Паняцце ”каляды” ахоплівае ў Пастаўскім павеце святочны перыяд з 24 снежня да 7 студзеня, ці два тыдні. Вігілію Божага Нараджэння ўжо лічаць людзі за святочны дзень.
У гэты дзень не выконваюць ніякай працы, за выключэннем дробнага парадкавання і прыбірання ў хаце. Хатнія гаспадыні зранку пільна гатуюць шматлікія стравы на вячэру, так званую ”куццю”.
ТРЫ КУЦЦІ
Куццямі сяляне называюць тры вігілійныя вечары ў святочны перыяд, а менавіта, вігілія перад Божым Нараджэннем, перад Новым Годам і Трыма каралямі. Кожная куцця мае свае адмысловыя абрады і звычаі. Першая куцця, якую завуць ”бедная куцця” святкуецца вечарам 24 снежня. З хвіліны з’яўлення першай зоркі на небе, гаспадар заносіць у хату вязанку сена, расцярушвае яго на стале, а гаспадыні пакрываюць стол белым абрусом. Потым уся сям’я садзіцца на вячэру. Гаспадыні пачынаюць падаваць стравы. Згодна са старым звычаем страў тых павінна быць сем. Спачатку падаецца поліўка з грыбамі, потым аўсяны кісель, ці мілта, потым квасны крупнік з рыбай, нарэшце ячменная каша з макам, якая носіць назву куцці, урэшце праснакі з макам, рыба і т.п. Якасць гэтай вячэры ў вялікай ступені залежыць ад заможнасці гаспадара і кулінарных здольнасцяў гаспадыні. Аднак нават у самай беднай сям’і, калі няма сем розных страў, падаюць гэтыя самыя стравы некалькі разоў, каб ”канечна” у агульным выніку атрымаць 7 страў.
Пасля вячэры гаспадар дома тлумачыць дзецям што гэта значыць, што цяперашняя вячэра спажываецца на сене. Выясняе, што пан Езус , які прыйшоў на свет для суцяшэння бедных людзей, не выбраў сабе для пражывання багатых апартаментаў, але сціплыя яселькі і ўбогую стайню. Пры гэтым бывае, што спяваюцца калядкі. У каталіцкіх сем’ях спяваюць пераважна польскія каляды, як напрыклад ”Сярод начной цішы”, ”Цяпер у Бетлееме” і г.д., а сярод праваслаўнага насельніцтва, хоць вельмі рэдка – расійскія, як напрыклад: ”Небо и земля ныне торжествуют, ангелы людям весело поют Христос родился, Бог воплотился” і г.д.
Беларускіх арыгінальных калядак у Пастаўскім павеце не ведаюць. Замест іх спяваюць разнастайныя і цудоўныя народныя песенькі ў святочны перыяд, аднак большасць з іх гэта песенькі эпічныя і любоўныя.
БАГАТАЯ КУЦЦЯ
Да цікавага абраду гэтага вечара ў вігілію Новага Года безумоўна належаць аж да гэтага часу практыкаваныя па нашых вёсках варожбы дзяўчат і начныя прагулкі хлопцаў. Збіраюцца звычайна дзяўчаты ў якую-небудзь вясковую хату і пачынаюцца варожбы. Яны бываюць розныя, і ўсе маюць адну і тую ж самую мэту – адгадаць, ці хутка выйдзе замуж дзяўчына. З гэтай мэтай бралі вялікую і чыстую місу, налівалі ў яе халодную ваду. Потым растапляюць воск над агнём і кожная з дзяўчат чэрпае яго з гаршка сталовай лыжкай, выліваючы на ваду. Калі воск дастаткова застыне, выбіраюць яго і бягуць да лямпы. Там перад святлом стараюцца выклікаць цень, прыпамінаючы нейкую вядомую форму. Найбольш жаданай для кожнай дзяўчыны вобраз вянка, тады ўжо маецца бясспрэчная праўда, што выйдзе ў гэтым годзе замуж. Самая страшная рэч, калі ў паненкі створыцца фігурка з падабенствам крыжа: гэта азначае, што памрэ ў гэтым годзе, ці што яшчэ горш, калі створыцца сілуэт дзіця… Апрача гэтай варажбы ёсць яшчэ іншыя, з катом, сабакам і пеўнем. Варожбы гэтыя больш цікавыя і арыгінальныя. Ловяць дзяўчаты ката, нейкая з іх завязвае яму вочы і выпускае на сярэдзіну хаты. Калі кот скочыць у кірунку дзвярэй, то гэта добры знак – дзяўчына выйдзе замуж, калі ж скочыць на печ, гэта значыць, што дзяўчына будзе яшчэ цэлы год у бацькі сядзець на печы і чакаць нарачонага.
Зараз трохі аб хлопцах. У гэты вечар яны займаюцца менш хвалебнай працэдурай, але ўжо таксама ўсталяванай з даўніх часоў і апрабаванай вясковым звычаем. Выходзяць натоўпам на вуліцу і ад кожнага гаспадара, дзе ёсць дзяцюк ці дзяўчына, стараюцца што-небудзь сцягнуць з панадворка, найчасцей сані ці вазок і ад дзяцюка зацягнуць да дзяўчыны, ці наадварот. А раніцай дзяцюк ці дзяўчына павінны хадзіць па вёсцы і шукаць свае прапаўшыя рэчы. Відавочна, гэта спрыяе закаханым, а абмеркаванне гэтых начных свавольстваў развесялёнай моладзі забаўляе ўсю вёску.
ВЁСКА ЗАБАЎЛЯЕЦЦА
Доўгія зімовыя вечары , поўныя бяздзейнасці і нуды, спрыяюць забавам. Звычайна сонная і спакойная вёска пачынае забаўляцца. Цячэ струменямі самагонка і манаполька, а таксама нярэдка цячэ і кроў. Да найбольш улюблёных пацех у гэты час належаць вечарынкі ці танцавальныя вечары, дакладна звязаныя са святам: ігра ў арэхі, у цётку і лісіцу, і на суседнія гулянкі, ці так званыя ”ігрышчы”.
Пераклад з польскай мовы Міхала Гіля
ист: http://shtobylo.by/kalyady-pasta-skim-pavece-syalyanskiya-zvychai-i-veravanni/
СЯЛЯНСКІЯ ЗВЫЧАІ І ВЕРАВАННІ
Гэты артыкул увайшоў у першы нумар часопіса “Паазер’е”.
(” Кур’ер Віленскі” № 352 ад 23 снежня 1936 года.).
СВЯТОЧНЫ ПЕРЫЯД