Поставчанка Ирина Казак

     Два вялікія прызначэнн. Пастаўчанка Ірына Казак напярэдадні Дня маці ўдастоена спецыяльнай прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі. Узнагароду ёй у пятніцу перад пасяджэннем райвыканкама ўручыў кіраўнік раёна Сяргей Чэпік.

— Сімвалічна, што прэмію атрымліваю ў Дзень бацькі, — гаварыла Ірына. — Добра, што ў Беларусі заснавалі такое свята, бо роля бацькі ў сям’і вельмі важная. Без падтрымкі свайго Віктара я не змагла б паспяхова працаваць, годна выхоўваць траіх уласных дзяцей, актыўна займацца грамадскай работай. Гэта ўзнагарода — таксама заслуга маіх і мужавых бацькоў. Я шчаслівая, што маю надзейны тыл.

Мама-настаўніца

Ірына пасля заканчэння Полацкага педагагічнага каледжа прыехала па размеркаванні ў Дунілавіцкую сярэднюю школу. Маладзенькая настаўніца пачатковых класаў вызначалася сур’ёзнасцю, адказнасцю. Завучу Уладзіславе Уладзіміраўне Казак і яе мужу Івану Іванавічу — выкладчыку фізкультуры — новая калега спадабалася адносінамі да работы, прыветнасцю, прыемнай знешнасцю. Малодшы сын Казакоў, Віктар, у той час вучыўся на геаграфічным факультэце Белдзяржуніверсітэта. І калі Ірыну накіравалі на курсы ў Мінск, яны не прамінулі магчымасці адправіць праз яе перадачу сыну. Так паміж маладымі людзьмі адбылося знаёмства, а затым успыхнула каханне. Яны выпрабоўвалі яго датуль, пакуль Віктар не атрымаў дыплом. Згулялі вяселле. І маладога мужа хутка прызвалі на тэрміновую службу ў армію. Ірына перавялася на работу ў СШ №4 і гэты час жыла ў сваіх бацькоў.

— Калі Віця адслужыў, мы разглядалі магчымасць пераезду ў Мінск, — успамінала Ірына. — Але не склалася. Нарадзілася першая дачушка — Анечка. За грошы, падораныя на вяселле, і крэдыт купілі недабудаваны дом, і закіпела ў ім і каля яго работа. Вельмі шмат дапамагалі бацькі. Мужчыны сваімі рукамі абуладкоўвалі жыллё.

У новым доме сям’ю папоўніла Танечка, а праз два з паловай гады з’явіўся Ванечка. У прасторным двухпавярховым доме ёсць не толькі пакоі для ўсіх членаў сям’і, але і спартыўная зала. Вялікую прыдамавую тэрыторыю, дзе любяць збірацца дзеці з усёй вуліцы, жартам называюць казацкім хутарам. Ёсць лазня, гараж, вадаём, агарод, цяпліца, малады сад.

— Работы каля дома заўсёды шмат, — гаварыла гаспадыня. — Але калі яна выконваецца не аднымі рукамі, тады і спорыцца. У нас з Віктарам няма падзелу абавязкаў на мужчынскія і жаночыя. Хто вольны, той і займаецца неадкладнымі справамі. Ва ўсім дапамагаюць дзеці.

Аня — студэнтка 3-га курса Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта. Таня вучыцца ў 11 класе, Ваня — дзевяцікласнік.

Усе яны на выдатна скончылі дзіцячую школу мастацтваў імя А. Тызенгаўза, граюць на піяніна, балалайцы, цымбалах. Таня вельмі любіць рысаваць, з адзнакай скончыла дзіцячую школу мастацтваў імя А. Ромера. Марыць займацца электронным маркетынгам і дызайнам. Ваня наведвае шахматны клуб «Віцязь» і турыстычны — «Магелан». Усе дзеці з’яўляюцца валанцёрамі праекта «Таямніцы пры граніцы», які рэалізуецца ў Друі пад кіраўніцтвам протаіерэя Ігара Чачуковіча.

— Цудоўна, што ў Паставах ёсць усе магчымасці для творчага развіцця дзяцей, — працягвала Ірына Казак. — Нашы ў малодшых класах наведвалі розныя гурткі ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі, у Доме рамёстваў вучыліся плесці з саломкі, ляпіць з гліны, у вольны ад вучобы час займаліся ў спартыўных секцыях.

Захапленне ўсёй сям’і — ту­рызм. Неаднойчы разам пабывалі на моры, падарожнічаюць па славутых мясцінах Беларусі. Калі была адкрыта граніца, любілі ездзіць у Вільнюс. Не па тавар, а пагуляць па вузкіх вуліцах старажытнага горада. Нядаўна наведалі Гродна. Віктар, Таня і Ваня захапляюцца фатаграфаваннем.

Настаўніца-мама

Ірына Казак — клапатлівая мама не толькі для траіх уласных дзяцей, але і для школьнікаў, якіх вучыць з 1-га па 4-ы клас. Сёлета ў пяты раз набрала клас пачаткоўцаў. Вучыць іх найперш чы­таць, пісаць, лічыць. Выяўляе схільнасці, развівае здольнасці малых, фарміруе ў іх камунікатыўныя навыкі, а таксама імкнецца выхаваць іх добразычлівымі і спагаднымі. Калегі і кіраўніцтва школы характарызуюць Ірыну Станіславаўну як творчую, рознабаковую асобу, адданага дзецям і прафесіі педагога, які ўмела і эфектыўна арганізуе пазакласную работу, цесна ўзаемадзейнічае з бацькамі, шмат увагі ўдзяляе даследчай рабоце.

А яшчэ Ірына Казак на працягу 10 гадоў у нядзельнай школе пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Паставах выкладае для малодшых дзетак Закон Божы, біблейскую гісторыю, Святое Пісанне, літургіку, царкоўнаславянскую мову і песнапенне, выяўленчае мастацтва. З’яўляецца адной з арганізатараў злётаў праваслаўнай моладзі Полацкай епархіі. Разам з мамай Галінай Іосіфаўнай Пісарчык і дачушкамі Ірына спявае ў царкоўным хоры, Ваня служыць алтарнікам.

Сакрэт сямейнага шчасця Казакоў, на маю думку, у тым, што яны імкнуцца заўсёды быць разам: садзіць бульбу, гуляць у настольныя гульні, адпачываць на прыродзе. Галоўнае — займацца агульнай справай, якая аб’ядноўвае, раздзяляць інтарэ­сы, быць для дзяцей не проста клапатлівымі бацькамі, але і сябрамі, мудрымі настаўнікамі.

Анна Анішкевіч
Фота аўтара і з архіва сям’і Казак

 

ист: https://www.postawy.by/2022/10/postavchanka-irina-kazak-udostoena-specialnoj-premii-imeni-geroya-sovetskogo-sojuza-zinaidy-tusnolobovoj-marchenko/

Loading

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.