Старыя апавядалі, кажа баба Стася, што на Ігнацішскай гары закапаная бочка золата. Толькі ніхто не можа яе ўзяць, бо праклятае тое золата. Па начах, бывае, свеціцца яно.
Хто ўбачыць гэты агонь, хутчэй уцякае з таго месца, бо праклятае золата прыносіць вялікую бяду, нават пагібель чалавеку.
Я сама бачыла той агонь, апавядае бабуля. Неяк ехала я з працы на ровары дахаты, тады на спіртзаводзе ў Лынтупах працавала. Ужо поўнач была. Бачу, на Ігнацішскай гары нешта свеціцца. Стала цікава мне, маладая была. Прыпынілася я і гляджу. А там нейкі ланцужок віецца, як быццам гад паўзе. Ды зіхаціць ён такім зеленавата-блакітным агнём, аж вочы слепіць. Гляджу, а ланцужок той праз дарогу віецца і, раптам, да мяне паварочвае. Як далася я тады адтуль, дык не памятаю, як у хаце апынулася.
Гісторыя з гэтым золатам вельмі даўняя. Мне яе яшчэ мой дзед расказваў, а яму — яго дзед. Адбылася яна аж ў Шведскую вайну. Прыйшло ў Лынтупы шведскае войска. Людзі лынтупскія па лясах пахаваліся, бо, вядома, вайскоўцы: і згвалціць могуць, і абрабаваць, ды,нават забіць.
Шведскі генерал, што кіраваў тым войскам, бачыць: хаты ў Лынтупах усе адбудаваны багатыя. Адразу ён уцяміў, што людзі тут заможныя жывуць. А калі заможныя, дык і золата павінны мець.
Загадаў ён сваім жаўнерам ператрэсці ўсе хаты, каб золата адшукаць. Ды дарэмна шведы свой час марнавалі. Людзі ўсё сваё багацце разам са скацінай у лясах пахавалі.
Генерал той быў вельмі сквапны, прагны да грошаў. Не хацеў ён з пустымі кішэнямі з мястэчка выходзіць. Паслаў ён тады сваіх жаўнераў па лясах людзей лынтупскіх вылоўліваць.
Ды дзе там! Лясы ў той час вакол мястэчка вялікія і непралазныя былі, непраходнымі балотамі перакрыжаваныя. Толькі мясцовыя жыхары ведалі ў іх патаемныя сцежкі. Шмат шведаў бясследна праглынулі тады тыя лясы і балоты. А тыя чужынцы, што змаглі вырвацца з таго зялёнага пекла, вярнуліся да свайго генерала ў мястэчка з пустымі рукамі. Але адчуванне вялікай здабычы не дало таму генералу адступіцца ад лынтупскага золата. Пайшоў ён тады на хітрасць.
Раніцай вывеў ён сваё войска з мястэчка і накіраваўся ў бок Свіры. Людзі лынтупскія вёрстаў з дзесяць сачылі з лесу за шведамі. А тады, упэўненыя ў тым, што чужынцы сышлі, пад вечар вярнуліся са скацінай да сваіх хатаў.
Генерал жа ноччу павярнуў сваё войска назад і пад раніцу ўзяў у кальцо мястэчка, пазбавіўшы людзей магчымасці схавацца.
Толькі неба на ўсходзе пачала шарэць, як Лынтупы прачнуліся ад грукату вайсковых барабанаў, перадсмяротных крыкаў і ляманту. Не было каму абараніць бедных людзей ці знайсці дзе паратунку ад рабаўнікоў і гвалтоўнікаў. Не адну дзяўчыну пазбавілі чужынцы цнатлівасці, не адзін мужчына лынтупскі ахвяраваў сваім жыццём, баронячы сваю сям’ю. Тых жа местачкоўцаў, што засталіся жывымі, разам з дзецьмі сагналі шведы на плошчу ля касцёла.
Па загаду генерала жаўнеры пачалі катаваць людзей, дапытваць, дзе схавана іхняе золата, бо апроч скаціны чужынцы у местачкоўцаў нічым не разжыліся.
Узышло сонца, агледзела наваколле і жахнулася ўбачанаму.
На местачковай плошчы ціха стагналі распятыя на крыжах людзі, курчыліся ў перадсмяротных сутаргах пасаджаныя на калы, нема крычалі расцягнутыя на дыбах, стаяў смурод ад паленага чалавечага мяса, валяліся акрываўленыя кускі чалавечай плоці, сярод камянёў местачковага бруку расцякаліся лужы крыві.
Генерал аж кіпеў ад злосці і ўжо не ведаў, што рабіць. Яму не зразумелы быў гэты непакорны народ. З-за нейкага золата вытрымліваць такія катаванні! Ён дзівіўся моцы духу гэтых людзей. Як шляхціцы, так і простыя сяляне, што старэйшыя, што маладыя, нават юнакі мужна трывалі ўсе здзекі, якія ўчынялі над імі яго жаўнеры. Толькі ні адзін з гэтых людзей і словам не абмовіўся аб схаваным золаце.
Не ведаў шведскі генерал, што не з-за сквапнасці сваёй не хацелі местачкоўцы развітацца са сваім золатам. Гэтае золата не адно стагоддзе набывала шмат папярэдніх пакаленняў лынтупчанаў. Кожная драбіначка яго была багата палітая рэчкамі поту паўсядзённай працы, морамі крыві жудасных бітваў з ардынцамі, крыжакамі, маскоўцамі, шведамі, казакамі, асманамі. Тут была слава Сініх Водаў і Клецка, Грунвальда і Крапіўны, Берасцечка і Кірхгольма, Магільна і Хоціма, Дурбе і Койданава. Для местачкоўцаў гэта золата было славутай рэліквіяй іх радоў, святой маёмасцю і памяццю іх продкаў.
Не ведаў гэтага генерал і не хацеў ведаць. Нават за ганьбу свайго, шведскага народа, калі кароль і Вялікі князь гэтых людзей, якіх ён цяпер катаваў, устанаўліваў на яго радзіме свае парадкі, адпомсціць і не думаў. А не выключана, што і ўраджэнцы гэтага мястэчка разам са сваім каралём прыгняталі яго землякоў. Але гэта да генерала было не вартым ўвагі, бо галоўнае да яго было золата, золата і яшчэ раз золата.
Але што рабіць, калі адчуваеш, як доўгачаканая здабыча недзе зусім побач, а ўзяць з-за гэтых упартых людзей не можаш? Якія толькі катаванні не выкарысталі да іх яго жаўнеры! А ўсё дарэмна. Маўчаць, як рыба!
Выпадкова позірк шведскага генерала натрапіў на вежу тады яшчэ драўлянага касцёла. Адразу твар яго праясніўся, а вусны скрывіліся ва ўсмешцы. Тут жа генерал загадаў жаўнерам спыніць катаванні і дазволіць блізкім забраць параненых. Пасля, як лямант трохі сціх, праз перакладчыка звярнуўся да натоўпу:
— Я не звер, не вырадак які. Я богабаязны чалавек і больш не магу глядзець на гэты жах! За ўсё, што тут адбылося, вініце толькі сябе! З-за нейкай нікчэмнай купкі металу, з-за сквапнасці сваёй, вы загубілі столькі чалавечых жыццяў, а колькі стала з-за гэтага калекамі! І гэта ўсё на вачах вашых дзяцей! Няма ў вашых душах ні літасці, ні Бога! Зараз вы ўсе будзеце адпушчаныя дахаты, толькі мне шкада вашых дзяцей! Я перакананы, што з-за сваёй скупасці вы іх нават не накорміце.- (Аб тым, што яго жаўнеры ў хатах гэтых людзей не пакінуілі нават скарынкі хлеба, генерал крывадушна прамаўчаў). – На жаль, я са сваімі жаўнерамі больш не магу затрымацца ў вашым мястэчку і прыглядзець за вашымі дзецьмі. Таму усе дзеці, якія могуць хадзіць, зберуцца цяпер у касцёле, дзе мае жаўнеры іх накормяць і дадуць ежы ім на некалькі дзён з сабой. Вы ж за гэты час, пакуль дзеці будуць снедаць, прыбераце плошчу, каб ім больш нічога не нагадвала гэту жудасную крывавую раніцу.
Генерал абвёў позіркам натоўп і ўгледзеў сярод местачкоўцаў маладую кабету з чатырох-пяці гадовым хлапчуком і на пару гадоў старэйшай дзяўчынкай.
Кабета моцна прыціскала абедзвюма рукамі сваіх дзяцей да спадніцы. Гледзячы на яе цвёрды, рашучы твар, здавалася, што ні адна жывая істота не адважыцца нават у думках паспрабаваць пакрыўдзіць яе крывінак.
Генерал злез з каня і падышоў да іх.
— Пані не супраць, что я ест частоват ваш сын? — звярнуўся ён да кабеты на ламанай ліцвінскай мове (у наш час гэтую мову называюць старажытна-беларускай).
-Ходзь zu mier (да мяне-гоцк.). Хадзі до менья. Будэш смачно ест! — пазваў ён хлопчыка і працягнуў яму пернік.
Ад водару прысмакаў у хлопчыка пацяклі слінкі. Ён згаладала праглынуў іх і запытальна паглядзеў у вочы маці. Ад гэтага погляду ў кабеты зашчаміла сэрца, відаць, матчына сэрца недзе ў падсвядомасці адчувала патаемную небяспеку. Але прамова генерала, працягнуты пернік і галодныя вочы сына прывялі яе ў стан разгубленасці.
-Ідзі, Янка, можа хоць цябе накормяць… — у роспачы прамовіла яна сыну.
Хлопчык баязліва наблізіўся да працягнутага перніка, але моцны голад пераадолеў страх і ён маланкава выхапіў з рук генерала прысмаку, ды як драпежны звярок шмыгануў пад падол маці.
Праз хвіліну з-пад спадніцы кабеты высунуўся акруглы тварык малога і два блакітных агеньчыкі вачэй зноў утаропіліся на генерала.
-Ходзь тутэй! На, брац яшчэ! Вельмі смачон! — пачаў падзываць малога швед, працягнуўшы яму яшчэ адзін пернік.
Янка, ужо без боязі, падбег да чужынца, узяў пернік і спакойна пайшоў да яго на рукі.
Генерал з хлопчыкам на руках ускочыў на каня і ўжо ў сядле пачаў забаўляцца з малым. Ён то ласкатаў, то на працягнутых руках падымаў яго высока ўверх.
Па плошчы зазвінеў радасны смех Янкі. Паўсюдна з-за постацей дарослых высунуліся зайздрослівыя тварыкі дзяцей, якія не адводзілі вачэй ад генерала і шчаслівага Янкі.
Гэта не прайшло паміж уважлівых вачэй генерала. Швед давольна ўсміхнуўся — сваёй мэты ён дамогся.
— Ежай выманіць дзяцей з натоўпу і адвесці ў касцёл! Перад дзвярыма паставіць вартавых! Назад нікога не пушчаць! — не перастаючы забаўляцца з хлапчуком загадаў сваім падначаленым генерал.
Жаўнеры без цяжкасцей выканалі загад. Галодныя дзеці, прывабленыя ежай, даверліва пайшлі за чужынцамі.
Калі апошніх дзяцей жаўнеры адвялі да касцёла, генерал раптам падняў над сваёй галавой Янку і з усяго размаху насадзіў хлопчыка на вастрыё дзіды жаўнера, што стаяў побач. Жаўнер ад нечаканасці выпусціў дзіду з рук і з жахам утаропіўся ў малога, які курчыўся на зямлі ў перадсмяротных сутаргах, наскрозь працяты яго зброяй.
На хвіліну плошча змярцвела. А пасля надрыўны жаночы крык працяў наваколле. Ашалелая маці кінулася да заціхаўшага ў лужыне крыві сына. Толькі рукі маці не паспелі крануцца свайго ўжо бяздыханага дзіцяці. Прасвістала генеральская шабля — і акрываўленая жаночая галава пакацілася пад ногі аслупянелым ад жаху жаўнерам.
— Ма-ма-а-а!..- з-за адкрытых касцельных дзвярэй данесся роспачны дзіцячы крык, ды маленькая дзяўчынка кінулася праз шыхт шведскіх жаўнераў да нерухомых трупаў маці і браціка.
Дзяўчынку чакаў такі самы лёс, як і яе родных, каб у гэты час яе не выратаваў адзін са шведскіх афіцэраў. Ён не разважаючы накіраваў свайго каня да дзяўчынкі, на хаду падхапіў яе на рукі і моцна прыціснуў дзіцячае цела да сваіх грудзей. Калі дзяўчынка перастала вырывацца з рук, цела яе абмякла і яна залілася слязамі, афіцэр беражліва перадаў яе аднаму з жаўнераў.
— Аднясі яе ў касцёл да дзяцей, — з болем у голасе загадаў ён падначаленаму.
Калі афіцэр развярнуў каня, твар яго адразу змяніўся — на бледным фоне арыстакратычнага твару палыхнулі агнём добрароднага гнева вочы. Ён пад’ехаў да генерала.
— Генерал Свэнсан, што вы робіце?! Пабойцеся гнева Божага! — горача загаварыў афіцэр. — З-за гэтага золата вы страцілі галаву! Вы пачалі ваяваць з дзецьмі і жанчынамі! Што зрабілі вам гэтыя людзі? Вы ганьбіце свой арыстакратычны род! Вы ганьбіце гонар баявога афіцэра! Вы ганьбіце нашу краіну і караля!..
-Маўчаць! — увесь чырвоны ад злосці, абарваў генерал свайго падначаленага. — Што вы сабе дазваляеце, палкоўнік! — пыхліва прамовіў ён. — Вам слова ніхто не даваў! Стаць у шыхт!
Стройная постаць сівавалосага палкоўніка нават не паварушылася. Яго горды арліны нос, як баявая зброя, быў накіраваны на генерала, а калючыя разумныя вочы свідравалі свайго начальніка наскрозь.
Генерал Свэнсан пабялеў.
-Палкоўнік Горн! Вы чулі загад?!
— Я — барон Магнус Горн! — з пагардай прагаварыў палкоўнік і гідліва дадаў: — Род Горнаў ніколі дзіцязабойцам і мяснікам не падпарадкоўваўся!
— Абражаць генерала?! Не выконваць загад?!- не помнячы сябе ад злосці, закрычаў Свэнсан. — Арыштаваць здрадніка! — загадаў ён іншым сваім падначаленым. Але ніхто са шведскіх афіцэраў і жаўнераў нават пальцам не крануў.
— Гэта што, бунт?! — злосць зусім заслала вочы генералу. Ён выхапіў з-за пояса пісталет і стрэліў у палкоўніка.
Горн уздрыгнуў ад удара кулі, яшчэ некалькі хвілін захаваў сваю гордую паставу, а пасля, калі сілы яго пакінулі, камянём рухнуў пад ногі свайго каня і больш не паварушыўся.
Генерал выцягнуў з-за пояса яшчэ адзін пісталет і падняў шкляныя вочы ад залітага крывёй палкоўніка на сваіх падначаленых.
— Ну, хто яшчэ не збіраецца выконываць мае загады? — голасам трутнага гада прашыпеў ён, шукаючы новую ахвяру.
— Я, граф Інгвар Де ла Гарды! — раптам прагучаў гучны голас і з шыхта выйшаў шырокаплечы капітан.
Выбухнуў стрэл і на багата ўсыпаных баявымі ўзнагародамі грудзях капітана пачала хутка расплывацца чырвоная пляма. Граф захістаўся і паціху стаў асядаць на ўсыпаны пылам брук плошчы.
— Я, барон Якаб Карлсан! — з шыхта выйшаў малады афіцэр.
— Я, герцаг Карл Уленброк!
-Я, барон Олаф Стывенсан! — далучыліся да яго яшчэ два юных героі.
Пакуль генерал перазараджаў пісталеты, усе тры маладых афіцэры самаахвярна чакалі сваёй кулі.
Не перасталі курчыцца ў перадсмяротных сутаргах гэтыя тры героі, як твар яшчэ аднаго юнага афіцэра пазбавіўся здранцвення. Толькі што каменны, белы, як палатно, ён успыхнуў яркім, чырвоным агнём высакароднага гнева.
— Генерал, гэта подласць! Вы вар’ят! Мой абавязак паведаміць каралю! — запальчыва выгукнуў хлопец і скочыў на каня.
Свэнсан адабраў стрэльбу ў аднаго жаўнера і стэліў афіцэру ў спіну. Юнак захістаўся, але ўтрымаўся ў сядле.
Стрэльба ўжо другога жаўнера апынулася ў руках генерала, але дабіць параненага ён не паспеў. Чатыры таварышы рашучага юнака таксама ўскочылі на коней і закрылі яго ад генеральскіх куляў сваімі грудзямі.
— Густаў, скачы хутчэй! Гэтага вар’ята трэба спыніць! Мы цябе прыкрыем! — крыкнуў хлопцу адзін з іх.
Імгненне — і паранены пасыльны знік за будынкамі Судаўскай вуліцы. А праз некалькі хвілін, прабітыя кулямі, перасталі біцца сэрцы і апошніх чатырох шведскіх афіцэраў.
Разабраўшыся са сваімі падначаленымі, Свэнсан паклікаў перакладчыка і звярнуўся да местачкоўцаў:
— Мне здаецца, вы ўжо паверылі ў маю рашучасць. — заявіў ён лынтупскім людзям. — Дык вось, калі праз палову гадзіны вы не пакажаце, дзе схавана ваша золата, усе вашы дзеткі жыўцом згараць разам з гэтай папскай будынінай. — Генерал паказаў пальцам на драўляны касцёл і выбраў з кішэні гадзіннік.
— Час пайшоў! – аб’явіў ён і, каб, напэўна, зусім зламіць гэтых людзей, накіраваў каня на трупы малога Янкі і яго маці.
Немагчыма перадаць словамі, што рабілася ў душах лынтупчанаў і нават шведскіх жаўнераў, калі яны ў жаху ўбачылі, як капыты генеральскага каня пачалі трушчыць кволыя костачкі нерухомага Янкі і таптацца па абезгалоўленым трупе яго маці.
Вось тады і праклялі тое золата местачкоўцы.
У гэты час жаўнеры, якія вартавалі дзяцей, адрамантавалі паламаныя імі ж пры рабаўніцтве касцёла дзверы і зачынілі іх. Маленькія касцельныя вокны амаль не прапускалі святла, таму ўнутры запанаваў паўзмрок.
У гэтым паўзмроку дзеці, напужаныя крывавай трагедыяй, якая толькі што адбылася на іх вачах, збіліся ў купку ля дзвярэй і ціха плакалі. Толькі адна дзевяцігадовая Анця ўкленчыла перад разрабаваным і паламаным алтарам. Усе абразы і,нават выявы Езуса былі вынесены швецкімі рабаўнікамі, таму дзяўчынка ўзняла твар да высокай столі старажытнага касцёла і са слязьмі на вачах малілася за сваіх толькі што забітых маму і браціка Янку.
Праз некаторы час Анця адчула, што нешта яе прымушае адарваць погляд ад столі. Дзяўчынка міжвольна падпарадкавалася і апусціла вочы. У левым зацямнёным куце ад алтара, ледзь бачны зроку, над самай падлогай ззяў светлы німб. І раптам нехта пяшчотна пагладзіў яе галаву і ўзяўся за яе правую руку. Дзяўчынка азірнулася. Вакол нікога не было, але яна выразна адчувала, што правую яе руку трымае нехта нябачны. Анця не спужалася, бо так можа трымаць толькі яе родная мама. Вось і за левую руку ўзяла нечыя, толькі маленькая ручка. Дзеўчынка адчула — гэта брацік Янка.
Невядомая сіла падняла яе на ногі, і рукі мамы і браціка падвялі маленькую Анцю да ззяўшага на падлозе німба. Там, на падлозе, дзяўчынка ўбачыла сціплы абразік святой Ганны, на які нават не паквапіліся рабаўнікі. І гэты абразік, во цуд!- свяціўся, ствараючы над сабой у паветры німб.
«Божа мой! — здагадалася Анця. — Душы мамы і Янкі прывялі мяне да маёй святой заступніцы!»
Дзяўчынка падняла абразік, павесіла яго на сцяну і пачала шчыра маліцца за выратаванне свайго роднага мястэчка, сваіх сяброў, сябровак, суседзяў і знаёмых, бо бліжэй за іх у яе на ўсім белым свеце нікога не засталося. Незаўважана вакол маленькай Анці сабраліся і астатнія дзеці. Яны укленчылі перад абразікам і, як і Анця, пачалі ціха маліцца. Ніхто з іх больш не плакаў, не лямантаваў, і нейкая душэўная дабрыня, што сыходзіла разам са святлом ад абразіка святой Ганны, ахінула сэрцы гэтых маленькіх чалавечкаў.
Пад столлю старажытнага храма запанавалі спакой і цішыня часоў стварэння свету, калі ўсё жывое на зямлі на хвілінку заціхла, удзячнае Стваральніку і цешачыся прыгажосці новага свету. А шэпат дзіцячых малітваў у гэтым храме, падобна лёгкаму шапаценню лісця пад подыхам цёплага ветрыку, зусім не парушаў гэты спакой і цішыню, а наадварот, падкрэсліваў іх першазданасць.
Княгіня Альжбэта, жонка тагачаснага ўладара Лынтупаў, троцкага кашталяна Яна Бжастоўскага, прыспешвала сваіх людзей і штохвілінна паглядала на Дамініка, свайго пятнаццацігадовага пляменніка. Яшчэ ўчора вечарам людзі, пасланыя ёй сачыць за шведскім войскам, далажылі, што чужынцы сышлі з мястэчка ў бок Свіра. Трэба было тэрмінова вяртацца ў Лынтупы, наводзіць парадкі ў маёнтку пасля рабаўніцтва шведаў. А тут прыйшлося затрымацца — усю ноч і палову дня яе дваровыя вылоўлівалі ў лесе гэтага падшыванца Дамініка. Гэты смаркач уздумаў уцячы на вайну ў каралеўскае войска. Добра, што Караліна, яго сястра, хутка заўважыла знікненне гэтага аболтуса, і ён далёка не змог уцячы.
«Вось засранец, — думала раззлаваная княгіня, — тут столькі працы, а ён на вайну сабраўся. Паспееш яшчэ, наваюешся, падрасці хоць трохі. Гарачы, як бацька яго, Зыгмунт Агінскі. Ну што, злажыў той сваю галаву на вайне, загнаў у магілу сястру маю Станіславу, жонку сваю, дзяцей сіротамі заставіў. Добра, Караліна дарослая ўжо, хутка замуж выдаваць. А гэты падшыванец Дамінік без мужчынскай рукі зусім ад рук адбіўся. Ратунку няма, толькі аб вайне і марыць. Не ведаю, што рабіць… Хутчэй бы гэтая праклятая вайна скончылася. Хаця б вярнуўся жывым з яе мой любы Ян. Можа, хоць ён бы гэтаму балбесу мазгі ўставіў…»
Ззаду за брычкай цёткі пад вартай двух дваровых княгіні плёўся на вараным кані Дамінік. Галава ў хлопца была апушчаная долу, ён не перастаючы хліпаў носам, а па яшчэ ружовым дзіцячым твары раз-пораз сцякалі буйныя кроплі слязінаў.
«Што цяпер мне сказаць хлопцам?..- думаў у роспачы юнак. — Што цётка ад сваёй спадніцы не адпусціла? Сам жа падгаварыў іх збегчы ў каралеўскае войска, і сам жа не з’явіўся ў прызначанае месца… Што цяпер рабіць?.. Усе мужчыны цяпер на вайне Радзіму ад чужынцаў бароняць, тата жыццё сваё за яе аддаў… А я… Зганіў свой род старажытны, святую памяць аб сваіх маме і тату… Што яны пра мяне падумаюць на нябёсах?..» — хлопец міжвольна падняў вочы да неба, як бы імкнучыся разгледзець сярод павольна плывучых аблокаў сваіх бацькоў. Пасля вочы яго апусціліся, і ён тужлівым позіркам агледзеў наваколле.
Толькі што абоз княгіні выехаў з велічнай дубровы на чыстае поле і цягучы мядовы пах дзяцельніка (так у гэтай мясцовасці чамусьці называюць траву «братка з сястрычкай») з аднатонным гудзеннем пчолаў змяніўся на свежы, бадзёрачы душу пах палына ды нястройнае стракатанне казельчыкаў.
Абапал дарогі хваляваўся ад подыху свежага ветрыку лазурак квітнеючага льнянога поля, далей пераходзячы ў жоўта-зялёнае мора толькі што адкрасавалага жыта, дзе здалёку блакітныя ліхтарыкі валошак дадавалі да яго блакітнае адценне, надаючы яму сапраўдны салядыновы колер. А яшчэ далей, на ўзгорку, ухутаныя густа-зялёнымі футрамі разлапістых клёнаў, выглядалі цёмна-мышастыя шкілеты сялянскіх будынін.
«Белянішкі… — пазнаў знаёмую вёску Дамінік. — Вунь і іхны Абярог-дуб ля дарогі. Кажуць, што калісьці пад ім сховішча было, і ў ім людзі хаваліся ад наездаў асманаў, — успомніў хлопец. — Вось бы цяпер гэтыя басурманы з’явіліся тут! От, галовы мы б ім пасяклі! Ніводнага жывым не адпусцілі б! За ўсіх нашых пабітых і загнаных у няволю людзей адказалі б!..» — раптам на дарозе ля Абярог-дуба нешта заварушылася і перапыніла хлопцавы летуценні. Дамінік выцер з твара слёзы і пачаў прыглядацца.
— Глядзіце, вершнік!..- здзіўлена выгукнуў юнак і паказаў рукой уперад.
Абоз княгіні Альжбэты рэзка спыніўся і ўсе, разам з Дамінікам, пачалі ўглядацца ў ледзь бачнага вершніка.
— П’яны ён, ці што?.. Паглядзіце, як яго хістае, — прамовіла прыгажуня Караліна.
— Швед!..- адразу здзіўлена і радасна ўсклікнуў Дамінік і выхапіў шаблю.
— Асадзі назад! Гэта табе не цацачны жаўнерык! Гэты можа і на той свет адправіць! — схапіў за каўнер хлопца адзін з дваровых княгіні і не даў яму кінуцца на незнаёмага шведскага афіцэра.
Дамінік нехаця падпарадкаваўся і зноў насупіўся — які раз ужо з ім абыходзяцца як з малалетнім дзіцём.
Праз імгненне ўсе мужчыны з абоза выступілі ўперад і загарадзілі сабой свае і княгіні сем’і ад чужынца. Незнаёмец, угледзеўшы рашучыя твары мужчын і накіраваныя на яго рулі стрэльбаў, прыпыніў каня.
— Не страляйце! Я хачу размаўляць з вашым кіраўніком… — слабым голасам прамовіў шведскі афіцэр.
— Адкуль мову нашу так добра ведаеш? — трасануўшы ад здзіўлення сваімі доўгімі пшанічнымі валасамі, запытаў яго доўгі і ценькі як рабак конюх княгіні Альжбэты.
— Дзед мой навучыў. Калі ваш кароль кіраваў і нашай краінай, ён служыў пры двары вашага караля ў Стакгольму, і па справах службы па некалькі гадоў жыў то ў Вільні, то ў Гародні, то ў Полацаку, — адказаў швед.
— Прапусціце яго! — загадала сваім мужчынам княгіня Альжбэта. Яна з цікавасцю разглядала гэты бледны, яшчэ бязвусы твар шведа, яго стройны, юны стан, углядалася ў яго прыгожыя, колеру ранішняга блакіту нябёс вочы, і нейкая падсвядомая прыязнь да гэтага маладога чужынца з першага погляду авалодала сэрцам княгіні.
Але, калі сэрцам княгіні авалодала толькі прыязнь да гэтага хлопца, дык немагчыма ўявіць, што рабілася ў душы Караліны. Бязмежная хваля нязведаных пачуццяў авалодала ўсёй яе існасцю, прымушаючы шалёна калаціцца яе сэрца, не даючы дыхаць і закруціўшы галаву ў нейкім д’ябальскім віхуру.
«Божа, што са мной робіцца? — думала дзяўчына. — Я зусім страціла розум… Гэта ж вораг… Я павінна стрымаць сябе… — але, апроч імкнення стрымаць сябе, большага яна з сабой нічога не магла зрабіць. — Ай, чаму ў яго такі бледны твар? Чаму прыкушана ад болю губа? Чаму яго так хістае? Можа, ён паранены? Але ж нідзе не бачна крыві… Можа, ён моцна хворы?..» — чалавечыя турботы аб прыгожым незнаёмцы поўнасцю выціснулі з галавы Караліны душэўныя ваганні паміж яе пачуццямі і грамадскім абавязкам.
— Я, барон Густаў Сволькен, малодшы афіцэр корпуса генерала Свэнсана, войска яго каралеўскай мосці караля Швецыі і іншых зямель уладара, — прадставіўся княгіні малады швед і пакланіўся.
-Я, княгіня Альжбэта Бжастоўская, народжаная Радзівіл, жонка троцкага кашталяна, уладара мястэчка Лынтупы і іншых насельных месцаў Яна Бжастоўскага, — са свайго боку адказала княгіня і кіўнула галавой.
— Вельможная пані… Княгіня… — спяшаючыся, загаварыў юны барон. — Ратуйце людзей у вашых Лынтупах… Наш генерал страціў розум! Спачатку ён катаваў і забіваў дарослых, пасля перайшоў на дзяцей! На маіх вачах ён як кавалак мяса насадзіў на жаўнерскую дзіду малога хлопчыка і адсек галаву яго маці. Мы паспрабавалі спыніць вар’ята, але генерал перастраляў усіх нашых афіцэраў. Толькі аднаму мне пашчасціла вырвацца з яго рук. Перадайце хутчэй хоць якому ўзброенаму атраду, не мае сэнсу якому — ці нашаму, ці вашаму, каб спынілі гэтага вар’ята! У яго засталося толькі дзевяноста два жаўнеры і ніводнага афіцэра. Жаўнеры дэмаралізаваныя і пабягуць ад хоць якой, нават самай маленькай купкі узброеных людзей. Хутчэй, генерал задумаў нешта нядобрае! У касцёле зачынены ўсе дзеці… Княгіня, не марудзьце! Ратуйце дзяцей!.. — тут ён моцна закашляўся, з рота вырваўся струмень пунцовай крыві, моцна захістаўся, заваліўся ўперад і, страчываючы прытомнасць, галавой уніз, пачаў паціху спаўзаць з каня.
Толькі цяпер прысутныя заўважылі ў яго пад правай лапаткай вялікую рваную рану ад кулі і залітую крывёй спіну.
— Ён паранены!.. — ускрыкнула Караліна і кінулася да маладога Сволькена.
У гэты час мужчыны паспелі падхапіць параненага на рукі і палажыць на зямлю.
— Глядзі, ты, колькі крыві страціў… Дзіва як толькі ў сядле трымаўся?.. — прыжмурыўшы старэчыя вочы, здзіўлена прагаварыў вазнічы княгіні, яшчэ не страціўшы малады спрыт дзядок.
Княгіня Альжбэта, пакінуўшы клопаты аб параненым свядомаму ў гэтых справах вазнічаму і сваёй пляменніцы Караліне, паслала сваіх людзей ў Бочкінікі, Камаі і Гадуцішкі за дапамогай. Бо, схаваўшы ў лесе свой абоз з дзецьмі, жанчынамі і параненым, збіралася сама ўзначаліць невялікі атрад сваіх дваровых і напасці на аскелкі швецкага корпуса ў Лынтупах.
У гэты час Дамінік, выкарыстаўшы момант, калі на яго ніхто не звяртаў увагі, ціхенька ад’ехаў за ўзгорак. Пасля сцебануў каня і галопам, што ёсць духу, паскакаў ў бок Пятруцей. Там, у лесе ля гэтай вёскі яго чакалі сябры, няпоўнагадовыя падлеткі з навакольных шляхецкіх сем’яў, якіх таксама, як і Дамініка, з-за недахопу гадоў не ўзялі ў каралеўскае войска.
Генерал Свэнсан паглядзеў на гадзіннік. Да заканчэння тэрміну ўльтыматума засталося дзесяць хвілінаў. Местачкоўцы збіліся ў кучу і аб нечым ціха перагаворваліся. Свэнсан не перашкаджаў.
Нарэшце ад натоўпу аддзяліўся адзін дзед, што, нягледзячы на ўзрост, захаваў сваю статнасць. Толькі цяжар пражытых гадоў адбіўся на яго старэчых доўгіх валасах і барадзе, адбяліўшы іх да снегава-белага колеру з ледзь бачным жоўтаватым адценнем, падобна да колеру слановай косці. А худы зямлісты твар старога быў парэзаны, як толькі што пераараны дзірван, няроўнымі барознамі маршчынаў, сярод якіх, як пудзіла на полі, тырчэла доўгая каршунова дзюба носа, ды з глыбокіх вочных упадзінаў гарэлі трохі прысмучаныя, але жывыя, добрыя вочы.
— Я Марцін Клімашэўскі, староста гэтага мястэчка, — незвычайна да яго ўзросту гучным голасам загаварыў дзед. — Пан генерал, людзі мяне накіравалі паведаміць вам, што яны згодныя аддаць сваё золата, але толькі з умовай. Яны жадаюць, каб вы пакляліся цяпер на Бібліі, што пасля таго, як вы атрымаеце наша золата, больш вашы жаўнеры ў мястэчку нікога не зачэпяць і адразу пакінуць Лынтупы.
Генерал усміхнуўся.
— Я згодзен на вашы ўмовы. Олаф, Біблію! — загадаў ён перакладчыку.
Праз некалькі хвілінаў, калі была дастаўлена Біблія, генерал пакляўся на ёй, што ад яго рукі і рукі яго жаўнераў больш і валасінкі не ўпадзе з жыхароў гэтага мястэчка, а атрымаўшы золата, яго корпус пакіне Лынтупы.
Прайшло добрых з дзве гадзіны, пакуль шведскія жаўнеры перагрузілі лынтупскае золата ў вялізную вінную бочку са скляпоў князёў Бжастоўскіх і на запрэжаных трох парах адборных каней-цяжкавозаў даставілі яго да генерала на местачковую плошчу.
Свэнсан дрыжачымі рукамі адкрыў верхнюю крышку бочкі і ў яго перахапіла дых. Аб такім багацці ён нават і не марыў. Сярод россыпаў залатых і срэбраных манетаў розных часоў і шматлікіх краінаў, посуду і розных упрыгожванняў з такіх жа каштоўных металаў, зіхацелі рознакаляровым перламутрам жамчужыны, гарэлі крывава-чырвоныя рубіны, падміргівалі густой сінявой сапфіры, смяяліся зеленавата-празрыстыя шмагарды, сагравалі душу цёплым мядовым бляскам бурштыны і круцілі галаву ў шалёным віхуры неабсяжнага багацця дыяманты.
Генерал зладзеявата глянуў на местачкоўцаў і загадаў жаўнерам:
— Усіх людзей загнаць да дзяцей у касцёл. Мястэчка спаліць разам з касцёлам. І каб ні адной будыніны тут не засталося!
— Як спаліць?.. У касцёле ж людзі, дзеці!.. — разгублена прамовіў перакладчык.
— А як ты, Олаф, думаў! Ты што, хочаш заставіць пасля сябе жывых сведкаў? Ты што, забыўся, што мы тут нарабілі? Нават гэтыя багацці не дапамогуць знайсці сабе спакойнае месца на ўсім белым свеце. А мёртвыя, як кажуць, не гавораць!
— А як жа Бог? Вы ж пакляліся на Бібліі…
— А я сваёй клятвы не парушу. Іх сапраўды ніхто пальцам не кране. Іх жа агонь знішчыць… Га-га га… — засмяяўся свайму жарту Свэнсан. — А дзеля Бога не хвалюйся. Як з гэтым багаццем апынёмся ў бяспечным месцы, ахвяруем частку яго на які-небудзь кляштар Божы. Вось, служкі Божыя і вымаляць у Госпада дараванне за грахі нашы.
— Што раты разявілі?! Выконваць загад! — гыркнуў на сваіх жаўнераў генерал.
Хутка запалала ўсё мястэчка. Адзін толькі касцёл нейкім цудам не хацеў загарацца. Сухая салома, што шведскія жаўнеры надзерлі са стрэхаў сялянскіх хат і аблажылі сцены касцёла, згарэла дашчэнту, але ніякай шкоды, апроч копаці, будынку не нарабіла. Ды ў дадатак да гэтага, чорная навальнічная хмара закрыла ўжо палову неба і, пагажаючы шведам слепячымі маланкамі, паціху насоўвалася на мястэчка, каб уліўным дажджом затушыць пажары. Тады генерал загадаў абліць сцены, зложаныя з адборнай лістоўніцы, смалой і сам паднёс паходню да сцяны. Смала зашыпела, запенілася, і агонь неахвотна палез па бачыўшых не адно стагоддзе сценах.
У паўзмроку касцёла панавалі, надзіва, цішыня і спакой. Дарослыя местачкоўцы адразу, як толькі іх шведы загналі сюды, былі ўражаныя невытлумачальным відовішчам. Усе дзеці стаялі на каленьках ля сціплага абразіка святой Ганны і ціха маліліся. А той абразік — о цуд! — свяціўся!
Узрушаныя цудам, дарослыя міжвольна далучыліся да дзяцей. І калі едкі дым пачаў прасочвацца праз шчыліны ўнутр касцёла, чамусьці ў той кут, дзе сабраліся людзі ля абразка, ён не даходзіў. Густая сцяна дыму атачала кола людзей, нават кранала іх пяткі, але, стрыманая нейкай нябачнай сілай, далей прасунуцца не магла.
Толькі вось языкі полымя паказаліся ўжо ў проймах вузкіх вокнаў, ахапілі дах… Здавалася, што яшчэ некалькі хвілінаў — і падгарэлыя страпілы пахаваюць местачкоўцаў пад палаючай столлю.
Але раптам абразок святой Ганны засвяціўся яшчэ ярчэй, і ў паветры над галовамі здзіўлёных лынтупчанаў з’явілася аморфнае, празрыстае, але выразнае аблічча святой. Тут жа бліснула маланка, ударыў пярун — і небывылай моцы лівень абрынуўся на ахопленае агнём мястэчка. А праз некалькі хвілінаў местачкоўцы пачулі на вуліцы нейкі шум, бязладную страляніну, панічныя крыкі шведаў, а пасля моцныя ўдары ў касцельныя дзверы. Нарэшце збітыя з петляў дзверы бразнуліся аб нефарбаваную падлогу, і на парозе паказаліся разгарачоныя постаці Дамініка і малодшага сына князёў Свірскіх Юстына. Аблітыя потам, запырсканыя крывёй, з шаблямі наперавес, яны, як пераднавальнічы віхор, уварваліся ў касцёл.
— Людзі, вы свабодныя! Выходзьце хутчэй з касцёла! — крыкнуў Дамінік, а праз імгненне абодва хлапчукі пад уліўным дажджом ўжо тапталі сваімі канямі ўцякаўшых шведаў, ды як качаны капусты секлі галовы чужынцам. Жаўнеры, напужаныя генеральскімі і сваімі злачынствамі, што ў гэты дзень нарабілі ў гэтым мястэчку, нябачанай моцы навальніцу і напад невялічкага атрада Дамініка палічылі за кару Боскую і не аказвалі юнакам ніякага супраціву.
Генерал Свэнсан, як і яго жаўнеры, быў у паніцы. Яму здавалася, што сам архангел Гаўрыіл спусціўся з нябёс, каб пакараць яго. Ды і сапраўды, было чаму спужацца: усё неба было зацягнута жудаснай чорнай хмарай, ахутаўшы наваколле шэрым покрывам паўзмроку, дождж ліў так, што здавалася, быццам расчыніліся нябесныя хлябі, як тысячы гармат разам білі пяруны і маланкі, і ў давяршэнне да ўсяго, невядомы вораг напаў на яго жаўнераў, падпалены перуном палаў мост праз Лынтупку, а воз з золатам заграз у багністым дне рэчкі і ніхто не збіраўся яго выцягваць. Нарэшце, боязь страціць нарабаваны скарб пераадолела страх і прымусіла генерала ўзяць сябе ў рукі.
Ён пакінуў ля загразшага воза некалькіх жаўнераў, а сам выехаў на дарогу і пачаў праз падзорную трубу выглядаць непрыяцеля. Праз хвіліну Свэнсан ацаніў абстаноўку і ўсміхнуўся.
— Ста-а-а-яць! — гучны, як ерыхонскія трубы, крык генерала прымусіў жаўнераў спыніцца. — Вы ад каго ўцякаеце?! — насмешліва звярнуўся ён да падначаленых. — Паглядзіце, вас гоніць купка дзяцей! А вы ўжо ў парткі нарабілі!
— Шы-ы-хтуйсь! — загадаў ён некалькім дзесяткам жаўнераў, якія былі побач з ім. — Стрэльбы да бою ры-ы-хтуй! — генерал Свэнсан вычакаў час, пакуль жаўнеры зарадзілі стрэльбы. — Агонь!
Выбухнуў залп… Вось выпусціў з аслабелых рук шаблю Юстын Свірскі і, раптам пачарнелыя, дзіцячыя вусны хлопца з апошнім уздыхам прашапталі:
— Ма-ма-а-ачка…
Вось схапіўся за прабіты куляй лоб Андрэй Кубліцкі, і збляднелы юны твар яго заліла густа-чырвоная кроў. Вось саслізнуў з каня Язафат Барташэвіч, заціснуў далонямі акрываўленыя грудзі Міхал Козмін, зваліўся на пасечаныя трупы чужынцаў Антон Куніцкі…
Пасля — другі, трэці залп… І прабітыя кулямі астатнія сем юнакоў, разам з Дамінікам, палеглі ў размоклую ад вады і крыві глебу.
Свэнсан раздзяліў сваіх жаўнераў на две часткі. Адных ён накіраваў выцягваць з рэчкі воз са скарбам, а астатніх — дабіваць выжыўшых хлопцаў з атрада Дамініка і Юстына.
Калі шведы падышлі да пабітых юнакоў, Дамінік быў яшчэ жывы. Ён, хістаючыся, устаў на поўны рост і ўзняў да бою шаблю. Яго акрываўлены, яшчэ дзіцячы твар быў страшны, і шведы міжвольна адступілі назад. Адзін з жаўнераў узняў стрэльбу і стрэліў. Хлопец зрабіў яшчэ некалькі крокаў, захістаўся і паваліўся на бясдыханае цела свайго таварыша. Яго вялікія зялёныя вочы пачалі шклянець і не міргаючы позірк паляцеў далёка ў вышыню, за навіслую над мястэчкам хмару, да неба, да зорак, да сваіх бацькоў…
Тут жа надрыўны жаночы голас заглушыў гукі не сціхаўшай навальніцы.
— Даміні-і-ік!..
Генерал азірнуўся, і мароз прайшоўся па яго скуры. На поўным скаку на яго жаўнераў ляцеў новы атрад непрыяцеля. А ўперадзе яго на буланым кані, з пісталетам у руках і перакошаным ад гнева тварам, неслася княгіня Альжбэта. Яна, як злая фурыя з апраметнай, знішчала кожнага, хто патрапляўся ёй на шляху.
Генерал кінуўся на другі бераг рэчкі, куды ўжо быў выцягнуты воз са скарбам, але і там не знайшоў паратунку. Тут на яго абоз напаў іншы непрыяцель. З лесу з жудасным выем кідаліся на яго жаўнераў невядома адкуль узнікшыя зграі ваўкоў. Навокал стаяў страшны скрыгат воўчых зубоў, хруст ад раструшчвання чалавечых касцей і прадсмертныя стогны паміраючых шведаў.
Толькі да Ігнацішскай гары змог прабіцца праз воўчыя зграі генерал з нарабаваным золатам. А зразумеўшы, што далей ён з гэтым скарбам прабіцца не зможа, загадаў тут і закапаць гэтае праклятае золата. На гэтай гары і знайшлі апасля людзі яго цела з перагрызеным воўчымі зубамі горлам.
Людзі апавядаюць, што пасля гэтых трагічных падзей Дамініка, Юстына і дзесяць іхных сяброў пахавалі разам ля выратаванага імі касцёла. Караліна, сястра Дамініка, выйшла замуж за Густава Сволькена. Пасля вайны маладая пара пасялілася недалёка адсюль у спадчынным маёнтку Караліны Шайкунах, куды і пераехалі да іх з Швецыі родныя Густава. Князь Ян Бжастоўскі вярнуўся з вайны жывым і разам са сваёй жонкай Альжбэтай фундаваў грошы на шалёўку сасновымі дошкамі абгарэлых сценаў Лынтупскага касцёла і на новы дах. Яны якраз і ўдачарылі маленькую Анцю, якая пасля апісаных падзей засталася сіратой. Кажуць, што з таго часу святую Ганну жыхары Лынтупаў лічаць заступніцай мястэчка і кожную апошнюю нядзелю ліпеня ўжо больш трох сотняў гадоў у гонар яе праводзяць фэст.
А тое праклятае золата па сённяшні дзень ляжыць закапанае на Ігнацішскай гары, прываблівае па начах сваім ззяннем скупых, хцівых людзей на пагібель. Людзі кажуць, што і добраму чалавеку сустрэча з тым ззяннем можа прынесці няшчасце, ці нават неспадзяваную смерць. Бо кажуць, што той шведскі генерал і пасля смерці не кінуў тое золата і пільна ахоўвае яго…
http://westki.info/artykuly/582/prakliataie-zolata
Алесь Гарбуль
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.