•       Идут годы, меняются времена, события, люди, но одно остается незыблемым и вечным  – Родина. Нам кажется, что мы знаем о нашей малой Родине все, или почти все. Но каждый раз, когда мы путешествуем, наблюдаем, читаем, исследуем и думаем о ней, мы открываем для себя что-то новое. И сегодня каждый из нас имеет возможность поделиться этим : новыми фактами, новыми стихами, новыми мыслями о своем крае, городе, селе и рассказать миру о своей малой Родине, о людях с большой душой…

История «потерянного» в Камаях памятника времён І мировой войны

Страцілі, каб набыць? У ранейшых артыкулах, прысвечаных Вялікай вайне на Пастаўшчыне, мы здзейснілі віртуальныя экскурсіі ў Вялікую ОльсюЗадзеўеДукіМажэйкі і на возера Варанец, якія знаходзіліся недалёка ад тагачаснай лініі фронту.

А сёння прапануем адправіцца ў тыл — у Камаі — і даведацца, чаму ў касцёле маглі ляжаць параненыя салдаты, дзе шукаць сцёрты з твару зямлі помнік, адкуль у мясцовага ксяндза з’явіліся раней невядомыя фатаграфіі часоў Першай сусветнай і якое важнае адкрыццё яны дапамаглі зрабіць.

Тэму для новага артыкула мне падказаў здымак, зроблены ў Камаях у 60-я гады мінулага стагоддзя. На ім тры дзясяткі мясцовых жыхароў абступілі вялікі каменны помнік, які некалі стаяў у вёсцы.

Жыхары Камай каля помніка часоў Першай сусветнай вайны. 60-я гг. ХХ ст.

Яго выяву, у «поўны рост» і без людзей, бачыла і ў кнізе «Битва у Нарочи». Праўда, інфармацыі пра помнік там няшмат. Сказана, што ён быў устаноўлены на месцы воінскага пахавання часоў Першай сусветнай вайны і знесены ў другой палове ХХ стагоддзя.

Жыхар Камай Павел Давідоўскі, які і паказаў мне архіўны здымак, змог расказаць пра лёс аб’екта падрабязней. Аказваецца, яго ў 1991 годзе павалілі і засыпалі пяском — такім чынам рыхтавалі пляцоўку пад новы школьны стадыён. А гэта зна­чыць, што помнік не разбураны, нікуды не вывезены і ляжыць у зямлі непадалёк ад касцёла.

Ці вядома, дзе дакладна? Якая ёсць інфармацыя пра вайсковыя могілкі ў Камаях і ўвогуле пра падзеі 1915—1917 гг. у іх наваколлі? Адказаць на гэтыя і іншыя пытанні папрасіла мясцовага ксяндза Яцэка Хутмана. Менавіта па яго ініцыятыве ў 2014 годзе ў вёсцы аднавілі памяць пра ахвяр Першай сусветнай вайны — аднеслі межы стадыёна і на вызваленым месцы пахавання ўстанавілі памятны знак. Таму размова з нераўнадушным святаром абяцала быць цікавай.

Ксёндз Яцэк Хутман

Пачалі яе з прагляду здымкаў, зробленых на Камайшчыне ў часы Вялікай вайны. Імі па­дзяліўся даследчык Уладзімір Багданаў, які на працягу многіх гадоў збірае фатаграфіі таго часу.

Пазнаёміўшыся з матэрыялам, ксёндз нечакана паведаміў, што мае больш фатаграфій ваеннага перыяду, толькі трэба іх знайсці. З іншага пакоя ён пачаў прыносіць вялікія папкі — «Хроніку парафіі», у якой сабраны разнастайныя звесткі пра касцёл, парафіяльнае жыццё, славутых ураджэнцаў Камай, цяперашнія падзеі ў вёсцы. Тут і фотаздымкі розных часоў, і артыкулы з газет, і дакументы…

У адным з такіх шасці «тамоў» святар знайшоў неабходнае — раздрукоўкі здымкаў, зробленых у Камаях больш чым 100 гадоў назад. Як аказалася, іх яшчэ 10 гадоў назад перадаў яму на дыску грамадзянін Германіі Леа Энзэль. Яго дзед у Першую сусветную служыў у Камаях урачом, і нашчадак у 2010 годзе наведаў гэта знакавае ў гісторыі сваёй сям’і месца.

На адной з фатаграфій можна ўбачыць, як выглядалі могілкі часоў Першай сусветнай вайны ў Камаях неўзабаве пасля іх з’яўлення: абгароджаная тэрыторыя, дзясяткі драўляных крыжоў, вялікі каменны помнік.

Могілкі ў Камаях у часы Першай сусветнай вайны

— Я прыехаў у Камаі ў 2002 го­дзе, калі на месцы пахавання ўжо быў школьны стадыён, — узгадваў Яцэк Хутман. — Але мясцовыя жыхары не забыліся, колькі ахвяр вайны ляжыць у зямлі каля школы. Калі хадзіў па хатах па Калядзе, людзі мне неаднойчы пра гэта напаміналі — паказвалі старыя здымкі могільніка, помніка. Многія парафіяне абураліся, маўляў, нядобра гэта, не па-хрысціянску, што дзеці на магілах у футбол ганяюць. Менавіта зыходзячы з нормаў маралі, мы пачалі аднаўляць пахаванне, не зважаючы на тое, людзі якой нацыянальнасці і якога веравызнання там пахаваны.

На месцы могілак раней быў школьны стадыён

Па ініцыятыве ксяндза Яцэка Хутмана і вернікаў мясцовай парафіі памяць пра пахаванне была адноўлена. Фота зроблена падчас асвячэння могілак у 2014 годзе

На ўстаноўленым 6 гадоў назад памятным знаку можна прачытаць, што на могілках спачываюць салдаты нямецкай арміі. Аднак здымак, перададзены Леа Энзэлем, сведчыць, што не толькі яны.

— Звяртае на сябе ўвагу, як шмат каля помніка драўляных праваслаўных крыжоў, — дзяліўся сваімі назіраннямі даследчык Уладзімір Багданаў пасля вывучэння фатаграфіі. — Гэта можна растлумачыць тым, што могілкі за касцёлам былі шпітальнымі. У Камаях у гады Першай сусветнай знаходзіўся палявы лазарэт №207, дзе лячылі не толькі нямецкіх, але і рускіх салдат — палонных, параненых, падабраных на полі бою. Цікава, што праваслаўныя крыжы стаяць на могілках не ў асобным сектары, як гэта часта бывала, а сярод пратэстанцкіх. Значыць, салдат дзвюх варожых армій хавалі побач. Такім чынам, цяпер можна з ўпэўненасцю сцвярджаць, што могілкі ў Камаях не нямецкія, як гэта заўжды лічылася, а інтэрнацыянальныя. Прычым сярод пахаваных маглі быць і беларусы, прызваныя ў Рускую армію з нашых тэрыторый.

Уладзімір Багданаў таксама падзяліўся планам Камай 1917 года, які нядаўна ўдалося знайсці мінскаму даследчыку Першай сусветнай Валерыю Міцкевічу. На плане пазначаны будынкі, якія ў Першую сусветную выкарыстоўваліся немцамі ў ваенных мэтах. Напрыклад, на ім бачна, дзе раней размяшчаліся прыёмнае аддзяленне, аперацыйная зала, «офіс» галоўнага ўрача…

План Камай часоў Першай сусветнай вайны. Сінім колерам пазначаны будынкі, якія выкарыстоўваліся ў ваенных мэтах

Немцамі быў заняты і касцёл.

— Хутчэй за ўсё, ён быў адным з памяшканняў шпіталя, — лічыць даследчык. — Там маглі ляжаць параненыя салдаты — такая практыка ў гады вайны была досыць распаўсюджаная. У мяне ёсць фотаздымкі тых часоў з Кабыльніка (сучасная ­вёска Нарач), Засвіра, дзе бачна, што ў храмах знаходзяцца параненыя.

Царква ў Кабыльніку, 1917 год

Храм у Засвіры ў гады Першай сусветнай вайны

Ад касцёла да месца пахавання ахвяр Першай сусветнай вайны — хвіліна хадзьбы. Менавіта туды накіроўваюся пасля размовы з ксяндзом. Кампанію мне складае Павел Давідоўскі, які ведае шмат цікавай інфармацыі з гісторыі сваёй малой радзімы.

Бабуля ўспамінала, што на тэрыторыі пахавання раней былі чатыры польскія магілы, —распавёў ён. — За імі да пачатку Другой сусветнай вайны даглядалі школьнікі. Яны ж на дзяржаўныя святы стаялі ў ганаровай варце. Хто быў пахаваны ў гэтыя магілах, яшчэ хачу высветліць.

Павел спыняецца на месцы, дзе, верагодна, стаяў помнік з барэльефам укленчанага салдата.

Павел Давідоўскі на месцы, дзе, верагодней за ўсё, пад зямлёй ляжыць помнік

— Мой дом знаходзіцца зусім побач, і я памятаю гэтыя могілкі з маленства, — працягваў суразмоўца. — Раней вакол іх знаходзіліся школьныя гаспадарчыя пабудовы і пляцоўкі для заняткаў фізкультурай і пачатковай ваеннай падрыхтоўкай. Пры гэтым самі могілкі заставаліся некранутымі. У 1991-м пачалі рабіць вялікі школьны стадыён, і для гэтага патрабавалася знесці ўсе пабудовы, пляцоўкі і могілкі.

Добра памятаю, калі бульдозер прыехаў раўняць участак, я, 10-гадовы хлапчук, са стрыечным братам папрасіўся ў кабіну. Нават здымак захаваўся, дзе мы стаім каля гэтага бульдозера. Тэхнікі тады, дарэчы, тут працавала нямала. Машынамі прывозілі пясок і засыпалі павалены помнік, дзясяткі бетонных пліт, якія ў міжваенны перыяд былі ўстаноўлены палякамі замест драўляных крыжоў. Потым пляцоўку выраўнялі, і ад могілак не засталося і знаку.

Павел Давідоўскі са сваім стрыечным братам на бульдозеры, які расчышчаў пляцоўку для новага стадыёна

Пра тое, дзе быў устаноўлены помнік, яшчэ раней пытаўся ў мясцовых жыхароў і ксёндз Яцэк Хутман. Усе яны ўказвалі прыблізна на адно месца — тое ж, што і Павел.

Ці можна яго аднавіць? Адказ на паверхні: можна. Але для гэтага патрэбна шмат сумеснай працы мясцовых жыхароў і ўлады. Напрыклад, на Піншчыне ўжо былі выпадкі, калі помнікі часоў  Першай сусветнай літаральна даставалі з-пад зямлі.

…Ад’язджаючы з Камай, развітваюся поглядам з касцёлам-крэпасцю. Узгадваю, што ў яго таўшчэзных сценах захаваліся пушачныя ядры часоў Паўночнай вайны. Дзякуючы ім і сёння мясцовыя жыхары і шматлікія турысты ўзгадваюць падзеі трохсотгадовай (!) даўнасці. Магчыма, такім вечным сімвалам-напамінам пра Першую сусветную і яе ахвяр некалі стане ўкленчаны салдат у цэнтры яшчэ не страчанага назаўжды помніка. Бо яны ж і ўстанаўліваліся для таго, каб людзі помнілі — праз гады, дзесяцігоддзі і стагоддзі…

P.S. На дыску, перададзеным Леа Энзэлем, аказалася больш за 100 здымкаў часоў Першай сусветнай вайны, зробленых у розных мясцінах, дзе служыў яго дзед. Пакінуў немец і біяграфічныя звесткі, дзённікі, фатаграфіі свайго продка. Гэта тэма вартая асобнага артыкула, і мы апублікуем яго ў наступным выпуску спецпраекта.

из ист: https://www.postawy.by/2021/02/ne-stjorli-s-lica-zemli-a-v-nejo-zakopali-istoriya-poteryannogo-v-kamayah-pamyatnika-vremjon-i-mirovoj-vojny/

Іна Сняжкова
Фота аўтара, Уладзіміра Багданава і з яго прыватнай калекцыі,
з архіва Паўла Давідоўскага і Леа Энзэля

 История

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Loading

Метки: , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавьте свой комментарий или поделитесь материалом

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.