гадоў стажу, — расказвалі муж і жонка. — Даўно маглі пакінуць работу і займацца толькі ўласнай гаспадаркай. Трымаем карову, свіней, курэй. Але з людзьмі весялей, і заробак лішнім не бывае.

 

Станіслаў 32 сезоны адпрацаваў на камбайне. Заўсёды быў у ліку найлепшых. Цяпер — на маленькім трактары на рабатызаванай ферме. Абавязкі механізатара — прачыс­ціць дарожку, прывезці дровы, муку, вывезці непатрэбнае. Марыя адказвае за ўтрыманне адкормачнікаў, якія круглы год знаходзяцца ў полі. Штодня дабіраецца з Коўзанаў у Круткі: летам — на веласіпедзе, зімой — пехатой або падвозіць муж.

— Наша сельгаспрадпрыемства моцнае. Тут можна і добра зарабляць, і ўласнае падвор’е тры­маць, — разважаў Станіслаў Іосіфавіч. — Але некаторыя лянуюцца, а хочуць усё мець. Так не бывае. Дастатак здабываецца працай.

Найлепш у Беларусі

Нават падумаць не магла, што ў Коўзанах пазнаёмлюся з грузінкай! Саэда Чарбудашвілі жыве тут сем гадоў. Пераехала ў 66-гадовым узросце, пазнаёміўшыся з беларусам. Купіла ў Коўзанах хату. У Грузіі засталіся яе дачка і два сыны з сем’ямі. Штогод Саэда лятае на Радзіму. Гэта каштуе дорага, таму з кожнай пенсіі адкладвае пэўную суму.

 

 

— Дзяцей і ўнукаў наведваю, але вяртацца ў Грузію не збіраюся, — гаварыла жанчына. — Мне вельмі падабаецца Беларусь, нават да маразоў прывыкла. Прыязджаю на Радзіму — задыхаюся ад спёкі. Дзеці здзіўляюцца гэтаму. А як дорага ў Грузіі пражыць! Атрымаўшы пенсію, накупляеш лякарстваў — і не хапае грошай на прадукты. Урача выклічаш — плаці, у бальніцу ляжаш — плаці. Тут жа трапіла ў бальніцу з запаленнем лёгкіх, дык вылечылі бясплатна і адносіліся да мяне вельмі добра. У мяне цудоўная суседка Святлана Лебедзева. І ўвогуле ў Коўзанах людзі шчырыя і працавітыя. А які ў краіне Прэзідэнт!

Саэда з нецярпеннем чакае вясны, каб хутчэй выйсці ў агарод. Прызнаецца, што вельмі любіць працаваць на зямлі, вырошчваць бульбу, агуркі, памідоры. А яшчэ яна пячэ свой хлеб.

Не ведаю, колькі каштуе мяса

Так гаворыць 43-гадовая Святлана Мурзіч, якая з мужам Яўгеніем трымае вялікае ўласнае падвор’е. Зараз на ім дзве каровы, падцёлак, свінні, куры, індыкі. Мяса, малочныя прадукты, садавіну і агародніну, мёд не купляюць. Да таго ж здаюць малако дзяржаве.

— Калі мелі трох кароў, за малако атрымлівалі штомесяц 900 рублёў — столькі, колькі я зарабляла на цялятніку, — расказвала Святлана. — Хіба не важкая дабаўка да сямейнага бюджэту? А ў нашай сям’і два студэнты, і грошы, а таксама прадукты вельмі патрэбныя.

 

 

Дзеці Мурзічаў таленавітыя. Крысціна з чырвоным дыпломам скончыла медыцынскі каледж і летась паступіла ў Віцебскі мед­універсітэт. Мікіта вучыцца на чацвёртым курсе Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Яго прозвішча ўнесена ў банк таленавітай моладзі краіны. Хлопец з’яўляецца кандыдатам на прэзідэнцкую прэмію за сваю навуковую працу. Знаходзіць час і на заняткі музыкай.

Ёсць у сям’і і трэцяе дзіця. Розніца паміж Крысцінай і яе малодшым братам — 16 гадоў.

— Жэнечка нарадзіўся для таго, каб мы не старэлі, — смяюцца бацькі. — Ён трымае нас у тонусе. Старэйшыя дзеці былі спакойныя, а за гэтым толькі паспявай сачыць!

 

 

Дзякуй Богу за тое, што маем

Даната Якубовіч ведае, што такое гора. Яна вырасла ў сям’і, у якой было дзевяць дзяцей. Маці не стала, калі дзяўчынцы было ўсяго чатыры гады. Мамінай ласкі яна не спазнала — гадавалі старэйшыя браты і сёстры.

— Ляжу, малая, на печы і чую, як суседка наракае, што пякла хлеб, а ён атрымаўся нясмачным, — успамінае Даната Фадзееўна сваё дзяцінства. — Не разумею, як хлеб можа быць нясмачным?! Здавалася, толькі б наесціся яго ўволю! Я і зараз не выкіну ніводнай скарыначкі.

 

 

А пра сённяшні дзень Даната Якубовіч гаворыць так:

— Люблю Коўзаны за тое, што тут шмат добрых людзей. А найлепшыя — старэйшына Ала Лешчык, мае суседзі Ніна і Віктар Лапушынскія, паштальён Раіса Лапушынская. Кожную сераду да нас прыязджае любімы доктар Васілій Сівіцкі. Вёску папоўнілі новыя сем’і, у нас шмат дзяцей. Гляджу на іх і думаю: «Як добра было б, каб яны выраслі і засталіся тут гаспадарамі!»

Што да самой Данаты Фадзееўны, то летам ёй споўніцца 80. Ужо зараз плануе, як хацела б адзначыць юбілей. Абавязкова з малітвай, бо яна шчырая верніца, а яе ўнук Валерый Пупкевіч стаў святаром.

— Усё будзе так, як дасць Бог, — казала жанчына. — І дзякуй Яму за ўсё, што маем.

Самыя родныя

Стас Арлоўскі ходзіць у 8 клас, яго брат Дзяніс — у 6-ы. Хлопчыкі ве­даюць, што іх усынавілі.

— Данеслі «добрыя» людзі, — уздыхае іх мама. — А я ім тлумачу: — Няхай сабе гавораць, а вы ведайце, што для нас з татам вы самыя родныя.

Рашэнне стаць бацькамі і пада­рыць сваю любоў маленькаму чалавеку Вольга і Аляксандр Арлоўскія прынялі пасля 17 гадоў шлюбу (мець уласных дзяцей ім не было наканавана). Стасіка забралі з Віцебскага дома малюткі, калі яму споўніўся год. Праз два гады ў сям’і з’явіўся яшчэ адзін сыночак — Дзяніска.

 

 

Як і ўсе дзеці, браты могуць і захварэць, і пагарэзнічаць, пасварыцца паміж сабой ці з іншымі хлопчыкамі. Клопатаў з імі хапае.

— Можа, калі-небудзь пашкадавалі пра сваё рашэнне? — пытаюся ў Вольгі.

— Ні я, ні муж — ні разу, — адказвае жанчына. — Мы шчаслівыя, што маем двух сыноў.

Стас вельмі любіць жывёлу. Таму ў кватэры ёсць хамяк, папугай, чарапаха. Марыць вывучыцца на ветэрынара. Дзяніса, як і тату, найбольш цікавіць тэхніка. Таму ёсць надзея, што, калі хлопцы вырастуць, працягнуць справу бацькоў (маці працуе даяркай, тата — механізатарам).

 

 

І засталіся назаўсёды

Калі ў 1980 годзе Віктара Лапушынскага, які працаваў начальнікам раённай племстанцыі, выбралі старшынёй калгаса «Ударнік» з цэнтрам у Коўзанах, ні ён, ні жонка Ніна нават не ўяўлялі, што гэта вёска стане для іх пастаянным месцам жыхарства. Але адбылося менавіта так. Тут з цягам часу яны пабудавалі свой дом, тут выраслі іх дачка і сын, сюды імкнуцца ўнукі.

Віктар узначальваў гаспадарку на працягу пяці гадоў, пакуль яе не далучылі да калгаса імя Суворава. Потым загадваў Коўзанскім аддзяленнем, а перад выхадам на пенсію пяць гадоў з’яўляўся намеснікам старшыні калгаса «Сцяг Перамогі». Ніна спачатку працавала ў калгаснай бухгалтэрыі, затым 18 гадоў — сакратаром Навасёлкаўскага сельскага Савета.

 

 

Абое — сціплыя, цудоўныя людзі і выдатныя гаспадары, пра якіх я чула шмат найлепшых водзываў. Асабліва прыгожа ў іх сядзібе летам, бо тут мноства пладовых дрэў, кустарнікаў, кветак, і ўсё ўтрымліваецца ва ўзорным стане.

Новы, 2024-ы, год Ніна і Віктар сустрэлі асабліва радасна: з Германіі прыехала дачка Таня з мужам і трыма дзецьмі, з Мінска — сын Саша. А што можа быць даражэй за зносіны з роднымі?

А падвор’е якое!

Таццяна Дунец нарадзілася, вырасла і выйшла замуж у Літве. Туды ў свой час у пошуках лепшага жыцця паехалі з Пастаўшчыны яе тата-беларус і мама-руская. Бацькі грунтоўна займаліся сельскай гаспадаркай, а іх дзве дачкі працавалі ў горадзе. Пра змену месца жыхарства ніколі не думалі. Але разваліўся СССР — і вельмі хутка яны адчулі сябе на літоўскай зямлі чужымі.

— Нялёгка было зрывацца з абжытага месца, — успамінае Таццяна. — Увасьмярых жылі на кватэры ў знаёмых і дабудоўвалі дом, які даў калгас. Але ўрэшце бацькі і сястра з дзецьмі пераехалі ў Камаі.

 

 

А ў Таццяны распалася сям’я, і яна засталася з пяцігадовай дачкой на руках. Але, як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Праз некаторы час лёс звёў яе з добрым хлопцам Леанідам, і ўжо 26 гадоў яны ў шчаслівым шлюбе, выхавалі дзвюх дачок. Леанід па спецыяльнасці інжынер, зараз выконвае абавязкі начальніка Лучайскага вытворчага аддзялення. На днях яго вылучылі кандыдатам у дэпутаты Навасёлкаўскага сельскага Савета. Таццяна працуе санітаркай на Коўзанскім ФАПе. А якое вялікае падвор’е трыма­юць Дунцы! Тры каровы, цялушка, некалькі свіней, куры. Клопатаў хапае, затое і аддача ёсць.

«ПК» продолжает редакционный проект «Вёсачка». Первая на маршруте в новом году — деревня Ковзаны

Фаіна Касаткіна

 

Ссылка на публикацию >>>

Loading

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.