А.В. Слядзеўская — Сама сабе рэжысёр

https://postavy.of.by/

— І колькі ўжо гадоў вы на сцэне?

— Прафесійна — 25, пасля заканчэння Віцебскага вучылішча мастацтваў. Ну, а ў дзяцінстве, напэўна, кожны выходзіў на сцэну.

Вось і я з задавальненнем іграла ў школьным драматычным тэатры. Пасля вучылішча былі прапановы працаўладкавання ў Віцебску. Але я да таго часу выйшла замуж за аднакурсніка, і мы з ім паехалі на яго ра­дзіму, у Паставы. У раённым Доме культуры Валеру назначылі кіраўніком народнага тэатра, мяне — загадчыцай пастановачнай часткі. Паралельна мы працавалі і па іншых напрамках — пісалі сцэнарыі, вялі розныя мерапрыемствы. Да слова, вядучымі былі і падчас вучобы ў вучылішчы і ўжо мелі пэўны вопыт. Мне вельмі радасна працавалася ў пары, бо ў Валеры ўсё атрымлівалася вельмі лёгка і прыгожа, і я заўсёды адчувала падтрымку. Мы гарэлі ідэямі і творчасцю.

— Што дапамагае заўсёды быць у форме?

— Праца, калектыў, падтрымка аднадумцаў. Ты выходзіш да людзей і павінен несці ім пазітыў, што б ні адбывалася ва ўласным жыцці. У творчасці без падтрымкі немагчыма. Заўсёды побач людзі, з якімі працуем у адным напрамку. Мы вельмі розныя па характары, але мэта ва ўсіх адна — якасна працаваць на канчатковы вынік. Асобна скажу пра дырэктара Дома культуры Алу Баляславаўну Чарнюк. Яна мае вялікі стаж і каласальны вопыт работы, умее накіраваць калектыў. Іншы раз здаецца, што прапануе і патрабуе зусім немагчымага. Бярэшся, выконваеш даручэнне — і разумееш, што ідэя выдатная.

— Ці здараюцца непрадбачаныя сітуацыі?

— Вядома ж, здараюцца. Асабліва, калі “ўжывую” працуеш з залай, а не проста прадстаўляеш героя праграмы або артыста, запланаванага ў сцэнарыі. Вельмі шмат адказнасці не толькі на сцэне, але і за кулісамі. Бываюць такія канцэрты, калі там збіраецца і па 50 артыстаў, і тады непазбежны хаос. Даво­дзіцца “разрульваць”.

А самы нечаканы казус адбыўся яшчэ тады, калі іграла ў школьным драматычным гуртку. Прыгожа аформленая сцэна, стылізаваная пад лес і балота. Ідзе пастаноўка “А зори здесь тихие”. Мяне ў ролі Жэні Камяльковай забіваюць, пасля чаго павінна закрыцца заслона. Але яна па нейкіх прычынах не закрываецца. Давялося ўнесці свае карэктывы — стварыць вобраз цяжка параненай і адпаўзаць.

Ужо шмат гадоў на сцэне, але заўсёды хвалююся. А калі не проста вядучая, а яшчэ і рэжысёр мерапрыемства, хваляванне двайное, бо адказваеш не толькі за сябе, але і за тое, каб усе іншыя ўдзельнікі дзеі спрацавалі зладжана.

— Раскажыце, калі ласка, як працуеце над сцэнарыямі.

— Найперш шмат чытаю, і не толькі спецыяльную літаратуру, але і белетрыстыку, класіку, каб пашыраць кругагляд, валодаць словам. Паколькі даводзіцца шмат працаваць з дзецьмі, да гэтага часу гляджу мультфільмы, ведаю ўсе да аднаго савецкія, зачытваюся казкамі. Люблю фільмы-фэнтэзі. Шмат чэрпаю з усяго гэтага для сваёй работы. Стараюся, каб ва ўсіх праектах і мерапрыемствах спалучаліся розныя жанры. Такі сінтэз заўсёды відовішчны, а гэта для сучаснага гледача адыгрывае вялікую ролю.

Асабліва шмат даводзіцца папрацаваць рыхтуючы сцэнарый Міжнароднага фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік”. Гэта ж так маштабна і адказна! Узровень падрыхтоўкі мерапрыемства павінен адпавядаць яго статусу. Або тая ж “Навагодняя казка”, у якой задзейні­чаем да 100 выканаўцаў. Прыходзіцца прадумваць усё да дробязей.

— Хто вашы паплечнікі?

— Галоўнае — гэта калектыў. Адзін ты нічога не зробіш. Паўтаруся, што ў Доме культуры вельмі ініцыятыўны кіраўнік. Шмат творчасці праяўляюць Таццяна Кухальская, якая таксама піша сцэнарыі, з’яўляецца вядучай, харэограф Юлія Петухова, мясцовая паэтка Наталля Карнілава. Заўсёда дапамагае яскравымі нумарамі і арыгінальнымі касцюмамі дырэктар раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Леакадзія Пушкар. Адчуваю пастаянную падтрымку дырэктараў школ мастацтваў імя А. Тызенгаўза і А. Ромера Анатолія Собаля і Жанны Курдо, ды і ўсіх дырэктараў падраздзяленняў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Нямала карысных парад і арганізацыйнай дапамогі атрымліваем ад саміх работнікаў гэтага аддзела. А  калі ты выходзіш на сцэну, трэба каб за кулісамі былі людзі, якія ўсё ведаюць па тваім сцэнарыі, гукарэжысёр дакладна спрацаваў з гукам, адпавядала моманту светлавое афармленне. Толькі ў выніку зладжанай калектыўнай працы мерапрыемства праходзіць на высокім узроўні. 

— Вы — чалавек медыйны. Ці адчуваеце да сябе зайздрасць?

— Ніколькі! Вакол мяне людзі, якія добра разумеюць, як перажываю за работу, наколькі вялікай бывае нагрузка падчас падрыхтоўкі такіх масавых мерапрыемстваў, як Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, выніковая раённая нарада, “Навагодняя казка”, ды і іншых. Не тое што не зайздросцяць, а нават спагадаюць, што ўсе святкуюць, а мы працуем.

— Які ў вас характар?

— Нардычны. Я — Снежная каралева (смяецца) і заўсёды стараюся захоўваць спакой. Так вучыла мама. Не магу сказаць, што не эмацыянальная, але не выплёскваю эмоцыі на іншых, а ўтрымліваю іх у сабе. У людзях бачу толькі добрыя якасці. Ніколі не магу падумаць пра чалавека дрэнна. І калі чую пра кагосьці негатыўнае — не хочацца ў гэта верыць.

— Што, на ваш погляд, духоўнасць?

— Гэта светаадчуванне чалавека, усё самае лепшае, што маецца ў ім. Духоўнасць даецца выхаваннем і адукацыяй.

— Якім было выхаванне ў вашай сям’і?

— Мае мама і тата — Ніна Паўлаўна і Валянцін Іванавіч Сафонавы — прыехалі ў Наваполацк з-пад Ніжняга Ноўгарада. Працавалі на “Паліміры”, мама — кранаўшчыцай, тата — майстрам. Зараз на пенсіі. Маюць добры дачны дом і ўчастак ля яго. Вырошчваюць садавіну і агародніну. Я толькі вярнулася з водпуску. Разам з сястрой дапамагала рабіць рамонт. Цяпер вельмі распаўсюджана кіравацца тым, пад якім знакам задыяка нара­дзіўся чалавек. А я лічу, што важней ведаць, у якой сям’і. Дык вось, у мяне найлепшыя ўражанні з дзяцінства. У сям’і культываваліся справядлівасць, любоў і павага. Ніколі не было эмацыянальных узрываў, канфліктаў. Бацькі заўсёды і ва ўсім з’яўляліся прыкладам для маёй старэйшай сястры Светы і для мяне. Мама — вельмі моцная жанчына, стрыжань для усёй сям’і. Яна так шмат пераадолела ў жыцці!

— А што павінна ўмець жанчына?

— Хацела сказаць, што ўсё. Але падумала, што тады яна не была б жанчынай. Ведаю шмат такіх, як у паэме Някрасава, хто “…коня на скоку остановит, в горящую избу войдёт”. Мне больш імпануюць мяккія і жаноцкія. Жанчына павінна адбыцца як жонка, маці, гаспадыня, захавальніца сям’і. І абавязкова ўмець падабацца.

— Вы  добрая гаспадыня?

— Добрая, але на выдатніцу не прэтэндую. І, зноў жа, усё ідзе з сям’і. Мама вучыла, што ў доме заўсёды павінна быць чыста, утульна, нагатавана страў. Так і ёсць.

— Хто самыя дарагія для вас людзі?

— Пра бацькоў і сястру я ўжо гаварыла, пра мужа — таксама. Дарэчы, у бацькоў 5 студзеня 2018 года спаўняецца 55 гадоў шлюбу. А мы з Валерам два тыдні таму адзначылі сярэбранае вяселле. Усцешна, што на працягу гэтых гадоў захаваліся пачуцці, не было здрады, падману, мы давяраем адно аднаму. Святкавалі цёпла, па-хатняму, разам з роднымі. Прыехалі мае бацькі, мама Валеры Надзея Яфімаўна і брат Валодзя. Паглядзелі відэа, было шмат прыемных успамінаў. На жаль, з-за вялікай занятасці не змог прыехаць з Масквы наш сын. У нас ёсць усе падставы ганарыцца Антонам. Яму 22. Хімік-тэхнолаг. Закончыў Наваполацкі тэхналагічны каледж, зараз завочна прадаўжае вучобу ў тэхналагічным універсітэце. Тактоўны, ветлівы, далікатны. Упэўнена, што нікому не прычыніць болю. Вельмі самастойны і мэтанакіраваны.

— Чаму аддаяце вольны час?

— Кнігам, фільмам, музыцы, плаванню. Чытаю і перачытваю Булгакава, Караткевіча, Дастаеўскага, Акуніна і іншых аўтараў. Электронны варыянт не прываблівае. Мне трэба трымаць кнігу ў руках, чуць шоргат яе старонак. Цяга да кніг, зноў жа, з дзяцінства, бо вельмі любіў і любіць чытаць тата, і ў нас была багатая бібліятэка. Музыка падабаецца самая розная. У залежнасці ад настрою магу слухаць “Начных снайпераў”, Земфіру, а магу і шансон.

— У вас шмат сяброў?

— А навошта іх шмат? Галоўнае — каб былі надзейныя. У мяне ёсць такая сяброўка Наташа. Іншы раз нас называюць сёстрамі. Нашаму сяброўству не адзін дзясятак гадоў. Дзеці разам хадзілі ў садок, затым у школу, яны таксама сябруюць. Мы з Наташай кіруемся такой прымаўкай: лепш зрабіць і пашкадаваць, чым не зрабіць і пашкадаваць. Вось і гэтым халодным летам абедзве купаемся (вельмі любім плаваць!). Раней разам ездзілі ў Санкт-Пецярбург, былі ў круізе па Волзе, гасцілі ў маіх новапалачан. У любой сітуацыі падтрымліваем адна адну.

— Ці не хацелася б вам перапісаць сцэнарый свайго жыцця па-іншаму?

— Гэта ваша пытанне мне падалося нейкім кніжным, але адкажу. Не вельмі веру тым лю­дзям, якія сцвярджаюць, што не хацелі б нічога памяняць у сваім жыцці. Я да іх катэгорыі сябе не адношу. Была б магчымасць вярнуць час назад — многія сітуацыі, учынкі змяніла б. Ну, а ў цэлым сцэнарый падыходзіць.

Гутарыла Фаіна КАСАТКІНА.

Среда, 2.08.2017 10:45. Category: 15 пытанняў ад «Пастаўскага краю»   

истhttp://www.postawy.by/2017/08/sama-sabe-rezhysyor/

Loading

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.