Пракаповіч Ігар Міхайлавіч — САМЫ ЦIКАВЫ ЧАЛАВЕК У ПАСТАВАХ

 

    Калі вам нешта трэба ў Паставах, вас абавязкова накіруюць да гэтага чалавека. Вось я, напрыклад, шукаючы матэрыялы па гісторыі літаратуры, спачатку патэлефанавала ў мядзельскі музей — і мне сказалі: «А лепей вам запытацца ў Пракаповіча».

Потым набрала  школу ў прыгарадзе Паставаў — а яны мне: «Так гэта вам да Пракаповіча трэба».

Але ж калі мне ў калідорах менскага вуза сказалі «Дык гэтым жа Пракаповіч з Паставаў займаецца» — я не вытрымала і паехала ў Паставы да Пракаповіча.

Ігар Міхайлавіч, вы і пісьменнік, і краязнаўца, і настаўнік — што з гэтага для вас на першым месцы? Вы ж, напэўна, усё роўна павінны нечым ахвяраваць, каб нешта паспяваць?

Усё гэта насамрэч пераплецена, і падзяліць немагчыма. Я працую у гімназіі, выкладаю геаграфію і астраномію, самыя лепшыя прадметы на свеце, і там у мяне гурток. Мы з вучнямі ходзім у розныя вандроўкі па краі.

Калі былі маладзейшыя, называлі гэта турызмам. Але турызм — гэта сумна: ішоў-ішоў, прыйшоў змучаны, паставіў палатку, паеў, паспаў, зноўку ідзеш. А вось краязнаўства, ужо не паход, а экспедыцыя,  калі ты ставіш нейкую мэту, даследуеш нейкую праблему, і адначасова начуеш у палатцы і гатовіш ежу на вогнішчы — гэта куды больш цікавы занятак.

Ну, а як назбіраў матэрыял — дык тут кніжка пішацца ўжо сама сабой. 

Вось нядаўна хадзілі з дзецьмі ў вельмі цікавае месца, у мядзельскія лясы, туды, дзе знаходзіўся, магчыма, летапісны замак Мядзело, ад якога, нажаль, нічога не засталося.

Прыйшлі. Пазнаёміліся з мясцовым мужыком, які нечакана аказаўся нашчадкам вядомага шляхетскага роду Наркевіч-Ёдкаў, былі такія ў нас. Калі прыйшлі Саветы, Уладзіслаў Уладзіслававіч Наркевіч-Ёдка памяняўся на Уладзіміра Уладзіміравіча Ёдку, каб пазбегнуць класавай нянавісці, і ведаеце — ніхто не выдаў. Так і жывуць Ёдкі на сваёй зямлі.

Распавёў нам дзве легенды.

Адну бачыў ён на свае вочы. Кажа, іду я, і бачу — на пагурачке чорны конь. Прыгожы! Ну, думаю, адкуль жа ён узяўся тут, ды яшчэ такі чорны? Трэба яго злавіць.

Пачаў пільнаваць таго каня, а ён раптам раз — і знік. Ну, думае, трэба месца гэтае зазначыць, тут, пэўна, скарб ляжыць. Ці быў там скарб, ці не — гэтага ўжо нам не расказвалі.

Другая легенда — старая. Ехаў чалавек на кірмаш у Кабыльнік (так раней называлася вёска Нарач). Каля дарогі стаіць маладая дзяўчына і пытаецца ў яго: ці не можаш ты мне, чалавеча, нешта купіць? Ну, канешне ж, куплю. Паехаў далей, прыехаў на кірмаш, туды-сюды — і забыўся на пакупку.

Едзе назад — зноў тая дзяўчына стаіць. Ну што, купіў ты мне? Не, забыўся, даруй. Ну, кажа дзяўчына, сто гадоў ляжала — цяпер праз цябе яшчэ сто ляжаць. Во якая дзяўчына была.

А вось гэтыя гісторыі, гэтыя легенды — гэта адкрыццё і для вас, і для вашых вучняў? Ці вы ўжо ўсё ведаеце ў Паставах і вакол Пастаў?

Канешне, адкрыццё. Усе ведаць, і тым больш вакол Пастаў — немагчыма.

А ці лёгка вам знайсці паплечнікаў сярод вучняў? Ці не даводзіцца заганяць іх у гурток?

Раней, канешне, было прасцей — калі школы  былі вялікімі і дзяцей было шмат. Сёння дзяцей наогул не вельмі многа, а ў нашай гімназіі — па аднаму класу на паралелі, мерапрыемстваў дастаткова, настаўнікаў актыўных — таксама, дзяцей гэтых цягнуць ва ўсе бакі, на гурток прыходзяць нямногія.

У вандроўку — канешне ж, ідуць значна больш. Да таго ж геаграфія і астраномія — гэта не экзаменацыйныя прадметы, іх не здаюць у вузы, ну, прынамсі, большасць не здае, таму у старэйшых класах не вельмі каб шматлюдна. Але ж мне хапае.

А вы выкладаеце па-руску ці па-беларуску?

Выкладаю па-руску — у нас рускамоўная гімназія. На гуртку — там ужо па-рознаму. Бывае і так, і гэтак.

Але ж, канешне, сорамна: з вучнямі ідзеш у вандроўку, там бабулі-дзядулі, зразумела, на чысцюткай беларускай, а дзеці нават гаворку не могуць падтрымаць.

Яшчэ дваццаць год у дзяцей бар’ера не было ў гутарках са старымі, а сёння ўжо ёсць. Яны ні запытацца не могуць, ні адказаць. Разумець — разумеюць, бо ўсё ж такі мову ў школе вывучаюць, а вось самім выказаць думку — ужо не.

А якія яны наогул, сённяшнія дзеці?  Ці падзяляеце вы думку пра тое, што «дзеці зараз пайшлі нейкія не такія»…

Моладзь — яна заўсёды моладзь. Якія мы былі — такія і яны зараз. Таленавітых дзяцей — абсалютная большасць. Вось і сёння — іду на прэзентацыю зборніка вершаў, наша вучаніца напісала, склала, бацькі дапамаглі выдаць.

О, якая падзея! Я б сказала — сталічная! А ці адчуваеце вы нейкі недахоп магчымасцяў, на якія звычайна скардзяцца правінцыйныянастаўнікі? Маўляў, менскім дзецям прасцей…

Наадварот. Я дык адчуваю сябе больш шчаслівым, чым сталічныя настаўнікі. Ну вось хаця б на рыбалку выехаць: пятнаццаць хвілін — і я на рэчцы. Нікога там няма, адпачывай,  разважай.

Што тычыцца вучняў — у іх таксама ніхто ніякія магчымасці не адбірае. Зараз жа Інтэрнэт — куды захочаш, туды ідзі, будзь у курсе, вывучай, спрабуй, вучыся.

Сёлета мы з маёй вучаніцай занялі трэцяе месца на рэспубліканскай канферэнцыі, абышлі сталічных выступоўцаў, так што не скажу, каб нам замінала нашаяправінцыйнасць.

Ого, трэцяе месца — гэта сур’ёзна, мы таксама рыхтавалі дзяцей на гэтую канферэнцыю. А што за тэма была?

А мы тут знайшлі такое унікальнае месца ў Манькаўскім лесе — на плошчы ў адзін квадратны кіламетр тры возеры, якія знаходзяцца на рознай вышыні.

Ну ўявіце сабе: розныя паказчыкі адносна ўзроўня мора. Адно, напрыклад, на 15 метраў вышэй за другое.

Такое рэдка сустрэнеш у Беларусі. А мо і зусім не сустрэнеш. А тут — ёсць. Вось гэтую анамалію і даследавалі. Гэта — ледавіковыя азёры, і, даследуючы іх, можна шмат даведацца пра сам ледавік.

Два разы хадзілі туды ў вандроўку — хто ля вогнішча сядзеў, а мы з ёй і некаторымі аматарамі лазілі па берагах, вымяралі глыбіні, (там жа ніхто яшчэ не займаўся, ніхто нічога не вымяраў), запісвалі, а потым яна ўжо абагульняла, сістэматызавала, шукала літаратуру.

І як наконт самастойнасці вучнёўскай? Сама дзяўчына абагульняла і сістэматызавала — ці настаўнік дапамагаў?

Настаўнік — падказваў. Маладым трэба падказваць, а як іначай? Ставіць задачы, даваць заданні. «Озёроведение» Якушкі чытай — прачытала. Тыпы азёр вывучы — вывучыла. Глядзіш, ужо з ёй можна прадметна пра азёры паразмаўляць.

А ці ёсць у вас такія вучні, якім і казаць не трэба — а яны самі пабягуць і «Озёроведение» прачытаюць?

І такія ёсць. Канешне, калі без настаўніцкай дапамогі — то праца атрымліваецца не зусім навуковая, больш нейкай эмоцыі, экспрэсіі, але ж гэта таксама добра, гэта магчымасць выказаць свае думкі, паказаць сябе.

А раней такіх было больш ці менш?

І раней было мала. Вось колькі я працую — толькі дзве такія дзяўчыны мне сустракаліся, каб самі маглі зацікавіцца, схапіцца, напісаць, падрыхтаваць, і па любым прадмеце, на любую тэму. Мне падаецца, гэта ўжо такія байкі, легенды — пра тое, што раней нейкія там незвычайныя вучні былі. Незвычайных, такіх якіх знутры точыць нейкі  чарвяк творчасці і самаўдасканалення — заўсёды няшмат.

Дарэчы, і ў такіх дзяцей бывае даволі небяспечнае становішча. Ім шмат што цікава, яны кідаюцца — і гісторыя, і грамадазнаўства, і літаратура, і мова — і ў выніку не робяць нічога канкрэтнага. Тут таксама справа настаўніка — спыніць і дапамагчы сканцэнтравацца.

Я ведаю, што вы і кніжкі разам з вучнямі выдаеце, яны ў вас на вокладцы ідуць як сааўтары…

Ну так, здараецца.

А не шкада славай пісьменніцкай дзяліцца? Ці матэрыяламі, здабытымі самастойна?

Ну, калі я маладзейшы быў, дык шкадаваў сваёй працы. Бывае, прыйдзе хто-небудзь ці прыедзе, маўляў, а тое раскажы, а гэтае, а я як падумаю, колькі гэта працы, колькі гадзін, дзён, месяцаў я паклаў, каб нешта даведацца, дашукацца, а тут — раскажы яму, аддай увесь скарб за паўгадзіны… 

Цяпер — абы каму-небудзь трэба было. Трэба — аддаю. Яно ўсё роўна потым да цябе нейкім незвычайным чынам вернецца.

А работы краязнаўчай усім у вашых краях хапае?

О, хапае усім. І не на адно пакаленне яшчэ хопіць. Усё, што мы зрабілі, можна рабіць і глыбей, і шырэй, і вышэй, і яно будзе рабіцца, бо цікаўных людзей не менее.

А ці ёсць у вас нейкія ўласныя сакрэты настаўніцкія: як вы зацікаўліваеце дзяцей геаграфіяй і астраноміяй? Вось мяне, напрыклад, нішто ў свеце не здолее зацікавіць у астраноміі…

Насамрэч я не ведаю. Ніякіх сакрэтаў няма. Прыходзіш — і выкладаеш. Камусьці падабаецца. Камусьці не.

Зацікавіць усіх-усіх, напэўна, немагчыма. Мне, канешне, нейкіх балаў дадае мая краязнаўчая работа — мяне ведаюць у горадзе, я часта выступаю, друкуюся, дзецям цікава.

А над чым вы зараз працуеце як краязнаўца?

А вось мы тут запланавалі серыю кніжак пра знікаючыя вёскі. У нас фактычна ўсе вёскі рана ці позна знікнуць — няма ўжо такіх, якія перарасталі б у гарады. А знікае ўсё наўпрост на вачах. Вось стаяў недалёка маёнтак,  былы панскі, шыкоўны дом з лістоўніцы, ён добра захаваўся, бо нейкі час там была школа, а потым турбаза — спалілі.

Хто спаліў, хуліганы?

Ды якія хуліганы… Навядзенне парадка на зямлі. Мерапрыемства такое. Канешне, добра было б аднавіць яго, зрабіць што цікавае, мясціны ж у нас курортныя, Нарач, Доўжа, але… Ездзім, тры, чатыры разы, здымаем, распытваем мясцовых жыхароў, шукаем інфармацыю ў архівах. Потым будуць кніжкі.

У вас — сям’я настаўнікаў. Не складана?

Складана? Ну так, складана часам падзяліць месца за кап’ютарам. Мне, напрыклад, трэба штосьці набраць ці знайсці ў сеціве, а ў Наталлі Фёдараўны «сесія» ў Арэгоне…

Дзе сесія?

У Арэгонскім універсітэце, гэта Злучаныя Штаты. Яна ў мяне на днях яго скончыла.

Скончыла Арэгонскі універсітэт?

Ну так (смяецца). Яна — настаўніца ангельскай мовы, увесь час давучваецца, удасканальваецца, аднойчы адшукала ў Інтэрнэце дыстанцыйную праграму, якая яе зацікавіла, напісала туды, прайшла выпрабаванні, паступіла — і вучылася.

Там вельмі жорстка было — кожны дзень нейкія заданні, практыкаванні, да гадзіны ночы, да дзьвух сядзела. Але ж вы лепей у яе запытайцеся, бо я,  канешне, не кантралюю яе вучобу.

Трэба ж, разумееце, і адсякаць нейкія пытанні, вучыцца казаць самому сябе і сваёй цікавасці справамі іншых людзей жорсткае і катэгарычнае «не» (смяецца).

Наталля Фёдараўна, а што ж вы рабілі ў Арэгонскім універсітэце?

Даведаўшыся пра магчымасць дыстанцыйнага навучання ў ЗША па праграме для настаўнікаў англійскай мовы, я падала заяўку і ўсе неабходныя дакументы. І прайшла, г.з. атрымала грант, які перадалі ўніверсітэту.

Было, канешне, складана: нічога нельга прапускаць, кожны дзень трэба пісаць так званыя посты — разважанні па тэмах, якія нам прапаноўвалі для абмеркавання ментары. Калі не напішаш — ну розныя бываюць выпадкі — то яны, канешне, нікога не караюць, але ж і балы не ставяць і, адпаведна, не даюць дыпломы. 

Сапраўднае навучанне, а не проста каб грошы стрэсці. На мінімальныя балы нават трэба шмат часу ахвяраваць, а я атрымлівала балы максімальныя.

Мне было цяжка працаваць над праектам ў групах, калі  паспяховасць залежыць не толькі ад цябе. У нашай групе было чатыры чалавекі з такіх краін, як Беларусь, Украіна, Чылі, Перу.

А як тэхнічна гэта адбывалася? Вы ездзілі туды?

Не, праз інтэрнэт, зараз тэхнічныя магчымасці — неверагодныя.

І што вам як настаўніку дало гэтае навучанне?

Найперш, канешне — нейкі новы погляд на працу з дзецьмі. Я выкарыстоўваю  методыку «актыўнай ацэнкі», яна зараз вельмі папулярная ў свеце, нажаль, у нас ёй няшмат настаўнікаў цікавяцца, методыка вельмі перспектыўная, дапамагае зрабіць урок незвычайным, дзеці захапляюцца вельмі на такім уроку.

Ну, і, канешне, моўны ўзровень пасля Арэгона зусім іншы.

А што гэта за «актыўная ацэнка»?

Гэта цэлая стратэгія адносінаў паміж вучнем і настаўнікам. Мы ставім мала адзнак — а даем па кожным адказе фарматыўныкаментар.

У пачатку ўрока складаем разам з вучнямі рубрыку — спіс крытэрыяў, які называецца «НаШтоБуЗу» (на што буду звяртаць увагу). Вельмі падрабязна — да дзесяці крытэрыяў. Дзеці дакладна ведаюць,што я буду патрабаваць ад кожнага адказу і як ім атрымаць дзясятку. Па пунктах. Потым — даю разгорнуты каментар менавіта па гэтых пунктах.

З цягам часу дзеці ўжо могуць ацэньваць сябе самі — выпрацоўваюцца навыкі самаацэнкі і ўзаемаацэнкі… Навучэнцы становяцца больш самастойнымі, больш зацікаўленымі…

Але гэта — асноўны прынцып, у рамках актыўнай ацэнкі можна шмат чаго рабіць і са структурай урока, і з самастойнай падрыхтоўкай дзяцей… Шырока выкарыстоўваецца парная і групавая работа. Супрацоўнічаем з бацькамі.

А вы, Ігар Міхайлавіч, таксама выкарыстоўваеце на занятках актыўную ацэнку?

І.М: Я? (Смяецца). Не. У мяне звычайныя урокі. Я прыхільнік традыцыйнай адукацыі. У маёй настаўніцкай практыцы ўжо столькі было эксперыментаў і методык — і дзе яны? А традыцыйны ўрок як быў — так і ёсць. І дае вынікі.

Гэта настаўнікі замежных моў няхай эксперыментуюць, у іх у класе сем-восем вучняў сядзіць, а калі ў цябе дваццаць пяць, а то і трыццаць — паспрабуй дай кожнаму актыўную ацэнку.

Думаю, што гэта складана. Але для таго, каб рабіць нейкія грунтоўныя высновы, трэба з усім дэталёва разабрацца.

А вось, Наталля Фёдараўна, у Ігара Міхайлавіча, акрамя ўрокаў, яшчэ і гурток, вандроўкі розныя, кніжкі, а ў вас?

А ў мяне — нядзельная школа пры праваслаўным храме Свяціцеля Мікалая ў Паставах. Я напрацягу амаль 10 гадоў выкладаю Закон Божы. Я люблю тэатр. У нядзельнай школе праводзяцца шыкоўныя ранішнікі на Пасху Хрыстову і на Свята Божага Нараджэння.

А ў школе мы з дзецьмі ставім мюзіклы на англійскай мове. Усё, як трэба:  касцюмы робім з дапамогай бацькоў, дэкарацыі, музыка, спевы, танцы. У намінацыі мінітэатр мы пераігрываем нават тую гімназію, у якой працуе Ігар Міхайлавіч.

А музычны кіраўнік? А харэограф?

Я і музычны кіраўнік, і харэограф. Але ж найперш — дзеці. У мяне займаюцца дзеці, якія ходзяць на танцы і ў музычную школу, таму яны ўжо ведаюць, як танцаваць рок-н-рол ці вальс. Сумесна працуем, сумесна прыдумваем. Нядаўна паставілі знакамітыя «Коткі», у прошлым годзе  «Алісу ў Краіне цудаў».

А дзяцей складана збіраць у трупу?

Ой, яны ж гэта так любяць! Яны нават не за адзнакі ўжо працуюць — а проста з любові да мастацтва.

Нешта вы мне распавядаеце толькі пра плюсы настаўніцкай працы — зацікаўленая моладзь, сумесная творчасць, самаразвіццё… А мінусы? Вам жа, напэўна, не ўсё падабаецца?

І.М.: Ну… хіба што папяровай працы зашмат… непатрэбнай…

Н.Ф.: А я б так і не сказала. Гэта ў іх гімназіі шмат папер, у нас у школе адміністрацыя сочыць, каб нас залішне не грузіць. А якія мінусы? У маёй спецыяльнасці — наогул ніякіх. Ангельская мова — не геаграфія (смяецца), у ёй і бацькі, і дзеці зацікаўлены, матывацыя вельмі высокая, таму выкладаць проста.

І.М.: А я не так даўно прачытаў, як адзін англічанін сказаў, маўляў, 99% настаўнікаў англійскай мовы — шарлатаны, бо навучыць чалавека размаўляць па-англійску па сучасных методыках можна за тры месяцы. А яны вучаць адзінаццаць год. (Смяецца).

VELVET: Анна Северинец

ист: http://www.velvet.by/shopwindow/uspeshnaya-zhizn/velvetovye-intervyu/velvetavae-intervyu-samy-tsikavy-chalavek-u-pastavak

У гісторыі звычайных вёсак Пастаўшчыны столькі цікавага, таямнічага і павучальнага, што мы абавязаны зберагчы гэта для нашчадкаў

«Божа, як яны ігралі! Як пачнуць іграць — брат мой!»

НА першы погляд – неверагодна: настаўнік гімназіі і СШ № 1 у Паставах Ігар ПРАКАПОВІЧ напісаў каля дзясятка кніг пра вёскі Пастаўшчыны, а разам са сваёй камандай — і больш за тое. Вось далёка не поўны пералік гэтых вёсак: Манькавічы, Задзеўе, Рымкі, Вялікія Споры, Груздава, Гута, Хрыстова, Дунілавічы, Полава, Ясюкі, Бальшуны…

Некалькі слоў пра самога Ігара Пракаповіча. Ён закончыў геаграфічны факультэт Белдзяржуніверсітэта і аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і вучонага савета Беларускага геаграфічнага таварыства, аўтар каля 50 краязнаўчых, празаічных і паэтычных кніг.

— Ігар Міхайлавіч, першая кніга серыі, якая выйшла амаль два дзясяткі год таму, называлася проста — «Манькавічы».

 

— І расказвалася ў ёй аб аднайменнай вёсцы. Чым яна адметная? У першую чаргу тым, што яшчэ на самым пачатку XX cтагоддзя тут існавала агранамічная школа. У ёй вучылі дзяцей, пераважна сельскіх, гаспадаранню на зямлі, было нават некалькі стыпендый для тых, хто добра вучыўся. Працавала яна, на жаль, нядоўга: гадоў шэсць-сем, да пачатку Першай сусветнай вайны. Прыйшлі немцы, тут праходзіла лінія фронту, будынак двухпавярховы разбілі з гармат.

Манькавічы і сама школа звязана з імем Уладзіміра Друцкага-Любецкага, таленавітага чалавека, аднаго з аўтараў нарысаў «Очерки по истории Северо-Западного края». Ён меў тут маёнтак, прыязджаў на лета, але жыў большасцю ў Санкт-Пецярбургу. Стаяла ля Манькавічаў сямейная капліца, пабудаваная недзе ў сярэдзіне XIX стагоддзя, і калі Друцкі-Любецкі памёр, яго там часова і пахавалі.

Яшчэ адзін слынны, так бы мовіць, манькаўчанін — Уладзімір Дубоўка, класік беларускай літаратуры. Хоць ён нарадзіўся ў суседніх Агародніках, але ў Манькавічы хадзіў у школу, правёў тут большую частку свайго жыцця.

— Вядомы далёка за межамі Пастаў фестываль «Звіняць цымбалы і гармонік» ужо не ўявіць без удзелу славутых груздаўскіх музыкаў. А ў вас выдадзена кніга пра вёску Груздава «Мястэчка каля пушчы». Ці ёсць там старонкі пра тамтэйшых музыкаў?

— А як жа. Зараз цяжка ўдакладніць, як яны пачыналі, адно вядома, што і дзяды, і бацькі сённяшніх умельцаў таксама былі гонарам нашага краю. Большасць жыхароў Груздава і ваколіц валодаюць якім-небудзь інструментам, тут цэлыя музычныя дынастыі: Падгайскія, Мацкевічы, Крывенька, Крыванос… У кнізе ёсць успамін Марыі Мацкевіч, спявачкі, жонкі вядомага цымбаліста: «На вечарыну запрашаліся славутыя музыканты, аб чым загадзя паведамлялася лістамі або нават тэлеграмамі. Як пачуюць, што вечарыны ў Груздаве, Пажарцах ці яшчэ дзе, і што Бронька (Браніслаў Качарга) з Каліноўскім (Міхаілам Давідовічам) будуць іграць, тады адусюль едуць, ідуць, столькі моладзі находзіць!.. Божа, як яны ігралі! Другім не так танцаваць, як паслухаць цікава. Як пачнуць іграць — брат мой! Старым бабам, і то маладосць у галаву ўдарыць. Так добра ігралі, што каб і не ўмеў танцаваць, то самі б ногі перабіралі пад іх музыку».

— Яшчэ адна ваша кніга – пра вёску Вялікія Споры, якую чамусьці называюць Швейцарыяй.

— Таму што вельмі прыгожы ландшафт: узгоркі, даліны, азёр вельмі многа. Тут знаходзіцца гермафалагічны заказнік рэспубліканскага значэння (гермал – навука, якая вывучае рэльеф). Яго ўзялі пад ахову, таму што ён утвораны апошнім ледавіком, які зрабіў у рэльефе такую ўпадзіну: зямлю «выкінуў» у абодва бакі. І атрымалася, што ў нізіне – азёры, а па баках – высокія горы. Вёска і ўзнікла на ўзгорку. Споры – адно з самых старажытных месцаў. Цяжка сказаць, калі паселішча ўзнікла. Жылі там людзі і да нашай эры. Славуты візантыйскі гісторык Пракопій Кісарэўскі, які шмат увагі надаваў славянскай тэме ў сваіх творах, у сярэдзіне XVI стагоддзя сцвярджаў, што розныя плямёны славян мелі агульную назву — споры.

Перадаецца яшчэ з пакалення ў пакаленне легенда пра Споры. Маўляў, тут на гары стаяў калісьці касцёл, які праваліўся ў зямлю. А здарылася гэта так. У час адной з войнаў шведскія заваёўнікі акружылі касцёл, дзе сабраліся яго абаронцы. Сілы былі няроўныя. Шведы ўсё-такі ўварваліся ў касцёл, і адзін з захопнікаў жахнуў мячом па іконе. І раптам храм разам з абаронцамі і ворагамі праваліўся пад зямлю. На гэтым месцы цяпер гарадзішча. Але калі прыкласці вуха да зямлі, то можна пачуць, як званы там б’юць… А так вёска жыве. У асноўным там цяпер – дачнікі, але ёсць і старажылы.

Кнігі пра вёскі Пастаўшчыны.

— Кожная вёска нечым адметная. А вось Верацеі ведалі ці не ва ўсім былым Савецкім Саюзе. Гляджу, ёсць аповед і пра яе.

— Да нядаўняга часу сюды з’язджаліся людзі з розных куткоў былога Савецкага Саюза, бо тут жыў Далман – вядомы народны лекар. Далман – гэта мянушка-сімвал цэлага роду Далманавых, дар якіх лячыць людзей перадаваўся з пакалення ў пакаленне. Народнымі лекарамі былі Уладзімір Васільевіч, яго сын Уладзімір, унук Сяргей. Пагалоска падае, што да Далмана прыязджалі многія вядомыя людзі — Валянціна Церашкова і дачка Леаніда Брэжнева, напрыклад. Спецыяльна ў Верацеях быў зроблены чыгуначны прыпынак, настолькі вялікі быў наплыў людзей. Легенда апавядае, што, калі паміраў стары Далман, то некалькі дзён шалела бура, бліскалі маланкі. Шмат дрэў было павалена і паламана. У велічэзны дуб, які быў пасаджаны продкамі Далмана, патрапіла маланка і амаль з коранем яго вывернула.
— Ігар Міхайлавіч, акрамя кніг пра паселішчы Пастаўшчыны, нядаўна выдадзена вамі яшчэ адна арыгінальная: пра паходжанне назваў амаль паўтысячы вёсак краю? Можаце трохі пра гэта расказаць. Вось, напрыклад, еду ў Паставы і бачу паказальнік: Хрыстова. Адкуль такая незвычайная назва?

— Пачну трохі здалёку. Каля тысячы гадоў таму жыла ў Полацку прападобная Еўфрасіння Полацкая. Шмат яна рабіла для таго, каб асвета і вера хрысціянская распаўсюджваліся сярод людзей. Яе стараннямі будаваліся храмы, перапісваліся кніжкі, ладзіліся святы і набажэнствы. Яна ж пасылала манахаў у розныя куткі Полацкага княства, каб мясцовых жыхароў схіляць да веры. І вось аднойчы невялікая група з пяці манахаў прыйшла на зямлю пастаўскую. Яны ўпадабалі ўзгорыстую мясцовасць каля невялікай маляўнічай ракі, пачалі будаваць манастыр. Зараз гэта месца называецца Горкі, а рака — Турчанка. Мясцовыя ж жыхары спачатку насцярожана ставіліся да няпрошаных гасцей, але ж гэтыя нікога не чапалі, зброі з сабой не насілі, хадзілі ў доўгіх чорных сутанах, шмат маліліся, да мужчын звярталіся «брат», да жанчын – «сястра». Калі ў вяскоўцаў здаралася бяда, манахі дружна прыходзілі на дапамогу, умелі лячыць зёлкамі. Мясцовыя жыхары, якія былі тады паганцамі, усё больш разумелі, што Бог у абліччы чалавека, якому маліліся манахі, і мацнейшы, і больш справядлівы, чымсьці іх бажкі і духі, якія жывуць у дрэвах, камянях, вадзе, і папрасілі перахрысціць у веру хрысціянскую. Пад малітвы і спевы мясцовыя жыхары ўвайшлі ў ваду і прынялі абрад хрышчэння. І назвалі тады манахі гэтых людзей дзецьмі Хрыста. А сама вёска, у якой жылі тыя людзі і іх нашчадкі, ажно да сённяшняга дня завецца Хрыстова.

— А ёсць і даволі простыя назвы. Напрыклад, Дзеравянкі.

— Гэта толькі на першы погляд. Паходзіць назва сапраўды ад слова «дзярэўня», аднак яно трактавалася не як паселішча, а як ралля, месца, якое расчышчалі ў лесе пад раллю. Зараз Дзеравянка — адно з самых распаўсюджаных прозвішчаў на Пастаўшчыне. Або вёска Дземяшы. Мясцовая версія назвы наступная. Прыехалі сеяць мужыкі, вылажылі на ўскрайку поля мяшкі і кажуць: «Вось пасеем, а дзе тады будавацца будзем?» — «Ну там, дзе мяшкі стаяць!»

— Ігар Міхайлавіч, пагадзіцеся, больш за дзясятак кніг аднаму — гэта вельмі складана.

— Адзін бы я рады не даў, у мяне шмат памагатых. У Лынтупах жыве Алесь Гарбуль — вядомы краязнаўца, паэт, апавядальнік. У Гуце – настаўнік Міхаіл Арэх. У Дунілавічах — былы настаўнік Франц Хоміч. У Паставах — Міхаіл Гіль, перакладчык, Ягор Шушкевіч, які займаецца турызмам і стварыў яшчэ адзін брэнд на Пастаўшчыне — Зюзю Паазерскага. Ёсць людзі, якія выехалі з раёна, але карані іх тут, як у пісьменніка Януся Мальца. Вось угаварыў яго напісаць пра родную вёску Хрыстова. Мая былая вучаніца Нэлі Баравік, зараз дырэктар Глыбоцкага занальнага архіва, мае шмат публікацый на вясковую тэму. Такіх людзей многа. Толькі ў кнізе «Краязнаўцы Пастаўшчыны», якую я падрыхтаваў да друку, 67 прозвішчаў.
— Напісаць столькі кніг, якія не маюць, прабачце, камерцыйнай вартасці, гэта заслугоўвае самай шчырай пашаны і павагі. Але ж іх трэба было яшчэ выдаць…

— Адразу зазначу, што тыраж іх невялікі – усяго 100—150 асобнікаў. А грошы на выданне даюць спонсары, часцей выхадцы з тых жа вёсак. Добра дапамагалі мне прадпрымальнік і фатограф Антон Чалей і мой былы вучань Андрэй Жук. А кнігу пра вёску Задзеўе фінансаваў цудоўны гаспадарнік, дырэктар ААТ «Хацілы» Вячаслаў Крыштафовіч.

— Як вядома, з-пад вашага пяра выйшла і кніга «Чароўны край Пастаўшчыны», у якой расказваецца пра мінулае і сучаснасць, матэрыяльнае і духоўнае. Гэта кніга ўдастоена абласной прэміі імя Уладзіміра Караткевіча і рэкамендавана для азнаямлення ў школах Пастаўшчыны. А ўвогуле, як узнікла задумка напісання серыі кніг менавіта пра вёскі?

— Недзе ў 2000 годзе я актыўна заняўся краязнаўствам. У мяне была моцная група вучняў 9—10-х класаў у пастаўскай школе № 1. З імі хадзілі ў вандроўкі і патрапілі ў гэтыя самыя Манькавічы, пра якія мы і пачалі нашу гутарку. Адна з дзяўчынак сказала, што бацька яе адсюль родам, другая пісала навуковую працу. Я ім і прапанаваў: «А давайце напішам пра гэтую вёску». Ірына Заяц і Насця Вансовіч пачалі збіраць матэрыял. Спачатку напісалі навуковую працу, выступілі з ёй у школе. Я ім дапамог, і ўрэшце атрымалася першая кніжка пра вёску Манькавічы. Насця Вансовіч потым закончыла экалагічны інстытут імя Сахарава і зараз працуе ў Паставах, а вось Ірына Заяц стала журналісткай, працуе ў Кітаі, бо вывучыла кітайскую мову.

— Я разумею, што вы не спыніцеся на дасягнутым.

— Ні ў якім разе.

— Дзякуй за інтэрв’ю і за працу, Ігар Міхайлавіч. Поспехаў вам і натхнення.

источник: saulich@bk.ru Сельская газета Опубликовано: 

Фота аўтара і з архіва сям`і Ігара ПРАКАПОВІЧА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.

Loading

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.