От срочника до подполковника: жизненный путь ракетчика Владимира Маркова из Постав

        Уладзіміра Маркава добра ведаюць у Паставах. Ён прымае актыўны ўдзел у рабоце раённай ветэранскай арганізацыі, выступае на розных мерапрыемствах, займаецца патрыятычным выхаваннем школьнікаў і навучэнцаў дзяржаўнага каледжа, унёс вялікі ўклад у стварэнне музейнага пакоя 32-й Херсонскай Чырванасцяжнай ракетнай дывізіі, у якой служыў.

У музейным пакоі я і сустрэлася з Уладзімірам Іванавічам, каб распытаць у яго пра былое і сённяшняе. А расказаць падпалкоўніку ў адстаўцы ёсць што.

Нарадзіўся Валодзя ў вясковай мнагадзетнай сям’і на Магілёўшчыне. Пасляваеннае дзяцінства было галодным і халодным, тым не менш хлопчык цягнуўся да ведаў. Скончыў сярэднюю школу, паступіў у Мінскі політэхнічны інстытут, але ўжо на першым курсе зразумеў, што з-за матэрыяльных цяжкасцей не зможа вучыцца. Таму прыйшоў у райваенкамат і папрасіў: «Забярыце мяне ў армію!»

На службу прызвалі ў лістападзе 1967-га. Трапіў у 121-ю гвардзейскую Чырванасцяжную ордэнаў Суворава і Б. Хмяльніцкага I ступені артылерыйскую брыгаду, якая дыслацыравалася ў Асіповічах. З таго дня роўна тры дзесяцігоддзі жыццё Уладзіміра Маркава было звязана з арміяй. Пасля тэрміновай службы скончыў Данецкае ваенна-палітычнае вучылішча і атрымаў накіраванне ў ракетныя войскі стратэгічнага назначэння (у гэтыя звышсакрэтныя войскі з роты адабралі ўсяго 5 чалавек). Служыў намеснікам камандзіра па палітычнай частцы вузла сувязі ў ракетным палку ў Пінску, пасля — там жа сакратаром камітэта камсамола, які меў статус райкама. Перавялі ў Балагое памочнікам начальніка палітаддзела па камсамольскай рабоце. У 1978 годзе камсамольскую арганізацыю палка прызналі найлепшай у ракетных войсках СССР. У гэтым была і немалая асабістая заслуга Уладзіміра Маркава, і яму датэрмінова прысвоілі званне капітана, узнагародзілі знакам ЦК УЛКСМ «Воінская доблесць».

Далейшы ваенны шлях Ула­дзіміра Іванавіча наступны: Слонім (прапагандыст палка), Паставы (прапагандыст палітаддзела ракетнай дывізіі), Полацк (намеснік камандзіра палка па палітычнай частцы) і зноў Паставы (намеснік камандзіра ракетна-тэхнічнай базы). У гэты ж перыяд ён завочна скончыў Ваенную акадэмію імя Леніна ў Маскве. Узгадвае, што асабліва напружана і складана было падчас службы ў Полацку, бо якраз праходзіла пераўзбраенне палка на комплекс камандных ракет «ГОРН» сістэмы «Перыметр» (у СССР былі ўсяго два такія палкі).

У адстаўку падпалкоўнік ракетных войск Уладзімір Маркаў пайшоў у 1993-м. Напэўна, яшчэ служыў бы, калі б не распад СССР і не расфарміраванне дывізіі. Развал магутнай неабсяжнай краіны і сёння балючая для яго тэма. Уладзімір Іванавіч даражыць не толькі ўспамінамі пра баявое братэрства, але і рэчамі перыяду СССР, калекцыянуе іх. У музейным пакоі ракетнай дывізіі, створаным у СШ №4, якая носіць імя яе былога камандзіра В. Ф. Франтова, ільвіная доля экспанатаў прынесена ім. Стварыў ветэран міні-экспазіцыі, прысвечаныя перыяду СССР, і ў сваім гаражы. Паабяцаў мне паказаць іх, калі давядзе да ладу. «Пакуль на ўсё не хапае часу», — зазначыў.

Для кожнага мужчыны, тым больш ваеннаслужачага, вельмі важны тыл — маю на ўвазе сям’ю.

— У мяне надзейная спадарожніца жыцця, — прызнаўся ветэран, гаворачы пра жонку. — Калі б не мая Надзя, я не дасягнуў бы таго, што маю. За час службы было 6 пераездаў і 10 кватэр. Не заўсёды разам са мной магла пераехаць жонка. А ў нас падрастаў сынок, праз 7 гадоў пасля яго нарадзілася дачушка. Хатнія справы, выхаванне дзяцей ляжала на плячах Надзі, бо я больш часу знаходзіўся на службе, а не дома. Яна руплівая гаспадыня, любячая маці і бабуля. Летась мы адзначылі залатое вяселле. Зараз у нас з ёй шмат сельскагаспадарчых клопатаў, бо маем зямельныя ўчасткі ў горадзе і на дачы. Працы шмат, але займацца агародніцтвам і садаводствам любім. Ёсць у мяне яшчэ большае захапленне — рыбалка. Праўда, летам рэдка калі ўдаецца заняцца ёй.

Дзеці Маркавых даўно выраслі, маюць свае сем’і. Сын Дзіма скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, працуе ў «Белтаможсэрвісе». Дачка Наташа атрымала вышэйшую адукацыю ў педуніверсітэце, працуе настаўніцай у Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў імя А. Ромера. І вось што яна расказала пра свайго бацьку:

— Тата вельмі сумленны і абавязковы чалавек. Служба ў арміі загартавала ў ім сілу волі, прывучыла да дысцыпліны. Для нас з братам ён з’яўляецца ўзорам стойкасці, прыкладам таго, як важна дабівацца пастаўленых мэт. Тата добры, але часам бывае строгім. Аднак яго строгасць — гэта найперш клопат і жаданне навучыць нас адказнасці. Вечары ў коле сям’і часта ператвараюцца ў захапляльныя ўрокі. А як цікава ён расказвае пра розныя жыццёвыя здарэнні! Вельмі прыгожа спявае, што робіць больш яркімі сямейныя святы. Гатовы ў любы момант даць добрую параду, прыйсці на дапамогу. Наш тата найлепшы ў свеце!

Хіба гэтым не ўсё сказана?

Фаіна Касаткіна
Фота даслаў Уладзімір Маркаў

Loading