Напэўна, няма ніводнага пастаўчаніна, які, ідучы каля палаца Тызенгаўзаў, не бачыў помнік Канстанціну Тызенгаўзу (1786—1853)
— беларускаму і польскаму даследчыку, навукоўцу, арнітолагу, асветніку, мецэнату, члену Кракаўскага навуковага таварыства, Львоўскага сельскагаспадарчага таварыства і іншых навуковых супольнасцей па ўсёй Еўропе: у Парыжы, Варшаве, Рызе, Берліне, Дрэздэне.
К. Тызенгаўз жыў у маёнтку Паста
вы з 1815 года да самай сваёй смерці ў 1853 годзе. І ўсё жыццё вывучаў птушак. Ён упершыню адкрыў гнездаванні ў Беларусі некаторых іх відаў. Напрыклад, указаў на знаходжанне на Палессі такіх рэдкіх цяпер відаў, як рыжая чапля, колпіца, нырок-свірок, гогаль і ружовы пелікан, а таксама барадатая кугакаўка на Пастаўшчыне. З 1831 года даследчык апублікаваў больш за 20 навуковых прац на польскай, лацінскай і французскай мовах. У артыкулах пісаў, між іншым, пра вясновы прылёт птушак у ваколіцы Пастаў, афарбоўку качак, еўрапейскія віды арлоў, звяроў і рыб Беларусі і нават пра цікавыя назіранні за насякомымі. Кнігі Тызенгаўза, якія ён выдатна ілюстраваў уласнымі малюнкамі, прынеслі яму заслужаную славу заснавальніка беларускай арніталогіі.
Малюнак К. Тызенгаўза
За 40 няпоўных гадоў, што пражыў у Паставах, навуковец стварыў у палацы арніталагічны музей, у якім налічвалася каля 3000 чучалаў птушак з усяго свету, а таксама вялікая колькасць птушыных яек. Дарэчы, К. Тызенгаўз сам выдатна вырабляў чучалы. А дапамагаў яму ў гэтым прэпаратар (так раней называўся майстар па вырабе чучалаў) — пастаўчанін па прозвішчы Скіндар. Да цяперашняга часу частка арніталагічнай калекцыі з пастаўскага палаца захоўваецца ў Віленскім універсітэце.
Праца Тызенгаўза была прызнана вучонымі ўсяго свету. Яшчэ ў ХІХ стагоддзі ў яго гонар названы адзін з відаў пчол (Tyzenhasia lespiformis) і дзве рэдкія балотныя расліны (Potamogetam tyzenhaуsii).
Пляменніца Канстанціна Тызенгаўза — Габрыэла Пузыніна (Гюнтэр) — пакінула найцікавейшыя ўспаміны пра свайго знакамітага сваяка. Яна пісала, што «дзядзька Канстанцін — чалавек багаты, незалежны, адукаваны, які займаецца асабіста кіраваннем (маёнтка), а навукай — з любові да навукі, а не для пахвальбы ці дзеля забавы». Ён быў не толькі выдатным вучоным, але і «бацькам, панам і лекарам дамовым, а ягоныя спосабы супраць рожы і каўтуна былі слынныя на ўсе ваколіцы, адно, што захоўваў іх у таямніцы, як нейкі знахар». Напэўна, чытачам будзе цікава даведацца, што Канстанцін Тызенгаўз у адным са сваіх фальваркаў вырабляў адмысловыя сыры, рэцэпт якіх трымаў у тайне. А падрабязна пазнаёміцца з жыццём і дзейнасцю знакамітага вучонага можна ў музейнай экспазіцыі ў палацы Тызенгаўзаў, куды я ўсіх запрашаю.
Таццяна Гарошка, дырэктар раённага краязнаўчага музея
01.02.2019
источник: http://www.postawy.by/2019/02/v-hih-veke-v-chest-konstantina-tizengauza-nazvan-odin-iz-vidov-pchel-i-dva-redkih-bolotnyh-rasteniya/