Паставы – невялікі старажытны гарадок на Віцебшчыне, які ўтульна размясціўся на беразе рэчкі Мядзёлкі, сярод пышнай зеляніны старадаўніх дубоў і ліп. Першае ўпамінанне пра горад адносіцца да 1552 і звязана з паселішчам Пасаднік (паводле дадзеных Пастаўскага краязнаўчага музея, самыя раннія звесткі пра мястэчка адносяцца да 1409 г.).
На пачатку XVI ст. яго ўладальнік магнат Дэшпат-Зяновіч атрымаў ад літоўскага князя грамату, якая сведчыла, што паселішча пераводзіцца ў разрад гарадоў з прысваеннем яму назвы Паставы, гэта значыць горада, размешчанага “па ставу” ракі. У гонар гэтай знамянальнай падзеі ў тым жа годзе Дэшпат-Зяновіч пабудаваў драўляны касцёл Маці Боскай (да нашага часу не захаваўся). У XVII ст. Паставы належалі вядомаму ў тыя часы роду Бягінскіх. У 1640 г. Станіслаў Бягінскі, каралеўскі сакратар, і яго жонка Ганна заклалі ў Паставах касцёл і кляштар (не зберагліся). На працягу двух стагоддзяў (з канца XVI і да канца XVIII) пры ім існавала езуіцкая школа, дзе разам з гуманітарнымі дысцыплінамі выкладалі музыку. У школу набіралі дзяцей з нізкіх саслоўяў. За бясплатнае навучанне выхаванцы павінны былі ўдзельнічаць у капэле кляштара і абслугоўваць свецкія і рэлігійныя святы. У XVI–XVII стст. у Пастаўскім касцёле быў арган. Праваслаўная царква існавала тут здаўна. Першыя афіцыйныя звесткі пра яе належаць да 1713 г.
З другой паловы XVIIІ ст. горадам валодаў Антоній Тызенгаўз – палітычны і грамадскі дзеяч Вялікага княства Літоўскага, мецэнат, які спрыяў развіццю асветы і прадпрымальніцтва. Намаганнямі Тызенгаўза Паставы сталі павятовым горадам, а 22 студзеня 1796 г. яму быў нададзены герб з адлюстраваннем рыбалоўнай сеткі і трох залатых рыбак, што сведчыла аб развіцці рыбалоўнага промыслу. У гэты перыяд пры ўдзеле вядомага італьянскага архітэктара Дж.Сака ў Паставах заклалі архітэктурны комплекс гарадской мураванай забудовы, якая была завершана ў пачатку ХІХ ст. У яе ўвайшлі: вялікая рыначная плошча з гандлёвымі радамі, вакол якой у модным стылі барока былі ўзведзены дамы рамеснікаў, будынак канцылярыі і суда, дом урача, школа, тры гасцініцы, розныя дамы для забаў і шынкі.
Са старой драўлянай забудовы ў новым ансамблі засталіся толькі два храмы. Ад кожнага вугла плошчы адыходзілі галоўныя транспартныя артэрыі – вуліцы Браслаўская, Зарэчная, Віленская і Задзеўская, на якіх таксама ў стылі барока будаваліся жылыя дамы, а на адной з іх быў узведзены палац магната Тызенгаўза. У тыя ж гады ўзнік шэраг прамысловых прадпрыемстваў: палатняная мануфактура, фабрыка па вырабу брычак, наладжана вытворчасць шаляў, капелюшоў, карабельных ветразяў, дываноў. Майстры з Галандыі і Германіі выраблялі паясы. У канцы ХІХ ст. на плошчы была пабудавана белакаменная, у псеўдарускім стылі царква, ля самай ракі вырас трохпавярховы будынак вадзянога млына (захаваўся да нашага часу), а на другім беразе Мядзёлкі – касцёл. Акрамя каталіцкага і праваслаўнага храмаў, у Паставах дзейнічаў таксама яўрэйскі малітоўны дом. З цягам часу невялікае мястэчка Паставы ператварылася ў буйны гандлёва-эканамічны цэнтр.
Антоній Тызенгаўз быў не толькі буйным магнатам. Ён імкнуўся заняць прэстыжнае месца ў еўрапейскай культуры, у развіццё якой укладваў вялікія сродкі. Тызенгаўзу належала балетная школа, роўнай якой не было ва ўсёй Рэчы Паспалітай. У 1782 г. гэта школа і частка інструментальнай капэлы былі пераведзены з Гродна ў Паставы. Яму належала адна з лепшых у Еўропе калекцыя скрыпічных інструментаў XVIII ст. і каштоўныя творы жывапісу, графікі, скульптуры, якія захоўваліся ў Паставах. Асветніцкую дзейнасць Антонія Тызенгаўза працягваў яго пляменнік Канстанцін. Ён заснаваў у Паставах карцінную галерэю (налічвала больш за 60 палотнаў вядомых мастакоў) і арніталагічны музей, дзе было сабрана каля трох тысяч экспанатаў флоры і фауны Беларусі і іншых краін.
Далейшыя вехі біяграфіі Пастаў у многім падобныя да лёсу іншых гарадоў Заходняй Беларусі. Савецкая ўлада, устаноўленая тут у лістападзе 1917 г., пратрымалася нядоўга. Горад быў акупіраваны спачатку нямецкімі, затым польскімі войскамі. Потым на некаторы час зноў усталявалася Савецкая ўлада, а з 1921 па 1939 год Паставы знаходзіліся ў складзе буржуазнай Польшчы. На пяты дзень Вялікай Айчыннай вайны ў горад уступілі фашысты. Яны стварылі тут канцэнтрацыйны лагер, у якім знішчылі каля чатырох тысяч мірных жыхароў. Сур’ёзную шкоду нанеслі гітлераўцы і самому гораду. Былі разрабаваны прадпрыемствы, спалены многія жылыя дамы. 5 ліпеня 1944 г. Паставы вызвалены 15-й Віцебскай стралковай дывізіяй.
У пасляваенныя гады горад хутка аднавіў разбуранае. Выраслі цэлыя раёны, пераўтварыліся ўскраіны. Паставы ўпрыгожваюць тры возеры, два скверы, захаваўся старадаўні парк уздоўж ракі. Буйной прамысловасці ў горадзе няма, але такія прадпрыемствы, як ільнозавод, чыя прадукцыя ідзе нават на экспарт, завод сухога абястлушчанага малака, кансервавы завод, вядомы далёка за межамі рэспублікі, а завод па вытворчасці навучальнага абсталявання – свайго роду ўнікальнае прадпрыемства: падобных у рэспубліцы няма. Дзейнічаюць тут і традыцыйныя для кожнага райцэнтра хлебазавод, лясгас, камбінаты камунальных прадпрыемстваў і бытавога абслугоўвання і іншыя.
Чыстыя і ўтульныя Паставы… Па-гаспадарску адрэстаўраваныя старадаўнія будынкі, што належалі Тызенгаўзам. За некалькі стагоддзяў цэнтр горада не перамясціўся ў іншае месца. Да гістарычнай мінуўшчыны ў гэтым краі ставяцца з вялікай пашанай, і невыпадкова, што на Міжнародным фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, які дзесяць год запар праводзіцца ў Паставах, адной з галоўных дзеючых асоб тэатральнага шэсця з’яўляецца знакаміты Антоній Тызенгаўз.
з крыніцы: https://bis.nlb.by/by/documents/144680