•       Идут годы, меняются времена, события, люди, но одно остается незыблемым и вечным  – Родина. Нам кажется, что мы знаем о нашей малой Родине все, или почти все. Но каждый раз, когда мы путешествуем, наблюдаем, читаем, исследуем и думаем о ней, мы открываем для себя что-то новое. И сегодня каждый из нас имеет возможность поделиться этим : новыми фактами, новыми стихами, новыми мыслями о своем крае, городе, селе и рассказать миру о своей малой Родине, о людях с большой душой…

Казурава капліца (аповед доктара)

Фота Ігара Пракаповіча

     “Паміж Паставамі і Лучаем ёсць невялічкая вёсачка Пухаўка. Названа яна так, відаць, з-за “пухных” забалочаных земляў, ляжыць воддаль бальшака і паціху вымірае.

“Шчарбатай” становіцца вёска: усё больш з’яўляецца ў ёй халодных, не цепленых узімку хат з вокнамі, што надзейна пазабіваны дошкамі. А тыя, што цепляцца, непрыгожыя, маленькія ды старыя. Напэўна, быў тут калісьці панскі маёнтак, бо пра гэта сведчаць вялікія камяні з падмуркаў, рэшткі якіх вытыркаюцца сям-там з зямлі, вялікія дрэвы, што адметнай купкай узвышаюцца на пагорку, і шмат буйных вінаградных смаўжоў. Старыя людзі кажуць, што паны гэтых слімакоў даўней адмыслова разводзілі ў сваіх садах, нават французам прадавалі як далікатэс. Але няма даўно ўжо тых паноў, няма і заможнага маёнтка. Адзінае месца, якое прыцягвае ўвагу, — пагорачак на ўскрайку вёскі, дзе стаіць каплічка. Яна невялічкая, вымураваная з чырвонай цэглы. Наверсе, як бы ў зашклёным дамку, знаходзілася выява Маці Божай. Называецца капліца Казуравай, бо ўзведзена ў 1936 годзе мясцовым жыхаром Вацлавам Казурам. Гэта месца лічыцца святым у людзей: вялікую Божую сілу мае, у чым мне давялося пераканацца самому.

Было гэта гадоў трыццаць назад. Тады я быў зусім яшчэ маладым доктарам, толькі пасля медыцынскага інстытута. Працаваў першы год у Дунілавіцкай бальніцы і меў магчымасць часта наведваць бацькоў, якія жылі ў Курылавічах. Вось неяк увосень папрасілі яны мяне, каб прыехаў на кані ўзараць агарод ды соткі. На рабоце ў бальніцы меўся добры конь, якога работнікі бралі пры патрэбе. Так і я, адпрасіўшыся з працы, узяў каня і на досвітку паехаў дадому. Там хутка ўсё зрабіў, бо малады быў, здаровы. Яшчэ аднаму суседу даў каня і потым, недзе пасля абеду, выехаў назад. Але не ад’ехаў і пары кіламетраў, як убачыў на ўсхо­дзе невялікую хмарку, якая літаральна на вачах пачала распаўзацца па небасхіле. Яна ішла акурат на мяне, наліваючыся трывожнай сіня-чорнай фарбай.

Я пад’ехаў да Пухаўкі, а хмара тым часам пачала наплываць на сонца. Наперадзе спачатку зрэдку, а потым усё часцей забліскала маланка і страшэнна пачалі лупіць, раскатваючыся, перуны. Конь уздрыгваў, пужаўся, аж прысядаў ад чарговага грому. І я, хоць і не баязлівы дзяцюк, таксама адчуў страх.

Каля Казуравай капліцы спыніўся: душа адчула патрэбу папрасіць паратунку ў Маці Божай, і я шчыра памаліўся. А потым з палёгкай на сэрцы паехаў далей. Трэба зазначыць, што ў самой вёсцы вялікія дрэвы месцамі навісалі над дарогай, утвараючы лісцевы дах. Конь, падышоўшы пад покрыва густога, шырокага арэшніку, раптам спыніўся як укапаны. Я торгнуў яго лейцамі, але той не крануўся з месца.  І тут да майго вуха даляцеў моцны шум дажджу, які імкліва набліжаўся да вёскі. Наляцеў вецер, закруціў віхор пяску, пылу і лісця і панёсся ўздоўж вуліцы. Стала зусім цёмна.

Я ўжо падрыхтаваўся да горшага: захутаўся ў свой старэнькі плашчык і пачаў чакаць патопу. Але адбылося дзіва: дождж, які як плёткай сцябаў па вулічных каляінах, імгненна ператвараючы пыл у гразь, дайшоўшы да мяне, сыпануў прыгаршчу сваіх буйных кропель і, быццам спужаўшыся нечага, раптам павярнуў у бок Цешалава. Прайшло яшчэ колькі часу, і літаральна на вачах чорна-сіняя хмара пачала святлець, разрывацца, і, калі я выехаў за вёску, у небе бліснула сонца, асвятліўшы жахлівую карціну, якую нарабіла бура. Дарога нагадвала балота, па якім імкліва несліся шумныя ручаі, сям-там валяліся паламаныя дрэвы ды галлё.

І на шляху, і ў саміх Дунілавічах сустракаў прамоклых людзей. Яны здзіўляліся, што я сухі. А калі расказваў, як усё адбылося, выказвалі яшчэ большае здзіўленне, але не верылі.

А месяцы праз тры адбыўся чарговы выпадак, які прымусіў яшчэ больш упэў­ніцца ў святасці і сіле капліцы.

Быў я якраз на дзяжурстве, калі на прыём прыйшоў сярэдніх гадоў мужчына. Стагнаў ад болю, лаяўся і праклінаў сам сябе. Дыягназ быў відавочны: адкрыты пералом рукі, моцна збітыя ногі, гузак на лбе. З яго блытанага аповеду можна было ўявіць сабе ўсю карціну. Паехаў гэты чалавек на матацыкле на паляванне. Дзень адхадзіў, але нічога не ўпаляваў. Тады, выйшаўшы на дарогу ля Пухаўкі, вырашыў праверыць, ці добра страляе стрэльба. І не знайшоў лепшай мішэні, чым выява Маці Божай у Казуравай капліцы.  Стрэліў — і трапіў. А едучы назад на матацыкле, стукнуўся ў дрэва. Яшчэ добра, што жывы застаўся… Добраму — дабром, а дрэннаму — дрэнным.

Вось такая капліца ў Пухаўках”.

Ігар ПРАКАПОВІЧ

з крыніцы: http://www.postawy.by/2018/08/kazurava-kaplica-apoved-doktara/

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Метки: , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавьте свой комментарий или поделитесь материалом