Часлава Веніямінаўна Мацур рабоце ў сістэме адукацыі Пастаўшчыны аддала 50 гадоў. Ёю праведзена, я падлічыла, больш за 22 000 урокаў.
А класных гадзін, пазакласных мерапрыемстваў, бацькоўскіх сходаў… І колькі напісана дакладаў, загадаў, колькі бяссонных начэй было ў яе, калі перажывала за таго ці іншага вучня або настаўніка!
З працоўнай біяграфіі. “У пачатку верасня 1966 года, даведаўшыся, што не прайшла па конкурсе ў БДУ імя Леніна, паплакала і звярнулася ў райкам камсамола, каб дапамаглі ўладкавацца на працу. Накіравалі піянерважатай у Жуперскую васьмігодку. Ад маёй роднай вёскі Міхнічы Жуперкі былі далёка, таму я адразу ўладкавалася на кватэру да бабулі Агаф’і. Дадому ездзіла толькі ў выхадныя. Школа даволі вялікая: адзінаццаць настаўнікаў, у класах па 17-19 вучняў. Узначальваў яе Аляксандр Іванавіч Купцоў (потым працаваў намеснікам міністра адукацыі), калектыў быў дружны, зладжаны. У наступным годзе я паступіла завочна на геафак БДУ, і ўжо тады мне далі гадзіны ў вячэрняй школе, якая адкрылася ў нас. Адразу вяла чарчэнне і рускую літаратуру. А як напісаць канспект урока? Звярнулася да сваёй настаўніцы Марыі Рыгораўны Гаўрыленка, яна ўсё і растлумачыла. Я, 19-гадовая настаўніца, заходжу ў клас — а там не дзеці, а дарослыя людзі, стомленыя пасля працоўнага дня. На першым уроку за дзвярыма “на страхоўцы” стаяў завуч (я пра гэта не ведала): а раптам не справіцца маладая настаўніца, спужаецца і ўцячэ? Калі я пасля званка выйшла ў калідор, ён радасна прамовіў: “Малайчына, усё ж такі вытрымала!”
Пасля школу перавялі ў Ляхаўшчыну, і там я працавала да 1970 года. Вяла геаграфію, спевы, беларускую мову і літаратуру, нямецкую мову… І на грамадскіх пачатках была піянерважатай.
У 1970-ым перайшла піянерважатай у няпоўную сярэднюю школу №4. У 1971 годзе ў мяне нарадзілася дачка. Потым стала працаваць выхавальнікам прышкольнага інтэрната СШ №2, у якім адначасова пражывалі па 40 і больш дзяцей з розных вёсак. Пазней уладкавалася настаўніцай геаграфіі СШ №2, са снежня 1982 года — арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы гэтай жа школы”.
Дырэктар. У чэрвені 1990 года Ч. В. Мацур прызначана дырэктарам СШ №3. Добра памятаю тую першую сустрэчу Чаславы Веніямінаўны з калектывам. Новага кіраўніка прадставіў загадчык аддзела адукацыі Міхаіл Мяфодзьевіч Кішко. Потым даў слова ёй. Яна прамовіла адну фразу: “Будзем працаваць”. А працаваць тады было вельмі складана. У школе — больш за 900 вучняў (найбольшая колькасць — 946), дзеці часта прыязджалі і выязджалі (гэта быў ваенны гарадок), займаліся ў дзве змены (у другую хадзілі 3-6 класы і чатыры групы падоўжанага дня). Да таго ж — гады дэфіцыту, вельмі слабая матэрыяльная база. Але школа заўсёды была гатова да пачатку навучальнага года. У гэтым Часлава Веніямінаўна бачыць заслугу шэфскіх арганізацый і бацькоўскіх камітэтаў усіх класаў: бацькі пастаянна дапамагалі з рамонтам. “Чаму згадзілася стаць дырэктарам? У мяне была трывалая база — таленавітыя, моцныя кіраўнікі, у якіх я вучылася: Аляксандр Іванавіч Купцоў, Генадзь Іванавіч Рубель, Іван Іванавіч Кайко, Клаўдзій Іосіфавіч Бейнаровіч, Віктар Рыгоравіч Крэскіян. Што давала палёгку ў тыя цяжкія, напружаныя для мяне гады? Наша дружная чацвёрка — адміністрацыя: Ванда Адольфаўна Міцэвіч, Лія Дзмітрыеўна Кейзік, Ефрасіння Іванаўна Гвозд і я. Любы мінус у калектыве не спісваўся на кагосьці канкрэтна, а думалі ўсе разам, як вырашыць тое ці іншае пытанне, выйсці з той ці іншай сітуацыі. Калі не атрымлівалася вырашыць праблему ў калектыве, на дапамогу прыходзілі работнікі аддзела адукацыі, намеснік старшыні райвыканкама Ала Эдмундаўна Кейзік. Зразумела, былі і недапрацоўкі, але мы вельмі стараліся. І калектыў, лічу, быў калектывам аднадумцаў. Усе настаўнікі працавалі аддана, творча. Шмат медалёў — залатых і сярэбраных — было ў той час, вучні паказвалі добрыя вынікі на алімпіядах”.
Часлава Веніямінаўна з вучнямі Жуперскай школы.
Выбар прафесіі. На пытанне, чаму стала настаўнікам, Часлава Веніямінаўна адказала: “Я нарадзілася ў поўнай, няхай сабе невялікага дастатку, але цудоўнай сям’і, дзе жылі бабуля, тата з мамай і трое нас, дзяцей. Тата — абсалютна непітушчы і адказны. Мама — чалавек рэлігійны. Яны выхоўвалі нас так, каб мы толькі дабро рабілі ўсім: блізкім, суседзям, выпадковым людзям. Атрымаўшы такі духоўны зарад у сям’і, хацелася яго раздаваць дзецям і ў калектыве. Абараняла кожнага, наколькі магла. Часта з вышыні сваіх пражытых гадоў старалася дапамагчы, параіць у складаных жыццёвых сітуацыях. Ключык ад сэрца выхаванца — у сям’і. Каб добра, паспяхова працаваць з дзецьмі, трэба ведаць сям’ю. Трэба, каб бацькі былі адкрытыя для настаўнікаў, асабліва класнага кіраўніка. І калі бацькі шчырыя, а настаўнікі — разумныя стратэгі, тады ўсё атрымаецца”.
Узнагароды. Медаль “Ветэран працы”, грамата Міністэрства асветы БССР за 1988 год, каля трыццаці грамат і падзяк раённага аддзела адукацыі, Віцебскага абласнога камітэта прафсаюзаў. Яе адзначалі за ініцыятыўнасць, прынцыповасць, патрабавальнасць і адказнасць за даручаны ўчастак работы. “Мае ўзнагароды — гэта ўзнагароды калектыву, вучняў. Я шчыра радавалася за кожнага!”
“Настаўнік пачынаецца з умення быць добрым”, — пісаў наш зямляк А. Нафрановіч. І былыя, і цяперашнія школьнікі адзначалі, як многа сіл, старання, цеплыні, спагады і добрых слоў дорыць яна ім: “Часлава Веніямінаўна — педагог ад Бога”. “Самы справядлівы, добры і жыццярадасны настаўнік”. “Мы з задавальненнем хадзілі на яе ўрокі, і яна часта давала нам розныя жыццёвыя парады”. “Яна — узор бездакорнага выкладання свайго прадмета. Адначасова і цікава, і шмат інфармацыі!” “У кожным з нас бачыць асобу. Шчыры, блізкі нам чалавек”. Колькі добрых слоў пра яе я магла б яшчэ запісаць ад вучняў!
Слова — калегам. Дырэктар СШ № 3 Уладзімір Часлававіч Койра:“Часлава Веніямінаўна ў маёй прафесійнай кар’еры сыграла вельмі важную ролю. Была школьным настаўнікам: строгім, справядлівым, цудоўна ведала свой прадмет. Дырэктарам прыняла мяне, студэнта педінстытута, у школу на практыку. Вялізны, бясцэнны вопыт педагагічнай працы Чаславы Веніямінаўны і цяпер дапамагае мне як кіраўніку і ўсяму калектыву. Яна з’яўляецца ўзорам для нас, гонарам калектыву, Настаўнікам з вялікай літары і сваім асабістым прыкладам, адданасцю любімай прафесіі вось ужо 50 гадоў дапамагае многім хлопчыкам і дзяўчынкам станавіцца сапраўднымі людзьмі, грамадзянамі сваёй краіны, прафесіяналамі”.
Святлана Пятроўна Чабатаронак, завуч: “Часлава Веніямінаўна была не толькі мудрым кіраўніком, але і чулым, добрым, адкрытым чалавекам. Яна бачыла і разумела праблемы кожнага, прыходзіла на дапамогу ў розных жыццёвых абставінах. Умела падбірала патрэбныя словы, суцяшала, запальвала агеньчык веры і надзеі ў душы чалавека”.
Яніна Браніславаўна Пронька, настаўнік СШ №3 (на пенсіі): “Часлава Веніямінаўна падтрымлівае ў цяжкія хвіліны. Яна заўсёды была першай, хто прыходзіў на дапамогу. Перажывае чужую бяду як сваю. Называе мяне сястрой, для мяне яна таксама любімая сястра”.
Сама Часлава Веніямінаўна Мацур: “Калектыў школы амалоджваецца. Прыходзяць новыя разумныя і таленавітыя настаўнікі. І новая адміністрацыя — прыклад для калектыву. Яна таксама, як і мы, працуе дружна, прафесійна. Уладзімір Часлававіч Койра, Святлана Пятроўна Чабатаронак, Таццяна Філіпаўна Крук — кожны з іх можа сказаць радавому настаўніку: “Рабі так, як я!”. Мяне ж усе шануюць, за што вельмі ўдзячная ім і ўсяму калектыву. Мне лёгка ісці на працу, лёгка працаваць і шчаслівай вяртацца дадому. Я заўсёды ішла за марай. І не расчаравалася ў сваім выбары”.
А. ЛАТЫШ, настаўніца СШ №3.
Пятница, 30.09.2016 18:45. Category: Людзі і лёсы
ист: http://www.postawy.by/2016/09/zaўsyody-ishla-za-maraj/
⇒ См. так же записи по теме : «СШ № 3 г. Поставы (6 городок) — Паўстагоддзя з дзецьмі Ч. В. Мацур.«
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.