Какими были леса Поставщины и как охотились ее жители в ХIХ веке?

 

 Лясы і паляванне ў ХIХ стагоддзі

Паводле многіх гістарычных крыніц, тэрыторыя краіны калісьці была амаль су­цэльным лесам з невялікімі палянкамі-палеткамі вакол паселішчаў, дзе жылі продкі сучасных беларусаў.

     Пра лясную гаспадарку старажытных часоў дакументальных звестак мала, а вось пра стан тутэйшых лясоў і паляванне ў XIX стагоддзі даволі падрабязна апісана ў выданні 1882 года «Живописная Россия».

Лясны гандаль быў добра развіты, асабліва ў месцах, прыдатных для сплаву. Драўніну сплаўлялі калодамі, а таксама вырабамі з яе накшталт брусоў, клёпак і г. д. Дзе-нідзе выраблялі смалу і шкіпінар, дзёгаць, выкарыстоўваючы спецыяльныя печы з кажухамі. Займаліся гэтым вопытныя і спрактыкаваныя вугальшчыкі. Вугаль, які заставаўся ў печах, выкарыстоўвалі ў кузнях, а таксама сплаўлялі разам з лесам для продажу. Аднак многія пушчы, у тым ліку пастаўская, не раскрывалі ў эканамічным сэнсе свой патэнцыял, бо правільнае, навуковае, лесаводства знаходзілася «во младенческомъ состоянии». За граніцу прадавалі толькі карабельную або тоўстую будаўнічую драўніну.

Лясы ў многіх месцах былі завалены верхавінамі дрэў пасля высечак, бураломам пасля моцных вятроў. Большасць гэтай драўніны не выкарыстоўвалася, гніла, засмечваючы лясныя дачы і перашкаджаючы ўтварэнню маладых парасткаў. У сваіх успамінах 1812 года Аляксандр Бястужаў параўноўваў лясы Віленскай губерні з непраходнымі сібірскімі пушчамі. З той пары вялікая іх колькасць была знішчана, але край заставаўся багатым на пушчы. Асабліва шмат лесу высеклі ў 1863 годзе, калі ачышчалі чыгункі ад прылеглых да іх лясных угоддзяў. Вакол кожнай чыгуначнай станцыі было высечана на 300 сажняў у кожны бок, а на ўсёй працягласці чыгунак — на 150 сажняў як у адзін бок, так і ў другі.

Лясамі была пакрыта трэцяя частка плошчы Віленскай губерні – а гэта 1 440 000 дзесяцін.

З іх казённымі — 377 000 дзесяцін, у прыватнай уласнасці налічвалася 1 060 000 дзесяцін, рэшта належала гарадам і манастырам. У казённых лясах 4 135 дзесяцін было выдзелена пад вырошчванне карабельнай драўніны.

Пароды дрэвастою ляснога фонду наступныя: дуб, сасна, піхта, елка, клён, ясень, вяз, ліпа, граб, бяроза, вольха, асіна, ляшчына, вярба, чаромха, таполя і рабіна.

У адпаведнасці з глебамі большасць лясоў былі змешанымі, але меліся і насаджэнні адной пароды: дубовыя, бярозавыя і г.д.

У былыя часы паляванне было самым любімым заняткам прывілеяваных саслоўяў. Кожны памешчык трымаў у сябе мноства розных парод паляўнічых сабак, цэлыя атрады стралкоў і спецыяльна натрэніраваных для палявання коней. Паляванне право­дзілася амаль круглы год, але асаблівымі былі восеньскія аблавы на дзікіх звяроў. Тады звычайна з’язджаліся ўсе суседзі, кожны са сваімі сабакамі і стралкамі, так што збіраліся сотні паляўнічых. Такія аблавы, у суправаджэнні розных забаў, доўжыліся цэлымі тыднямі. Потым усё тыя ж удзельнікі збіраліся ў іншага суседа і гэтак далей.

У кожным багатым маёнтку налічвалася некалькі так званых рэзідэнтаў з бедных дваран, часцей афіцэраў у адстаўцы. Іх галоўным абавязкам была арганізацыя палявання, падрыхтоўка да яго. У падначаленні рэзідэнтаў былі стралкі, сабакары, збройнікі з дваровых людзей. Рэзідэнты таксама павінны былі забаўляць гасцей расказамі пра паляўнічыя подзвігі. Бесталкова было, але для асобных — весела.

З часам усё змянілася. Пад канец стагоддзя перасталі існаваць тыя рэзідэнты, не было ўжо і дрымучых лясоў, але нельга сказаць, што быў недахоп дзічыны. Неаднаразовыя раззбраенні краю (у 1831, 1839, 1846, 1848, 1854 і 1863 гг.) далі магчымасць звярам размножыцца да неверагоднай колькасці, асабліва ваўкам, якія вольна блукалі па вёсках і беспакарана выносілі здабычу.

Паляванне як раней, так і ў 1882 годзе не было прамысловым. Аблавы на дзікіх звяроў і паляванне на зайцоў, рабчыкаў, цецерукоў, глушцоў, курапатак, бекасаў, дзікіх качак сталі праводзіцца з улікам розных пастаноў і правіл у пэўныя тэрміны. Дзічыны хапала і прадавалі яе адносна нядорага.

Іван Сіманёнак

ист: https://www.postawy.by/2023/12/kakimi-byli-lesa-postavshhiny-i-kak-ohotilis-ee-zhiteli-v-hih-veke/

Loading

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.